зоркі, свяцільнасць якіх раптоўна павялічваецца ў 103—106 разоў, а потым павольна памяншаецца да зыходнага значэння. Максімум свяцільнасці зоркі дасягаецца за некалькі сутак, спад доўжыцца гадамі. Нават вельмі слабая зорка (гл.Зорная велічыня) у выніку ўспышкі можа стаць бачнай простым вокам (адсюль назва). Н.з. ўваходзяць у склад цесных падвойных зорак.
Пры ўспышцы Н.з. адбываецца раптоўны выбух, выкліканы яе няўстойлівасцю, якая можа быць абумоўлена ўнутр. працэсамі, што ідуць з вылучэннем энергіі, уздзеяннем знешніх фактараў, абменам рэчыва паміж кампанентамі падвойных зорак. Выбух Н.з. закранае толькі прыпаверхневыя слаі і не мяняе яе агульнай структуры. Пры выбуху адбываецца выкід рэчыва — знешняй абалонкі масай каля 10−4 масы Сонца, якая расшыраецца са скорасцю да 2000 км/с і ўтварае туманнасць. Газавыя туманнасці, што расшыраюцца, выяўлены амаль ва ўсіх блізкіх Н.з. Пасля ўспышкі Н.з. становяцца гарачымі карлікамі. Успышкі Н.з. могуць паўтарацца прыкладна праз 20—100 гадоў (паўторныя Н.з.), пры гэтым нарастанне свяцільнасці меншае, чым папярэдні раз. Вядома больш за 300 Н.з., у т. л. звыш 150 у нашай Галактыцы і больш за 100 у туманнасці Андрамеды.
Літ.:
Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЙНЕ́КА (Леанід Мартынавіч) (н. 28.1.1940, в. Змітраўка 2-я Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1967). Працаваў на будоўлях, на Ніжнетагільскім металургічным камбінаце, на Віцебскай студыі тэлебачання, Бел. тэлебачанні. У 1972—89 адказны сакратар час. «Маладосць». З 1989 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1961. Аўтар зб-каў вершаў, у якіх услаўленне роднай зямлі і чалавека працы, роздум над гадамі вайны, маленства, жыццём вёскі («Галасы», 1969, «Бераг чакання», 1972, «Мая вясна саракавая», 1979, «Вечнае імгненне», 1985), зб. апавяданняў «Бацькава крыніца» (1976). Раманная дылогія «Людзі і маланкі» (1977) і «Запомнім сябе маладымі» (1979) раскрывае складаныя падзеі рэвалюцыі, грамадз. вайны, барацьбы з акупантамі, станаўлення бел. дзяржаўнасці ў 1917—19. Тэму горада асэнсоўвае ў рамане «Футбол на замініраваным полі» (1987).
Барацьбу народа з крыжакамі ў 12 ст. паказаў у гіст. рамане «Меч князя Вячкі» (1987, Літ. прэмія СП Беларусі імя І.Мележа 1987). Славуты полацкі князь Усяслаў Чарадзей — герой гіст. рамана «След ваўкалака» (1988, разам з папярэднім раманам Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1990). Ранні этап станаўлення стараж.бел.-літ. дзяржавы — ВКЛ — адлюстраваў у гіст. рамане «Жалезныя жалуды» (1990). Аўтар фантаст. рамана «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» (1992). Некат. вершы Д. пакладзены на музыку.
Тв.:
Начныя тэлеграмы: Вершы і паэмы. Мн., 1974;
Сняжынкі над агнём: Вершы і паэмы. Мн., 1989.
Літ.:
Гілевіч Н. На свабодным дыханні // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯНДА́Р (лац. calendarium літар. пазыковая кніжка; у Стараж. Рыме даўжнік плаціў працэнты ў першы дзень кожнага месяца, г. зн. у календы) астранамічны, сістэма злічэння вял. прамежкаў часу, заснаваная на перыядычнасці бачных рухаў нябесных цел. Адрозніваюць К.: сонечны (у аснове гадавы рух Сонца па экліптыцы), месяцавы (на аснове руху Месяца вакол Зямлі), месяцава-сонечны.
Пры пабудове К. узнікае праблема спалучэння сонечнага (трапічнага) года, роўнага 365,2422 сярэдніх сонечных сут, і сінадычных месяцаў, працягласцю 29,5306 сут кожны. Адным з першых сонечных К. быў стараж.-егіпецкі (4 ст. да н.э.): працягласць года ў ім была роўная 365 сут (12 месяцаў па 30 сут, апошнія 5 сут не нумараваліся і былі святочнымі). Сучаснае летазлічэнне развілося з стараж.-рым. сонечнага К., уведзенага ў 46 да н.э. Юліем Цэзарам і названага юліянскім К. (ці старым стылем). Тры гады запар у гэтым К. мелі па 365, а 4-ы, высакосны — 366 сут; сярэдняя працягласць года 365,25 сут, што на 11 мін 14 с больш за трапічны год. З-за гэтай недакладнасці кожныя 128 гадоў юліянскі К. адставаў на 1 сут. Гэту памылку на 10 сут выправілі ў 1582 пры папе рымскім Грыгорыю XIII увядзеннем новага К., які назвалі грыгарыянскім (ці новым стылем). У ім выкарыстоўваецца больш дакладнае значэнне сапраўднага трапічнага года. На практыцы год, нумар якога канчаецца на 2 нулі і не дзеліцца без астачы на 400, не лічыцца высакосным. Невялікая недакладнасць паміж грыгарыянскім і трапічным гадамі дае розніцу ў 1 дзень за 3300 гадоў. Каталіцкія краіны перайшлі на грыгарыянскі К. у 16 ст., Скандынавія і Вялікабрытанія — у 18 ст., правасл. краіны Грэцыя, Балгарыя, Румынія, Сербія — у пач. 20 ст., Расія — 31.1.1918 (наступны дзень ужо быў 14 лютага). У месяцавым К. працягласць месяца (сінадычнага, роўнага 29,5306 сут) звязваецца са зменаю фаз Месяца. Прыклад такога К. — мусульманскі К., якім карыстаюцца некаторыя народы Азіі і Афрыкі. У гэтым К. год падзяляецца на 12 месяцаў па 30 і 29 сут папераменна; працягласць года (354 сут) меншая за сонечны, таму пачатак года ўвесь час зрушваецца. У камбінаваным месяцава-сонечным К. змена фаз Месяца ўзгадняецца з гадавым рухам Сонца. Прыклад такога К. — сучасны яўрэйскі К.: 19 сонечных гадоў складаюць 235 сінадычных месяцаў (па 29—30 дзён), 1 раз у некалькі гадоў уводзіцца 13-ы месяц. Пачатак года прыпадае на розныя дні, але заўсёды ўвосень. Кожны месяц пачынаецца з маладзіка, дзень — з заходам Сонца.
Літ.:
Климишин И.А. Календарь и хронология. 3 изд. М., 1990.