МЕ́ЗЕНКА (Ганна Міхайлаўна) (н. 6.3.1948, в. Альбянка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1991), праф. (1992). Скончыла Мінскі пед. ін-т імя Горкага (1971). З 1974 у Віцебскім ун-це (з 1991 заг. кафедры агульнага і рус. мовазнаўства). Даследуе бел. і рус. мовы, анамастыку. Аўтар кніг: «Урбананімія Беларусі» (1991), «Назвы вуліц расказваюць» (1995), «Беларуская анамастыка» (1997) і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 10, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНА́ЕНКАВА (Аляксандра Фядотаўна) (н. 19.8.1921, в. Сямёнаўка Такароўскага р-на Тамбоўскай вобл., Расія),

рускі і бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1976), праф. (1978). Скончыла Маскоўскі пед. ін-т (1944). З 1948 выкладала ў Чарнавіцкім (Украіна) ун-це, у 1953—95 — у БДУ. Даследуе моўныя кантакты на дыялектным узроўні. Аўтар кніг «Лексіка рускіх гаворак Беларусі» (1973), «Руска-беларускія моўныя адносіны» (1978), «Слоўнік рускіх гаворак Беларусі» (1989), «Руская дыялекталогія» (1992) і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 10, с. 56

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ШЧАНКА (Міхаіл Ісакавіч) (н. 27.2. 1930, в. Стараселле Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1989), праф. (1990). Скончыў Мінскі пед. ін-т замежных моў (1959). З 1963 выкладае ў Мінскім лінгвістычным ун-це. Даследуе праблемы раманістыкі і агульнага мовазнаўства. Аўтар манаграфій «Змяненне семантыка-сінтаксічнай спалучальнасці французскіх дзеясловаў (XVI—XX стст.)» (1971), «Віртуальны і актуальны аспекты сказа» (1988), вучэбных дапаможнікаў па граматыцы і стылістыцы франц. мовы («Граматыка французскай мовы», 1997, і інш).

І.​К.​Германовіч.

т. 9, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЬКЕ́ВІЧ (Іван Кандратавіч) (6.3.1883, в. Варонічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.10.1960),

бел. мовазнавец. Скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю (1909), БДУ (1925). Настаўнічаў, працаваў у Наркамаце асветы Беларусі, дырэктарам Мсціслаўскага пед. тэхнікума, у Інбелкульце (з 1927). У 1930 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1960. Жыў у Расіі, на Украіне. Займаўся праблемамі культуры бел. літ. мовы. Аўтар «Краёвага слоўніка ўсходняй Магілёўшчыны» (1970) — самага вял. абл. слоўніка бел. мовы (каля 20 тыс. слоў).

Літ.:

Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1985. С. 133—179.

т. 3, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯТЛЮ́К (Ганна Антонаўна) (н. 14.10.1936, г. Асіповічы Магілёўскай вобл.),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1989), праф. (1990). Скончыла Мінскі пед. ін-т замежных моў (1959), працуе ў ім (цяпер лінгвістычны ун-т). Даследуе фанетыку англ. мовы, узаемадзеянне моў на гукавым узроўні ва ўмовах білінгвізму. Аўтар прац «Прасодыя беларускай мовы ва ўмовах двухмоўя» (1982), «Узаемадзеянне прасадычных сістэм у маўленні білінгва» (1986), сааўтар кніг «Тэарэтычная фанетыка англійскай мовы» (1980 з Л.​У.​Барысавай), «Прасадычная інтэрферэнцыя ў іншамоўным маўленні» (1985) і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РСКІ (Мікалай Іванавіч) (4.6.1905, в. Свінка Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 5.7.1972),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1950), праф. (1962). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1937). Настаўнічаў, выкладаў у БДУ, з 1944 у Мінскім пед. ін-це. Даследаваў пытанні бел., рус. і слав. мовазнаўства. Аўтар «Параўнальнай граматыкі рускай і беларускай моў» (1962; 2-е выд. 1972). Сааўтар шэрагу падручнікаў і дапаможнікаў для сярэдніх і вышэйшых навуч. устаноў («Беларуская мова», ч. 1—2, 1961—62; «Руская мова», ч. 1—2, 1962—65, і інш.).

І.​К.​Германовіч.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЁЎ (Ігар Аляксеевіч) (17.3.1928, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 2.10.1994),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1978), праф. (1979). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1953). Настаўнічаў, з 1966 выкладаў у Бел. пед. ун-це. Аўтар манаграфіі «Часціцы ў сучасных усходнеславянскіх мовах» (1976). Навук. артыкулы ў галіне ўсх.-слав. марфалогіі і фразеалогіі, па праблемах рус.-бел. моўнага ўзаемадзеяння: «Аб выкарыстанні выдзяляльна-абмежавальных часціц у сучасных усходнеславянскіх мовах» (1971) і інш. Складальнік «Фразеалагічнага слоўніка рускай мовы» (1985), «Руска-беларускага фразеалагічнага слоўніка» (1991), сааўтар вучэбных дапаможнікаў для пед. ін-таў.

І.​К.​Германовіч.

т. 8, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПАЎ (Барыс Сцяпанавіч) (28.9.1925, Мінск — 13.8.1967),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1955). Скончыў БДУ (1951). Працаваў у Друку, з 1955 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1964 у Мінскім пед. ін-це. Даследаваў праблемы бел. сінтаксісу, стылістыкі і ўзаемадзеянне бел. мовы з інш. мовамі. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на працы па бел. мовазнаўстве і творы бел. маст. л-ры. Сааўтар «Нарысаў па гісторыі беларускай мовы» (1957), «Курса сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Сінтаксіс» (1959), «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66).

І.​К.​Германовіч.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРКЕ́ВІЧ (Міхаіл Іванавіч) (13.10.1899, в. Залесавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.8.1984),

бел. мовазнавец. Канд. пед. н. (1944). Засл. дз. нав. Беларусі (1951). Скончыў БДУ (1927). Працаваў настаўнікам, выкладчыкам у Магілёўскім пед. ін-це (1933—41), БДУ (1943—69). Аўтар падручнікаў па бел. мове для сямігадовай і сярэдняй школ, артыкулаў па пытаннях сучаснай бел. літ. мовы, у т. л. пра моватворчасць Я.​Купалы («Аб народнасці мовы паэмы Я.​Купалы «Над ракою Арэсай», 1954, «Аб мове камедыі Я.​Купалы «Паўлінка», 1958, «Аб мове паэмы Я.​Купалы «Бандароўна», 1960, і інш.).

І.​К.​Германовіч.

т. 6, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЕ́ЎСКІ (Анатоль Іванавіч) (28.12.1925, Мінск — 27.9.1986),

бел. мовазнавец. Брат Л.І.Кісялеўскага. Д-р філал. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1957). Працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1963 выкладаў у Мінскім пед. ін-це замежных моў (у 1968—75 прарэктар). Даследаванні ў галіне агульнага мовазнаўства, лексікаграфіі і тэрміналогіі. Аўтар працы «Мовы і метамовы энцыклапедый і тлумачальных слоўнікаў» (1977), «Лацінска-руска-беларускага батанічнага слоўніка» (1967), вучэбных дапаможнікаў па агульным мовазнаўстве. Сааўтар «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970) і «Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі» (т. 1—2, 1977—79).

І.​К.​Германовіч.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)