мінерал групы палявых шпатаў, Са[Al2Si2O8], крайні член ізаморфнага рада плагіяклазаў. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Крышталі сустракаюцца рэдка; звычайна зерні і зярністыя агрэгаты. Колер белы, шэры, зеленаваты. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 6—6,5; крохкі. Шчыльн. каля 2,8 г/см³. Пераважна магматычнага паходжання. Анартыт — пародаўтваральны мінерал горных парод асн. саставу (габра, базальты і інш.), якія трапляюцца на Беларусі ў адкладах дакембрыю. Знойдзены ў некаторых метэарытах. Выкарыстоўваецца ў керамічнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎГІ́Т (ад грэч. augē бляск),
мінерал падкласа ланцужковых сілікатаў, самы пашыраны з групы піраксенаў (Ca, Na) (Mg, Fe2+, Fe3+, Al, Li) [(Si, Al)2O6]. Састаў вельмі зменлівы. Звычайна з прымесямі хрому, марганцу і інш.
Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі кароткапрызматычныя, характэрны двайнікі, агрэгаты пласціністыя, зярністыя. Колер цёмна-зялёны да чорнага. Паўпразрысты. Бляск шкляны. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,2—3,6 г/см³. Вельмі пашыраны пародаўтваральны мінерал, пераважна ў магматычных асноўных (габра, базальты) і ультраасноўных (пірыты, перыдатыты) вывергнутых пародах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯ́НСКАЯ КАРА́,
зямная кара пад акіянам. У адрозненне ад кантынентальнай мае невял. магутнасць (5—8 км) і пазбаўлена гранітна-гнейсавага слоя. Паводле скорасці праходжання сейсмічных хваляў у акіянскай кары вылучаюць 3 слаі: верхні, асадкавы (магутнасць 0,3—0,7 км), сярэдні, з базальтавай лавы з тонкімі праслоямі шчыльных асадкаў (каля 0,8 км), і ніжні, акіянскі (4,1—5,8 км), які, верагодна, складаецца з габра, перыдатытаў і піраксенітаў. Акіянская кара ўтвараецца ў зонах спрэдзінгу сярэдзінна-акіянскіх хрыбтоў і характарызуецца чаргаваннем палос з рознымі палеамагнітнымі ўласцівасцямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛІЦО́ВАЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
разнавіднасць аддзелачных матэрыялаў. Адрозніваюць абліцовачныя матэрыялы прыродныя і штучныя, для ўнутраных і вонкавых абліцовачных работ. Да прыродных належаць пліты і камяні з граніту, габра, лабрадарыту, вапняку, мармуру, туфу, пясчаніку і інш. горных парод. Штучныя абліцовачныя матэрыялы — керамічныя пліткі і камяні, вонкавая цэгла, вырабы са шкла (лісты, шклаблокі, дыванова-мазаічныя пліткі, панэлі са шклопрафіліту, пліты з сіталаў, шклосіталаў), мармуру штучнага, драўнінна-валакністыя і драўнінна-стружкавыя пліты. Выкарыстоўваюць лісты з азбестацэменту, шклапластыкаў, дэкар. фанеры, рулонныя, ліставыя і плітачныя палімерныя матэрыялы, дэкар.-акустычныя пліты. Фасады будынкаў абліцоўваюць таксама прафіляванымі вырабамі з алюмінію, сталі і дэкар. бетону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУАЗІ́Т (ад прозвішча бельг. геолага Ж.Амаліуса д’Алуа),
гліністы мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідраксілалюмасілікат Al4[Si4O10](OH8)·4H2O. Прымесі Fe3+, Cr3+. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі ультрамікраскапічныя, трубчастыя. Характэрныя воскападобныя і фарфорападобныя агрэгаты. Колер белы, шэры, зеленаваты. Бляск жамчужны ці васковы да матавага. Цв. 1—2,5. Шчыльн. 2—2,6 г/см³. У вадзе размакае, утварае суспензію, пластычную масу. Утвараецца ў экзагенных умовах пры выветрыванні алюмасілікатных парод (габра, дыябазаў, сіенітаў і інш.). Састаўная частка некат. глін. Сыравіна керамічнай прам-сці; выкарыстоўваецца таксама для вытв-сці каталізатараў і напаўняльнікаў. На Беларусі трапляецца ў каалінітавых, латэрытных і інш. корах выветрывання крышт. фундамента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗА САМАРО́ДНАЕ,
мінерал класа самародных элементаў, Fe. Адрозніваюць Ж.с. зямное (тэлурычнае) і касмагеннае (метэарытнае), што трапляе на Зямлю ў выглядзе метэарытаў. Тэлурычнае, або ферыт, мае нікелю да 3%, аваруіт, або нікель-жалеза, — ад 30 да 80%, метэарытнае — камасіт — каля 6,4%. Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Крышталі рэдкія, звычайна дэндрыты, зерні, суцэльныя масы. Колер і бляск як у метал. жалеза. Цв. 4—5. Шчыльн. 7—7,8 г/см³. Коўкае. Ферамагнетык. Рэдкі мінерал, звязаны ў асноўным з базальтамі, утвараецца таксама ў сідэрытавых намнажэннях, каменных вуглях і ў балотных жал. рудах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРАДО́Р (назва ад п-ва Лабрадор у Канадзе),
мінерал класа сілікатаў, падгрупы плагіяклазаў, алюмасілікат кальцыю і натрыю, (Ca, Na)[(Al, Si)AlSi2O8]. Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. Зярністыя агрэгаты або правільныя пласціністыя крышталі, часта з падвоенымі зросткамі. Колер шэрых адценняў да чорнага, часам бясколерны. Характэрна ірызацыя ў ярка-блакітных, чырвона-карычневых, жоўтых, зялёных колерах. Бляск шкляны да перламутравага. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 6—6,5. Шчыльн. 2,7 г/см³. Паходжанне магматычнае. Пародаўтваральны мінерал, амаль поўнасцю складае лабрадарыт. На Беларусі трапляецца ў крышт. фундаменце ў складзе габра, дыябазаў, базальтаў валынскай серыі верхняга дакембрыю (Брэсцкая ўпадзіна). Выкарыстоўваецца як дэкар.-абліцовачны матэрыял, ірызуючыя «вочкі» — ювелірны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ЎНЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,
магматычныя горныя пароды, адносна бедныя крэменязёмам (44—53% SiO2) і багатыя магніем і кальцыем. Важнейшыя мінералы асноўных горных парод — асноўныя плагіяклазы (лабрадор, бітаўніт, анартыт), піраксены, алівін. Могуць быць інтрузіўныя (габра, нарыты, анартазіты і інш.) і эфузіўныя (базальты і інш.). Пашыраны найб. у літасферы Зямлі, Месяца, Венеры, Марса. Пераважаюць у акіянскай кары Зямлі, на кантынентах больш чым у 5 разоў перавышаюць па аб’ёме іншыя вылітыя магматычныя горныя пароды. Пашыраны ва ўсіх складкавых паясах (Урал, Каўказ і інш.) і кратонах (Еўрапейская, Сібірская і інш. платформы). З кожнай серыяй асноўных горных парод звязаны спецыфічныя карысныя выкапні (руды медзі, нікелю, плаціны, рэдкіх элементаў і гэтак далей). Выкарыстоўваюцца ў многіх галінах буд. індустрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗА́ЛЬТ (лац. basaltes ад грэч. basanos пробны камень),
кайнатыпная асноўная горная парода, эфузіўны аналаг габра. Складаецца пераважна з плагіяклазу, манакліннага піраксену, алівіну, вулканічнага шкла і акцэсорных мінералаў — магнетыту, ільменіту, апатыту і інш. Цёмнага колеру, звычайна няпоўнакрышт., часта парфіравай структуры. Поўнакрышт. базальты — далерыты, са шклістай структурай — гіялабазальты і тахіліты. Трываласць на сцісканне да 400 МПа, шчыльн. 2520—2970 кг/м³, т-ра плаўлення 1100—1250 °C. Базальты займаюць агромністыя плошчы дна акіянаў і велізарныя (тыс.км²) тэрыторыі мацерыкоў (трапы), утвараюць лавы многіх вулканаў. На Беларусі ёсць на ПдЗ у адкладах валынскай серыі верхняга дакембрыю (у Брэсцкай упадзіне). Выкарыстоўваецца ў каменналіцейнай прам-сці; каштоўны буд., абліцовачны, эл.-ізаляцыйны і кіслотатрывалы матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБРАДО́Р (Labrador ад партуг. lavrador земляроб),
паўвостраў на ПнУПаўн. Амерыкі, у Канадзе. Пл. больш за 1,6 млн.км². Абмываецца водамі мора Лабрадор, зал. Св. Лаўрэнція, Гудзонава прал. і Гудзонава зал. Берагі на У высокія, фіёрдавыя, на Пд прамалінейныя, на Пн і 3 нізкія, месцамі шхерныя. Паверхня пераважна ўзгорыстая (Лаўрэнційскае ўзв.); на ПнУ — горы Торнгат (выш. да 1676 м), цэнтр. ч — Азёрнае плато выш. 500—800 м. У геал. адносінах Л. — частка Канадскага шчыта. Складзены з дакембрыйскіх парод (граніты, гнейсы, габра). З Пн на Пд цягнецца адна з найб. у свеце руданосных зон (гл.Лабрадора жалезарудны пояс). Клімат субарктычны і ўмераны, пад моцным уплывам Паўн. Ледавітага ак. і халоднага Лабрадорскага цячэння. Сярэдняя т-растудз. на Пд -12 °C, на Пн -28 °C; ліп. адпаведна 18 і 7 °C. Ападкаў ад 250 мм на Пн да 1200 мм за год на Пд. На б.ч. паўвострава шматгадовая мерзлата. Рэкі парожыстыя, шмат азёр і балот. Лесатундра і рэдкастойныя хвойныя лясы. Населена ў асн. узбярэжжа. Пушны (куніца, ліс, рысь, андатра) і рыбны промысел. Здабыча жал. руды. Гарады: Сет-Іль, Шэфервіл, Кууджуак, Лабрадор-Сіці.