ВО́ДНАЯ ЭНЕ́РГІЯ, гідраэнергія,

энергія вады, якая рухаецца ў патоках па зямной паверхні або назапашана ў азёрах і вадасховішчах, што знаходзяцца на некаторай вышыні над узр. м. Выкарыстоўваецца ў гідраэнергетыцы; выражаецца ў кілаватах. Адрозніваюць поўную або кадастравую магутнасць воднай энергіі, якая залежыць ад расходу, вышыні падзення і ўдзельнай шчыльнасці вады, і тэхн. магчымую для выкарыстання. Энергетычныя рэсурсы рэк Беларусі адносна невялікія: поўная (патэнцыяльная) энергія іх каля 1 млн. кВт, або 7,5 млрд. кВтгадз за год. Тэхн. рэсурсы складаюць 2,5—3 млрд. кВтгадз за год.

т. 4, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕЗАПА́ЎЗА [ад мез(а)... + паўза],

пераходны слой атмасферы паміж мезасферай і тэрмасферай на выш. каля 80 км. Супадае з узроўнем мінім. т-ры. На гэтай вышыні назіраюцца серабрыстыя воблакі.

т. 10, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРАСТА́ТЫКА,

раздзел аэрамеханікі, які вывучае раўнавагу газападобных асяроддзяў. Асн. задача аэрастатыкі — даследаванне залежнасці ціску атмасферы ад вышыні, а таксама сілы, якая дзейнічае на целы, што плаваюць у паветры.

т. 2, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУКЕНА́Н (Cuquenán),

вадаспад у Венесуэле, на р. Кукенан (прыток р. Карані) на Гвіянскім пласкагор’і. Выш. падзення вады 610 м (другі па вышыні ў Паўд. Амерыцы пасля вадаспада Анхель).

т. 8, с. 568

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЯРЭ́ННЕ самалёта,

аэрадынамічныя паверхні, прызначаныя для забеспячэння ўстойлівасці і кіроўнасці самалёта. Бывае вертыкальнае (нерухомы кіль з рухомым рулём напрамку) і гарызантальнае (нерухомы ці рухомы стабілізатар з рухомым рулём вышыні або рухомы стабілізатар без руля). Асн. тыпы апярэння: аднакілевае з ніжнім размяшчэннем гарыз. апярэння (звычайнае), T- і V-падобнае, двухкілевае. Звычайна апярэнне размяшчаюць на хваставой частцы фюзеляжа. Ёсць таксама самалёты толькі з верт. апярэннем на канцах крыла, з гарыз. на пярэдняй частцы фюзеляжа і інш.

Апярэнне самалёта: а — звычайнае; б — T-падобнае; в — двухкілевае; 1 — стабілізатар; 2 — руль вышыні; 3 — кіль; 4 — руль напрамку.

т. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАНЁР (франц. planeur ад planer лятаць),

безматорны кіравальны лятальны апарат, цяжэйшы за паветра. Здольны планіраваць у паветры, ляцець гарызантальна, лунаць і набіраць вышыню. Можа пераадольваць адлегласці больш за 1000 км, дасягаць вышыні 14 км; скорасць палёту — да 250 км/гадз. П. падымаюць у паветра самалётам ці пускаюць яго са схілу гары і ён набывае скорасць для стварэння падымальнай сілы крыла. Працягласць палёту ў спакойным паветры залежыць ад вышыні, на якую падняты П. Вырабляюць з лёгкіх сплаваў металаў і пластмас масай да 500 кг. Выкарыстоўваюцца пераважна ў спорце і навуч. практыцы пілатавання.

Планёр «Янтар 2» (Польшча).

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНТАГРА́МА (ад грэч. pente пяць + gramma лінія),

правільны выпуклы пяцівугольнік, на старанах якога пабудаваны роўнабаковыя трохвугольнікі аднолькавай вышыні. Можа быць утворана прадаўжэннем старон правільнага пяцівугольніка. або яго дыяганалямі. У сярэднявеччы — магічны знак.

т. 12, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІВЕЛІ́РНАЯ СЕ́ТКА,

сукупнасць пунктаў зямной паверхні, для якіх вышыні вызначаны нівеліраваннем (геаметрычным); вышынная апорная геадэзічная сетка. Вышыні вызначаюцца паводле прынятай у краіне сістэме вышынь над узроўнем мора. Пункты Н.с. замацоўваюць нівелірнымі маркамі і рэперамі. Паводле дакладнасці Н.с. падзяляюцца на 4 класы. Дакладнасць 1-га класа 0,5 мм на 1 км нівелірнага ходу, 2-га класа — 5 мм на 1 км, 3-га класа — 10 мм на 1 км, 4-га класа — 20 мм на 1 км. Н.с. Беларусі з’яўляецца састаўной часткай Н.с. краін СНД, лік вышынь якой вядзецца паводле Балтыйскай сістэмы вышынь ад нуля Кранштацкага футштока. Гл. таксама Геадэзічныя знакі, Геадэзічныя пункты.

П.​П.​Явід.

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНЫ ІНДЫКА́ТАР,

прыстасаванне для адлюстравання радыёлакацыйнай інфармацыі ў яркаснай, графічнай або лічбавай форме. Дае інфармацыю пра наяўнасць цэлей, іх каардынатах (далёкасці, азімуце, вышыні), пра змены гэтых каардынат у часе і прасторы, пра характарыстыкі цэлей (тып, памеры, колькасць і інш.).

Р.і. выкарыстоўваюцца таксама для атрымання дадатковай інфармацыі, неабходнай для кіравання аб’ектам, які абслугоўваецца радыёлакацыйнай станцыяй. Напр., на Р.і. самалётных станцый могуць дадаткова паказвацца даныя аб вышыні і скорасці палёту, становішчы самалёта адносна лініі гарызонту, колькасці паліва ў баках, стане агрэгатаў самалёта і інш. У Р.і. выкарыстоўваюцца прыёмныя злектронна-прамянёвыя трубкі (чорна-белага або каляровага відарыса), святлодыёдныя, электралюмінесцэнтныя і газаразрадныя індыкатары, вадкакрышталічныя і інш. індыкатары.

т. 13, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁВЫШЫНЯМЕ́Р, радыёальтыметр,

прылада для вызначэння вышыні палёту лятальнага апарата з дапамогай радыёхваль. Вышыню палёту вызначаюць, напр., па прамежку часу паміж пасылкай перадатчыкам і вяртаннем адбітага ад зямной паверхні імпульснага сігналу ў прыёмнік лятальнага апарата (гл. Радыёлакацыя).

т. 13, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)