НАРО́ДНАЯ МЕТЭАРАЛО́ГІЯ,

старажытная галіна нар. ведаў пра магчымае надвор’е ў бліжэйшы ці больш аддалены час. Выклікана неабходнасцю арыентавацца ў зменах стану надвор’я для аптымальнага вядзення гаспадаркі, земляробства. Прадказанні надвор’я засноўваліся на шматвяковым вопыце, назіральнасці, глыбокім веданні прыроды. Геагр. месцазнаходжанне, кліматычныя ўмовы і інш. вызначаюць характэрныя асаблівасці Н.м. ў розных народаў.

На Беларусі зыходнымі ў прадказанні надвор’я найчасцей былі каляндарныя святы, перыяды (адліга на Каляды — вясна будзе ранняя, а лета багатае). У прыкметах устанаўлівалася залежнасць характару надвор’я паміж асобнымі каляндарнымі днямі і перыядамі (калі перад Калядамі мароз і завіруха, то перад Вялікаднем будзе цёпла і ціха). Меркавалі пра будучае надвор’е таксама на падставе самаадчування чалавека, арганізм якога рэагаваў на змены атмасфернага ціску, набліжэнне ападкаў. Вял. колькасць метэаралагічных прагнозаў складаюць нар. павер’і, заснаваныя на назіраннях людзей за жывёльным светам, птушкамі, насякомымі (певень спявае ўвечары — будзе дождж ці адліга; калі пчолы з раніцы сядзяць у вуллі і гудуць, а мурашкі хаваюцца ў мурашніку — будзе дождж). Асаблівасці росту, цвіцення, выспявання пладоў розных раслін тлумачылі як прадказанне пэўных зрухаў у надвор’і, як прагноз на асаблівасці будучых пор года (напр., калі шмат баравікоў, то зіма будзе вельмі снежная). Прызнанымі арыенцірамі ў вызначэнні надвор’я лічыліся нябесныя свяцілы (сонца заходзіць у хмары — на дождж). Ад маладзікоў заўсёды чакалі атмасферных перамен. Уважлівае ўзіранне ў разнастайныя праявы навакольнага свету і ўменне ўлавіць іх прычынна-выніковую залежнасць дазволілі выпрацаваць цэлую сістэму ведаў у галіне Н. м. Пад увагу браліся таксама ўзаемасувязі атмасферных з’яў (чырвоныя воблакі пасля заходу сонца паказвалі на вецер). Прадказвалі надвор’е і па рэху: калі голас разлятаўся далёка, то чакалі пагоду, калі, наадварот, быў глухі — то непагадзь. Патрэба выклікаць тое ці інш. надвор’е нарадзіла ў свядомасці сялян комплекс магічных дзеянняў, рытуалаў (сыпалі мак у калодзеж, каб пайшоў дождж). Многія з нар. прыкмет знаходзяць у наш час навук. абгрунтаванне і ўзбагачаюць веды сучасных сіноптыкаў.

У.​А.​Васілевіч.

т. 11, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАПСІХАЛО́ГІЯ (ад пара... + псіхалогія),

галіна псіхал. даследаванняў, якая вывучае формы пачуццёвасці, што забяспечваюць спосабы прыёму інфармацыі і якую нельга растлумачыць дзейнасцю вядомых органаў пачуццяў, таксама адпаведныя формы ўздзеяння адной жывой істоты на другую, на фіз. аб’екты, інш. нестандартныя здольнасці арганізма. Разам з паняццем «П.» ажываюць таксама паняцці «псіхатроніка», «біяінфармацыя», «біяінтраскапія» і інш. Вылучаюць тыпы форм пачуццёвасці: тэлепатыя — мысленныя зносіны паміж тымі, хто перадае і хто прымае (індуктар і рэцыпіент); яснабачанне — атрыманне ведаў пра аб’ектыўныя падзеі знешняга свету, не заснаванае на рабоце вядомых органаў пачуццяў і меркаваннях розуму; прадбачанне (праскапія) — прыватны выпадак яснабачання, які адносіцца да прадказання будучых падзей; лазашукальніцтва (біяфіз. эфект) — пошук з дапамогай індыкатара (сагнуты металічны дрот, лаза і інш.) падземных вод, руды, пустаты і інш.; парадыягностыка — пастаноўка заснаванага на яснабачанні мед. дыягназу без кантакту з хворым. Гэтыя формы пачуццёвасці часта аб’ядноўваюцца паняццем экстрасенсорнага ўспрымання. Яснабачанне, тэлепатыю і прадказанне адносяць да псі-феномена, а мысленнае ўздзеянне на аб’ект на адлегласці (псіхакінез, тэлекінез) — да псі-капафеномена.

Даследаванні феномена П. вядуцца з канца 19 ст., калі ў Лондане засн. «Таварыства для вывучэння псіхічных з’яў». Яно садзейнічала пазнанню псіхал. заканамернасцей гіпнозу, ідэаматорных актаў, субсенсорнага ўспрымання, фенаменальнай памяці, вылічальных здольнасцей. Многія з існуючых т-ваў і лабараторый аб’ядноўвае Міжнар. парапсіхалагічная асацыяцыя (Нью-Йорк).

В.​В.​Краснова.

т. 12, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. genealogia радаслоўная),

спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, гісторыю, сац. становішча, сваяцкія сувязі родаў і асоб. Вытокі генеалогіі ў язычніцкім кульце продкаў. Як галіна ведаў існавала ў Стараж. Рыме. У эпоху пераходу да феадалізму звесткі пра генеалогію — састаўная частка вусна-паэт. творчасці. У сярэдневякоўі былі вельмі пашыраны генеалагічныя паданні пра паходжанне родаў і цэлых народаў. Шырока вядома сага 12 ст. «Кніга пра ісландцаў» А.​Торгільсана пра паходжанне і генеалогію насельнікаў Ісландыі. У ВКЛ у 15—16 ст. бытавала легенда, што мясц. шляхта паходзіць ад рымскага патрыцыя Палемона і яго паплечнікаў, якія перасяліліся ў Літву. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаны гербоўнікі, якія спалучалі звесткі з генеалогіі і геральдыкі. Як гіст. навука генеалогія склалася ў 16—18 ст., калі сталі распрацоўвацца метады складання радаводных табліц і роспісаў, сістэмы нумарацыі сваяцтва. У 19 ст. ўзніклі генеалагічныя т-вы ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія займаліся даследаваннямі на навук. аснове. З часам падобныя т-вы ўтварыліся ва ўсіх краінах Еўропы, зараз яны існуюць і на правінцыяльным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь пытанні генеалогіі распрацоўваюць Ін-т гісторыі Нац. АН, Згуртаванне бел. шляхты, Бел. генеалагічнае т-ва, Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве.

Літ.:

История и генеалогия. М., 1977;

Genealogia. Warszawa, 1959.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

Да арт. Генеалогія. Шляхецкі герб і радаводнае дрэва Лазоўскіх.

т. 5, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯГРА́ФІЯ (ад грэч. biblion кніга + ...графія),

1) галіна навукова-практычнай дзейнасці па падрыхтоўцы і апісанні інфармацыі пра творы друку і пісьменства, а таксама па распрацоўцы прынцыпаў і метадаў выкарыстання гэтай інфармацыі.

2) Апрацаваны збор бібліяграф. апісанняў дакументаў, падабраных па пэўных пытаннях.

Зарадзілася ў стараж. часы. Вядомы бібліягр. табліцы, складзеныя пад кіраўніцтвам грэка Калімаха ў Александрыйскай бібліятэцы (3 ст. да н. э.). У Еўропе першая друкаваная бібліягр. праца — «Кніга пра царкоўных пісьменнікаў» І.​Трытэнхеймскага (1494). Найб. значнай працай у 16 ст. была «Усеагульная бібліятэка» швейцарскага вучонага К.​Геснера (т. 1—4, 1545—55). Самы даўні стараж.-рускі бібліягр. помнік — арт. «Богословъца от словес» у «І зборніку Святаслава» (1073).

На сучасным этапе адрозніваюць бібліяграфію: дзяржаўную, або нацыянальную (рэгістрыруе творы друку і аўдыёвізуальныя матэрыялы, выдадзеныя на тэрыторыі пэўнай краіны, і інфармуе аб іх грамадскасць); навукова-дапаможную (садзейнічае навук. і прафесійна-вытв. дзейнасці); рэкамендацыйную (садзейнічае агульнай і прафес. адукацыі, самаадукацыі, выхаванню і папулярызацыі ведаў); універсальную (адлюстроўвае дакументы паводле фармальных прыкмет — тыпалагічных, храналагічных, моўных); галіновую (адлюстроўвае дакументы пэўнай галіны ведаў ці практычнай дзейнасці); краязнаўчую (пашырае інфармацыю, звязаную зместам з пэўнай мясцовасцю ў краіне); бягучую (рыхтуе і распаўсюджвае інфармацыю пра новыя творы друку); рэтраспектыўную (рыхтуе і распаўсюджвае інфармацыю пра дакументныя масівы за пэўны прамежак часу). З сярэдзіны 20 ст. уніфікуюцца метады апрацоўкі бібліяграфіі, аўтаматызуецца тэхніка іх складання, ствараюцца інфарм. сістэмы, якія каардынуюцца міжнар. арг-цыямі (ЮНЕСКА, Міжнар. федэрацыя бібліятэчных т-ваў і інш.).

На Беларусі бібліягр. дзейнасцю займаюцца Нацыянальная кніжная палата (з 1978 выдае штогод паказальнік «Бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі»), Бібліятэка нацыянальная Беларусі, Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.​Коласа АН Беларусі, Бібліятэка прэзідэнцкая, Бібліятэка навукова-тэхнічная рэспубліканская, Бібліятэка навукова-медыцынская рэспубліканская, Бібліятэка навукова-педагагічная рэспубліканская, Бібліятэка беларуская сельскагаспадарчая і інш., а таксама б-кі ВНУ, абласныя навук. б-кі, органы навукова-тэхн. інфармацыі. Значны ўклад у развіццё бел. бібліяграфіі зрабілі Ю.І.Бібіла, А.​Дз.Васілеўская, Н.Б.Ватацы, Л.І.Збралевіч, М.​В.​Іваноў, В.​Е.​Лявончыкаў, А.​А.​Сакольчык, І.Б.Сіманоўскі, М.​Ц.​Талкачоў, В.​А.​Факееў і інш.

Літ.:

Здобнов Н.В. История русской библиографии до начала XX в. 3 изд. М., 1955;

Симановский И.Б. Белорусская советская библиография. Ч. 1. Мн., 1965;

Отраслевые библиографии БССР. Мн., 1979;

Симон К.Р. История иностранной библиографии. М., 1963.

т. 3, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАХІ́МІЯ,

галіна ведаў аб хім. уласцівасцях драўніны і хім. вытв-сцях па перапрацоўцы драўніны і інш. расліннай сыравіны. Вылучаюць цэлюлозна-папяровую, гідролізную, дубільна-экстрактавую, каніфольна-шкіпінарную і піролізную вытв-сці.

Цэлюлозна-папяровая вытворчасць выпускае цэлюлозу, паперу, кардон і вырабы з іх, драўнянавалакністыя пліты, а таксама паўцэлюлозу і хім. драўняную масу — паўпрадукты, якія разам з цэлюлозай маюць геміцэлюлозы і лігнін. У якасці сыравіны выкарыстоўваюць балансавую драўніну, пераважна хвойную, пашыраецца выкарыстанне драўніны лісцевых парод (асіна, бяроза), адходаў лесанарыхтоўкі і дрэваапрацоўкі, некат. раслінных матэрыялаў (салома, трыснёг), макулатуры (у вытв-сці паперы і кардону). Гідролізная вытворчасць перапрацоўвае адходы лесапілавання і с.-г. раслінаводства (напр., кукурузныя храпкі, сланечнікавае шалупінне), з якіх атрымліваюць этылавы спірт, фурфурол, бялкова-вітамінныя канцэнтраты і інш. (гл. Гідролізная прамысловасць). Дубільна-экстрактавая вытворчасць выпускае дубільныя экстракты (гл. Дубільныя рэчывы), якія атрымліваюць з водных выцяжак кары елкі, вярбы, бадану, лістоўніцы ці драўніны дубу, каштану і інш. Каніфольна-шкіпінарная вытворчасць — перапрацоўка жывіцы і асмолу, значную колькасць каніфолі і шкіпінару атрымліваюць таксама з сульфатнага мыла (пабочны прадукт цэлюлознай вытв-сці). Піролізная вытворчасць вырабляе ў асн. драўняны вугаль. Гл. таксама Лесахімічная прамысловасць.

На Беларусі даследаванні ў галіне Л. пачаліся з канца 1920-х г. у Ін-це хіміі АН Беларусі, вядуцца ў Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі і Бел. тэхнал. ун-це. Распрацаваны прамысл. спосабы атрымання палімераў тэрпенаў, каніфолі з высокімі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі, каніфольных кляёў і інш.

Літ.:

Богомолов Б.Д. Химия древесины и основы химии высокомолекулярных соединений. М., 1973;

Гордон Л.В., Скворцов С.О., Лисов В.И. Технология и оборудование лесохимических производств. 5 изд. М., 1988.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 9, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛЬМАГРА́ФІЯ (ад фільм + ...графія),

галіна ведаў, што вывучае метады і прынцыпы апісання фільмаў у даведачных работах. Існуе Ф. анатаваная, храналагічная, тэматычная, па жанрах, бягучая інфармацыйная, рэкамендацыйная і інш. Складаецца ў форме зборнікаў, даведнікаў, паказальнікаў, спісаў, аглядаў. Анатаваная Ф. ўключае вызначэнне тэмы, жанру, пераказ зместу, агульную ідэйна-маст. адзнаку і асн. вытв. звесткі (назва кінастудыі або фірмы, што выпусціла фільм, метраж і хронаметраж, колькасць частак, дату вытв-сці і выпуску на экран, склад здымачнай групы, пералік акцёраў, якія здымаліся ў фільме, атрыманыя ім узнагароды). Храналагічная Ф. паказвае агульны стан выпуску фільмаў у краіне, дае ўяўленне пра развіццё кінематаграфіі і работу асобных кінастудый, фірм, этапы творчай дзейнасці рэжысёра, сцэнарыста, акцёра і інш. удзельнікаў работы над пастаноўкай фільма. Тэматычная Ф. — матэрыял для вывучэння пытанняў, звязаных з распрацоўкай асобных тэм у кінамастацтве. Ф. мае вял. практычнае значэнне як аснова даследаванняў па пытаннях кінамастацтва і гісторыі кіно.

На Беларусі анатаваная Ф. прадстаўлена ў каталогу-даведніку «Усе беларускія фільмы» (т. 1—2, 1996—2000). Храналагічная Ф. бел. маст. і дакумент. фільмаў апублікавана ў кнігах «Гісторыя беларускага кіно» (т. 1—2, 1969—70), «Гісторыя кінамастацтва Беларусі» ў 4-х т. (т. 1, 2001), А.​Красінскага «Фільмы. Героі. Час» (1975), зб-ках «Панарама беларускага кіно апошніх гадоў» (1998), «Беларускае кіно: Маладыя рэжысёры: Біяфільмаграфічны каталог» (1999). Выдаюцца тэматычныя і жанравыя каталогі дзеючага фонду маст., хранікальна-дакумент., навук.-папулярных, вучэбных і рэкламных фільмаў «Беларускія фільмы». У 2002 выдадзены каталог бел. дакумент. фільмаў «Беларуская культура і кіно». Інфарм. Ф. друкуецца ў газетах і часопісах.

І.​А.​Аўдзееў.

т. 16, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНАПЕДАГО́ГІКА,

галіна пед. навукі, якая вывучае сістэму ведаў і выхаваўчага вопыту, што склаліся на працягу сац.-культ. развіцця пэўнага этнасу. Цесна звязана з агульнай і сац. педагогікай, філасофіяй, этнаграфіяй, этнічнай псіхалогіяй, культуралогіяй і інш. навукамі, а таксама з рознымі формамі духоўнага жыцця этнасу; вуснай нар. творчасцю, нар. і прафес. мастацтвам. абрадамі, звычаямі і г.д. Уключае ў сябе пэўную сферу тэарэт. думкі. якая спалучаецца традыцыямі этнасу па авалоданні ведамі. З’яўляецца пэўнай часткай нац. культуры і абапіраецца на нац. ідэалы, нац. самасвядомасць і ментальнасць этнасу.

Некаторыя даследчыкі трактуюць Э. як нар. педагогіку — сукупнасць ідэй, навыкаў, прыёмаў і метадаў народа (пэўнага этнасу) у галіне выхавання, якія перадаваліся ад пакалення да пакалення ў працэсе гісторыка-культ. развіцця. Складаецца з нарматыўных і ненарматыўных форм адукацыі і выхавання. Да першых адносяць працэс навучання, маральнае (з яго нязменнай часткай — сямейным выхаваннем), прац. і рэліг. выхаванне, якое ў некаторых этн. супольнасцях у вядомыя гіст. перыяды займала вядучае месца. Ненарматыўныя формы Э. канцэнтруюцца найперш у выхаванні; гэта нар. традыцыі, фальклор і нар. мастацтва. У бел. нар. педагогіцы вядучымі формамі выхавання лічыліся маральнае і прац. выхаванне (Я.​Ф.​Карскі, І.​І.​Насовіч, А.​К.​Сержпутоўскі, А.​Я.​Багдановіч).

Літ.:

Волков Г.Н. Этнопедагогика. Чебоксары, 1974;

Орлова Г.П. Беларуская народная педагогіка. Мн., 1993;

Кулінковіч К.А. Этнічная педагогіка: тэорыя, практыка. Мн., 1996;

Салееў В.А. Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994;

Грымаць А.А., Варанецкая Л.М. Беларуская народная педагогіка: тэорыя, практыка. Мн., 1996;

Калачова 1.1. Народныя традыцыі і звычаі выхавання: Этнапед. спадчына народаў Беларусі. Мн., 1999.

В.​А.​Салееў.

т. 18, кн. 1, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТНІ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

міждысцыплінарная галіна ведаў, якая вывучае псіхіку чалавека ў яе канкрэтным гісторыка-культ. выяўленні. Аб’ектам Э.п. выступае спецыфіка рэпрэзентацыі этнічнага ў свядомасці этн. груп і іх прадстаўнікоў. Узнікненне Э.п. як самаст. навук. дысцыпліны адносяць да сярэдзіны 19 ст. (працы па псіхалогіі народаў М.​Лацаруса і Х.​Штэйнталя, В.Вунта). Этнапсіхал. праблемы вывучалі таксама Г.Лебон, Г.Тард, С.​Сігел, А.​Фулье і інш. У канцы 1840-х г. К.​М.​Бэр, М.​І.​Надзёжын, К.​Дз.​Кавелін сфарміравалі прынцыпы «псіхічнай геаграфіі». У 1927 Г.​Г.​Шпет апублікаваў кн. «Уводзіны ў этнічную псіхалогію». Праблемы Э. распрацоўвалі Л.С.Выгоцкі, А.Р.Лурыя, Я.​Я.​Рагінскі, С.​П.​Талстоў і інш.

У канцы 19 ст. У.​Рыверс правёў першыя параўнальна-культ. даследаванні міжкульт. адрозненняў у зрокавым успрыманні. Іх вывучэнне прадоўжылі М.​Сегал, Д.​Кэмпбел, М.​Херскавіц. У выніку ўстаноўлена, што культ., а не расавыя асаблівасці вызначаюць зрокавае бачанне чалавекам навакольнага свету. У рэчышчы крос-культ. псіхалогіі зроблены даследаванні па ўспрыманні чалавекам колеру, параўнальныя даследаванні інш. яго пазнавальных працэсаў (мыслення, памяці і інш.). У амер. культ. антрапалогіі Э.п. развіваецца з пач. 1920-х г. ў рэчышчы тэарэтыка-метадалагічнага кірунку «культура і асоба»: школы культ. дэтэрмінізму Ф.Боаса (Р.​Бенедыкт, М.​Мід) і неафрэйдызму (А.​Кардынер, Р.​Лінтан, Дж.​Гарэр, К.​Дзюбуа, І.​Халоўэл і інш.). Гарэр узначаліў даследаванні нацыянальнага характару. У выніку створаны канцэпцыі «базавай структуры асобы», «мадальнай» і «мультмадальнай асобы» (А.​Інкельс, Х.​Дзьюкер, Н.​Фрэйда, Кардынер, Лінтан, Д.​Левінсон). У краінах СНД Э.п. развіваецца як самаст. міждысцыплінарная галіна. У якасці самаст. субдысцыплін Э.п. вылучаны: этн. сац. псіхалогія (уключае псіхалогію міжэтн. ўспрымання і ўзаемадзеяння, псіхалогію міжэтн. адносін); этнапсіхалогія асобы; этнапсіхатэрапія; этнапсіхалогія пазнавальных працэсаў і інш.

Сучасныя этнапсіхалагічныя даследаванні развіваюцца у 3 кірунках: даследаванні ўзаемаадносін ва ўмовах адной культуры; параўнальна-культ. даследаванні агульных псіхалаг. пераменных сярод прадстаўнікоў розных этнасаў; даследаванні псіхал. праблем узаемадзеяння (адбываюцца шляхам вывучэння праблем акультурацыі, міжэтн. і міжнар. супрацоўніцтва і псіхал. адносін). У Беларусі этнапсіхал. даследаванні этн. ідэнтыфікацыі і ідэнтычнасці беларусаў праводзіць сектар сац. псіхалогіі Ін-та сацыялогіі Нац. АН Беларусі. Асобныя пытанні, што закранаюць сферу Э.п. (спецыфікі бел. менталітэту, нацыянальнай самасвядомасці, этнаканфесіянальных адносін і інш.) вывучаюцца ў кантэксце гіст., сац., этналагічных, культуралагічных даследаванняў (у Цэнтры этнаканфесіянальных і сацыякульт. даследаванняў пры Гродзенскім ун-це, у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі і інш.).

Літ.:

Агеев В.С. Межгрупповое взаимодействие: социально-психологические проблемы. М., 1990;

Этническая психология и общество. М., 1997.

Л.​І.​Навуменка.

т. 18, кн. 1, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛО́ГІЯ КУЛЬТУ́РЫ,

галіна сацыялагічнай тэорыі, якая даследуе заканамернасці ўзаемадзеяння грамадства, асобы і культуры. Сутнасць, структурную пабудову, функцыі і тэндэнцыі развіцця культуры разглядае ў сувязі з дынамікай сац. структуры, развіццём сац. ін-таў, сац.-эканам., паліт. і духоўнымі зменамі ў грамадстве. Асн. кірункі даследаванняў С.к. — вызначэнне спецыфікі сац. тыпаў культуры (нар., нац., масавы і элітарны, субкультура і контркультура), іх функцый у грамадстве і асаблівасцей іх узаемадзеяння; характарыстыка функцыянавання культуры ў грамадстве як каштоўнасна-нарматыўнай сістэмы сімвалаў, ідэй, ведаў, узораў паводзін, якая рэгулюе жыццядзейнасць індывідаў і сац. суполак; вызначэнне ўзаемаўплываў культуры і тэхнал., экалагічных і інш. праблем чалавецтва. Тэрмін «С.к.» ўведзены ў 1912 ням. сацыёлагам А.​Веберам. Сацыялагічныя даследаванні культуры распачалі К.​Маркс, Э.​Дзюркгейм, Г.​Зімель, вялі М.​Вебер, П.​А.​Сарокін, Т.​Парсанс, Р.​Мертан, М.​Мід, Л.​Уайт і інш. Сарокін распрацаваў тэорыю сацыядынамікі культуры, згодна з якой найважн. падзеі ў працэсе гіст. развіцця абумоўлены зменай адной фундаментальнай формы культуры іншай. Парсанс вызначыў аб’ект С.к. як здольнасць культуры служыць у якасці дэтэрмінанты развіцця сац. сістэм, іх структуры і функцый. Мертан выявіў шматбаковую ўзаемасувязь сац. змен у грамадстве і дынамікі норм і каштоўнасцей культуры. На Беларусі даследаванні ў галіне С.к. канцэнтруюцца на праблемах сацыядынамікі культуры, яе развіцця ў кантэксце этнанац. і канфесіянальных асаблівасцей бел. грамадства (Э.​К.​Дарашэвіч, С.​В.​Лапіна, В.​І.​Русецкая і інш.).

Літ.:

Сорокин П.А. Социокультурная динамика // Сорокин П.А. Человек Цивилизация. Общество: Пер. с англ. М., 1990;

Вебер А. К вопросу о социологии государства и культуры: Пер. с нем. // Культурология, XX в.: Антология. М., 1995;

Ионин Л.Г. Социология культуры. М., 1996;

Парсонс Т. Понятие общества: компоненты и их взаимоотношения // Американская социологическая мысль: Тексты: Пер. с англ. М., 1996.

Я.​М.​Бабосаў.

т. 14, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРА́ФІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

галіна ведаў, якая вывучае геаграфію гіст. мінулага асобных краін або тэрыторый. Мае непасрэдныя сувязі з гісторыяй, археалогіяй, тапанімікай, з’яўляецца навук. базай картаграфіі гістарычнай. У фізічнай геаграфіі вывучае прыродныя ўмовы, іх змены і ўплыў на гіст. працэс; у эканамічнай — асваенне чалавекам розных тэрыторый, станаўленне і развіццё гаспадаркі, гандлю, шляхоў зносін; у палітычнай — фарміраванне тэрыторыі дзяржаў, адм.-тэр. падзелу, месцазнаходжанне стараж. населеных пунктаў, месцы гіст. падзей, маршруты ваен. паходаў і інш.; у раздзеле насельніцтва — міграцыі, размяшчэнне народаў, колькасны і нац. склад.

Метад спалучэння геаграфіі з гісторыяй вядомы з далёкай старажытнасці (Герадот, Страбон, Пталамей), пазней — у араб. географаў і гісторыкаў, у стараж. летапісах і хроніках Усх. Еўропы. У Расіі геаграфія гістарычная звязана з імем В. М.Тацішчава. У 19 — пач. 20 ст. ў гэтай галіне працавалі М.​П.​Барсаў, Я.​Я.​Замыслоўскі, М.К.Любаўскі (для гісторыі Беларусі) і інш. Пра бел. землі ў сярэдневякоўі пісалі С.​Старавольскі і М.​Цойлер, у эпоху асветніцтва — Т.​Вага і А.​Бюшынг. Спец. працы з сістэматызаваным падыходам да пытанняў геаграфіі гістарычнай ВКЛ і Рэчы Паспалітай стваралі ў 19 ст. М.Балінскі, Я.Тышкевіч, І.Лялевель, З.Глогер. Гэты перыяд завяршыў фундаментальны шматтомны «Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін» (1880—90). У СССР гал. кірункі паліт. геаграфіі распрацоўваў В.К.Яцунскі. Яго ідэі развівалі Л.​Р.​Бяскроўны, Л.​А.​Гольдэнберг, Ф.​А.​Шыбанаў, І.​П.​Шастольскі, В.​С.​Жэкулін. Асобныя моманты геаграфіі гістарычнай Беларусі раскрыты ў працах Я.Ф.Карскага, У.І.Пічэты, У.М.Ігнатоўскага і інш. Бел. вучоныя распрацоўваюць таксама пытанні этнічнай гісторыі насельніцтва Беларусі, гіст.-геагр. метады даследавання ў археалогіі і тапаніміцы (В.​В.​Сядоў, В.​А.​Жучкевіч). Курс геаграфіі гістарычнай выкладаюць на гіст. факультэтах ун-таў і пед. ін-таў; пры аддзеле спец. гіст. навук Ін-та гісторыі АН Беларусі ў 1992 створана група па геаграфіі гістарычнай і картаграфіі.

Літ.:

Яцунский В.К. Историческая география: История ее возникновения и развития в XIV—XVIII вв. М., 1955;

Жучкевич В.А. Дорога и водные пути Белоруссии: Ист.-геогр. очерки. Мн., 1977;

Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. 2 выд. Мн., 1991;

Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991.

Л.​Р.​Казлоў.

т. 5, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)