МАНЕ́ТНЫЯ КАНВЕ́НЦЫІ І САЮ́ЗЫ,

пагадненні паміж дзяржавамі аб стандартызацыі масы і пробы манет і іх узаемным прыёме. Ствараліся з сярэдніх вякоў. Найб. вядомыя М.к. і с. герм. дзяржаў: Аўстра-Паўд.-Германскія канвенцыі (1753, 1837), Паўн.-Германскія канвенцыі (1836, 1838), Аўстра-Германскі манетны саюз (1857), якімі вызначаліся маса і проба манет, усталёўваліся агульныя для краін-удзельніц манеты. Формамі манетных пагадненняў з’яўляліся Лацінскі манетны саюз (1865—1926) і Скандынаўскі манетны саюз (1872—1924).

т. 10, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАСЛАВІ́ЗМ,

палітычная праграма перабудовы Аўстрыйскай імперыі (з 1867 Аўстра-Венгрыі), прапанаваная чэш. лібераламі ў 1840-я г. Прадугледжваў пераўтварэнне імперыі Габсбургаў у федэратыўную канстытуцыйную манархію, у межах якой чэхі і іншыя падуладныя аўстр. кароне слав. народы атрымалі б аўтаномію і роўныя нац. правы. Аўстраславізм узнік як рэакцыя на ням. нацыяналізм і спробы ўключыць слав. землі ў Германскі саюз. Абгрунтаванне, асн. прынцыпы і ідэі аўстраславізму распрацавалі публіцыст К.​Гаўлічак-Бораўскі (1846) і гісторык Ф.​Палацкі (1848). Як паліт. канцэпцыя большасці чэш. паліт. партый аўстраславізм існаваў да пач. 1-й сусв. вайны.

т. 2, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЛЕБЕН ((Witzleben) Эрвін фон) (4.12.1881, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 8.8.1944),

германскі военачальнік. Ген.-фельдмаршал. У арміі з 1901, удзельнік 1-й сусв. вайны. Камандаваў пяхотнай дывізіяй (з 1934), 2-й групай армій (з вер. 1939), 1-й арміяй (з ліст. 1939), удзельнічаў у Французскай кампаніі 1940. З кастр. 1940 камандуючы групай армій «Д» у Францыі, з ліст. 1942 генерал для даручэнняў пры Стаўцы. Адзін з кіраўнікоў ваен. змовы супраць А.​Гітлера 20.7.1944; у выпадку поспеху павінен быў стаць галоўнакамандуючым. Пакараны смерцю паводле прыгавору ваен. трыбунала.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОГЕНЛО́Э (Hohenlohe) Хлодвіг Карл Віктар, князь Шылінгсфюрст (Schillingsfürst; 31.3.1819, г. Ротэнбург-ан-дэр-Фульда, Германія — 6.7.1901), германскі дзярж. дзеяч, дыпламат. Паходзіў са стараж. ням. роду. Юрыст. У 1867—70 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Баварыі. Пасол Германіі ў Францыі (1874—85), удзельнік Берлінскага кангрэса 1878. Намеснік у Эльзас-Латарынгіі (1885—94). У 1894—1900 рэйхсканцлер Германіі і прэм’ер-міністр Прусіі. Урад Гогенлоэ падпісаў герм.-кіт. дагавор 1898 (узаконіў пераход кіт. прав. Шаньдун у «сферу ўплыву» Германіі), садзейнічаў будаўніцтву моцнага ВМФ і інш. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—3, 1906—31).

т. 5, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДО́ЛЬФ I Габсбург

(Rudolf; 1.5.1218, замак Лімбург, цяпер у складзе г. Сасбах, Германія — 15.7.1291),

германскі кароль [1273—91], першы на прастоле з дынастыі Габсбургаў. Бацька аўстр. герцага Рудольфа II [1282—90]. Паклаў пачатак палітыкі Габсбургаў, накіраванай на пашырэнне іх родавых уладанняў. Адабраўшы ў 1276—78 у чэш. караля Пржэмысла II Отакара Аўстрыю разам са Штырыяй, Карынтыяй і Крайнай, заклаў асновы магутнасці Габсбургаў. У 1282 перадаў Аўстрыю і Штырыю ва ўладанне сваіх сыноў Альбрэхта і Рудольфа. Намагаўся ўмацаваць цэнтр. ўладу ў Герм. каралеўстве.

У.​Я.​Калаткоў.

Рудольф I. Выява з надмагільнай пліты ў саборы г. Шпаер (Германія).

т. 13, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖА́НСКАЯ ПУ́ШЧА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Пружанскім р-не Брэсцкай вобл. Створаны ў 1986 з мэтаю захавання прыроднага комплексу з гасп.-каштоўных, рэдкіх і знікаючых відаў раслін. Пл. 2778 га. Рэльеф хвалісты. Складаныя шыракалістыя і мяшаныя лясы: ялова-грабава-ляшчынава-чарнічныя і кіслічныя дубровы, хвойнікі, асіннікі; на ўзвышшах хвойнікі і бярэзнікі імшыстыя і верасовыя. У расл. покрыве каля 400 відаў раслін, у т. л. лек., дэкар. і гасп.-каштоўныя: ворлікі звычайныя, званочак персікалісты, гладыш шыракалісты, ландыш майскі, наперстаўка буйнакветкавая, чараўнік двухлісты, чына гладкая; жаўтазель германскі, кадзіла сармацкае, купальнік горны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́ДЛЬ ((Jodl) Альфрэд) (10.5.1890, г. Вюрцбург, Германія — 16.10.1946),

германскі ваен. дзеяч. Ген.-палк. (1944). Скончыў кадэцкі корпус (1910). Удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1920 пераважна ў Генштабе. У 1939—45 нач. штаба аператыўнага кіраўніцтва Вярх. галоўнакамандавання ўзбр. сіл (вермахта), адзін з гал. ваен. саветнікаў А.​Гітлера. З канца крас. 1945 на камандным пункце адм. К.Дзёніца, па даручэнні якога 7.5.1945 падпісаў у г. Рэймс акт аб агульнай капітуляцыі вермахта перад зах. саюзнікамі СССР. 23.5.1945 арыштаваны. На Нюрнбергскім працэсе прыгавораны да пакарання смерцю. У 1953 рэабілітаваны судом ФРГ.

Літ.:

Митчелл С.В., Мюллер Дж. Командиры Третьего рейха: Пер. с англ. Смоленск, 1997.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЙТЭЛЬ, Кайтэль (Keitel) Вільгельм (22.9.1882, Гельмшэродэ, цяпер у складзе г. Бад-Гандэрсгайм, Германія — 16.10.1946), германскі ваен. дзеяч, адзін з гал. нацысцкіх ваен. злачынцаў 2-й сусв. вайны. Ген.-фельдмаршал (1940). У арміі з 1901, удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1934 зблізіўся з нацыстамі. У 1935—38 нач. ваен.-паліт. аддзела ваен. мін-ва. З 4.2.1938 да 8.5.1945 нач. штаба вярх. галоўнакамандавання вермахта. У 2-ю сусв. вайну кіраваў ням.-франц. перагаворамі аб перамір’і (1940), падпісаў акт аб капітуляцыі вермахта (8.5.1945). Пакараны смерцю паводле прыгавору Нюрнбергскага працэсу.

Літ.:

Митчелл С.В., Мюллер Д. Командиры Третьего рейха: Пер. с англ. Смоленск, 1997.

т. 8, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́У ((Rau) Іаганес) (н. 16.1.1931, г. Вуперталь, Германія),

германскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў школу кніжнага гандлю ў г. Кёльн (1952). З 1952 чл. Агульнагерм. нар. партыі, у 1957 перайшоў у С.-д. партыю Германіі (СДПГ). З 1958 дэп. ландтага зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. З 1969 обер-бургамістр Вуперталя, з 1970 міністр навукі, у 1978—98 прэм’ер-міністр зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія. Кандыдат у федэральныя канцлеры на выбарах 1987 і ў федэральныя прэзідэнты ФРГ на выбарах 1994. Старшыня парт. арг-цыі СДПГ у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія (з 1977), нам. федэральнага старшыні СДПГ (1982 — чэрв. 1999). З ліп. 1999 федэральны прэзідэнт ФРГ.

І.Рау.

т. 13, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́ЛЕР ((Müller) Герман) (18.5.1876, г. Мангейм, Германія — 20.3.1931),

германскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1899 рэдактар с.-д. друкаванага органа «Görlitzer Volkszeitung» («Гёрліцкая народная газета»). З 1906 чл. праўлення, у 1919—27 адзін са старшынь С.-д. партыі Германіі (СДПГ). У 1916—18 і 1920—28 дэп. рэйхстага (у 1920—28 адначасова старшыня фракцыі СДПГ у рэйхстагу). У 1919—20 міністр замежных спраў, ад імя Германіі 28.6.1919 падпісаў (разам з міністрам зносін І.​Белам) Версальскі мірны дагавор 1919. У сак.—чэрв. 1920 і чэрв. 1928 — сак. 1930 рэйхсканцлер Веймарскай рэспублікі. Выступаў за вырашэнне пытання аб выплаце Германіяй рэпарацый пасля 1-й сусв. вайны (зацвярджэнне закона аб ажыццяўленні Юнга плана). Аўтар працы «Лістападаўская рэвалюцыя» (1928).

т. 11, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)