ПА́ШПАРТ (франц. passeport ад passe праход + port гавань),
афіцыйны дакумент, які сведчыць асобу і грамадзянства яго ўладальніка. Паводле палажэння аб пашпарце грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, зацверджанага пастановай урада ад 14.7.1993, П. выдаецца асобам, якія дасягнулі 16 гадоў і пражывалі на тэр. краіны на дзень прыняцця закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» (18.10.1991) або набылі грамадзянства ва ўстаноўленым парадку. П. утрымлівае фотакартку, прозвішча, імя і імя па бацьку асобы, дату і месца нараджэння, звесткі пра пол прад’яўніка, сямейнае становішча, месца жыхарства і інш., ідэнтыфікацыйны нумар. Са згоды грамадзяніна ў яго П. можа быць унесены запіс пра групу і рэзус-фактар крыві. П. сведчыць асобу грамадзяніна ў межах краіны і за мяжой. Запісы зроблены на бел., рус. і англ. мовах. Апрача агульнаграмадзянскага П. існуюць дыпламат. і службовыя П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ САЮ́З,
(European Union; ЕС), саюз 15 еўрап. дзяржаў, створаны на аснове Маастрыхцкага дагавора 1992 краінамі—членамі Еўрапейскіх супольнасцей: Бельгіяй, Вялікабрытаніяй, Германіяй, Грэцыяй, Даніяй, Ірландыяй, Іспаніяй, Італіяй, Люксембургам, Нідэрландамі, Партугаліяй, Францыяй. 1.1.1995 да яго далучыліся Аўстрыя, Фінляндыя і Швецыя. Дзейнічае з 1.11.1993. Мэта ЕС — стварэнне эканам., валютнага і паліт. саюза, а таксама ўвядзенне агульнага грамадзянства. Эканам. саюз будзе рэалізаваны шляхам правядзення супольнай знешняй эканам. палітыкі, прыняццем агульных рэкамендацый па ўнутр. палітыцы краін-удзельніц, увядзеннем адзінага рынку і ліквідацыі ўсялякіх абмежаванняў на перамяшчэнне людзей, паслуг, тавараў, капіталаў у межах ЕС. Паступова павінна быць уведзена бюджэтная дысцыпліна пад кантролем Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН. Рэалізацыя валютнага саюза плануецца шляхам стварэння Еўрап. валютнага ін-та, Еўрап.цэнтр. банка, абмежавання ваганняў валютных курсаў, рэгістрацыі біржавых каціровак у ЭКЮ і ўвядзення адзінай валюты на тэр.ЕС (да 1999). Замежная палітыка будзе рэалізоўвацца ў форме пастаянных кансультацый і шляхам выпрацоўкі адзінай пазіцыі краін-удзельніц ЕС. Значная ўвага аддаецца пытанням экалогіі, барацьбе са злачыннасцю, наркабізнесам і інш. Палітыка бяспекі распрацоўваецца сумесна з Заходнееўрапейскім саюзам. ГрамадзянстваЕС не замяняе грамадзянства краін-удзельніц, яно забяспечвае права ўдзельнічаць у мясц. выбарах, выбарах у Еўрапарламент, звяртацца са скаргамі ў Еўрапарламент і да прадстаўніка ЕС па правах чалавека. Органы Еўрап. супольнасцей (Савет Еўропы, Савет Еўрапейскага саюза, Еўрапейская камісія, Еўрапейскі парламент, Еўрапейскі суд) аўтаматычна сталі органамі ЕС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТЭРА́Н (лац. veteranus ад vetus стары),
1) у Стараж. Рыме салдат, які адслужыў тэрмін у арміі. Ветэранаў надзялялі зямлёй (у Італіі ці правінцыях) або ім давалі грашовае ўзнагароджанне, вызвалялі ад павіннасцей, давалі права на рым.грамадзянства.
2) Вопытны воін, у мінулым удзельнік вайны.
3) Чалавек, які даўно працуе ў якой-небудзь галіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІПАТРЫ́ДЫ (ад бі... + грэч. patris (patridos) айчына, радзіма], біпаліды, у міжнародным праве асобы, якія адначасова знаходзяцца ў грамадзянстве двух і больш дзяржаў, г. зн. маюць двайное грамадзянства. Адбываецца пераважна з-за разыходжання законаў аб грамадзянстве розных дзяржаў. Сучаснае міжнар. права не валодае адзінай агульнапрызнанай рэгламентацыяй пытанняў, што ўзнікаюць у сувязі з біпатрыдамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т (ад лац. institutum установа, устанаўленне),
1) назва навукова-даследчай ці навучальнай установы, якая дае вышэйшую адукацыю ў якой-н. галіне.
2) Сярэдняя навуч. ўстанова закрытага тыпу для жанчын дваранскага паходжання у дарэв. Расіі.
3) Сукупнасць прававых норм у якой-н. сферы грамадскіх адносін (напр., І. грамадзянства); пэўная арганізацыя грамадскай дзейнасці і сац. адносін (напр., І. сям’і і шлюбу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНІ́НЫ (Antonini),
дынастыя рымскіх імператараў, якая правіла ў 96—192. Назва ад імя імператара Антаніна Пія. Заснавальнік дынастыі — Нерва [96—98].
Да Антанінаў належалі: Траян [98—117], Адрыян [117—138], Антанін Пій [138—161], Марк Аўрэлій [161—180] і яго суправіцель Луцый Вер [161—169], Камод [180—192]. Часы праўлення Антанінаў лічацца «залатым векам» імперыі. Для іх характэрны спалучэнне манархіі і свабоды, эканам. і культ. развіццё правінцый, буд-ва новых гарадоў, пераможныя войны, раздача рым.грамадзянства і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМІ́НІЙ, Армін (Arminius; каля 16 да н.э. — каля 21 н.э.),
правадыр германскага племя херускаў. У маладосці камандаваў герм. атрадам у рым. войску, атрымаў рым.грамадзянства і званне конніка. У 7 н.э. вярнуўся на радзіму і ўзначаліў паўстанне герм. плямёнаў супраць рымлян, у 9 н.э. разбіў рым. армію Вара ў Тэўтабургскім лесе (тэр. на ПнЗ Германіі паміж далінамі рэк Везер і Эмс). Імкнуўся стварыць саюз герм. плямёнаў, але забіты ў выніку змовы радавой знаці херускаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАВЯ́ЗАК ВО́ІНСКІ,
абавязак грамадзян абараняць сваю Айчыну, навучацца ваен. справе і несці ваен. службу ў складзе ўзбр. сіл і інш. вайск, фарміраванняў. Замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, рэгулюецца Законам «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992. Мае адносіны да грамадзян, органаў дзярж. улады і кіравання, прадпрыемстваў, устаноў і арг-цый незалежна ад форм уласнасці і ўмоў гаспадарання. Абавязак воінскі не пашыраецца на замежных грамадзян, якія жывуць на тэр. Беларусі, і асоб без грамадзянства. Гл. таксама Воінская павіннасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПА́СІЯ, Аспазія (Aspasia; каля 470 да нашай эры, г. Мілет — ?),
адна з выдатных жанчын Стараж. Грэцыі. Не мела афіц.грамадзянства, таму яе шлюб з Перыклам лічыўся незаконным. Вызначалася розумам, адукаванасцю і прыгажосцю. Вакол яе гуртаваліся мастакі, паэты, філосафы. Паліт. праціўнікі Перыкла абвінавацілі Аспасію ў амаральнасці і непавазе да багоў, але з дапамогай мужа суд апраўдаў яе. Пасля Перыкла (429) стала жонкай яго сябра Лісікла.
Літ.:
Кравчук А. Перикл и Аспазия: Историко-худож. хроника: Пер. с польск. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРАЛІЗА́ЦЫЯў праве,
прыняцце ў грамадзянства дзяржавы чужаземца паводле яго заявы. Можа адбывацца пасля працяглага знаходжання (пражывання) чужаземца на тэр. дадзенай дзяржавы. Часам у якасці ўмовы для Н. патрабуецца валоданне афіц. мовай дзяржавы (напр., у Латвіі, Эстоніі), наяўнасць сродкаў для існавання, бездакорная рэпутацыя і да т.п. У шэрагу дзяржаў існуе аблегчаны парадак Н. для асоб, якія маюць этн. або лінгвістычную сувязь з дзяржавай (напр., аблегчаная Н. для партугаламоўных чужаземцаў у Бразіліі). Нярэдка правы ў натуралізаваных грамадзян крыху вузейшыя, чым у прыроджаных. Напр., у Беларусі, ЗША, Эстоніі прэзідэнтам дзяржавы могуць стаць толькі грамадзяне па нараджэнні.