БЕРЖЭ́ (Berger),
карставая бездань у Зах. Альпах, у масіве Веркор, на тэр. Францыі. Уваход на выш. 1460 м, глыб. 1248 м (адна з найглыбейшых на Зямлі). На глыб. больш за 200 м бездань пераходзіць у пячору (Вялікую галерэю), якая апускаецца па нахіле слаёў. У глыбіні — вял. каньён, вадаспад Урагана. Спадзістая апошняя ч. заканчваецца водным сіфонам.
т. 3, с. 112
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛАНТЫ́ЧНЫ ПАРО́Г,
падняцце дна Атлантычнага ак. паміж Грэнландыяй, Ісландыяй, Фарэрскімі і Шэтлендскімі а-вамі. Глыб. над Атлантычным парогам каля 600 м. Перашкаджае глыбіннаму водаабмену паміж Атлантычным і Паўн. Ледавітым акіянамі. На глыб. 700—800 м на паўд. схіле парога т-ра атлантычнай глыбіннай вады 3—5 °C, на паўн. схіле — ніжэй за 0 °C.
т. 2, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТЫ́ РОГ,
1) бухта каля еўрап. берага праліва Басфор. Даўж. 12,2 км, шыр. 91—122 м, глыб. да 47 м. На берагах г. Стамбул (Турцыя).
2) Бухта ў заліве Пятра Вялікага (Японскае м.). Даўж. 7 км. Шыр. каля ўвахода больш за 2 км. Глыб. 20—30 м. На берагах горад і порт Уладзівасток (Расія).
т. 6, с. 511
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛДУ́К,
возера ў Беларусі, у Мядзельскім раёне Мінскай вобл., у бас. р. Страча, за 33 км на ПнЗ ад г.п. Мядзел. Уваходзіць у Балдуцкую групу азёраў, на тэр. ландшафтнага заказніка Блакітныя азёры. Пл. 0,78 км², даўж. 2,05 км, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 39,7 м. Пл. вадазбору 1,6 км².
Схілы катлавіны выш. 25—30 м. Берагі зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і ПдУ нізкія, забалочаныя. Мелкаводдзе пясчанае. 2 упадзіны глыб. 38,1 м і 39,7 м, раздзеленыя 7-метровым падняццем. Расліннасць утварае паласу шыр. да 200 м і дасягае глыб. 6—8 м, займае да 30% пл. возера. Ручаямі злучана з воз. Балдучыца і р. Страча.
т. 2, с. 248
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ ГЕ́ЙЗЕРЫ (Great Geysers),
геатэрмальнае радовішча ў ЗША, штат Каліфорнія, на Пн ад г. Сан-Францыска, у Даліне Вялікіх Гейзераў, найб. ў свеце. Пл. 55 км². Крыніцай цяпла радовішча лічаць магматычны ачаг (або сістэму ачагоў) плейстацэнавага ўзросту на глыб. 5—8 км. Разведка радовішча з 1921. Прагнозныя запасы пары ў разведанай частцы могуць забяспечыць работу электрастанцый магутнасцю больш за 1000 МВт. Глыб. свідравін у асн. 1500—1800 м, паравая фаза існуе да глыб. 2000—3000 м. Т-ра пары 200—260 °C. У 1960 пабудавана першая гідратэрмальная цеплаэлектрастанцыя (ГеаЦЭС) магутнасцю 12,5 МВт. Агульная магутнасць электрастанцый на радовішчы больш за 900 МВт (1981).
т. 4, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПСА,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Акунёўка, за 16 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,93 км², даўж. 3 км, найб. шыр. 580 м, найб. глыб. 20 м, даўж. берагавой лініі 7,8 км. Пл. вадазбору 3,17 км². Катлавіна лагчыннага тыпу падзяляецца на 2 плёсы. Схілы выш. 15—18 м, у верхняй ч. разараныя. Шмат заліваў. Берагі выш. да 1 м, стромкія, пад хмызняком, на Пд нізкія, забалочаныя. Востраў пл. 0,1 га. Дно да глыб. 1,5—3 пясчанае, да 8—10 м ілістае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае да глыб. 2,5 м. Упадае меліярацыйная канава, выцякае ручай у воз. Пагошча.
т. 11, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ НЬЮФАЎНДЛЕ́НДСКАЯ БА́НКА (Grand Bank),
вялізная водмель у Атлантычным ак., каля в-ва Ньюфаўндленд. Пераважаюць глыб. да 100 м, найменшая глыб. 5,5 м. Грунт — пясок, галька, жвір. У раёне Вялікай Ньюфаўндлендскай банкі сутыкаюцца воды халоднага Лабрадорскага цячэння і цёплага цячэння Гальфстрым. Частыя туманы. Трапляюцца айсбергі. Адзін з найб. у свеце арэалаў рыбалоўства (траска, селядзец і інш.).
т. 4, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮРВІ́ЛЯ МО́РА (d’Urville Sea),
ускраіннае мора Індыйскага ак., каля берагоў Антарктыды. Абмывае Зямлю Адэлі. Паўд. ч. мора знаходзіцца ў межах мацерыковай водмелі (глыб. каля 500 м), паўночная — мацерыковага схілу (глыб. да 3610 м). Дрэйфучыя ільды; шмат айсбергаў. Салёнасць каля 34‰. Адкрыта ў 1914 аўстрал. антарктычнай экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Д.Моўсана. Названа ў гонар франц. мараплаўца Ж.Дзюмон-Дзюрвіля.
т. 6, с. 131
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛОТ (галанд. lood),
навігацыйная прылада для вымярэння глыбіні вады з борта судна. Адрозніваюць: ручны Л. (для глыб. да 50 м) — размечаны шнур (лінь) з грузам (маса 3,5—5 кг) на канцы, які апускаецца ў ваду да сутыкнення з дном; механічны Л. (для глыб. 10—200 м) — трос з прыборам, што рэгіструе гідрастатычны ціск каля дна, гідраакустычны (рэхалот).
т. 9, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТЭНАСФЕ́РА (ад грэч. asthenēs слабы + сфера),
Гутэнберга слой, слой паніжанай вязкасці ў верхняй мантыі Зямлі, які падсцілае літасферу. Вылучаюць па паменшанай скорасці праходжання сейсмічных хваляў і павышанай электраправоднасці адносна літасферы і астатняй мантыі. Астэнасфера складзена з перыдатытаў, рэчыва якіх знаходзіцца ў пластычным і вязкім стане, можа цячы і ствараць гідрастатычную раўнавагу (ізастазію). Пад акіянамі пашырана ўсюды з глыб. 50—70 км, пад кантынентамі адзначана з глыб. 80—100 км, найб. выразная — у тэктанічна актыўных зонах стараж. платформаў і пад маладымі платформамі. Пад астраўнымі дугамі астэнасфера шматслойная (поліастэнасфера). Рэчыва астэнасферы ў такіх структурах часткова расплаўлена (на 1—10%). Пад стабільнымі ўчасткамі стараж. шчытоў і дакембрыйскіх пліт выяўлена не ўсюды. Ніжняя мяжа астэнасферы знаходзіцца на глыб. 250—300 км (да 400 км). На тэр. Беларусі астэнасфера вылучаецца пад Беларускай антэклізай на глыб. 200—210 км (магутнасць 20—30 км) і пад Прыпяцкім прагінам на глыб. 90—100 км (магутнасць да 140 км). Рэчыва астэнасферы ўдзельнічае ў фарміраванні пакладаў карысных выкапняў, з ёй звязаны працэсы магматызму і метамарфізму.
Астэнасфера адкрыта ў 1914 Дж.Барэлам. Першае пацвярджэнне яе існавання атрымаў у 1926 Б.Гутэнберг (адсюль другая назва). Ён паказаў, што ў астэнасферы адбываюцца працэсы, якія выклікаюць гарызантальныя і вертыкальныя рухі блокаў літасферы.
Г.І.Каратаеў.
т. 2, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)