ВІ́КА,

аднагадовыя культурныя віды роду гарошак. У свеце вырошчваюць 12 відаў, з іх на Беларусі 2: віка пасяўная, або яравая (Vicia sativa), і касматая, або азімая (Vicia villosa).

Віка пасяўная культывуецца з 18 ст. Высяваецца на зялёны корм у сумесі пераважна з аўсом. Раянаваныя сарты: Льгоўская 31/293 і Белацаркоўская 222. Вільгацялюбная, холадаўстойлівая, малапатрабавальная да якасці глеб культура. Віка касматая культывуецца з канца 19 ст. Высяваецца ў сумесі з азімым жытам, радзей з пшаніцай. Раянаваныя сарты: Стаўбцоўская, Слонімская, Серпухаўская палепшаная. Засухаўстойлівая, але недастаткова зімаўстойлівая культура. Сена і зялёная маса вікі багатыя бялкамі, карацінам, фосфарам і кальцыем. Сідэратныя расліны (абагачаюць глебу азотам).

т. 4, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБО́ВЫЯ, матыльковыя (Fabaceae, Leguminosae),

сямейства двухдольных раслін з парадку бабовакветных. Каля 650 родаў, больш за 18 тыс. відаў. Пашыраны па ўсёй сушы зямнога шара. На Беларусі 20 родаў (найб. вядомыя баркун, вязель, гарох, гарошак, жаўтазель, зяновец, канюшына, куравай, лубін, люцэрна, пералёт, рабінія, рутвіца, чына, эспарцэт) і больш за 80 дзікарослых відаў. Рэдкія віды бабовых занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Адна- і шматгадовыя травы, паўкусты і кусты, ліяны і дрэвы. Лісце пераважна чаргаванае, складанае, з прылісткамі. Кветкі найчасцей у гронка-, коласападобных і галоўчатых суквеццях, звычайна зігаморфныя. Плод — боб. На каранях бабовых утвараюцца клубеньчыкі, у якіх знаходзяцца бактэрыі, здольныя фіксаваць атм. азот. Тэхн., лек., харч., кармавыя, дэкар. і сідэратныя расліны; ёсць ядавітыя, якія маюць алкалоіды і выкарыстоўваюцца як лек. і інсектыцыдныя.

Літ.:

Флора СССР. Т. 11. М.; Л., 1945;

Тахтаджян А.Л. Система и филогения цветковых растений. М.; Л., 1966;

Яго ж. Система магнолиофитов. Л., 1987;

Флора Европейской части СССР. Т. 6. Л., 1987.

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕ́ТКАВА-ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

зборная група культ. і дзікарослых, пераважна травяністых раслін, якія выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве для азелянення, упрыгожвання інтэр’ера памяшканняў і будынкаў, ідуць на зрэзку. Вырошчваюцца ў адкрытым і закрытым грунтах. К.-д. р. адкрытага грунту падзяляюць на адна-, двух- і шматгадовыя. Іх выкарыстоўваюць для букетаў і афармлення клумбаў, рабатак, міксбордэраў, партэраў (напр., аднагадовыя агератум, аксамітка, астра, ільвіны зеў, цынія; двухгадовыя званочак, наперстаўка, незабудка, фіялка; шматгадовыя гіяцынт, касач, ландыш, півоня, прымула, нарцыс, цюльпан, вяргіня, канна, шпажнік), павойныя і лазячыя расліны на ўпрыгожванне сцен будынкаў, агароджаў, балконаў, тэрас (напр., аднагадовыя пахучы гарошак, іпамея, настурка; шматгадовыя клематыс, плюшч, капрыфоль). К.-д.р. закрытага грунту пераважна субтрапічныя і трапічныя. Сярод іх вылучаюць сезоннаквітучыя (вазонныя пеларгонія, цыкламен; грунтавыя гваздзік рэмантантны, ружа), выганачныя (гіяцынт, нарцыс, цюльпан), вечназялёныя (травяністыя — аспідыстра, спаржа, папараць; павойныя і ампельныя — плюшч, традэсканцыя; сукуленты — агава, алоэ, кактусы, эйфорбія; дрэвы і кусты — азалія, пальма, цытрусавыя).

Кветкава-дэкаратыўныя расліны: 1 — астыльба; 2 — ільвіны зеў; 3 — аксаміткі; 4 — званочкі.

т. 8, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)