помнік архітэктуры сталага барока. Пабудаваны ў г. Клецк Мінскай вобл. па фундацыі С.К.Радзівіла, Е.Булгака і А.Сангушкі. Касцёл Звеставання Маці Божай узведзены ў 1683. Будынак цагляны. Неф (у плане выцягнуты прамавугольнік) і алтарная апсіда з паўцыркульным завяршэннем накрыты высокім агульным дахам. З Пн невял. сакрысція. Гал. фасад вырашаны як аб’ёмная 2-вежавая пласціна і падзелены карнізам на 2 роўныя па вышыні часткі. Масіўныя чацверыковыя вежы спачатку завяршаліся пакатымі, потым высокімі 4-схільнымі шатрамі (вярхі разбураны), тарэц даху закрываўся трохвугольным франтонам, па вышыні амаль роўным з вежамі. Фасады рытмічна расчлянёны шырокімі пілястрамі, пластыка гал. фасада ўзбагачана нішамі, франтончыкамі, скульптурай і лепкай. Значна пашкоджаны перабудовамі. Пераабсталяваны пад правасл. царкву. 2-павярховы будынак кляштара ўзведзены ў 1784—1810. У 1832 кляштар зачынены.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́СНІЦТВА,
сістэма размеркавання службовых пасад («месцаў», адсюль назва) у Рас. дзяржаве з 14—15 ст. пры назначэнні на ваен., адм. і прыдворную службу з улікам паходжання, службовага становішча продкаў чалавека і яго асабістых заслуг. Перавага аддавалася прадстаўнікам больш старадаўніх і засл. родаў. Складаныя адносіны ўнутры знатных родаў і недакладнасць генеалагічных звестак выклікалі спрэчкі, якія вырашалі цар і баярская дума. У сярэдзіне 16 ст. М. з асяроддзя баяр і нашчадкаў удзельных князёў пашырылася на дваран, а ў 17 ст. нават на вярхі купецтва і гараджан. Прынцып М. часта закрываў шлях да заняцця значных вайск. і дзярж. пасад здольным, але недастаткова радавітым людзям, што супярэчыла рэальным інтарэсам дзяржавы. Развіццё ў 17 ст. ў Расіі абсалютызму, які прадугледжваў стварэнне строга падначаленага цэнтр. ўладзе бюракратычнага апарату, таксама вяло да выцяснення М., якое афіцыйна скасавана земскім саборам 1682. У сучасным значэнні М. — прытрымліванне вузкамясц. інтарэсаў, якое прычыняе шкоду агульнай справе.
Літ.:
Шмидт С.О. Местничество и абсолютизм // Абсолютизм в России (XVII—XVIII вв.). М. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІГЕЛІ́СЦКІЯ ВО́ЙНЫ 1823—34,
грамадзянскія войны ў Партугаліі паміж прыхільнікамі захавання канстытуцыйнай манархіі (ліберальнае дваранства, буржуазія і інтэлігенцыя, частка сялянства) і паслядоўнікамі абсалютызму (феад.вярхі, падтрыманыя каталіцкай царквой, і сяляне, якія былі пад іх уплывам). Пачаткам М.в. стаў мяцеж у Траз-уж-Монтыш (1823), узняты прыхільнікамі абсалютызму на чале з каралевай Жаакінай (жонкай караля Жуана VI) і прынцам Мігелам Браганскім. У крас. 1824 мігелісты захапілі ўладу, але не здолелі яе ўтрымаць. У 1826 пасля смерці Жуана VI (10 сак.) на трон узышоў яго сын імператар Бразіліі Педру I (у Партугаліі кароль Педру IV), які ў маі 1826 перадаў партугальскі прастол сваёй дачцэ Марыі да Глорыі, а рэгентам у ліп. 1827 прызначыў Мігела Браганскага. 30.6.1828 Мігел Браганскі дамогся ад картэсаў прызнання сябе каралём, пасля чаго картэсы распушчаны. Аднаўленне абсалютызму выклікала шэраг антыўрадавых выступленняў канстытуцыяналістаў пад кіраўніцтвам Педру, які ў крас. 1831 адрокся ад браз. прастола і выехаў у Англію, дзе фарміраваў эмігранцкія атрады. 8—9.7.1832 эмігранты-канстытуцыяналісты высадзіліся ў Порту, у пач. 1833 — у Алгарві; іх падтрымалі брыт. і франц. эскадры. 24.7.1833 канстытуцыяналісты ўзялі Лісабон; неўзабаве мігелісты здаліся. 26.5.1834 у Эвары падпісана пагадненне, паводле якога каралевай зноў стала Марыя да Глорыя. Спроба мігелістаў арганізаваць новую антыўрадавую змову ў 1837 была няўдалай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛА́ВІНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1707—09,
антыфеадальнае сялянска-казацкае паўстанне пад кіраўніцтвам К.А.Булавіна (1671—1708) на Доне, у Паволжы і ў суседніх з імі раёнах. Непасрэдным штуршком да Булавінскага паўстання стала імкненне рас. ўрада вярнуць з Пд беглых сялян памешчыкам. У ноч на 9.10.1707 атрад паўстанцаў з 200 чал. на чале з Булавіным знішчыў каля Шульгінскага гарадка на р. Айдар частку карнікаў Ю.У.Далгарукага. Паўстанне хутка пашырылася ўверх па цячэнні Дона, да яго далучыліся казацкая галота і сяляне Тамбоўскага і Казлоўскага пав., Левабярэжнай і Слабадской Украіны. 1.5.1708 Булавін заняў Чаркаск, дзе 9.5.1708 яго выбралі атаманам «усевялікага войска Данскога». Яго атаманы І.Паўлаў, І.Някрасаў, Л.Хахлач авалодалі Дзмітрыеўскам і Царыцынам, асадзілі Саратаў. На Северскім Данцы і ў Слабадской Украіне паспяхова змагаліся атрады С.Дранага, М.Голага, С.Бяспалага. Для задушэння Булавінскага паўстання ўрад стварыў спец. армію (32 тыс.чал.) пад камандаваннем В.У.Далгарукага. У ліп. 1708 Булавін асадзіў Азоў, але не авалодаў ім. У гэты час былі разбіты атрады Дранага і інш.Вярхі казацтва, незадаволеныя няўдачамі, арганізавалі змову супраць Булавіна. Каб не трапіць у палон, ён застрэліўся. Асобныя атрады паўстанцаў змагаліся да пач. 1709. Царскі ўрад жорстка задушыў Булавінскае паўстанне. Дон страціў незалежнасць.
Літ.:
Буганов В. Булавин. М., 1988;
Лебедев В.И. Булавинское восстание (1707—1708). М., 1967. З.І.Каршакова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМ’Е́ ((Daumier) Анарэ Віктар’ен) (26.2.1808, г. Марсель, Францыя — 11.2.1879),
французскі графік, жывапісец і скульптар. З 1814 жыў у Парыжы, у 1820-я г. браў урокі жывапісу і малюнка, вучыўся мастацтву літаграфіі. Аўтар вострагратэскавых карыкатур на кіруючыя вярхі грамадства, у т. л. на караля Луі Філіпа. Асновай для серыі літаграфічных партрэтаў-шаржаў «Славутасці залатой сярэдзіны» (1832—33) сталі скульпт. эскізы-бюсты паліт. дзеячаў (1830—32, захавалася 36 бюстаў). У літаграфіях 1834 Д. выкрываў бяздарнасць і своекарыслівасць улад («Заканадаўчае чэрава», «Усе мы сумленныя людзі, абдымемся»), ствараў вобразы рабочых («Сучасны Галілей», «Вуліца Транснанен 15 красавіка 1834 года» і інш.). Пасля забароны ў 1835 паліт. карыкатуры Д. звярнуўся да быт. сатыры: серыя «Карыкацюрана» (1836—38), «Лепшыя ў жыцці» (1843—46), «Добрыя буржуа» (1846—49). У перыяд і пасля рэв. 1848—49 стварыў (спачатку ў статуэтцы, потым у шэрагу літаграфій) абагульнены вобраз паліт. прайдзісвета Ратапуаля. У жывапісе Д. па-наватарску пераасэнсоўваліся традыцыі рамантызму, трагічная велічнасць спалучалася з гратэскам, драма з сатырай, вострая характарнасць вобразаў са свабодай пісьма, смелай абагульненасцю формаў, выразнасцю пластыкі і светлавымі эфектамі. У яго карцінах адлюстраваліся пафас рэв. барацьбы («Паўстанне», каля 1848), прыгажосць простага чалавека («Прачка», каля 1859—60); улюбёнымі матывамі жывапісу былі цырк, тэатр, вандроўныя камедыянты: «Меладрама» (каля 1856—60), «Крыспэн і Скапэн» (каля 1860), серыя карцін «Дон Кіхот» (каля 1868) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРАМО́ВА МЯЛЕ́ШКІ»,
помнік бел. літаратуры 1-й пал. 17 ст. Належыць да гумарыстычна-парадыйных і сатыр. твораў аратарскай прозы. Створана ў форме прамовы на сейме, прыпісанай смаленскаму кашталяну І.Мялешку. Супастаўляючы сучаснае з мінулым, аўтар закранае надзённыя праблемы грамадскага жыцця Беларусі свайго часу, падае яркія малюнкі ўнутрыпаліт. становішча ў краіне. У творы дасціпна парадзіруюцца норавы і звычкі бел. шляхты, высмейваюцца яе баязлівасць і бяздзейнасць, нізкапаклонства перад усім замежным. Асабліва асуджаюцца пануючыя вярхі, крытыкуецца антынар. палітыка пануючага класа, грамадскія парадкі Рэчы Паспалітай. Твор глыбокапатрыят., лёгкі гумар спалучаецца ў ім з сатырай. Яго аўтар — прадстаўнік служылай бел. шляхты, чалавек свецкага светапогляду, назіральны і дасціпны, прыхільнік традыц. ўкладу жыцця і маральнай чысціні грамадства. «П.М.» — твор значнага грамадскага гучання, накіраваны супраць іншаземнага засілля на бел. землях, разбурэння нар. традыцый, нац. рэнегацтва. Напісана жывой бел. мовай, багатай нар. фразеалогіяй. Разам з «Лістом да Абуховіча» «П.М.» — яркая з’ява пераходнага перыяду развіцця бел. л-ры на шляху яе набліжэння да нар. вытокаў, дэмакратызацыі. Упершыню апублікавана Ю.Нямцэвічам ў 1822 у перакладзе на польск. мову.
Публ.: У кн.: Хрэстаматыя па старажытнабеларускай літаратуры. Мн., 1959.
Літ.:
Даўгяла З.І. З беларускага пісьменства XVII ст.: Творы Цыпрыяна Камунякі «Ліст да Абуховіча» і «Прамова Мялешкі». Мн., 1927;
Прашович Н. «Прамова Мялешкі» и «Ліст да Абуховіча» — новый этап в истории белорусской литературы // Тр.Отд. древнерусской литературы. 1969. Т. 24;
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІЯ ШКО́ЛЫ ДО́ЙЛІДСТВА.
Сфарміраваліся ў 17—18 ст. у драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Бел. Палесся, традыцыі школ развіваліся да пач. 20 ст. Вылучаліся самабытнымі канструкцыйнымі і маст. прыёмамі стварэння арх. формы. Адрозніваюць зах.-палескую і ўсх.-палескую (прыпяцкую) школы.
Зах.-палеская школа склалася ў межах сучаснай Брэсцкай вобл. паміж Брэстам і Пінскам. Нар. жыллё гэтага рэгіёна вылучаецца своеасаблівасцю канструкцыі, планіроўкі, арг-цыі двара, архітэктуры пабудоў. Зрубы жылых і гасп. пабудоў ставілі пераважна з брусоў і дыляў з рубкай вуглоў «у каню», «у просты замок» і без «астатку». У гасп. збудаваннях пашырана слупавая канструкцыя плеценых з лазы сцен. Шырока бытавалі стрэхі 4-схільныя і паўвальмавыя з прычолкамі, накрытыя саломай ці чаротам. Здаўна характэрна каркасная канструкцыя страхі на сохах, стаяках, козлах, пазней — на кроквах. Своеасаблівасць планіроўкі 3-камернага жылля заключалася ў тым, што жылы пакой сенцамі злучаўся часам не з клеццю, а з варыўнёй. Найб. пашыраны былі пагонныя двары. У культавым дойлідстве пераважалі храмы падоўжна-восевай кампазіцыі, дзе розныя па памерах і форме зрубы аб’ядноўвалі агульным пластычным гонтавым дахам (цэрквы ў вёсках Здзітава Бярозаўскага, Вавулічы Драгічынскага р-наў). Будавалі таксама цэрквы з невысокімі пірамідальнымі вярхамі, часам зрэзанымі ў верхняй частцы (Олтушская Спаса-Праабражэнская царква), храмы з вежамі-званіцамі на гал. фасадзе (царква ў в. Альба Івацэвіцкага р-на), крыжовыя з перавагай у кампазіцыі падоўжнай восі (у в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на). Пад уплывам стылю барока з’явіліся храмы падоўжна-восевай кампазіцыі з 2-вежавым гал. фасадам (Валавельская Юр’еўская царква) і базілікальныя (Опальская царква Параскевы Пятніцы). Асн. тыпы званіц — слупавыя (в. Ражкоўка Камянецкага р-на), каркасныя (в. Хмелева Жабінкаўскага р-на) і ярусныя зрубна-каркасныя (гл.Чэрская Міхайлаўская царква і званіца). Для школы характэрны сувязі з дойлідствам Украіны (Валынь, Букавіна), Літвы і Польшчы.
Усх.-палеская (прыпяцкая) школа склалася ў Прыпяцкім Палессі і верхнім Падняпроўі (у межах сучасных Гомельскай, У Брэсцкай і Пд Мінскай абласцей). Для гэтай тэрыторыі характэрны вянковыя, пагонныя, Г-падобныя двары і 2- і 3-камерныя хаты. Жыллё і гасп. пабудовы вылучаліся тэхнікай складання сцен з бярвёнаў (рубка вуглоў з «астаткам»; часам выступы-канцы бярвёнаў «астатку» счэсваліся на 6 граней), выкарыстаннем 2-схільных дранічных дахаў на зволаках. У паўд. частцы зоны сустракаюцца цэнтрычныя пабудовы жылога і гасп. прызначэння з вянковым пірамідальным перакрыццём. На ПдУ многія жылыя будынкі мелі квадратны план і вальмавы каркасны дах. У культавым дойлідстве разам з падоўжна-восевай кампазіцыяй храмаў пашыраны глыбінна-прасторавая і крыжова-цэнтрычная кампазіцыі з яруснымі вярхамі. На ранняй стадыі развіцця школы (17—1-я пал. 18 ст.) вярхі былі чацверыковыя пірамідальныя (Сінкевіцкая Георгіеўская царква), пад уплывам стылю барока расла колькасць заломаў (Слуцкая Міхайлаўская царква), вярхі станавіліся васьмерыковымі (Старабеліцкая Мікалаеўская царква). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. школай выпрацаваны арыгінальны прыём узмацнення кантрасту кампазіцыі цэнтр. храмавага аб’ёму ў выніку пастаноўкі паміж 2 васьмерыкамі чацверыка (Рубельская Міхайлаўская царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква). Такі прыём характэрны і для званіц. Будавалі таксама ярусныя храмы глыбінна-прасторавай кампазіцыі са званіцамі на гал. фасадзе (Гомельская Ільінская царква). На раннім этапе відавочная сувязь школы з Бойкаўшчынай (Укр. Карпаты), на познім пэўны ўплыў зрабіла дойлідства Левабярэжнай Украіны.
Літ.:
Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НСКАЯ ТЭО́РЫЯ,
кірунак у гістарыяграфіі, прыхільнікі якога лічаць нарманаў (варагаў) заснавальнікамі стараж.-рус. дзяржаўнасці. Іх погляды грунтуюцца на звестках «Аповесці мінулых гадоў», паводле якіх слав. і фіна-угорскія плямёны (наўгародскія славене, крывічы, чудзь, мера і весь) спачатку плацілі даніну варагам, а потым прагналі іх за мора. Але хутка сярод плямён пачаліся разлады і тады яны звярнуліся да варагаў са словамі: «Земля наша велика и обилна, а наряда (упраўлення, парадку) в ней нет. Да поидете княжит и володети нами». На іх запрашэнне ў 862 прыбылі браты Рурык, Сінявус і Трувор, з якіх Рурык стаў заснавальнікам кіеўскай велікакняжацкай дынастыі (Рурыкавічаў), нашчадкі якой правілі ў Кіеўскай Русі, пазней у Маскоўскім вялікім княстве і Рас. дзяржаве (да 1598). На думку некаторых гісторыкаў, скандынавам быў полацкі князь Рагвалод. Н.т. сфармулявана ў 2-й чвэрці 18 ст.ням. гісторыкам на рас. службе Г.З.Баерам, распрацоўвалася Г.Ф.Мілерам, А.Л.Шлёцэрам і інш. Да пач. 19 ст. набыла характар афіц. гістарыяграфічнай версіі паходжання Рас. дзяржавы (М.М.Карамзін і інш.). Замежныя гісторыкі-нарманісты выкарыстоўвалі летапіснае паданне для сцвярджэнняў пра няздольнасць славян самім стварыць дзяржаву. Супраць Н.т. выступалі М.В.Ламаносаў, Дз.І.Ілавайскі, С.А.Гедэонаў і інш. Памылковасць шэрагу палажэнняў Н.т. высвятлялася і сав. гістарыяграфіяй. Пры гэтым некаторыя гісторыкі адмаўлялі гістарычнасць Рурыка. Большасць сучасных гісторыкаў лічыць, што ў славян да 9 ст. існавалі сац.-эканам. перадумовы для ўзнікнення сваёй дзяржаўнасці. З’яўленне варагаў толькі паскорыла гэты працэс. Варажскія арыстакратычныя вярхі Кіеўскай Русі і самі Рурыкавічы даволі хутка асіміляваліся з мясц.слав. знаццю.
Літ.:
Ловмяньский Х. Русь и норманны: Пер. с пол. М., 1985;
Штыхаў Г.В. Гісторыя Беларусі ад старажытных часоў да канца XIII ст.Кн. 1. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНІКАВА ПАЎСТА́ННЕ 1606—07.
Адбылося ў Расіі і на тэр. Украіны пад кіраўніцтвам І.І.Балотнікава; найвышэйшы этап сялянскай вайны пачатку 17 ст. Пачалося летам 1606 у раёне Пуціўля пасля звяржэння Лжэдзмітрыя I (гл.Ілжэдзмітрый I), ахапіла Чарнігаў і інш. гарады. Яго асн. сіла — халопы і сяляне, удзельнічалі пасадскія людзі, стральцы, казакі, дваране. Балотнікаў заклікаў да звяржэння цара В.І.Шуйскага і аднаўлення ўлады «цара Дзмітрыя». У жн. 1606 пад Кромамі і Яльцом паўстанцы разбілі царскія войскі, занялі Арол, Болхаў, Калугу, Серпухаў і рушылі на Маскву. Да іх далучыліся дваранскія атрады — разанскія на чале з П.Ляпуновым і тульскія на чале з І.Пашковым. Кульмінацыя Балотнікава паўстання — аблога Масквы (28.10—2.12.1606). Паўстанне ахапіла цэнтр. паветы Расіі і Паволжа (больш за 70 гарадоў). Сацыяльна неаднароднае шматлікае (60—100 тыс.чал.) войска Балотнікава было недастаткова ўзброенае і мала абучанае. Барацьба за кіраванне паўстаннем паміж Балотнікавым і Пашковым (апошняму, як і ўсім паўстанцам-дваранам, не падабаліся заклікі Балотнікава да прыгонных сялян распраўляцца са сваімі гаспадарамі) прывяла да расколу. 15 ліст. на бок Шуйскага перайшлі дваранскія атрады Ляпунова, 2 снеж., у час вырашальнай бітвы каля в. Ніжнія Котлы, — атрады Пашкова. Страціўшы каля 30 тыс.чал., Балотнікаў адступіў у Серпухаў, потым у Калугу, якую абараняў са снеж. 1606 да пач. мая 1607. У маі 1607 атрады Ілейкі Мурамца разбілі царскае войска на р. Пчэльна. Шуйскі зняў аблогу Калугі. Паўстанцы аб’ядналіся ў Туле, якая з мая да кастр. 1607 стала месцам цяжкіх баёў. Палітыка цара па ўмацаванні прыгоннага права (Улажэнне 1607) дазволіла яму кансалідаваць феадалаў і сабраць 100-тысячную армію. У чэрв. 1607 войскі Балотнікава былі двойчы разбіты і асаджаны ў Туле, якая была затоплена ў выніку запруды р. Упа. Нягледзячы на хваробы і голад, паўстанцы гераічна абараняліся. Але пасля абяцання Шуйскага захаваць жыццё ўсім паўстанцам 10.10.1607 яны адчынілі гарадскія вароты. Пасадскія вярхі выдалі царскім уладам Балотнікава і Мурамца. Балотнікава паўстанне — першае ў Расіі значнае выступленне супраць прыгонніцтва.
Кр.: Восстание И.Болотникова: Документы и материалы. М., 1959.
Літ.:
Смирнов И.И. Восстание Болотникова, 1606—1607. [2 изд.] М., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПАЛ (італьян. cupola купал, скляпенне ад лац. cupula бочачка) у архітэктуры, прасторавая апорная канструкцыя пакрыццяў (або само пакрыццё), форма якой блізкая да паўсферы ці іншай паверхні вярчэння. Перакрывае без апор значныя па памерах памяшканні пераважна круглыя, шматвугольныя, эліптычныя ў плане.
Вядомы са старажытнасці, першапачаткова ў выглядзе т. зв. несапраўдных К., дзе гарыз. рады муроўкі навісалі адзін над адным і не перадавалі сценам намаганняў распору (будынкі ў г. Эшнуна ў Двухрэччы, цяпер Ірак, пач. 3-га тыс. да н.э.). Удасканалены ў архітэктуры Стараж. Рыма (Пантэон, каля 125), Візантыі, Еўропы, Каўказа (паявіліся знешнія абалонкі, канфігурацыя якіх адрознівалася ад уласна К.). Быў пашыраны ў рус. сярэдневяковай архітэктуры, у збудаваннях Сярэдняй Азіі (маўзалей Гур-Эмір у Самаркандзе, 1404). Сярод выдатных купальных збудаванняў — сабор Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі (1420—36, арх. Ф.Брунелескі), царква Сан-Ларэнца ў Турыне (абодва Італія; 1668—87, арх. Г.Гварыні), Казанскі сабор у Санкт-Пецярбургу (1801—11, арх. А.Вараніхін) і інш.
На Беларусі вядомы з 11—12 ст. Ужываліся ў крыжова-купальных храмах (Сафійскі сабор і Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку, Благавешчанская царква ў Віцебску). Пашыраны ў архітэктуры стыляў рэнесансу, барока, дзе адыгрывалі важную ролю ў інтэр’еры і вонкавым выглядзе збудаванняў. Ставілі К. над сяродкрыжжам крыжова-купальных базілік (касцёлы езуітаў у Нясвіжы і Гродне, Успенскі сабор у в. Жыровічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.). З канца 18 ст. шырока выкарыстоўваліся ў культавай і грамадз. архітэктуры класіцызму (палац і Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі). Купальныя вярхі былі пашыраны і ў драўляным дойлідстве 18—19 ст. (Міхайлаўская царква ў в. Рубель Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У 20 ст. з развіццём маналітнага і зборнага жалезабетону, танкасценных скляпенняў-абалонак і метал. канструкцый павялічылася разнастайнасць структур і форм К.: рабрыстыя, рабрыста-кальцавыя, сеткавыя, з хвалістай унутр. паверхняй, «геадэзічныя» (утвораныя са стандартных шматвугольных элементаў), зборныя і інш. Жалезабетоннымі К. накрыты будынкі цыркаў у Мінску і Гомелі. Ствараюцца новыя тыпы К. з палімерных матэрыялаў, з падвойнай надзіманай абалонкай і інш.
Літ.:
Кузнецов А.В. Тектоника и конструкция центрических зданий. М., 1951;
Гохарь-Хармандарян И.Г. Большепролетные купольные здания. М., 1972.