рака на тэр. Украіны і Беларусі, правы прыток р. Дняпро. Даўж. 761 км, пл. вадазбору 121 тыс.км² (у межах Беларусі адпаведна 500 км і 51,4 тыс.км²). Пачынаецца на крайнім 3 Укр. Палесся, за 1 км на ПдУ ад в. Галядзін Любомльскага р-на Валынскай вобл. Цячэ пераважна з 3 на У уздоўж Прыпяцкай нізіны, на працягу 204 км па Украіне, 500 км па Беларусі і астатнія 57 км зноў па Украіне. Упадае ў Кіеўскае вадасх.Асн. прытокі: Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа (злева); Тур’я, Стаход (на тэр. Украіны), Стыр, Гарынь Сцвіга, Убарць, Славечна (справа). Большасць прытокаў поўнасцю або часткова каналізаваная. Даліна слабавыразная, шыр. да 70—75 км; каля Мазырскай грады трапецападобнай формы, звужаецца да 5 км. Схілы ад вытоку да р. Бобрык 1-ы вельмі спадзістыя, выш. 8—30 м, каля г. Мазыр выш. правага схілу 35—50 м. Пойма развітая на ўсім працягу ракі, шыр. каля воз. Любязь (Валынская вобл.) 2—6 км, ніжэй у вусці Піны і Гарыні 16—18 км, у вусці Сцвігі 8—9 км, уздоўж Мазырскай грады звужаецца да 1 км, далей пашыраецца да 9 км. Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, свабодна меандруе, шмат нізкіх пясчаных астравоў, старарэччаў, заліваў. Ніжэй вусця р. Тур’я гідравузел, адкуль падаецца вада ў Белаазерскі канал для жыўлення Дняпроўска-Бугскага канала. Ніжэй гідравузла на невял. працягу рэчышча месцамі перасыхае і ператвараецца ў азёрападобныя плёсы. Шыр. ракі ад вытоку да вусця р. Стаход 4—15 м, ніжэй па цячэнні 50—70 м, у нізоўі 100—250 м, пры ўпадзенні ў Кіеўскае вадасх. 4—5 км; да вусця р. Бобрык 1-ы рэчышча месцамі абвалаванае. Дно пясчанае і пясчана-ілістае. Берагі ад спадзістых да стромкіх, на лукавінах абрывістыя, выш. ад 0,3 да 3 м, у вусці мясцінамі да 8—15 м; у сярэднім цячэнні прыродныя берагавыя валы выш. да 1,5 м. Ледастаў з 1-й пал.снеж., да канца сак. У некат. цёплыя зімы ледастаў адсутнічае. Веснавы ледаход 4—8 сут. Асаблівасць гідралагічнага рэжыму ракі — расцягнутае веснавое разводдзе (амаль 4 месяцы з 2-й дэкады сак.) кароткачасовая (100—200 сут.) летняя межань, якая парушаецца дажджавымі паводкамі і амаль штогоднімі восеньскімі пад’ёмамі ўзроўню вады. Макс. ўзроўні вады ў 1-й пал. красавіка. Выш. пад’ёму ў верхнім цячэнні да 2 м, у сярэднім і ніжнім да 5 м, у межах вузкай поймы (каля Мазыра) да 7 м. Самыя нізкія ўзроўні летне-асенняй межані назіраюцца ў вер. — кастр., пры дажджавых паводках павышаюцца на 3—5 м, узроўні зімовай межані больш устойлівыя (на 0,5—1 м вышэй летне-асенняй), пры адлігах павышаюцца на 3 м. Сярэднегадавы расход вады каля г.п. Тураў 264 м³/с, у вусці 450 м³/с. Суднаходная на ўсёй тэр. Беларусі. Злучана Дняпроўска-Бугскім каналам з р. Мухавец (бас.р.Зах. Буг), Агінскім каналам (не дзейнічае) — з р. Нёман, Мікашэвіцкім каналам — з рачным портам Мікашэвічы. На рацэ порты (Пінск, Мазыр), прыстані (Тураў, Петрыкаў, Нароўля, Чарнобыль). У сярэднім цячэнні П. створаны нац. парк Прыпяцкі, у ніжнім — Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫ́ПЯЦКАЕ ПАЛЕ́ССЕ,
фізіка-геаграфічны раён у сярэдняй ч. падправінцыі Беларускага Палесся. Размешчаны на Пд Беларусі, займае ўсх.ч. Брэсцкай, Пд Мінскай, крайні ПдЗ Магілёўскай, зах.ч. Гомельскай абласцей. Мяжуе з Брэсцкім Палессем і Загароддзем на 3, Баранавіцкай і Цэнтральнабярэзінскай раўнінамі на Пн, Гомельскім і Мазырскім Палессем на У і ПдУ, Жытомірскім і Валынскім Палессем на Пд. Выш. 125—145 м, найб. 186 м (на З ад в. Чалюшчавічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.). Пл. больш за 20 тыс.км². Працягласць з 3 на У ад 140 да 220 км, з Пн на Пд ад 105 да 140 км.
У тэктанічных адносінах цэнтр. і ўсх.ч. П.П. прымеркаваны да Прыпяцкага прагіну, зах.ч. — да Палескай седлавіны. Асадкавы чахол у Прыпяцкім прагіне (магутнасць пераважна 1,5—2,6 км) утвораны адкладамі верхняга пратэразою, палеазою, мезазою і кайназою, сярод якіх больш развіты верхнедэвонскія саляносныя тоўшчы; на Палескай седлавіне (магутнасць 0,4—0,6 км) пераважна складзены з парод верхняга пратэразою, мелу, палеагену і неагену. Антрапагенавыя адклады (магутнасць 10—20 м на Пд і ў цэнтры, 50—70 м на Пн, да 80—100 м на 3) — азёрныя, балотныя, алювіяльныя, эолавыя» водна-ледавіковыя. Марэна бярэзінскага зледзянення трапляецца на ПнУ, дняпроўскага і сожскага на крайнім ПнЗ. На невял. плошчах (у раёне г. Столін, в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.) і на асобных фрагментах рачных далін на паверхню выходзяць даантрапагенавыя адклады.
У рэльефе П.П. спалучаюцца азёрна-алювіяльныя, алювіяльныя тэрасаваныя, поймавыя і водна-ледавіковыя раўніны, з асобнымі ўчасткамі марэнных раўнін, краявымі ўзгоркамі і градамі, характэрна наяўнасць буйных затарфаваных масіваў і азёр. Мінім.выш. рэльефу 113 м прымеркавана да ўрэзу р. Прыпяць у сутоках з р. Пціч, найб. 155—186 м — да краявых марэнных утварэнняў. Азёрна-алювіяльныя раўніны вылучаюцца на ПнЗ з азёрамі Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае і інш. з адноснымі перавышэннямі паверхні 0,5—1,5 м; уздоўж р. Арэса і вакол воз. Чырвонае з адноснымі выш. 1—2 м (зрэдку трапляюцца пясчаныя ўзгоркі выш. да 5 м); паміж рэкамі Сцвіга і Убарць у шыротным напрамку з ваганнямі адносных выш. 0,3—0,5 м. Водналедавіковыя раўніны маюць хвалістую паверхню з нахілам у бок р. Прыпяць, з адноснымі выш. ад 1,5 да 3—5 м, ускладненую ланцугамі дзюн або асобнымі марэннымі ўзгоркамі. Каля г.п. Лагішын і в. Парахонск Пінскага р-на Брэсцкай вобл. дэнудаваныя краявыя ледавіковыя грады і ўзгоркі, згладжаныя і ’выцягнутыя ў субшыротным напрамку. Размытыя краявыя ледавіковыя грады (адносныя перавышэнні 8—10 м, радзей 15—20 м) захаваліся каля г.п. Акцябрскі і г. Петрыкаў, в. Мілевічы і Вятчын Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. У даліне р. Прыпяць пойма і 2 надпоймавыя тэрасы. Пойма нізкая, забалочаная, паверхня ўскладнена пясчанымі грывамі (выш. 0,5—1 м, шыр. 30—40 м, даўж. 0,2—1,5 км). Першая надпоймавая тэраса акумулятыўная, шыр. ад 1—2 км да 8 км (на левабярэжжы), у месцах упадзення найб. прытокаў да 10—18 км. Паверхня роўная, месцамі забалочаная. Другая тэраса эразійна-акумулятыўная, шыр. ад 0,2—0,5 км да 18 км. Паверхня плоска-хвалістая з перавышэннямі 3—5 м, характэрны астанцы марэннай раўніны. Абедзве тэрасы ўскладнены эолавымі формамі. Карысныя выкапні: гліны тугаплаўкія, мел, каалін, буд. і абліцовачны камень, буд. пяскі, калійныя і каменная солі, буры вугаль, торф, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -5,5 °C, ліп. 18,3 °C, ападкаў 632 мм за год (паводле даных Палескай балотнай станцыі). Гал. водныя і дрэнажныя артэрыі — р. Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа, Стыр, Гарынь, Сцвіга з Маствой, Убарць. Найб. азёры: Чырвонае, Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае, Белае. Вадасховішчы: Салігорскае (часткова), Лактышы, Пагост. Разгалінаваная сетка меліярац. каналаў, Агінскі канал. Высокі ўзровень грунтавых вод і пастаяннае забалочванне абумоўлена недастатковай гушчынёй гідралагічнай сеткі. Істотнае значэнне маюць талыя і дажджавыя воды, якія часта выклікаюць разводдзі (да катастрафічных). У гэты перыяд пад’ём вады ў р. Прыпяць дасягае 4—5 м (радзей 6—7 м), Гарыні — 3,5—4,5 м. Шыр, разліваў у р. Прыпяць 5—15 км, да 25 км, яе прытокаў у сярэднім каля 3 км. Перыяд разводдзяў доўжыцца 40—90 дзён. Для глебавага покрыва характэрна частая змена дзярнова-падзолістых, дзярновых забалочаных і тарфяна-балотных глеб. Трапляюцца глебы дзярнова-глеістыя, поймавыя (алювіяльныя) і інш. Лясістасць П.П. найменшая (да 32%) у Пінскім р-не, найб. у Жыткавіцкім (56%) і на Пн Лельчыцкага р-наў. Пашыраны хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя лясы, дубровы. Пад балотамі 23% тэрыторыі, больш як 1/3 з іх асушаны. Пад ворывам 30% тэрыторыі. У межах П.П. нац. парк Прыпяцкі, ландшафтныя заказнікі Прастыр, Стрэльскі, Сярэдняя Прыпяць, Альманскія балоты; біял. — Борскі, Жыткавіцкі, Лунінскі, Ялоўскі, гідралагічны — Выганашчанскае.
М.А.Шышонак.
Да арт.Прыпяцкае Палессе. 1. Рака Пціч каля г.п. Капаткевічы Петрыкаўскага раёна Гомельскай вобл. 2. Пясчаная дзюна на пласкахвалістай тэрасе каля в. Моршчынавічы Лунінецкага раёна Брэсцкай вобл.