КРЫВА́ВАЯ ПО́МСТА,
звычай, што склаўся пры радавым ладзе як універсальны сродак абароны гонару, годнасці і маёмасці роду. Заключаўся ў абавязку родных забітага адпомсціць забойцу або яго родным. К. п. забаранялася, калі забойства было ўчынена па неасцярожнасці або выпадкова. К. п. існавала ў многіх краінах і рэгіёнах, а ў некаторых з іх (Албанія, Сербія, Паўд. Італія, Корсіка, Японія і інш.) захавалася да 20 ст. У Расійскай імперыі найдаўжэй захоўвалася ў некаторых народаў Каўказа і Сярэдняй Азіі.
т. 8, с. 493
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫРЦЭ́Я, Кірка,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфа-чараўніца. Лічылася дачкой Геліяса, жыла ў раскошным палацы сярод лясоў в-ва Эя. Калі на востраў трапіў Адысей, Ц. ператварыла яго спадарожнікаў у свіней, а яго самога цэлы год трымала каля сябе. Адысей хітрасцю пераадолеў чары Ц. і прымусіў яе зноў ператварыць яго спадарожнікаў у людзей, пасля чаго пакінуў з імі востраў. Ад сувязі Адысея з Ц. нарадзіўся сын Тэлегон, які пазней выпадкова забіў не пазнанага ім бацьку.
т. 17, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКЗО́ТЫ (ад грэч. exōtikos чужы, іншаземны),
віды раслін і жывёл, нязвычныя для мясц. флоры і фауны. Трапляюць у геаграфічна аддаленыя экасістэмы выпадкова ці ў выніку інтрадукцыі. Звычайна сустракаюцца ў бат. садах, аранжарэях, заапарках, экзатарыумах і інш. (напр., лімоны, ананасы, кактусы; малпы, страусы, папугаі і інш.), дзе ім ствараюцца штучныя экалагічныя ўмовы. Некат. Э. вельмі пашырыліся ў культуры і дзікай прыродзе, сталі звычайнымі відамі (напр., бульба, памідоры, лістоўніца сібірская; каларадскі жук і інш.).
т. 18, кн. 1, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Існаваў у 1893—1919 у Віцебску. Засн. Е.Р.Раманавым і А.П.Сапуновым. Першыя экспанаты сабраны ў Віцебску. Папаўняўся выпадкова знойдзенымі рэчамі і матэрыяламі археал. раскопак на Віцебшчыне. У 1905 было 1247 экспанатаў, у т. л. творы бел. мастакоў 17—18 ст., узоры нар. разьбы па косці і дрэве, манеты, медалі, царк. начынне і інш. Найб. каштоўнасць мелі рукапісныя кнігі і дакументы ўстаноў Полацкай епархіі, апісаныя Сапуновым у кн. «Архіў Полацкай духоўнай кансісторыі» (1898). У 1919 большасць матэрыялаў перададзена Віцебскаму губ. музею (гл. Віцебскі абласны краязнаўчы музей).
Л.Дз.Клок.
т. 4, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСАЧО́Ў Іван Міхайлавіч (н. 13.1.1948, в. Шаўцова Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне аўтаматычнага кіравання. Д-р тэхн. н. (1991). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. зенітнае ракетнае вучылішча ППА (1973), дзе і працаваў з 1989. У 1993 у Ваеннай акадэміі Беларусі. Навук. працы па тэорыі аўтаматычнага кіравання, тэорыі дынамічных сістэм з выпадкова зменнай структурай, сістэм аўтаматызаванага праектавання, тэорыі выпрабаванняў і ацэньвання эфектыўнасці ўзбраення войск ППА, зенітных ракетных комплексаў і сістэм.
Тв.:
Аналитическое моделирование стохастических систем. Мн., 1993 (разам з М.Г.Ерашэнкавым).
т. 8, с. 140
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАУНІСТЫ́ЧНЫ КАДА́СТР,
сістэматызаваны збор звестак аб сукупнасці відаў дзікіх жывёл, якая гістарычна-эвалюцыйна склалася на пэўнай тэрыторыі (акваторыі). Аб’ект уліку — жывёлы, што пастаянна, часова або выпадкова існуюць у стане натуральнай свабоды на тэр. краіны. Уключае звесткі пра катэгорыі колькасці і распаўсюджанасці віду, гасп. статус, тэндэнцыі змены стану. Прызначаны для інфармавання пра аб’екты жывёльнага свету з мэтай захавання іх біял. разнастайнасці, кантролю за зменамі ў жывёльным свеце, распрацоўкі мер па рацыянальным выкарыстанні дзікіх жывёл і ўзнаўленні рэдкіх і знікаючых відаў і інш.
П.І.Лабанок.
т. 16, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЦЁМ’ЕЎ Валянцін Міхайлавіч (н. 15.5.1934, г. Масква),
вучоны ў галіне радыёэлектронікі. Чл.-кар. АН Беларусі (1989), д-р тэхн. н. (1974), праф. (1976). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1977). Скончыў Мінскае вышэйшае інж. радыётэхн. вучылішча (1956), дзе і працаваў. З 1987 дырэктар, з 1993 заг. лабараторыі Ін-та прыкладной фізікі АН Беларусі. Навук. працы ў галіне аўтам. кіравання. Распрацаваў тэорыю дынамічных сістэм з выпадкова зменнай структурай.
Тв.:
Оптимизация динамических систем случайной структуры. М., 1980 (разам з Г.Я.Казаковым);
Основы автоматического управления. М., 1986;
Локационные системы роботов: Справ. пособие. Мн., 1988;
Анализ систем случайной структуры. Мн., 1993.
т. 1, с. 535
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАБІЯЦЭНО́З (ад палеа... + біяцэноз), палеацэноз,
прыродная сукупнасць выкапнёвых арганізмаў, якія жылі разам і стваралі пэўны біяцэноз. Ад сучаснага біяцэнозу адрозніваецца адсутнасцю рэшткаў бесшкілетных арганізмаў, якія не маглі зберагчыся ў выкапнёвым стане, і наяўнасцю рэшткаў арганізмаў, якія выпадкова занесены ў месцы пахавання. Рэканструкцыя П. праводзіцца шляхам палеаэкалагічнага аналізу арыктацэнозу (комплекс акамянеласцей) і тафацэнозу (збор рэшткаў жывёл і раслін, што захаваліся і пакрыліся асадкамі). Вынікі вывучэння П. выкарыстоўваюцца пры складанні палеагеагр. карт. На Беларусі вывучэнне П. праводзіцца ў Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі і Бел. геолагаразведачным НДІ. Гл. таксама Танатацэноз.
А.М.Петрыкаў.
т. 11, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАНСДУ́КЦЫЯ (ад лац. transductio перамяшчэнне),
перадача генет. матэрыялу ад адной бактэрыі (донара) да другой (рэцыпіента) з дапамогай бактэрыяфага. Існуе ў многіх бактэрый: сальманел, шыгел, бацыл, актынаміцэтаў і інш. Умераныя фагі (бактэрыяфагі) у працэсе вегетатыўнага размнажэння здольныя выпадкова захопліваць і пераносіць у інш. клеткі любы ўчастак ДНК бактэрый, што яны разбураюць. У гэтым выпадку ўласная ДНК фага замяняецца на аналагічны па памерах фрагмент бактэрыяльнай храмасомы, які можа мець некалькі генаў. Пры чарговым заражэнні фагам бактэрыі ўчастак храмасомы донара пераносіцца ў клетку рэцыпіента. Выкарыстоўваецца ў генетыцы бактэрый пры складанні генет. карт, для аналізу іх генет. структуры і функцыі.
т. 15, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРНІТАФА́УНА (ад арніта... + фауна), авіфауна,
гістарычна сфарміраваная сукупнасць відаў птушак пэўнай мясцовасці, краіны або геал. перыяду. Сусветная арнітафауна аб’ядноўвае каля 8,6 тыс. відаў. На Беларусі 18 атр., каля 300 відаў і падвідаў. Найб. пашыраны вераб’інападобныя — 92 віды. Сучасныя рысы набыла ў пасляледавіковы перыяд. Эндэмікі адсутнічаюць. Мяшаная, паходзіць ад еўрапейскага (птушкі шыракалістых лясоў), сібірскага (птушкі цемнахвойных лясоў) і міжземнаморскага (птушкі хмызнякоў і адкрытых прастораў) тыпаў фаун. Найб. колькасць відаў (81) гняздуецца ў лясах, 52 віды — прыбярэжна-водныя. 224 віды гняздуюцца, 66 — мігранты або выпадкова залётныя, 9 трапляюцца толькі зімой. Паляўнічыя віды: цецярук, слонка, бакас, дупель, глушэц, рабчык, крыжанка, чыркі, шэрая курапатка і інш. У Чырв. кнізе Беларусі 75 відаў.
т. 1, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)