разнавіднасць каменнага вугалю, якая мае глыбокі чорны колер, яркі смалісты бляск, вязкасць і ракавісты злом. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 1,3—1,4 г/см³. Утварэнне гагату звязваюць з метамарфізмам драўніны, пахаванай у марскіх мулах мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. Трапляецца ў выглядзе скопішчаў у пясчаніках, мергелях, пластах вугалю. Добра паліруецца. Вырабны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯЛУРО́НАВАЯ КІСЛАТА́,
кіслы мукаполіцукрыд, кампанент злучальнай тканкі. У вял. колькасці ёсць у шклопадобным целе вока, пупавіне, сінавіяльнай (сустаўнай) вадкасці, а таксама скуры. Утварае комплекс з бялкамі. Малекулярная маса да некалькіх мільёнаў. Растворы гіялуронавай кіслаты маюць вял.вязкасць, таму здольныя памяншаць пранікальнасць тканак, што перашкаджае пранікненню хваробатворных мікраарганізмаў. У арганізме рэгулюе размеркаванне вады, выбіральную пранікальнасць тканак, выконвае ролю змазачнага матэрыялу ў суставах. Ферментатыўны гідроліз гіялуронавай кіслаты ажыццяўляецца гіялуранідазай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫСОКАТРЫВА́ЛАЯ СТАЛЬ,
сталь высокай (да 1500 МПа) трываласці. Адносіцца да легіраваных канструкцыйных сталей. Атрымліваюць камбінаваннем розных спосабаў умацавання (наклёпу, мартэнсітавага ператварэння, утварэння цвёрдых раствораў і інш.). Некаторыя высокатрывалыя сталі выплаўляюць з чыстай шыхты, падвяргаюць вакуумаванню і тэрмамеханічнай апрацоўцы. Мартэнсітастарэючыя сталі ўмацоўваюцца ў выніку мартэнсітавага ператварэння пры загартоўцы і асабліва дысперсійнага цвярдзення пры водпуску металу, пры гэтым захоўваюць і значную вязкасць. З высокатрывалай сталі робяць валы, шасцерні, муфты і да т.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДПА́Л,
1) тэрмічная апрацоўка металаў і сплаваў, якая ўключае награванне металаў ці сплаваў да пэўнай т-ры, вытрымку, павольнае (бесперапыннае ці ступеньчатае) ахаладжэнне і паляпшае іх якасць пры далейшай апрацоўцы і эксплуатацыі. Пры абпале адбываюцца працэсы адпачыну металу, гомагенізацыі, рэкрышталізацыі, рэлаксацыі, перыкрышталізацыі, графітызацыі, сфераідызацыі, якія прыводзяць да паляпшэння структуры, аднароднасці, фіз.-мех. і эл.-магн. уласцівасцяў, зняцця ўнутраных напружанняў, прыдання надання мяккасці і пластычнасці металам і сплавам. Адпал павялічвае вязкасць матэрыялаў.
2) Тэрмічная апрацоўка шкла пры t 400—600 °C у спец. печах для зняцця ўнутраных напружанняў (гл. ў арт.Шкло).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ ФІ́ЗІКА,
раздзел фізікі, які вывучае фіз. ўласцівасці цел у розных агрэгатных станах на аснове ўліку іх малекулярнай будовы.
Вывучае мех. (напр., вязкасць, пругкасць) і цеплавыя (напр., цеплаёмістасць, цеплаправоднасць) уласцівасці цел, а таксама фазавыя пераходы і паверхневыя з’явы. Падзяляецца на фізіку газаў, вадкасцей і цвёрдых цел; цесна звязана са статыстычнай фізікай, фізікай цвёрдага цела і фіз. хіміяй. У развіццё і станаўленне М.ф. вял. ўклад зрабілі А.Авагадра, М.В.Ламаносаў, П.Лаплас, Дж.К.Максвел, М.Смалухоўскі і інш. М.ф. дала пачатак самастойным раздзелам фізікі: фізіцы металаў, фізіцы палімераў, фізіцы плазмы, тэорыі цепла- і масапераносу, фіз.-хім. механіцы. Заканамернасці М.ф. выкарыстоўваюцца пры распрацоўцы тэхнал. працэсаў для атрымання матэрыялаў з зададзенымі фіз. ўласцівасцямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗБЕСТАЦЭМЕ́НТ,
будаўнічы матэрыял з сумесі цэменту, азбесту і вады. Састаў: 100 ч. (па масе) партландцэменту, 12—20 ч. азбесту, у асн. нізкіх гатункаў. Да застывання цэменту азбестацэмент пластычны і трывалы на расцягванне, што дае магчымасць фармаваць з лістоў таўшчынёй 5—10 мм розныя вырабы; у застылым стане мае высокія фіз.-мех. ўласцівасці: трываласць на выгін да 30 МПа, на сцісканне да 90 МПа, ударная вязкасць 1,8—2,5 кДж/м², даўгавечны, маразастойкі, вогнетрывалы, з павышанай хім. устойлівасцю. Крохкасць і дэфармаванне азбестацэменту пры высокай вільготнасці змяншаюць гідрафабізацыяй (гл.Гідрафобныя пакрыцці) і дадатковым арміраваннем. З азбестацэменту вырабляюць лісты, трубы, пліты, дахавыя прафіляваныя і плоскія лісты (шыфер). Гл. таксама Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГЛЫНА́ННЕ ГУ́КУ,
з’ява неабарачальнага пераходу энергіі гукавой хвалі ў інш. віды энергіі, напр., у цеплату. Залежыць ад прыроды, вязкасці, цеплаправоднасці і шчыльнасці асяроддзя, а таксама ад частаты гукавых ваганняў. Выкарыстоўваецца для даследаванняў унутр. структуры рэчываў, а таксама ў арх. акустыцы.
Калі праходжанне гуку парушае раўнаважны стан асяроддзя, П.г. павялічваецца з-за рэлаксацыйных працэсаў (гл.Рэлаксацыя акустычная) і суправаджаецца дысперсіяй гуку (гл.Дысперсія хваль). П.г. ў газах залежыць ад ціску ў газе; цеплаправоднасць і зрухавая вязкасць даюць прыкладна аднолькавы ўклад. У вадкасцях у асн. вызначаецца вязкасцю, у цвёрдых целах — унутр. трэннем і цеплаправоднасцю, а на высокіх частотах і пры нізкіх т-рах — рознымі працэсамі ўзаемадзеяння гуку з унутр. ўзбурэннямі ў цвёрдых целах (напр, фанонамі, электронамі праводнасці, спінавымі хвалямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРАЛІЗА́ТАРЫ,
1) жывыя арганізмы (пераважна гетэратрофныя бактэрыі), якія раскладаюць мёртвыя арган. злучэнні да асобных хім. рэчываў і элементаў (азот, калій, кальцый, фосфар, вуглякіслы газ і інш.). Адыгрываюць важную ролю (разам з прадуцэнтамі і кансументамі) у біяцэнозе.
2) Газа- і парападобныя рэчывы — вадарод, бор, фтор, вуглярод, фосфар, сера, хлор, вада і інш., раствораныя ў магме. М. зніжаюць вязкасць магмы і т-ру яе крышталізацыі, змяняюць парадак вылучэння мінералаў, уплываюць на дыферэнцыяцыю магмы. Зрэдку дзейнічаюць як каталізатары, могуць уваходзіць у састаў пародаўтваральных мінералаў або заставацца ў іх як газападобныя ці вадкія ўключэнні. Асабліва багатыя М. пнеўматалітавыя (лятучыя) вылучэнні і гідратэрмальныя растворы, якія ўзнікаюць пры метамарфізме горных парод. Пры ўзгонцы М. нясуць многія металы і ўтвараюць з імі лятучыя злучэнні, якія ўдзельнічаюць у крышталізацыі астаткавага расплаву магмы (гл.Пегматыт) ці пранікаюць у шчыліны ўмяшчальных парод і садзейнічаюць утварэнню новых мінералаў з карыснымі кампанентамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕХАНІ́ЧНЫЯ ЎЛАСЦІ́ВАСЦІ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ,
сукупнасць паказчыкаў, якія характарызуюць супраціўленне матэрыялаў прыкладзеным нагрузкам, асаблівасці іх дэфармавання і разбурэння. Вызначаюцца пры механічных выпрабаваннях: статычных (на расцяжэнне, сцісканне, выгін, кручэнне, цвёрдасць), дынамічных, або ударных (на ударную вязкасць), стомленасных (пры шматразовым прыкладанні нагрузкі), а таксама працяглых высокатэмпературных (на паўзучасць, працяглую трываласць, рэлаксацыю).
Дэфармацыя цела пад уздзеяннем нагрузкі вызначаецца дыяграмай дэфармацыі, якая запісваецца на выпрабавальнай машыне пры расцяжэнні (сцісканні) узору. Напружанне, пры якім парушаецца прапарцыянальны нагрузцы рост дэфармацыі, наз. мяжой прапарцыянальнасці; найб. напружанне, якое вытрымлівае матэрыял без праяўлення астаткавай пластычнай дэфармацыі, наз.мяжой пругкасці; напружанне, пры якім астаткавая адносная дэфармацыя дасягае 0,2% (паводле Дзяржстандарту), наз.ўмоўнай мяжой цякучасці; адносіны максімальнай нагрузкі, якую вытрымлівае матэрыял, да плошчы папярочнага сячэння наз.мяжой трываласці матэрыялу (характарызуе яго часовае супраціўленне пластычнай дэфармацыі); тангенс вугла нахілу прамой, што апісвае суадносіны паміж напружаннем і дэфармацыяй, лікава роўны модулю пругкасці матэрыялу. Для ацэнкі супраціўлення пластычнай дэфармацыі праводзяць таксама выпрабаванні на цвёрдасць уцісканнем шарыка, конуса або піраміды (гл.Брынеля метад, Роквела метад, Вікерса метад). Пластычнасць канструкцыйных матэрыялаў пры расцяжэнні ацэньваюць падаўжэннем або звужэннем, пры сцісканні — укарачэннем, пры кручэнні — найбольшым вуглом закручвання рабочай ч. ўзору.
Літ.:
Фридман Я.Б. Механические свойства металлов. 3 изд. М., 1974.
В.К.Грыбоўскі.
Да арт.Механічныя ўласцівасці матэрыялаў. Тыповая дыяграма дэфармацыі пры расцяжэнні канструкцыйных матэрыялаў: σ — напружанне; δ — адносная дэфармацыя; σn — мяжа прапарцыянальнасці; σe — мяжа пругкасці; σm — умоўная мяжа цякучасці; σв — мяжа трываласці; P — нагрузка; Fo — пачатковая плошча папярочнага сячэння ўзору; в — пункт максімуму крывой расцяжэння пры раўнамерным дэфармаванні; в′ — пункт абрыву; к — крывая дэфармавання пасля ўтварэння «шыйкі».