Пабудаваны ў 1983 у г. Мазыр Гомельскай вобл. Выпускаў кармавыя дрожджы. У 1995 перапрафіляваны на выпуск спірту этылавага рэктыфікаванага і гарэлкі. Асн. прадукцыя (1999): спірт этылавы рэктыфікаваны, гарэлка, напіткі пладовыя моцныя і вінныя вінаградныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШЧЭ́ЎШЧЫНСКІ ВІНАКУ́РНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1887—1914 у маёнтку Гаршчэўшчына Аршанскага пав. (цяпер вёска ў Талачынскім р-не Віцебскай вобл.). З жыта, ячменю і бульбы вырабляў і ачышчаў спірт-сырэц, з якога гатавалася гарэлка. Меў паравую машыну (з 1890), у 1895 — паравы кацёл. У 1910 і 1913 працавала па 55 рабочых. У 1900 і 1910 выпускалася па 61—65 тыс. вёдзер гарэлкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКАГО́ЛЬНЫЯ НАПІ́ТКІ, спіртныя напіткі,
напіткі, у састаў якіх уваходзіць алкаголь (этылавы спірт). Моцныя алкагольныя напіткі: гарэлка, каньяк, джын, віскі, ром, наліўкі, настойкі, лікёры — маюць ад 60 да 20% спірту, віно вінаграднае і пладова-ягаднае — ад 20 да 9% (гл.табл.). Змешаныя алкагольныя напіткі гатуюць непасрэдна перад ужываннем (кактэйлі, крушоны, глінтвейны); у залежнасці ад рэцэптаў прыгатавання маюць розную колькасць алкаголю. Да слабых алкагольных напіткаў адносіцца піва.
Для прыгатавання алкагольных напіткаў выкарыстоўваюцца спірт вышэйшага гатунку, памякчаная вада, часам сокі фруктаў і ягад, эсенцыі ягадныя і фруктовыя (пераважна штучныя), настоі духмяных траў, карэнняў, лісця, кветак, лупіны цытрусавых, вострыя прыправы. Тэхналогія прыгатавання моцных алкагольных напіткаў уключае разбаўленне, моцнага віна — дабаўленне спірту да патрэбнага мацунку. У сталовым сухім белым ці чырв. віне спірт толькі натуральнага зброджвання. Алкагольныя напіткі аказваюць на чалавека дзеянне ад танізавальнага да разбуральнага, з дэградацыяй асобы пры алкагалізме.
эстонская пісьменніца. Скончыла жаночую школу ў Пярну (1861). Друкавалася з 1863 (зб. апавяданняў «Мельнік і яго нявестка»). Аўтар зб-каў паэзіі «Лугавыя кветкі» (1866), «Салавей з берагоў Эмаёгі» (1867), прасякнутых любоўю да радзімы, народа, імкненнем абудзіць нац. самасвядомасць. Лірыка-рамант. вершы К. адметныя смеласцю паэт. вобразаў, узвышанасцю пачуццяў; многія з іх сталі нар. песнямі. Яе п’есы «Стрыечны браток з Саарэмаа» (1870), «Гэтакі Мульк, або Сто пураў солі» (1872), «Гарэлка сватоў» (1880, апубл. 1946) — вытокі нац. драматургіі і т-ра. Асобныя творы К. на бел. мову пераклаў І.Скурко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ВІ́ННА-ГАРЭ́ЛАЧНЫ ЗАВО́Д «КРЫШТА́ЛЬ».
Засн. ў 1893 у Мінску як дрожджа-вінакурны з-д; выпускаў сухія дрожджы і спірт. У 1917—24 дзярж. спіртавы склад № 1 і гарэлачны з-д, у 1925—37 спірта-гарэлачны, у 1937—41 лікёра-гарэлачны з-д. У Вял.Айч. вайну разбураны, пасля вайны адноўлены як лікёра-гарэлачны з-д. З далучэннем у 1958 віннага і ў 1959 дражджавога з-даў — дрожджа-вінны камбінат. У 1964—70 галаўное прадпрыемства вытв. аб’яднання «Крышталь», у 1972—76 спірта-гарэлачны камбінат «Крьшталь». З 1986 уваходзіць у вытв. аб’яднанне «Мінсккрухмалпрам». Асн. прадукцыя (1999): гарэлка збожжавая, каньяк, лікёр, аперытывы, настойкі горкія, крухмал. Мае 7 філіялаў і 23 фірменныя магазіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ ЗВА́РКА, аўтагенная зварка,
спосаб злучэння металаў мясцовым расплаўленнем іх полымем, якое ўтвараецца пры згаранні сумесі гаручага газу (ацэтылену, вадароду, пароў бензіну і інш.) з кіслародам. Робіцца з дапамогай гарэлкі зварачнай (ручная газавая зварка) ці шматполымных гарэлак вял. магутнасці (машынная газавая зварка). Выкарыстоўваецца для зваркі танкасценных (1—3 мм) вырабаў са сталі, каляровых металаў і сплаваў, чыгуну, наплаўкі слою металу на паверхню вырабаў і інш.
Найб. т-ру (каля 3200 °C) мае ацэтыленава-кіслароднае полымя. Ацэтылен атрымліваюць на месцы работы з карбіду кальцыю ў ацэтыленавых генератарах, кісларод трымаюць у балонах пад ціскам. Віды швоў пры газавай зварцы такія ж, як і пры дугавой зварцы. Ручную газавую зварку выкарыстоўваюць пераважна на рамонтных і мантажных работах, машынную — у стацыянарных умовах для зваркі труб і тонкаліставых канструкцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́ЛАТА (Aurum),
Au, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 79, ат. м. 196,9665, адносіцца да высакародных металаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп 197Au. У зямной кары 4,3∙10−7% па масе. Гал. з мінералаў — золата самароднае. Вядома з глыбокай старажытнасці.
Жоўты мяккі і вельмі пластычны метал, tпл 1064,4 °C, tкіп 2880 °C, шчыльн. 19320 кг/м³. Хімічна даволі інертнае, устойлівае ў паветры і вадзе; з кіслародам, азотам, вадародам, вугляродам непасрэдна не ўзаемадзейнічае. Узаемадзейнічае з галагенамі пры награванні (напр., з хлорам пры 250 °C утварае хларыд AuCl3 — рубінава-чырвонае крышт. рэчыва, раскладаецца пры t>254 °C); гарачай селенавай к-той; сумесямі кіслот сернай і азотнай, азотнай і салянай (царская гарэлка); воднымі растворамі цыянідаў у прысутнасці кіслароду (гл.Цыяніраванне). Лёгка ўтварае амальгаму, на гэтым заснаваны адзін з метадаў вылучэння з горных парод (гл.Амальгамацыя). Дае з інш. металамі (медзь, серабро, плаціна) сплавы, больш трывалыя і цвёрдыя за З. чыстае. Выкарыстоўваюць З. і яго сплавы ў электроннай прам-сці (кантакты); у вытв-сці хімічна ўстойлівай апаратуры, прыпояў, каталізатараў, гадзіннікаў; для залачэння, афарбоўкі шкла; для вырабу зубных пратэзаў, ювелірных вырабаў, манет, медалёў (колькасць З. ў іх паказвае проба; гл.Проба высакародных металаў).
Літ.:
Баукова Т.В., Леменовский Д.А. Золото в химии и медицине. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОР (лац. Borum),
B, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы Мендзялеева. Ат. н. 5, ат. м. 10,81. Прыродны бор складаецца з двух стабільных ізатопаў 10B (19,57%) і 11B (80,43%), існуе як мінерал буракс, керніт, ашарыт і інш.; у зямной кары ёсць 5∙10−3%, у вадзе акіянаў 4,6 мг/л. Атрыманы ў 1808 Л.Ж.Гей-Люсакам і Л.Ж.Тэнарам.
Вядома больш за 10 алатропных мадыфікацый бора. Бывае бясколерным, шэрым ці чырвоным крышталічным або цёмным аморфным рэчывам і мае розныя фіз.-хім. характарыстыкі. Па цвёрдасці (па Маосу 9,3, па Вікерсу 274,4 ГПа) займае другое (пасля алмазу) месца сярод рэчываў. Вельмі крохкі; у пластычны стан пераходзіць пры т-ры вышэй за 2000 °C. Хімічна дастаткова інертны, не рэагуе з вадародам (боравадароды атрымліваюцца ўскосным шляхам); з іншымі рэчывамі рэагуе толькі пры высокіх т-рах: акісляецца на паветры пры 700 °C, з азотам пры 1200—2000 °C утварае нітрыд бору, з вугляродам пры 1300 °C і вышэй — карбіды, з большасцю металаў — барыды, пры сплаўленні са шчолачамі — бараты; царская гарэлка і азотная кіслата акісляюць бор да борнай кіслаты (гл. таксама Бору злучэнні). Атрымліваюць з буры і керніту, аднаўленнем аксіду ці галагенідаў бору, раскладаннем галагенідаў і гідрыдаў. Выкарыстоўваюць як кампанент каразійнаўстойлівых гарачатрывалых сплаваў, кампазіцыйных матэрыялаў, сплаваў для рэгулявальных прыстасаванняў адз. рэактараў і лічыльнікаў нейтронаў, як паўправадніковы матэрыял і для барыравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЭ́НДЖАННЕ,
спосаб апрацоўкі харч. прадуктаў (пераважна сала, мяса, рыбы, сыру) для павышэння стойкасці пры доўгім захоўванні і надання ім спецыфічных смакавых якасцей; адзін са спосабаў кансервавання. Заснаваны на бактэрыцыдным і бактэрыястатычным дзеянні дыму, цяпла, вяндлярных вадкасцей і парашкоў. Разнавіднасці вэнджання — абсмажванне і запяканне ў дыме.
Прамысл. вэнджанне робіцца ў спец. вяндлярных прыстасаваннях дымам ад няпоўнага згарання драўніны ліставых парод: халоднае пры т-ры 18—22 °C працягласцю прыблізна 3—7 сутак (мясных прадуктаў) і 20—40 °C працягласцю 0,5—3 сутак (рыбных); гарачае пры т-ры 35—50 °C на працягу 12—48 гадз і 80—160 °C на працягу 0,5—6 гадз. Пры мокрым вэнджанні вяндлярныя вадкасці наносяць на прадукты, дадаюць у фарш (пры вырабе каўбас) або ў сумесь для салення (пры вырабе вяндліны) Выкарыстоўваецца і эл. (паскораны) спосаб вэнджання, пры якім іанізаваныя токам часцінкі дыму накіравана рухаюцца ў эл. полі высокага напружання і асядаюць на паверхні прадуктаў. На Беларусі здаўна свіныя лапаткі, кумпякі, каркавіну, каўбасы вэндзілі ў дамашніх вяндлярнях, комінах, лазнях, ёўнях. На паліва ішлі трэскі, стружкі, пілавінне дубу, вольхі, клёну, ясеню, каштану, яблыні, грушы. Каб надаць вяндліне прыемны пах, палілі ядловец (з іголкамі і шышкаягадамі), ельнік з шышкамі.
К.В.Фамічэнка.
Бытавое вэнджанне: а — у драўлянай бочцы без дна (1 — грунт, 2 — цэгла, 3 — мешкавіна, 4 — вешала з прадуктамі, 5 — падтопак); б — у трубе (1 — газавая гарэлка, 2 — цэгла, 3 — пілавінне для дымаўтварэння, 4 — фольга з адтулінамі); в — у цаглянай вяндлярні (1, 4 — засаўкі, 2 — перакладзіна з вешаламі, 3 — жалезны ліст для раўнамернага размеркавання дыму, 5 — печка, 6 — паддон з тлеючым пілавіннем).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВА́РАЧНАЕ АБСТАЛЯВА́ННЕ,
комплекс тэхнічных сродкаў, якія выкарыстоўваюцца для зваркі. Бываюць ручныя (гарэлкі зварачныя для газавай зваркі, электратрымальнікі для дугавой і інш.), механізаваныя (шлангавыя паўаўтаматы для дугавой зваркі з механізаванай падачай зварачнага дроту, механізаваныя ўстаноўкі для мікразваркі) і аўтам. (самаходныя і падвесныя зварачныя галоўкі, зварачныя трактары, спецыялізаваныя зварачныя ўстаноўкі, у т. л. аўтаматызаваныя для мікразваркі). Аўтам. З.а. пры дугавой і электрашлакавай зварцы падае электрод у зону зваркі, перамяшчае дугу і электрод адносна вырабаў, якія злучаюцца.
Тэхналагічна злучанае паміж сабой З.а. аб’ядноўваюць у стацыянарны або перасоўны зварачны пост, а некалькі тэхналагічна звязаных пастоў — у зварачную лінію. Пасты аснашчаюцца: зварачнымі генератарамі (пастаяннага або пераменнага току павышанай частаты для дугавой зваркі, у т. л. пад флюсам і ў ахоўных газах); зварачнымі трансфарматарамі (для сілкавання зварачных працэсаў пераменным токам пры дугавой і кантактнай зварцы); зварачнымі выпрамнікамі (з селенавымі або крэмніевымі паўправадніковымі элементамі для сілкавання зварачнай дугі пастаянным токам пры дугавой ручной і аўтам. зварцы); спец. прыстасаваннямі (зварачныя цялежкі, стэнды, кантавальнікі, маніпулятары, клямары); інструментамі (наладачныя, вымяральныя і інш.). Зварачныя аўтаматы і робаты, якія шырока ўкараняюцца ў вытв-сць, забяспечваюць аўтаматызацыю дугавой і кантактнай зваркі.