КАБАЛЬЕ́ ((Caballe) Мантсерат) (н. 12.4.1933, г. Барселона, Іспанія),
іспанская спявачка (сапрана); буйнейшая прадстаўніца мастацтва бельканта. Вучылася ў Барселонскай кансерваторыі ў Э.Кемені. З 1956 салістка оперных т-раў у Базелі, Брэмене, з 1965 у т-ры «Метраполітэн-опера». Спявае таксама ў т-рах «Ла Скала», «Ковент-Гардэн», «Гранд-Апера», Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае моцным прыгожым голасам вял. дыяпазону. Выкананне адметнае экспрэсіяй, багаццем тэмбравай і дынамічнай нюансіроўкі. Сярод партый: Норма («Норма» В.Беліні), Марыя Сцюарт (аднайм. опера Г.Даніцэці), Манон («Манон Леско» Дж.Пучыні) і інш. З яе імем звязана адраджэнне шэрагу опер Даніцэці, Беліні, Дж.Расіні. Выступае ў канцэртах. У 1997 гастраліравала ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́МАН ((Lehmann) Лотэ) (27.2.1888, г. Перлеберг, Германія — 26.8.1976),
нямецкая спявачка (лірыка-драм. сапрана). Вучылася ў Берлінскай вышэйшай школе музыкі. З 1910 салістка Гамбургскай, з 1914 — Венскай дзярж. опер. У 1924—38 у т-ры «Ковент-Гардэн» у Лондане. З 1930 выступала ў ЗША як оперная (у 1934—45 у т-ры «Метраполітэн-опера») і камерная спявачка. Адна з буйнейшых выканальніц гал. партый у операх Р.Вагнера («Золата Рэйна», «Пярсцёнак нібелунга», «Лаэнгрын», «Тангейзер») і Р.Штрауса («Арабела», прысвечана Л.; «Арыядна на Наксосе», «Жанчына без ценю», «Інтэрмецца», «Кавалер ружы»). З інш. партый: Ганна («Віндзорскія свавольніцы» О.Нікалаі), Леанора («Фідэліо» Л.Бетховена). З 1951 выкладала.
адзін з лепшых аркестраў Еўропы. Засн. ў 1932 англ. дырыжорам і імпрэсарыо Т.Бічэмам. З 1933 удзельнічаў у канцэртах Каралеўскага філарманічнага і Каралеўскага хар. т-ваў, летніх оперных спектаклях т-ра «Ковент-Гардэн», розных фестывалях. З канца 1930-х г. — самаст. арганізацыя. Выканальніцкаму майстэрству ўласцівы ансамблевая зладжанасць, маляўнічасць гучання, рытмічная дакладнасць, тонкае адчуванне стылю. У рэпертуары творы сусв. класікі, англ. аўтараў, сучасных кампазітараў. У розны час аркестрам дырыжыравалі Э.Ансермэ, Э. ван Бейнум, Б.Вальтэр, Г.Караян, Э.Клейбер, Ш.Мюнш, М.Сарджэнт, В.Фуртвенглер і інш. Сярод кіраўнікоў Т.Бічэм, А.Боўлт, Б.Хайтынк.
шведская спявачка (драм. сапрана); прадстаўніца школы бельканта. Вучылася ў Стакгольме (1941—46). У 1948—51 салістка Каралеўскай оперы ў Стакгольме. У 1953—86 у т-рах «Ковент-Гардэн», «Ла Скала», «Метраполітэн-опера» і інш. Валодала надзвычай моцным голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, драм. выразнасцю. Вядомая выканальніца партый у операх Р.Вагнера: Ізольда, Брунгільда, Эльза, Лізавета («Трыстан і Ізольда», «Пярсцёнак нібелунга», «Лаэнгрын», «Тангейзер). Інш. партыі; Агата («Вольны стралок» К.М.Вебера), Алена («Мефістофель» А.Бойта), Аіда («Аіда» Дж.Вердзі), Тоска, Турандот (аднайм. оперы Дж.Пучыні), Саламея («Саламея» Р.Штрауса), Донна Ганна («Дон Жуан» В.А.Моцарта), Урсула («Мастак Матыс» П.Хіндэміта).
італьянская спявачка (каларатурнае сапрана). Муз. адукацыю атрымала пад кіраўніцтвам М.Стракоша. У 1859 дэбютавала на опернай сцэне ў Нью-Йорку. Поспех прынеслі гастролі ў 1861 у т-ры «Ковент-Гардэн» (Лондан). У Італіі выступала з 1866 (т-р «Рэджа», г. Турын). У 1869—77 неаднаразова спявала ў Расіі. Апошняе выступленне ў 1914 у «Альбертхоле» (Лондан). Валодала незвычайным па прыгажосці тэмбру, чыстым, мяккім, звонкім, роўным ва ўсіх рэгістрах голасам, віртуознай тэхнікай. Сярод партый: Дэздэмона, Нінета, Разіна («Атэла», «Сарока-зладзейка», «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Маргарыта, Джульета («Фауст», «Рамэо і Джульета» Ш.Гуно) і інш.
швейцарскі дырыжор і кампазітар. Вучыўся ў бацькі Я.Кубеліка. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1933). З 1934 дырыжор, у 1942—48 і з 1989 маст. кіраўнік Чэш. філармоніі. У 1950—53 узначальваў аркестр у г. Чыкага (ЗША), з 1961 — аркестр Баварскага радыё ў Мюнхене. Муз. кіраўнік многіх спектакляў у буйнейшых оперных т-рах Еўропы («Ковент-Гардэн», Лондан, 1955—58) і ЗША (з 1972 муз. кіраўнік т-ра «Метраполітэн-опера», Нью-Йорк). Сярод твораў: оперы, у т. л. «Вераніка» (паст. 1947); кантаты; рэквіемы (1942, 1962, 1963); «Stabat Mater» (1968); 2 месы; сімфоніі; канцэрты для інструментаў з арк. (1940, 1944, 1950, 1951); камерна-інстр. ансамблі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ДА (Gedda; сапр.Усцінаў) Мікалай
(н. 11.7.1925, Стакгольм),
шведскі спявак (тэнар); адзін з найб. вядомых спевакоў 20 ст. Вучыўся ў кансерваторыі ў Стакгольме. З 1952 выступае ў буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Гранд-Апера», «Ковент-Гардэн», «Метраполітэн-опера» і інш.). Валодае голасам мяккага цёплага тэмбру. Тонкі стыліст. спявак высокай культуры; выконвае амаль усе партыі лірычнага тэнара ў операх В.А.Моцарта, італьян. і франц. кампазітараў, у т. л. партыі Герцага, Альфрэда («Рыгалета», «Травіята» Дж.Вердзі), Рауля («Гугеноты» Дж.Меербера), Вертэра («Вертэр» Ж.Маснэ), Ленскага («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага). Тонкі інтэрпрэтатар камерных вак. твораў Л.Бетховена, Ф.Шуберта, Э.Грыга, Чайкоўскага і інш.; адзін з лепшых замежных выканаўцаў рус.нар. песень і старадаўніх рамансаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́МПЕРЭР ((Klemperer) Ота) (14.5.1885, г. Вроцлаў, Польшча — 6.7.1973),
нямецкі дырыжор, кампазітар. Вучыўся ў кансерваторыі ў Франкфурце-на-Майне (з 1901) і Берліне. Вучань Г.Пфіцнера. З 1907 працаваў у оперных т-рах Еўропы. З 1933 у эміграцыі, да 1939 узначальваў сімф. аркестр у Лос-Анджэлесе (ЗША). У 1947—50 у Будапешцкай дзярж. оперы, у т-ры «Комішэ-опер» у Берліне. Жыў у Швейцарыі, Лондане. Дырыжор Лонданскага філарманічнага аркестра, т-ра «Ковент-Гардэн». Інтэрпрэтатар твораў В.А.Моцарта, Л.Бетховена, І.Брамса, А.Брукнера, Г.Малера, Р.Штрауса, прапагандаваў творы П.Хіндэміта, І.Стравінскага, С.Пракоф’ева. Аўтар оперы, месы, 6 сімфоній, камерна-інстр. твораў, рамансаў, літ. прац («Мае ўспаміны пра Г.Малера і іншыя аўтабіяграфічныя нарысы», 1960). Прэмія імя І.В.Гётэ 1932.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛАС (Callas; сапр.Калаерапулу) Марыя
(3.12.1923, Нью-Йорк — 16.9.1977),
грэчаская спявачка (сапрана). Вучылася ў Афінскай кансерваторыі. Дэбютавала ў Афінах (1938). З 1950 салістка буйнейшых оперных т-раў свету «Ла Скала» (Мілан), «Ковент-Гардэн» (Лондан), опернага т-раў Чыкага, «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Валодала голасам вял. дыяпазону, выключным артыстызмам, майстэрствам бельканта. Сярод партый: Медэя («Медэя» Л.Керубіні), Лючыя, Ганна Балейн («Лючыя ды Ламермур», «Ганна Балейн» Г.Даніцэці), Норма, Аміна, Імагена («Норма», «Самнамбула», «Пірат» В.Беліні), Віялета («Травіята» Дж.Вердзі), Тоска, Чыо-Чыо-сан (аднайм. оперы Дж.Пучыні), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні, Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ). З 1982 у Афінах праводзіцца Міжнар. конкурс вакалістаў імя К. Здымалася ў кіно («Медэя», 1969), займалася рэж. дзейнасцю.
Літ.:
Мария Каллас: Биография. Статьи. Интервью: Пер. с англ. и итал. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВАРО́ЦІ ((Pavarotti) Лучана) (н. 12.10.1935, г. Модэна, Італія),
італьянскі спявак (тэнар). Вучыўся ў А.Полы і Э.Кампагальяні. На опернай сцэне з 1961. Выступае ў буйнейшых т-рах свету, у т. л. ў «Ковент-Гардэн» (Лондан), «Ла Скала» (Мілан), «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк), Венскай дзярж. оперы і інш. Валодае голасам прыгожага звонкага тэмбру, надзвычай вял. дыяпазону. Яго выкананне адметнае шчырасцю, эмацыянальнасцю. У рэпертуары рознахарактарныя партыі пераважна ў італьян. класічных операх: Рудольф, Каварадосі, Калаф, («Багема», «Тоска», «Турандот» Дж.Пучыні), Радамес, Атэла, Герцаг («Аіда», «Атэла», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Немарына, Тоніо («Любоўны напітак» і «Дачка палка» Г.Даніцэці), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ). Выступаў у трыо з Х.Карэрасам і П.Дамінга, запісаў з імі шэраг папулярных оперных арый. Аўтар успамінаў «Гісторыя майго жыцця» (1981). 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе вакалістаў імя А.Перу (Рэджанель-Эмілія, Італія, 1961).