КРУГАСВЕ́ТНЫЯ ПЛА́ВАННІ,

плаванні па Сусветным акіяне вакол Зямлі, пры якіх перасякаюцца ўсе мерыдыяны. Даюць магчымасць больш дасканала вывучаць Сусветны ак., выяўляць яго рэсурсы і магчымасці выкарыстання. Першае К.п. зрабіла ісп. экспедыцыя Ф.Магелана (1519—22) праз Атлантычны і Ціхі ак. да Філіпінскіх і Малукскіх а-воў, па Індыйскім ак. вакол Афрыкі. Толькі карабель «Вікторыя» пад камандай Х.​С.​Элькана завяршыў К.п. Экспедыцыя эксперыментальна пацвердзіла тэорыю шарападобнасці Зямлі, адзінства Сусветнага ак., яго перавагу па плошчы над сушаю. Другое К.п. ажыццявіў Ф.Дрэйк (1577—80). У 17—18 ст., каб пракласці марскія шляхі і адкрыць новыя землі для каланізацыі, экспедыцыі арганізоўвалі Нідэрланды, Вялікабрытанія, Францыя. Значныя адкрыцці зрабілі ў час К.п. англічанін У.Дампір (1683—91), нідэрландзец Я.​Рогевен (1721—23), француз Л.А. дэ Бугенвіль (1766—69), англічанін Дж. Кук (1768—80), экспедыцыя Р.Фіцрая (1831—36) з удзелам Ч.Р.Дарвіна. У 19 ст. шмат К.п. здзейснілі рас. мараплаўцы І.Ф.Крузенштэрн, Ю.Ф.Лісянскі, О.Я.Кацэбу, В.​М.​Галаўнін, Ф.П.Літке, С.В.Макараў і інш. Рас. экспедыцыя Ф.Ф.Белінсгаўзена і М.П.Лазарава (1819—21) зрабіла значныя адкрыцці ў Антарктыцы. У 2-й пал. 19 ст. ажыццёўлена англ. экспедыцыя на судне «Чэленджэр». У 20 ст. ў час К.п. зроблены адкрыцці ў Антарктыцы і пачата сістэм. вывучэнне Сусв. акіяна. Вылучаюцца К. п.: дацкае на судне «Дана» (1928—30), англ. на «Дыскаверы II» (1935—40), шведскае на судне «Альбатрос III» (1947—48). У сярэдзіне 20 ст. вывучалася магнітнае поле Зямлі ва ўсіх акіянах сав. немагнітнай шхунай «Зара». У 19—20 ст. шмат К. п. праведзена з турысцкімі і спартыўнымі мэтамі, у т. л. больш за 40 К.п. маракоў-адзіночак.

Літ.:

Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. Т. 1—5. 3 изд. М., 1982—86.

І.​Я.​Афнагель.

т. 8, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНАЕ НЕ́БА,

сукупнасць касмічных аб’ектаў (пераважна зорак), бачных з Зямлі на начным небе. Пры найлепшых умовах назірання простым вокам можна бачыць адначасова каля 2,5 тыс. зорак, у т. л.: 1-й зорнай велічыні — 13, 2-й — 40, 3-й —100, 4-й — 500, 5-й — 1600 і г.д. Большасць зорак размешчана паблізу Млечнага Шляху, а ўсяго на небе (у абодвух паўшар’ях) налічваецца каля 6 тыс. зорак да 6-й зорнай велічыні. Для зручнасці арыенціроўкі З.н. ўмоўна падзелена на 88 участкаў — сузор’яў (гл. табл.). Падзел зорак на сузор’і (у т. л. Задыяк) адносіцца да глыбокай старажытнасці. Яркія зоркі ў сузор’ях абазначаюцца літарамі грэч. алфавіта (некаторыя з іх маюць уласныя назвы); больш слабыя — лічбамі; аднесеныя да пэўнага тыпу (напр., пераменныя) — вял. лацінскімі літарамі. Яшчэ больш слабыя зоркі абазначаюцца назвай каталога і нумарамі, пад якімі яны значацца ў каталозе. Большасць аб’ектаў З.н. мс на назіраць толькі з дапамогай тэлескопаў. Яны даюць магчымасць выяўляць зорныя скопішчы, зорныя асацыяцыі, туманнасці галактычныя, галактыкі, квазары, скопішчы галактык і інш.; целы Сонечнай сістэмы: планеты, спадарожнікі планет, малыя планеты, каметы; штучныя касм. аб’екты: штучныя спадарожнікі Зямлі, касм. зонды і інш. Некат. з пералічаных аб’ектаў можна назіраць і простым вокам, напр., рассеяныя зорныя скопішчы Плеяды і Гіяды ў сузор’і Цяльца, Яслі ў сузор’і Рака; шаравыя зорныя скопішчы ў сузор’ях Тукана і Цэнтаўра; галактычную туманнасць у сузор’і Арыёна; галактыкі ў сузор’і Андрамеды; Вял. і Малое Магеланавы Воблакі; планеты: Венеру, Юпітэр, Марс, Сатурн, Меркурый, Уран; малую планету Весту, каметы; найб. яркія ШСЗ. Удзень, акрамя Сонца, на небе простым вокам відаць толькі Месяц і Венера. Выгляд З.н. бесперапынна мяняецца з прычыны бачнага сутачнага вярчэння нябеснай сферы, абумоўленага вярчэннем Зямлі, а таксама павольна мяняецца з прычыны абарачэння Зямлі вакол Сонца. Карту З.н. гл. на ўклейцы.

Літ.:

Дагаев М.М. Наблюдения звездного неба. 6 изд. М., 1988;

Зигель Ф.Ю. Сокровища звездного неба: Путеводитель по созвездиям и Луне. 5 изд. М., 1986.

Я.​У.​Чайкоўскі.

т. 7, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛІЧЭ́ННЕ,

сістэма правіл аперыравання са знакамі пэўнага віду, якая дазваляе даць дакладнае апісанне некаторага класа задач і алгарытмы іх рашэння; спосаб утварэння якой-н. сукупнасці (мноства) элементаў на аснове правіл атрымання новых элементаў з зададзеных зыходных. Мае фундаментальны характар, як і паняцце алгарытму. Узнікла і развівалася ў рамках матэматыкі (гл. Аперацыйнае злічэнне, Варыяцыйнае злічэнне, Дыферэнцыяльнае злічэнне, Інтэгральнае злічэнне). Пазней метады пабудовы З. пачалі выкарыстоўвацца ў логіцы (гл. Алгебра логікі, Матэматычная лінгвістыка). Агульная тэорыя З. выкарыстоўваецца ў алгарытмаў тэорыі.

У матэматычнай логіцы любое З. адназначна задаецца зыходнымі элементамі (алфавітам З.), правіламі ўтварэння формул дадзенага З. (слоў ці выразаў), сукупнасцю аксіём і правіл пераўтварэння (вывядзення) яго фразеалогіі. Прыпісванне элементам З. пэўных значэнняў (гл. Семантыка лагічная) пераўтварае З. ў фармалізаваную мову. Напр., у З. выказванняў шляхам пэўнай канечнай працэдуры (доказу; улічваецца толькі праўдзівасць ці непраўдзівасць выказвання) атрымліваюць выказванні-тэарэмы (гл. Логіка выказванняў). У выніку атрымліваюць лагічную сістэму, якая фармалізуе разважанне, заснаванае на структуры складаных выказванняў у адрозненне ад унутранай структуры элементарных выказванняў. Пры З. прэдыкатаў атрымліваюць сцвярджэнні (формулы, тэарэмы) з улікам суб’ектна-прэдыкатыўнай структуры выказванняў (напр., «элемент X мае ўласцівасць P), што дае магчымасць выяўляць сувязь аб’ектаў з іх уласцівасцямі і суадносіны паміж імі, колькасна характарызаваць сувязь рэчаў, уласцівасцей і адносін з дапамогай лагічных эквівалентаў выразаў «усе», «некаторыя», «кожны» і інш. (гл. Квантары). Такое З. адпавядае логіцы прэдыкатаў, калі яно мае ўласцівасці несупярэчлівасці (кожная тэарэма агульназначная) і паўнаты (кожная агульназначная формула даказальная). З. прэдыкатаў уключае З. выказванняў і разглядаецца звычайна як яго пашырэнне шляхам фармалізацыі вывадаў, заснаваных на ўнутранай структуры выказванняў. Тэорыю З. прэдыкатаў распрацаваў ням. логік, матэматык і філосаф Г.​Фрэге, чым істотна ўзбагаціў сілагістыку Арыстоцеля і традыц. сілагістыку. Абагульненне З. выказванняў — З. класаў, дзе дадаткова разглядаецца суб’ектна-прэдыкатная структура выказванняў і пры гэтым з кожным прэдыкатам (уласцівасцю) звязваецца ўся сукупнасць элементаў (клас) з разгляданай вобласці, якія маюць гэтую ўласцівасць (гл. Логіка класаў). З. класаў часам разглядаюць як фармалізаваную тэорыю мностваў, выкарыстоўваюць як дапаможны этап пры пераходзе ад З. выказванняў да З. прэдыкатаў і будуюць на базе З. выказванняў з дапамогай адпаведнай інтэрпрэтацыі яго формул.

Літ.:

Гильберт Д., Аккерман В. Основы теоретической логики: Пер. с нем. М., 1947;

Методологические проблемы развития и применения математики. М., 1985;

Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн., 1990.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТРА́Ж (франц. vitrage ад лац. vitrum шкло),

арнаментальная або сюжэтная дэкар. кампазіцыя са шкла ці інш. матэрыялаў, якія прапускаюць святло (у акне, дзвярах, у выглядзе самаст. пано).

Вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце. З 1 ст. да н.э. ў Стараж. Рыме. У 10—12 ст. у раманскіх храмах Францыі (сабор Нотр-Дам у Шартры, да 1260) і Германіі з’явіліся сюжэтныя вітражы з кавалачкаў каляровага (чырвонага і сіняга) шкла, выразаных па контуры выяў і змацаваных свінцовымі палоскамі. Былі пашыраны кампазіцыі, дзе выявы святых займалі амаль увесь аконны праём, і кампазіцыі ў форме медальёнаў (уся плошча акна запаўнялася закампанаванымі невял. дэталямі). У 12—14 ст. узбагаціўся колеравы набор шкла, разам з рэліг. сцэнамі ствараліся бытавыя. У 14—15 ст. мастацтва вітража актыўна развівалася ў Англіі (Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане), Італіі (сабор у Мілане), Польшчы, Швейцарыі. Паступова ў вітражы ўсё большую ролю адыгрывала размалёўка, ён траціў спецыфічную плоскаснасць, формы драбнелі. У эпоху Адраджэння вітражом называлі і жывапіс па шкле. У 16 ст. для аздаблення інтэр’ераў выкарыстоўвалі аднатонныя вітражы са свецкімі сюжэтамі. У эпоху барока і класіцызму вітраж амаль знікае. З 2-й пал. 19 ст. цікавасць да вітража павышаецца. Імкненне да падкрэсленай эмацыянальнай выразнасці інтэр’ера спарадзіла вітраж мадэрну. Мастакі 20 ст. ўключаюць свае кампазіцыі ў адзіную сістэму дэкору інтэр’ера, надаючы ім ролю асн. кампанента маст. выразнасці. З 1950-х г. развіваюцца вітражы-перагародкі, вітражы-пано. Вітраж складаюць з кавалачкаў каляровага і бясколернага шкла, з маналітнага шкла з размалёўкай запечанымі фарбамі, трохслаёвыя з арган. шкла, з тоўстага колатага шкла і каляровых люстэркаў, якія манціруюць на цэменце або жалезабетоне, арміруюць свінцовай, стальной або пластмасавай стужкай. Дэкар. апрацоўку шкла для вітража робяць пескаструменным спосабам, каляровым траўленнем, адліўкай і прасаваннем, што дае магчымасць больш поўна выяўляць магчымасці шкла (празрыстасць, шурпатасць, зіхатлівасць). Тэматыка вітража часта адпавядае прызначэнню будынка.

На Беларусі вітражы вядомы з 15—16 ст. (у капліцах фарнага касцёла ў Навагрудку, касцёле бернардзінцаў у Гродне). Вітражы пашыраны і ў сучасным манум.-дэкар. мастацтве: паяны вітраж у інтэр’еры касцёла Сымона і Алены (1974, Г.​Вашчанка), Доме літаратара (1976, У.​Стальмашонак), у адм. будынку ВА «Гарызонт» (1982, Н.​Шчасная), кінатэатры «Масква» (1980, Г. і М.​Вашчанкі); з выкарыстаннем размалёўкі эпаксіднымі смоламі — у Т-ры юнага гледача (1978, У.​Ткачоў, В.​Нямцоў), з алюмініевай працяжкай у Рус. драм. т-ры (1976), на паштамце (1980; абодва В.​Позняк; усе ў Мінску). У камбінаванай тэхніцы (ліццё, размалёўка, паяны з алюмініевай працяжкай) выкананы вітраж ў кінатэатры «Радзіма» ў г. Маладзечна (1982, В.​Ціханаў, В.​Барабанцаў), вітраж «Прырода» ў Ін-це батанікі АН Беларусі (1984, Барабанцаў), у Палацы піянераў у Брэсце (1989) і санаторыі «Радон» у в. Дзятлава Гродзенскай вобл. (1993, абодва Позняк і інш.

Л.​Г.​Лапцэвіч.

Вітраж «Прырода» ў Інстытуце батанікі АН Беларусі. Мастак В.​Барабанцаў. 1984.
Вітраж Міланскага сабора.
Вітраж сабора Нотр-Дам у Шартры (Францыя).

т. 4, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́РЫКА (ад грэч. lyricos які вымаўляецца пад гукі ліры),

адзін з трох родаў літаратуры (побач з эпасам і драмай), які адлюстроўвае рэчаіснасць праз суб’ектыўнае выяўленне пачуццяў і перажыванняў аўтара. Прадмет Л. — духоўнае жыццё чалавека, свет яго ідэй і эмоцый. Л. — стараж. род л-ры. Яна не супрацьстаіць ні эпасу як суб’ектыўнаму аповяду аповеду* пра пэўныя падзеі, ні драме з яе скразным канфліктна напружаным дзеяннем. Лірычныя элементы можна знайсці ў эпічных і драм. творах (лірычныя адступленні, эмацыянальная насычанасць твораў, прасякнутасць іх аўтарскімі пачуццямі). У сваю чаргу ў Л. часам выяўляюцца элементы эпасу (зачаткі сюжэта) і драмы (напружанасць думкі і пачуцця, дыялагічная форма выяўлення). На памежжы Л. і эпасу, Л. і драмы ўзніклі асобныя віды л-ры: вершаваныя раман, аповесць, апавяданне, паэма, драматычная паэма, балада, байка. Л. карыстаецца найперш паэт. сродкамі маст. выяўлення (тропы, гукапіс, паэт. сінтаксіс) і вершаванай мовай з яе вял. эмоцыястваральнымі магчымасцямі. У Л. нельга выявіць асобныя цэласныя характары. У той жа час індывідуалізаваны і тыпізаваны малюнак духоўнага свету чалавека выяўляецца ў ёй праз вобраз лірычнага героя. Асобныя рысы гэтага героя паўстаюць з усіх твораў аўтара, з усёй іх жанрава-відавой разнастайнасці. У залежнасці ад канкрэтнага зместу лірычных твораў адрозніваюць грамадзянскую, філасофскую, інтымную, пейзажную Л. Своеасаблівыя жанры — медытатыўная лірыка і сугестыўная лірыка. Гал. віды Л. — верш і песня.

Найб. стараж. — ананімныя нар. -песенныя тэксты, што ўключаюць у сябе ўзоры сямейна-абрадавай, каляндарна-абрадавай, пазаабрадавай Л. З паяўленнем пісьменнасці песня, прадаўжаючы бытаваць у вуснай нар. творчасці, уваходзіць і ў кніжную паэзію. У стараж. грэкаў і рымлян распаўсюджанымі відамі і жанрамі Л. становяцца гімн, ода, элегія, эпіграма; у сярэдневяковых араб. паэтаў — рубаі, газель; у японскіх — танка, у паэтаў еўрап. Адраджэння — санет, тэрцыны, актава, рандо, трыялет і інш. Самы стараж. помнік Л. — «Песня песняў» Саламона (Біблія). Выдатныя лірыкі антычнасці — Алкей, Сапфо, Анакрэонт, Катул, Гарацый, Авідзій, еўрап. Адраджэння — Ф.​Петрарка, П.​Рансар, У.​Шэкспір, Я.​Каханоўскі, усх.-азіяцкага — Лі Бо, Ду Фу, Умар Хаям, Саадзі, Хафіз, Фірдаўсі. Паэтамі выключнай лірычнай сілы былі Дж.​Байран, Р.​Бёрнс, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылер, А.​Пушкін, М.​Лермантаў, А.​Міцкевіч, Ю.​Славацкі, Т.​Шаўчэнка, Ш.​Пецёфі, П.​Верлен, А.​Блок, У.​Маякоўскі, С.​Ясенін, П.​Элюар, Назым Хікмет і інш.

Першым выдатным бел. лірыкам з’яўляецца Кірыла Тураўскі (паэт. малітвы, лірычныя «Словы»). Нягледзячы на розныя гіст. катаклізмы, бел. Л. — сярэдневяковая (Ф.​Скарына, Мікола Гусоўскі, А.​Рымша, Сімяон Полацкі і інш.), 19 ст. (Я.​Чачот, В.​Дунін-Марцінкевіч, Я.​Лучына, Ф.​Багушэвіч і інш.), 20 ст. (Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч, А.​Гарун, М.​Танк, А.​Куляшоў, П.​Броўка, П.​Панчанка і інш.) — імкнулася выяўляць зменлівы духоўны свет народа, яго мары, пачуцці, жаданні. Разнастайны і глыбокі змест увасабляўся ва ўсёй мнагастайнасці асн. жанраў і відаў, што выпрацавала еўрап. паэзія. Некаторыя віды і жанры лірычнага верша з’яўляліся ў бел. паэзіі раней, чым, напр., у рас. і ўкр. (радковы лагаэд у Я.​Купалы, шаснаццацірадковік у Куляшова, сатыр. замовы ў Н.​Гілевіча, вянок вянкоў санетаў у З.​Марозава і г.д.). Гл. таксама Паэзія.

Літ.:

Гніламёдаў У.​В.​Лірыка // Сучасная беларуская паэзія. Мн., 1970;

Поспелов Г.Н. Лирика. М., 1976;

Ярош М.Р., Бечык В.Л. Беларуская савецкая лірыка. Мн., 1979;

Шпакоўскі І.С. Тыпізацыя ў лірыцы: Формы і сродкі Мн., 1980.

В.​П.​Рагойша.

т. 9, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)