КАНСТА́НЦА (Constanda),

горад на ПдУ Румыніі, на ўзбярэжжы Чорнага м. Адм. ц. жудзеца Канстанца. 747,4 тыс. ж. (1994). Гал. порт краіны на Чорным м. На паўд. ускраіне К. порт Аджыджа. Міжнар. аэрапорт. Канцавы пункт канала Дунай — Чорнае м. Прам-сць: суднабуд. і суднарамонтная, цэлюлозна-папяровая, мэблевая, тэкст., харчовая. Археал. і маст. музеі. Марскі акварыум. Руіны стараж.-рымскіх пабудоў 2—3 ст., візант. базілік 5—6 ст. Мячэці 18—19 ст. Цэнтр прыморскага курортнага раёна.

На месцы К. ў 6 (паводле інш. звестак у 7) ст. да н.э. стараж. грэкі з Мілета заснавалі калонію Томы, якую ў 29 да н.э. заваявалі рымляне. У 8—17 гадах н.э. тут адбываў ссылку рым. паэт Авідзій. Рым. імператар Канстанцін Вялікі [306—337] перайменаваў Томы ў Канстанцініяну. Пазней належала Візантыі, Балгарыі (з 7 ст.). У 14 ст. порт К. выкарыстоўвалі генуэзскія купцы. У часы гур. панавання (1413—1878) горад заняпаў, рыбацкае пасяленне (Кюстэнджэ). З 1878 у складзе Румыніі.

т. 7, с. 592

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЯ ГІМНА́СТЫКА,

від спорту; спаборніцтвы жанчын у выкананні пад музыку камбінацый розных пластычных і дынамічных гімнастычных і танцавальных практыкаванняў з прадметам (абруч, булава, мяч, скакалка, стужка) і без яго. Праграма міжнар. спаборніцтваў уключае мнагабор’е (1 абавязковае і 3 адвольныя практыкаванні з прадметам) і групавое адвольнае практыкаванне з прадметам. Пераможцы вызначаюцца ў мнагаборстве, у асобных і групавым практыкаваннях. Выступленні ацэньваюцца па 10-бальнай шкале.

Як від спорту М.г. ўзнікла ў СССР у 1940-я г. 1-ы чэмпіянат СССР адбыўся ў 1949. У пач. 1960-х г. прызнана Міжнар. федэрацыяй гімнастыкі. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1964 па няцотных гадах.

На Беларусі 1-ы чэмпіянат адбыўся ў 1951. Сярод бел. гімнастак — чэмпіёнка Алімп. гульняў М.Лобач, пераможцы і прызёры чэмпіянатаў свету і Еўропы ў розныя гады — Г.Крыленка, Л.Лук’яненка, Т.​Агрызка, В.​Ваткіна, В.​Гантар, І.​Лісоўская, В.​Рабіновіч, Ю.​Раскіна і інш. З 1993 на міжнар. спаборніцтвах выступае нац. зборная каманда М.г. У 1994 бел. каманда (Гантар, Лук’яненка, В.​Перапяліца) — чэмпіён клубнага чэмпіянату свету, на чэмпіянаце Еўропы заняла 2-е месца (Агрызка, Гантар, Лук’яненка).

т. 10, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДАГАГІ́ЧНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ,

сярэднія пед. навуч. ўстановы, якія рыхтуюць кадры для ўстаноў Мін-ва адукацыі (школ, дзіцячых садоў, ПТВ). Навучанне вядзецца па спецыяльнасцях: педагогіка і методыка пач. навучання (настаўнікі пач. класаў), педагогіка і псіхалогія дашкольная, музыка і спевы (выхавальнікі дашкольных устаноў), бел. мова і л-ра, замежная мова, працоўнае навучанне, пазашкольная і пазакласная выхаваўчая работа, педагогіка сацыяльная. Засн. ў 1921, да 1937 наз. пед. тэхнікумамі. На Беларусі ў 1921 былі 3 пед. тэхнікумы, у 1930/31 навуч. г. — 18, у 1940/41 навуч. г. — 26 П.в., у 1944/45 і ў 1967—70 навуч. гадах адпаведна 23 і 9. З 1990-х г. некат. П.в. рэарганізаваны ў пед. каледжы. Існуюць таксама індустрыяльна-пед. каледжы, якія разам з прафесіянальнай адукацыяй даюць пед. веды і рыхтуюць майстроў для ПТВ. У П.в. і каледжы прымаюцца асобы з сярэдняй і базавай адукацыяй. Тэрмін навучання адпаведна 3 і 4 гады. У індустрыяльна-пед. каледжы — пасля заканчэння ПТВ (тэрмін навучання 3 гады). У 1999/2000 навуч. г. ў Беларусі 7 П.в. (Ваўкавыскае, Горацкае, Гродзенскае, Лідскае, Лоеўскае, Пінскае, Рагачоўскае), 11 пед. каледжаў (Аршанскі, Баранавіцкі вышэйшы, Барысаўскі, Гомельскі музычна-пед., Магілёўскі, 2 мінскія, Нясвіжскі, Полацкі, Рэчыцкі, Салігорскі), 3 індустрыяльна-пед. каледжы (Віцебскі, Мінскі, Пінскі), у якіх больш за 17 тыс. навучэнцаў.

І.​М.​Раманава.

т. 12, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЬБАВО́ДСТВА,

галіна земляробства па вырошчванні бульбы на харч., тэхн. і кармавыя патрэбы. Сусветная вытв-сць бульбы (штогод каля 300 млн. т) перавышае зборы многіх збожжавых культур (акрамя рысу, пшаніцы, кукурузы). Амаль усе пасевы сканцэнтраваны ва ўмераным кліматычным поясе Паўн. паўшар’я. Найб. плошчы ў Рас. Нечарназем’і, на Пн Кітая, у Польшчы, на Пн Украіны, у ЗША, Індыі, Германіі, Беларусі. Значныя пасевы ў Нідэрландах, Вялікабрытаніі, Францыі, Турцыі, Іспаніі, Румыніі, краінах Прыбалтыкі. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі пераважаюць сарты з жоўтай мякаццю, больш багатыя карацінам, у краінах б. СССР, у т. л. ў Беларусі, — з белай мякаццю, багатыя крухмалам. Па зборы бульбы ў разліку на 1 чал. за год 1-е месца ў свеце займае Беларусь — 1124 кг, потым Польшча — 943 кг, Нідэрланды — 503 кг, па 360—480 кг на 1 чал. атрымліваюць Украіна, краіны Прыбалтыкі. Па ўзроўні спажывання бульбы на душу насельніцтва 1-е месца ў свеце займае таксама Беларусь — 178 кг за год, потым Украіна — 150 кг, Польшча — 148 кг і Расія — 127 кг.

На Беларусі бульбу пачалі вырошчваць у 2-й пал. 18 ст., з сярэдзіны 19 ст. яна стала адной з найважнейшых с.-г. культур. У 1913 пад ёй было 583,3 тыс. га, ураджайнасць 6,4 т/га, валавы збор 4 млн. т. Бульбаводства — адна з найважнейшых галін сельскай гаспадаркі Беларусі, бульба вырошчваецца ва ўсіх раёнах. У 1995 бульба займала 725,2 тыс. га, або 12% усёй пасяўной плошчы. Ураджайнасць клубняў і валавыя зборы (гл. табліцу) вагаюцца па гадах з-за неспрыяльных умоў надвор’я — працяглага засушлівага або дажджлівага перыяду. Найб. канцэнтрацыя пасеваў бульбы на Пд Мінскай, ПнУ Брэсцкай і У Гродзенскай абл., гаспадаркі якіх характарызуюцца найб. спрыяльнымі прыроднымі і эканам. ўмовамі: лепшай забяспечанасцю мат.-тэхн., прац. і трансп. рэсурсамі, мякчэйшым кліматам, перавагай акультураных лёгкасугліністых і супясчаных глебаў, больш прыдатных для вырошчвання бульбы. На Пн рэспублікі бульба займае 4—8% пл. пасеваў з-за перавагі цяжкасугліністых глебаў, перасечанага марэннага рэльефу, драбнаконтурнасці і завалуненасці ўгоддзяў, што не дае магчымасці шырока выкарыстоўваць камбайнавую ўборку. Ураджайнасць бульбы адпавядае канцэнтрацыі пасеваў: вышэйшая на З, ніжэйшая на У.

Парушэнне гасп. сувязей паміж рэспублікамі пасля распаду СССР пагоршыла ўмовы гандлю бульбай і вывазу яе ў інш. раёны Расіі, у Малдову, Закаўказзе, Сярэднюю Азію. Гэта абумовіла скарачэнне пасеваў бульбы і валавых збораў. Калі ў 1980-я г. грамадскі сектар (калгасы, саўгасы, міжгасы) меў пад бульбай такую ж плошчу, як і асабістыя гаспадаркі, то ў 1995 на яго долю прыпадала толькі 15,6% пасеваў. На харч. спажыванне на Беларусі ідзе каля чвэрці ўраджаю, на прамысл. перапрацоўку — каля трэці, астатняя Б. — пераважна на корм жывёле. З бульбы ў рэспубліцы вырабляюць увесь крухмал, патаку, значную частку этылавага спірту, харч. бульбапрадукты, бялкова-вітамінныя кармы. Сучаснае бульбаводства — адна з прыярытэтных галін сельскай гаспадаркі, падмацаваная грунтоўнай навук. базай. Бел. вучонымі выведзена шмат высокаэфектыўных сартоў, у т. л. Беларуская ранняя, Прыгожая 2, Агеньчык, Лошыцкая, Тэмп і інш., раянаваных і за межамі Беларусі, вырашаюцца праблемы паляпшэння якасці клубняў: павышэння іх крухмалістасці, бялковасці і вітаміннасці. Акрэсліваецца больш выразная спецыялізацыя гаспадарак на вырошчванні харч. або тэхн. сартоў бульбы, павялічваюцца плошчы пад скараспелымі і сярэдняспелымі сартамі.

Н.​І.​Жураўская.

Дынаміка сярэднегадавых паказчыкаў развіцця бульбаводства ў Беларусі (усе катэгорыі гаспадарак)
Гады Сярэднегадавая плошча, тыс. га Ураджайнасць, ц/га Валавы збор, тыс. т
1971—75 915,2 142 12 996
1976—80 812,5 159 12 920
1981—85 750,5 154 11 559
1986—90 665,4 157 10 513
1991—95 603,4 131 9460
Да арт. Бульбаводства. Пасадка (уверсе) і ўборка бульбы ў Віцебскай вобласці.

т. 3, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ТАПІСЫ,

гісторыка-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадах; помнікі пісьменнасці ўсх. славян 11—18 ст. Пагадовая форма выкладу гісторыі вядома з часоў антычнасці. У форме Л. складалі свае творы першыя гісторыкі Стараж. Рыма. У сярэднія вякі асн. відамі гіст. запісаў у летапіснай форме былі ў Зах. Еўропе аналы і хронікі. У працэсе станаўлення Л. (хронікі) прайшлі шлях ад лаканічных храналагічных запісаў да разгорнутага каменціраванага апісання гісторыі. Сярэдневяковыя летапісцы апісвалі пераважна вонкавы бок падзей і асвятлялі мінулае з пункту гледжання свецка-рыцарскіх або хрысц.-аскетычных ідэалаў, прама ці ўскосна зыходзячы з царк.-рэліг. канцэпцыі свету. У Зах. Еўропе традыц. летапісанне (хранаграфія) заняпала ў эпоху Адраджэння са з’яўленнем новай свецкай гістарыяграфіі, заснаванай на гуманіст. светапоглядзе і традыцыях ант. гіст. прозы. На Русі Л. пачалі складаць у 11 ст.; гэта было выклікана ідэйна-паліт. задачамі культ.-гіст. развіцця ўсх. славян, бурным ростам іх грамадскай і этн. свядомасці ў перыяд актыўнага гіст. самасцвярджэння. У пач. 12 ст. ў Кіеве створаны агульнарус. летапісны помнік «Аповесць мінулых гадоў». Гэты твор паслужыў стымулам і асновай для зараджэння летапісання ў інш. гарадах і землях ўсх. славян. У 12—14 ст. Л. мелі пераважна мясц. характар. Паўд.-рус. летапісанне гэтага часу прадстаўлена Кіеўскім летапісам і Галіцка-Валынскім летапісам, наўгародскае — Наўгародскім 1-м, уладзіміра-суздальскае — Лаўрэнцьеўскім летапісам і Радзівілаўскім летапісам. У 15 ст. ўзніклі летапісныя зборы Троіцкі летапіс (пач. 15 ст.), Бел.-літ. летапіс 1446, збор 1448 і інш. Найбуйнейшымі цэнтрамі летапісання былі Кіеў, Масква, Ноўгарад, Смаленск, магчыма, Полацк. У 17 — пач. 18 ст. інтэнсіўна развівалася ўкр. летапісанне (гл. Казацкія летапісы). Традыц. летапісанне ў Расіі, на Беларусі і Украіне заняпала ў 18 ст. разам з завяршэннем стараж. эпохі ў гісторыі літаратур усх.-слав. народаў. Складанне Л. было справай палітычнай; летапісцы выражалі інтарэсы і ідэйна-паліт. памкненні пэўнага сац. асяроддзя. Лепшыя стараж.-рус. Л. — цэласныя гіст.-літ. творы, якія вызначаюцца майстэрствам апавядання, шырынёй гіст. погляду, высокай ідэйнасцю і публіцыстычнасцю. Паводле жанравай структуры Л. — гэта зборы, якія аб’ядноўваюць кароткія дзелавыя запісы, дакументы (лісты, прывілеі, граматы), літ. творы, што надае ім выгляд гіст.-літ. кампіляцый. Гіст. падзеі і факты датаваліся ў Л. «ад стварэння свету», з 16 ст. ў бел. Л. датаванне вялося «ад нараджэння Хрыста» (розніца паміж дзвюма датамі складала 5508 гадоў). Навук. даследаванне і выданне Л. пачалося ў 18 ст. Вялікі ўклад у гэтую справу зрабілі А.А.Шахматаў, Дз.С.Ліхачоў, М.М.Улашчык, якія прапанавалі новыя падыходы і метады даследавання. Вядома каля 1,5 тыс. розных летапісных спісаў. Большасць з іх зберагаецца ў архівах і б-ках Масквы і Санкт-Пецярбурга. Самыя выдатныя Л. выдадзены ў Поўным зборы рускіх летапісаў. На Беларусі Л. вядомы з часоў Полацкага княства. Асаблівай папулярнасцю карысталіся «Аповесць мінулых гадоў» і Галіцка-Валынскі летапіс. Апошні паслужыў крыніцай і літ. ўзорам «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хронікі Быхаўца. У 15—17 ст. на Беларусі чыталі, перапісвалі і выкарыстоўвалі пры складанні летапісных збораў і кампіляцый розныя стараж. рус. Л. У 2-й чвэрці 15 ст. маскоўскі Л. Фоція пакладзены ў аснову агульнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446; Аўрамкі летапіс у аснове меў наўгародскае паходжанне. У 16—17 ст. на бел. землях бытаваў ілюстраваны Радзівілаўскі летапіс, пратограф якога паходзіў з Маскоўскай Русі. Літ. традыцыі стараж.-рус. Л. адыгралі вял. ролю ў гісторыі бел. летапісання. Гл. таксама Летапісы беларуска-літоўскія, Летапісы беларускія, Летапісныя аповесці і апавяданні.

Літ.:

Вайнштейн О.Л. Западноевропейская средневековая историография. М.; Л., 1964;

Насонов А.Н. История русского летописания XI — начала XVIII в. М., 1969;

Лурье Я.С. Общерусские летописи XIV—XV вв. Л., 1976.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРА́ЛІЯ (Australia),

Аўстралійскі Саюз (Commonwealth of Australia), дзяржава ў Паўд. паўшар’і. Займае кантынент Аўстралія, в-аў Тасманія і прылеглыя дробныя астравы. Пл. 7,68 млн. км². Нас. 18 млн. чал. (1994). Афіцыйная мова — англійская. Сталіца — г. Канбера. Адміністрацыйна падзяляецца на 6 штатаў (Новы Паўд. Уэльс, Квінсленд, Вікторыя, Паўд. Аўстралія, Зах. Аўстралія, Тасманія) і 2 тэрыторыі (Паўночная і Сталічная). Пад кіраваннем Аўстраліі а-вы Норфалк, Какосавыя, Каляд. Нац. свята — Дзень Аўстраліі (26 студз.).

Дзяржаўны лад. Аўстралія — федэральная дзяржава ў складзе Садружнасці, што ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар, прызначаны па рэкамендацыі аўстрал. ўрада. Вышэйшы заканад. орган — федэральны парламент, які складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Гал. ролю ў ажыццяўленні заканад. функцыі адыгрывае палата прадстаўнікоў са 148 дэпутатаў, выбраных усеагульным тайным галасаваннем тэрмінам на 3 гады. Верхняя палата — сенат з 76 сенатараў (па 12 сенатараў ад штатаў і па 2 сенатары ад тэрыторый), выбіраецца тэрмінам на 6 гадоў (палавіна з іх перавыбіраецца кожныя 3 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Асн. ўрадавыя рашэнні прымае кабінет міністраў, але юрыд. сілу яны набываюць пасля праходжання праз Выканаўчы к-т — фармальны орган, які ўзначальвае ген.-губернатар.

Прырода. Гл. ў арт. Аўстралія і Тасманія.

Насельніцтва. Пераважная большасць — англа-аўстралійцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі і інш. краін Зах. Еўропы. Захоўваюцца некаторыя культ. і рэліг. адрозненні паміж групамі рознага паходжання. Нядаўнія імігранты жывуць пераважна ў буйных гарадах. Карэнныя аўстралійцы і метысы (каля 250 тыс. чал.) жывуць пераважна ў пустынных малаасвоеных раёнах, часткова на ўскраінах гарадоў і ў сельскай мясцовасці. Карэннае насельніцтва Тасманіі цалкам знішчана, захавалася невял. група англа-тасманскіх метысаў. Паводле веравызнання 76% насельніцтва хрысціяне: англікане і католікі (па 26%), прэсвітэрыяне, метадысты і інш.; ёсць невял. групы мусульман, будыстаў і прадстаўнікоў інш. рэлігій. Гар. насельніцтва 85,2% (1990). Самыя вял. гарады (млн. чал., 1993): Сідней (3,7), Мельбурн (3,2), Брысбен (1,4), Перт (1,2), Адэлаіда (1,1). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены ПдУ, У і ПдЗ краіны (каля 90% насельніцтва). Найбольшая шчыльнасць у штаце Вікторыя — 18 чал. на 1 км².

Гісторыя. Продкі карэнных жыхароў Аўстраліі прыйшлі з Паўд. Азіі і засялілі кантынент, верагодна, у перыяд позняга палеаліту. Цяжкія прыродныя ўмовы і аддаленасць ад інш. народаў свету ўскладнілі развіццё аўстрал. плямёнаў. У канцы 18 ст. яны займаліся паляваннем і збіральніцтвам, не ведалі земляробства і жывёлагадоўлі.

Першыя еўрапейцы ступілі на зямлю Аўстраліі ў пач. 17 ст.: галандцы В.​Янсзан (1606) і А.​Тасман (1642). У 17 ст. Аўстралію даследавалі партугальцы, у 18 ст. — англічане (Дж.​Кук). У 1788 сюды прыбыла англ. эскадра (11 суднаў, узначальваў капітан А.​Філіп) з асуджанымі. Яны заснавалі першае паселішча — будучы г. Сідней. З гэтага часу Аўстралія служыла месцам ссылкі асуджаных злачынцаў з Вялікабрытаніі. Пасля адкрыцця ў 1813—15 пераходаў праз Блакітныя горы і хр. Ліверпул да багатых выпасаў прыток еўрапейцаў павялічыўся. З 1830-х г. англ. ўрад перайшоў да т.зв. сістэматычнай каланізацыі. Гаспадаркі, якія гадавалі мерыносавых авечак, паступова аб’ядналіся ў буйныя манаполіі. Адкрыццё запасаў золата (штат Вікторыя) выклікала «залатую ліхаманку» (1851—61) і ўзмацніла прыток імігрантаў з Еўропы. За 10 гадоў насельніцтва павялічылася амаль у 3 разы і дасягнула 1,2 млн. чал., да 1900 — 3,8 млн. Паўстанне ў 1854 на залатых капальнях стала пачаткам аб’яднання рабочых. Да 1870-х г. прафсаюзы Аўстраліі (упершыню ў свеце) дамагліся 8-гадзіннага рабочага дня. У 1891 створана Лейбарысцкая партыя. У канцы 19 ст. англ. ўрад аб’яднаў асобныя калоніі Аўстраліі ў адну дзяржаву і ў 1901 стварыў Аўстралійскі Саюз са статусам дамініёна (6 калоній, у 1906 далучылася Папуа). Пасля 1-й сусв. вайны Аўстралія — малая дзяржава. На Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Аўстралія запатрабавала перадаць ёй усе б. ўладанні Германіі ў Ціхім ак. Паводле Версальскага мірнага дагавору 1919 яна атрымала (1920) ад Лігі нацый мандаты на кіраванне тэр. Новая Гвінея і, сумесна з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй, на в-аў Науру (з 1968 самаст. дзяржава). Паводле Вестмінстэрскага статута 1931 Аўстралія, як і інш. дамініёны, атрымала права на самастойнасць у знешняй і ўнутр. палітыцы, але да 1939 у знешнепаліт. дзейнасці фактычна залежала ад Англіі. У час 2-й сусв. вайны Аўстралія — чл. Антыгітлераўскай кааліцыі. Яе тэр. выкарыстоўвалі ЗША для ваен. аперацый супраць Японіі. Пасля 2-й сусв. вайны ў эканоміку Аўстраліі інтэнсіўна пранікае амер. капітал, і ў знешняй палітыцы Аўстралія пачала арыентавацца на ЗША.

Пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (1983, 1993) лейбарысцкі ўрад Аўстраліі ўзяў курс на развіццё інтэграцыйных працэсаў сярод краін азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёна. Аўстралія — адзін з ініцыятараў Дагавору аб бяз’ядзернай зоне ў паўд. ч. Ціхага ак., займае актыўную пазіцыю па раззбраенні, у т. л. абмежаванні ядз. узбраенняў, забароне ядз. выпрабаванняў, разблакіраванні рэгіянальных канфліктаў, удзельнічае ў міратворчых аперацыях ААН. Аўстралія — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканам. супрацоўніцтва (АЦЭС), Савета па ціхаакіянскім эканам. супрацоўніцтве (СЦЭС), інш. міжнар. дагавораў і пагадненняў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.

Палітычныя партыі і прафсаюзы.

Найб. значныя паліт. партыі: Аўстрал. лейбарысцкая партыя, Ліберальная партыя Аўстраліі, Нац. партыя Аўстраліі (б. Аграрная), Партыя аўстрал. дэмакратаў. Буйнейшае прафс. аб’яднанне — Аўстрал. савет прафсаюзаў.

Гаспадарка. Аўстралія — высокаразвітая індустрыяльна-аграрная дзяржава. У эканоміцы вядучая роля належыць буйным кампаніям, у т. л. кампаніям ЗША, Японіі, Зах. Еўропы. Прамысловасць дае 25% валавога ўнутр. прадукту, у т. л. апрацоўчая 17% (1989). У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча каменнага вугалю і метал. рудаў. Запасы каменнага вугалю 48 млрд. т (раёны Ньюкасла, Порт-Кембла і інш.), бурага 35 млрд. т (штат Вікторыя), нафты 279 млн. т, газу 1,3 трыльёна м³ (на шэльфе і ў нетрах мацерыка), урану 526 тыс. т (Паўн. Аўстралія), жал. руды 15,2 млрд. т (Зах. Аўстралія), баксітаў 4,4 млрд. т (Пн і ПдЗ), медзі 16,8 млн. т, нікелю 2,1 млн. т, свінцу 15,9 млн. т, цынку 26,3 млн. т. Буйнейшыя поліметал. радовішчы Маўнт-Айза (Квінсленд) і Брокен-Хіл (Новы Паўд. Уэльс). Значныя запасы алмазаў (на ПнЗ Аўстраліі), волава, марганцу, вальфраму, золата, рэдказямельных металаў. Здабыча (млн. т): вугалю 210 (1990), нафты 24 (1993), жал. руды 117 (1992), баксітаў 39,3; прыроднага газу 22 млрд. м³ (1992). У значных колькасцях здабываюць алмазы, поліметал. руды, волава, марганец, вальфрам, цырконій, ільменіт, рутыл, фасфатную сыравіну і інш. Устаноўленая магутнасць электрастанцый 34,1 млн. кВт, выпрацоўка 150 млрд. кВтгадз. Адна з вядучых галін — каляровая металургія. Выплаўка (тыс. т, 1990): алюмінію 1268 (з-ды ў Гладстане, Портлендзе, Ньюкасле), медзі 245 (Маўнт-Айза, Таўнсвіл), свінцу 214, цынку 299 (Порт-Піры, Рысдан, Ньюкасл), волава 381, серабра 1,27; золата 242 т. Вытворчасць сталі 6,7 млн. т (камбінат у Порт-Кембла, значныя цэнтры Ньюкасл, Уаяла, Куінана). Машынабудаванне: вытв-сць аўтамабіляў (386 тыс., 1990, гал. цэнтры Адэлаіда і Мельбурн), с.-г. машын (усе штаты). Развіты электратэхн., прыладабуд., суднабуд. прам-сць, нафтаперапрацоўка і нафтахімія. Вытворчасць угнаенняў (тыс. т, 1990): азотных 224 (Порт-Кембла, Брысбен), фосфарных 270 (ва ўсіх штатах); сернай кіслаты, сінт. каўчуку. Цэлюлозна-папяровая прам-сць працуе на мясц. і прывазной сыравіне. Вытв-сць паперы і кардону 2,06 млн. т. Харч. прам-сць: перапрацоўка мяса, малака, цукр. трыснягу (1991; вытв-сць масла 104 тыс. т, сыру 176 тыс. т, цукру 3,6 млн. т), вінаробства і піваварэнне. Тэкст. і швейная прам-сць працуе на ўнутраны рынак. Сельская гаспадарка высокатаварная і механізаваная. Пад пашай і лугамі 55,8% тэрыторыі, пад апрацаванымі землямі 6,2%. Характэрна буйное землеўладанне, сярэднія памеры фермы 2300 га. Вядучая галіна — пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1991; млн. гал.): авечак 162,8 (1-е месца ў свеце), буйн. раг. жывёлы 23,4, свіней 2,5, коней 0,3. Мясная і малочная жывёлагадоўля на ПдУ і ў Тасманіі, мясная ў трапічнай зоне, авечкагадоўля ўздоўж зах. схілаў Усх.-Аўстралійскіх гор і на ПдЗ. Настрыг воўны 1110 тыс. т (1991; каля 30% сусв. вытворчасці; 1-е месца ў свеце). Птушкагадоўля развіта каля вял. гарадоў. Галоўная збожжавая культура — пшаніца (каля 60% пасяўных плошчаў). Зборы вагаюцца па гадах — 15,4 млн. т у 1990, 9,6 млн. т у 1991. Значныя зборы ячменю, аўса, сорга, рысу. У тропіках (на ПнУ) цукр. трыснёг, ананасы, бананы, манга, на Пд і ПдУ — цытрусавыя, персікі, абрыкосы, яблыкі, вінаград. Агародніцтва ў густанаселеных раёнах. Вытв-сць бавоўны 433 тыс. т (1991; Квінсленд, Новы Паўд. Уэльс), тытуню 14 тыс. т. Улоў рыбы 227,3 тыс. т (1991). Транспарт. Даўж. чыгунак 40 тыс. км. Да 80% унутр. грузаў і пасажыраў перавозяць аўтатранспартам. Даўж. аўтадарог каля 900 тыс. км. Экспартныя і імпартныя грузы перавозяць пераважна марскім транспартам замежных краін. Буйнейшыя парты: Дампір, Порт-Хедленд, Сідней, Ньюкасл, Мельбурн, Порт-Кембла, Перт, Брысбен. Асн. аэрапорты каля Сіднея, Мельбурна, Дарвіна. Па сетцы трубаправодаў транспартуюць ваду, нафту, газ. Экспарт склаў (1991—92) 55 млрд. Аўстрал. долараў: мінер. сыравіна і паліва (40%), с.-г. прадукты (30%), вырабы апрацоўчай прам-сці (каля 20%). З пач. 1960-х г. Аўстралія — буйны экспарцёр каменнага вугалю, жал. руды, баксітаў, алмазаў, рэдказямельных металаў. Яна займае 1-е месца ў свеце па экспарце воўны, значны вываз мяса і збожжа. Імпарт склаў (1991—92) 51 млрд. Аўстрал. долараў: машыны, абсталяванне і трансп. сродкі, спажывецкія і хім. тавары, нафта і інш. Гал. гандлёвыя партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Новая Зеландыя.

Гаспадарка Аўстраліі характарызуецца нераўнамернасцю ў размяшчэнні прадукц. сіл. Найб. асвоены ўскраіны кантынента, дзе выпадае дастатковая колькасць ападкаў, што спрыяе вырошчванню с.-г. культур і водазабеспячэнню вял. гарадоў (штаты Вікторыя і Тасманія, усх. часткі Новага Паўд. Уэльса і Квінсленда, невял. раёны вакол Адэлаіды, Перта). На гэтых тэрыторыях, якія займаюць каля 15% пл. краіны, сканцэнтравана больш за 90% насельніцтва, усе вял. і значныя гарады з іх разнастайнай прам-сцю, пасевы ўсіх с.-г. культур, сады і вінаграднікі. Па-за межамі гэтых раёнаў пашырана пашавая жывёлагадоўля, каля радовішчаў карысных выкапняў знаходзіцца некалькі горнапрамысл. цэнтраў. Вял. прасторы ў Цэнтр. Аўстраліі заняты пустынямі і амаль не асвоены. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.

Узброеныя сілы Аўстраліі складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС, ВМС. Агульная колькасць 68,3 тыс. чал. (1991). Сухапутных войскаў 30,3 тыс. чал. (6 вайсковых акруг, 1 пях. дывізія, 20 палкоў); на ўзбраенні каля 690 ракетных снарадаў (процітанкавыя і тыпу «зямля—паветра»), танкі, бронетранспарцёры, артылерыя, самалёты і верталёты, стралк. ўзбраенне і інш. У ВПС 22,3 тыс. чал.; на ўзбраенні баявыя самалёты, самалёты і верталёты дапаможнай авіяцыі. У ВМС 15,7 тыс. чал.; на ўзбраенні падводныя лодкі, баявыя караблі рознага прызначэння, марская авіяцыя. Узбр. сілы камплектуюцца па найме з працягласцю кантракта ад 3 да 6 гадоў з наступным прадаўжэннем на 3 гады. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. і камандна-штабных каледжах, вышэйшых спецыялізаваных афіцэрскіх вучылішчах і лётных школах, радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях. Больш за 30 тыс. чал. рэзерву. Аўстралія — член блока АНЗЮС.

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя дзяржаўная, бясплатная. Існуюць таксама прыватная ўрачэбная практыка і прыватныя клінікі. Узровень нараджальнасці — 15 на 1 тыс. чал. насельніцтва. Дзіцячая смяротнасць — 6,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 75, у жанчын 80 гадоў (1994).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстраліі ўключае дашкольныя ўстановы, абавязковыя 10-гадовыя агульнаадук. школы для дзяцей з 5—6-гадовага ўзросту, поўныя сярэднія школы (2 гады навучання), прафес. навуч. ўстановы, ВНУ. Існуюць дзярж. і недзярж. навуч. ўстановы. З-за нізкай шчыльнасці насельніцтва ў Аўстраліі існуюць і аднакамплектныя школы (у асноўным пачатковыя). Развіта сістэма завочнага навучання (з 1914), навучання па радыё, з 1958 — з выкарыстаннем тэлебачання. У дашкольных дзіцячых установах у 1985 налічвалася каля 162 тыс. дзяцей. У 1989 агульная колькасць школ складала больш За 10 тыс., у т. л. каля 7,6 тыс. дзяржаўных; у сістэме прафес.-тэхн. адукацыі (каледжы, школы, навуч. цэнтры, курсы з 2—3-гадовым навучаннем) — больш за 937 тыс. чал. У 89 ВНУ Аўстраліі (19 ун-таў, 46 каледжаў павышанага ўзроўню, 16 каледжаў тэхн. і далейшага навучання) навучалася каля 394 тыс. студэнтаў, у т. л. каля 2 тыс. абарыгенаў. Буйнейшыя ун-ты: Сіднейскі (з 1850), Мельбурнскі (з 1853), ун-ты ў Перце (з 1811), Адэлаідзе (з 1874), Тасманіі (з 1890), Клінслендзе (з 1910). Б-кі: публічная ў Мельбурне (з 1853), нац. ў Канберы (з 1902) і інш. Музеі: Нац. галерэі ў Сіднеі і Мельбурне. Аўстрал. музей прыкладных мастацтваў у Сіднеі, бат. музей і гербарый у Брысбене і інш. Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстралійскай АН, ва ун-тах, НДІ, лабараторыях.

Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстраліі больш за 3 тыс. перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты «Sun News-Pictorial» («Дзённыя ілюстраваныя навіны», з 1922) і «The Sydney Morning Herald» («Ранішні веснік Сіднея», з 1831). Агенцтва друку Астрэліян Асашыэйтэд Прэс (ААП, з 1935). Радыё дзейнічае з 1923, тэлебачанне з 1956. Сістэма грамадскага радыё і тэлебачання прадстаўлена карпарацыяй Астрэліян бродкастынг карпарэйшэн (АБС, фінансуе дзяржава), якая трансліруе 1 агульнанац. тэлепраграму (з 1974 у колеры), 4 агульнанац. радыёпраграмы, праграмы для моладзі і замежжа. У камерцыйным сектары дзейнічае каля 50 тэле- і каля 140 радыёстанцый. Існуюць таксама сістэмы тэле- і відэатэксту, функцыянуе сістэма спадарожнікавай тэлекамунікацыі АУССАТ (3 спадарожнікі). Аўстралія належыць да ІНТЭЛЬСАТ.

Літаратура. Да пач. 19 ст. развівалася на мовах і дыялектах плямёнаў аўстрал. абарыгенаў, потым — на англ. мове. Л-ра дакаланіяльнага перыяду прадстаўлена рытуальнымі песнямі, магічнымі рытмізаванымі тэкстамі (замовы, заклікі да татэмаў і інш.), казкамі, легендамі, міфамі, зафіксаванымі ў запісах 19—20 ст. Найб. цікавыя сярод іх — міфы: татэмныя («Людзі-каты», «Людзі-сабакі», «Людзі-сокалы» і інш.), пра культурных герояў («Катукан-кара», «Мура-мура» і інш.), касмаганічныя («Кунапіп», «Нурундэрэ», «Джункгова», «Змей-вясёлка» і інш.). Л-ра каланіяльнага перыяду (да канца 19 ст.) развівалася як частка англ. л-ры. Доўгі час пануючым літ. кірункам быў рамантызм, прадстаўнікі якога (Ч.​Харпур, Г.​Кендал, А.​Л.​Гордан) распрацоўвалі паэт. жанры. Значная з’ява ў прозе — раман М.​Э.​Кларка «Пажыццёвае зняволенне» (1870—72). У паслякаланіяльны перыяд л-ра набывае выразна нац. характар. Адбываецца станаўленне і развіццё рэалізму (проза і драматургія — Т.​Колінз, М.​С.​Франклін, К.​С.​Прычард, В.​Э.​Палмер, Б.​К.​Пентан, Ф.​Харды, Э.​Д.​К’юзек, А.​Маршал, М.​Брэнд, Р.​Лоўлер і інш.; паэзія — Б.​О’Даўд, М.​Гілмар, «універсітэцкія паэты» Дж.​А.​Райт, Д.​А.​Сцюарт, «хрысціяналірык» Дж.​Маколей і інш.) і мадэрнізму (паэзія — К.​Брэнан, «рэлігійны неарамантык» Дж.​Шоу Нілсан, члены аб’яднання «Джындыуорабак клаб» І.​М’юды, Р.​Робінсан і інш.; проза і драматургія — П.​Уайт і інш.). У 1960—70-я г. ўзнікла англамоўная л-ра абарыгенаў (паэты К.​Уокер, Дж.​Дэйвіс, празаік К.​Джонсан і інш.).

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У разьбе, гравіроўцы і размалёўках аўстралійцы-абарыгены спалучалі выявы з умоўнымі магічнымі сімваламі і геам. арнаментам. У асобных раёнах захаваліся пячорныя (плато Кімберлі) і наскальныя (п-аў Арнем-Ленд) размалёўкі (выявы людзей і жывёл у т.зв. «рэнтгенаўскім стылі» — з іх унутр. органамі), скульптура. З 18 і асабліва з сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мураванымі дамамі ў духу англ. класіцызму і неаготыкі (арх. Ф.​Х.​Грынуэй і інш.), невял. «каланіяльнымі» дамамі. У 1913—27 па адзіным плане (амер. арх. У.​Б.​Грыфін) забудавана сталіца Канбера. Прынцыпы сучаснага дойлідства пашыраны з 1950-х г. (арх. Г.​Зайдлер і інш.). З пабудоў вылучаюцца крыты плавальны басейн Алімпійскага стадыёна ў Мельбурне (1956), оперны тэатр у Сіднеі (1966, арх. І.​Утзан). У выяўл. мастацтве канца 18 — пач. 19 ст. пашыраны «тапаграфічныя» замалёўкі мясц. прыроды. У 19 ст. рамантычныя акварэльныя пейзажы пісаў К.​Мартэнс, лірычныя пейзажы — А.​Л.​Бювелат, жанравыя і сатыр. — С.​Т.​Гіл. На рубяжы 19—20 ст. разам з акадэмізмам (Дж.​У.​Ламберт) і салонным мастацтвам развівалася нац. школа рэаліст. мастацтва (Т.​У.​Робертс, А.​Стрытан, Ф.​Мак-Кабін), пашырыўся імпрэсіянізм (Ч.​Кондэр); з 1930-х г. — кубізм, сюррэалізм. На сучасным этапе ў Аўстраліі рэаліст. мастацтва жывапісу і графікі (У.​Добела, Дж.​Р.​Драйсдэйла, Н.​Куніхана, скульптара Л.​Дадсуэла) суіснуе з мадэрнісцкімі плынямі. З 1940-х г. развіваецца мастацтва абарыгенаў: у Хермансбергу сем’ямі А.​Наматжыра і Парэрулцыя створана школа акварэльнага пейзажа.

Музыка Аўстраліі ўключае элементы муз. культуры абарыгенаў, англа-аўстралійцаў і эмігрантаў брытанскага паходжання.

Найб. архаічнымі з’явамі муз. культуры абарыгенаў з’яўляюцца каробары — абрадавыя сінкрэтычныя дзействы з элементамі спеваў і танцаў, іх абрадавыя, бытавыя і эпічныя песні. Сярод муз. інструментаў «магічныя» чурынгі (драўляныя або каменныя гудзелкі) і пустое бервяно убар, па якім стукалі палкамі, бумерангі, папуаскія барабаны, з духавых — дыджэрыду (труба са згорнутай кары ці з бамбуку), насавая флейта і інш. З 1830-х г. актывізуецца канцэртнае жыццё, створаны Сіднейскае (1833) і Аўстралійскае (1844) філарманічныя т-вы. У канцы 19 ст. ўзніклі тэатр. манаполіі, оперныя кампаніі, на пач. 20 ст. — аўстралійскі балет. Фарміруецца нац. кампазітарская школа (заснавальнікі А.​Хіл, Э.​Хатчэсан, Э.​Трумэн і інш). Уклад у развіццё муз. культуры Аўстраліі зрабіў кампазітар, піяніст і фалькларыст П.​Грэйнджэр. Муз. традыцыі абарыгенаў выкарыстоўвалі Дж.​Антыл (балет «Каробары», 1946), К.​Дуглас, Э.​Л.​Бейнтан. Сярод сучасных кампазітараў Ф.​Вердэр, М.​Уільямсан, Р.​Міл, Л.​Сіцкі, А.​Бенджамін, Р.​Эдвардс, Д.​Уільямс, А.​Болт, М.​Уэслі-Сміт; дырыжораў — Б.​Хейнцэ, піяністаў — Э.​Хатчэсан, Р.​Вудвард; спевакоў — Дж.​Сазерленд, з абарыгенаў — Х.​Блэер. У Аўстраліі працуюць (1986): Т-р оперы і балета ў Сіднеі, Нац. мемар. т-р у Мельбурне; 10 сімф. аркестраў (у т. л. Сіднейскі), камерныя аркестры, хары, інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (з 1935), Аўстралійскі муз. цэнтр (з 1976); кансерваторыі ў Сіднеі, Брысбене, Канберы, Хобарце, Мельбурне і інш.

Тэатр. Першыя тэатр. відовішчы каланістаў і катаржан адносяцца да 1780-х г. У 1830—40-я г. ў Сіднеі, Хобарце, Адэлаідзе, Мельбурне пачалі стварацца пастаянныя т-ры. У 2-й пал. 19 ст. яны аб’ядналіся ў трэсты, якія ўзначальвалі тэатр. дзеячы Дж.​С.​Копін, Д.​Бусіка (малодшы) і інш. Рэпертуар складаўся з п’ес еўрап. і амер. класікі, аўстрал. аўтараў. У 1910—30-я г. актывізавалася дзейнасць літ.-тэатр. аб’яднанняў, якія ставілі п’есы нац. і еўрап. аўтараў, што спрыяла фарміраванню нац. т-ра. Шматлікія аматарскія калектывы ў 1936 аб’ядналіся ў «Лігу новага т-ра». У 1954 створаны «Аўстрал. елізавецінскі тэатральны трэст», які меў на мэце развіццё прафес. аўстрал. тэатра, у т. л. балетнага і опернага. Большасць т-раў у Аўстраліі — камерцыйныя. З 1960-х г. ствараюцца эксперым. калектывы т.зв. альтэрнатыўнага тэатра; арганізоўваюцца невял. тэатры ў кафэ, стайнях, старых складах. Працуюць рэжысёры Д.​Хіберт, Дж.​К.​Уільямсан, А.​Бура, Б.​Хемфрыс і інш. Гал. тэатр. цэнтры — Сідней, Мельбурн, Брысбен, Канбера, Хобарт, Перт. У Адэлаідзе з 1973 адбываюцца міжнар. тэатр. фестывалі. Тэатр. дзеячаў рыхтуе нац. ін-т драм. мастацтваў (Мельбурн).

Кіно. Вытворчасць ігравых фільмаў у Аўстраліі пачалася ў 1900. Першы гукавы фільм «Са свету ценяў» (рэж. А.​Р.​Харвуд) зняты ў 1930. Дакумент. кінематаграфія развіваецца з 1930-х г.; у 1937 заснаваны Аўстрал. нац. савет па кіно, у 1970 — Аўстрал. карпарацыя па развіцці кіно (з 1975 Аўстрал. кінематаграфічная камісія). Пастаноўкі фільмаў фінансуюць прыватныя і замежныя фірмы ў супрацоўніцтве з дзярж. цэнтрамі. Найбольшыя кінематаграфічныя арг-цыі: Аўстрал. ін-т, Аўстрал. школа кіно і тэлебачання, Нац. кінабібліятэка. Вядомыя кінарэжысёры: Б.​Борэсфард, Т.​Берстэл, К.​Хенем, М.​Тэрнхал, П.​Бенет, акцёры С.​Таўл, Х.​Гібсан, Л.​Хант і інш.

Беларусы ў Аўстраліі. Пасля 2-й сусв. вайны Аўстралія стала новым цэнтрам пасялення бел. эмігрантаў. Тут пражывае 9—10 тыс. беларусаў. Найб. іх канцэнтрацыя ў штатах Вікторыя (г. Мельбурн), Новы Паўд. Уэльс (Сідней), Зах. Аўстралія (Перт), Паўд. Аўстралія (Адэлаіда). Больш як 10 бел. нац. арг-цый ажыццяўляюць культ.-асв. і грамадска-арганізац. дзейнасць, рэпрэзентуюць Беларусь у замежжы. Найб. значныя з іх — Бел. цэнтр. к-т у Вікторыі, Бел. аб’яднанне Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел. культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе; тут размешчана і Беларуская цэнтральная рада. Правасл. бел. прыходы ў Адэлаідзе, Мельбурне, Перце і інш. Дзейнасць бел. арг-цыі каардынуе Федэральная рада бел. арг-цый у Аўстраліі. Праз свае арг-цыі беларусы ўдзельнічаюць у рабоце міжнар. і агульнааўстрал. арг-цый: Асацыяцыі па справах Аб’яднаных Нацый, Сусв. антыкамуніст. лігі, К-та Тыдня заняволеных народаў, Аўстралійскай нац. этнічнай рады і інш. З 1976 штогод, потым кожныя 2 гады праходзяць сустрэчы беларусаў Аўстраліі Бел. эміграцыя ўдзельнічае ў бел. і агульнааўстрал. святах, фестывалях, выстаўках, культ. праграмах. У Мельбурне і Адэлаідзе існуюць бел. хары і танц. гурткі. З 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цый у Аўстраліі дзейнічае к-т дапамогі ахвярам Чарнобыля. Рэгулярныя бел. радыёперадачы арганізаваны ў Сіднеі, Перце і інш. З 1950-х г. выходзілі час. «Новае жыццё», «Наша царква», «Праваслаўным шляхам», «Лучнік».

Літ.:

Петриковская А.С. Государство и развитие национальной культуры в Австралии (1945—1980) // Австралия и Океания в современном мире: Сб. статей. М., 1982;

Австралийская литература: Сб. статей. М., 1978;

McConnel U. Myths of the Munkan. Melbourne, 1957;

Strehlow T.G.A. Aranda traditions. Ch. 1. Melbourne, 1947;

Small A. Art and artists of Australia. Melbourne, 1981;

Hughes R. The art of Australia. Ringwood, 1981.

М.​С.​Вайтовіч (гаспадарка), В.​В.​Халіпаў (літаратура), А.​М.​Гарахавік (музыка), А.​С.​Ляднёва (беларусы ў Аўстраліі).

Герб і сцяг Аўстраліі.
Аўстралія. Нацыянальны парк Улуру.
Да арт. Аўстралія. Астанцовыя горы ў Цэнтральнай Аўстраліі.
Аўстралія. Даліна Бараса.
Да арт. Аўстралія. Жалезаруднае радовішча Маўнт-Ньюмен у Заходняй Аўстраліі.
Да арт. Аўстралія. Від на цэнтр Мельбурна з боку р. Яра.
Да арт. Аўстралія. Дзелавая частка Сіднея і гавань.
Да арт. Аўстралія. Грамадзянскі цэнтр у Канберы.
Да арт. Аўстралія. Горад Брысбен.
Да арт. Аўстралія. Будынак парламента штата Вікторыя ў Мельбурне.
Да арт. Аўстралія. Сідней у сярэдзіне 19 ст.
Да арт. Аўстралія. Наскальны жывапіс абарыгенаў (злева), малюнкі абарыгенаў на кары.

т. 2, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)