ЗАЛАЖЭ́ННЕ СХІ́ЛАЎ, залажэнне гарызанталей,

адлегласць паміж дзвюма сумежнымі гарызанталямі на тапаграфічнай карце або плане, што дазваляе вызначыць стромкасць схілаў у патрэбным месцы без назіранняў на мясцовасці. Залежыць ад стромкасці схілаў і прынятай для карты вышыні сячэння. Чым больш стромы схіл на мясцовасці, тым меншая адлегласць паміж гарызанталямі на карце (пры аднолькавай вышыні сячэння).

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШУМАПЕЛЕНГА́ТАР,

прылада для выяўлення крыніцы гуку (шуму) і вызначэння напрамку на яго (гл. Пеленгацыя). Мае прыёмную акустычную сістэму, узмацняльнік і індыкатарную сістэму. Група Ш., размешчаных у розных пунктах, дазваляе вызначыць месцазнаходжанне крыніцы гуку адначасовым пеленгаваннем. Ш. выкарыстоўваюцца ў асн. у гідралакацыі; бываюць карабельныя, верталётныя і стацыянарныя, працуюць у дыяпазонах гукавых, інфра- і ультрагукавых частот.

т. 17, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНЫ ФУНКЦЫЯНА́Л,

абагульненне паняцця лінейнай формы на лінейныя прасторы Л.ф. f на лінейнай наміраванай прасторы E наз. лікавая функцыя f(x), якая вызначана для ўсіх x з E і мае ўласцівасці неперарыўнасці і лінейнасці. Сукупнасць усіх Л.ф. дадзенай прасторы пераўтвараецца ў лінейную нарміраваную прастору, калі вызначыць натуральным чынам складанне Л.ф. і іх множанне на лікі. Гл. таксама Функцыянальны аналіз.

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁМАЯ́К,

пераважна наземная, размешчаная ў пэўным геагр. пункце (з вядомымі каардынатамі) перадавальная радыёстанцыя, па радыёсігналах якой на борце судна, самалёта і інш. рухомага аб’екта можна вызначыць напрамак на яе (пеленг). Адрозніваюць амплітудныя (найб. пашыраныя), фазавыя, частотныя і інш. Р.; накіраванага (даюць магчымасць пеленгацыі толькі з пэўных напрамкаў, курсаў, зон) і ненакіраванага (пеленгуюцца з любых напрамкаў) дзеяння.

т. 13, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІ́ЧНАЕ РАЗВІЦЦЁ,

сукупнасць марфал. і функцыян. прыкмет арганізма, якія дазваляюць вызначыць запас яго фіз. сіл, вынослівасць, працаздольнасць; адзін з паказчыкаў стану здароўя насельніцтва. Характарызуецца масай і формай цела, станам нерв. рэгуляцыі і інш. Залежыць ад біял. фактараў (спадчыннасць, зменлівасць), ад комплексу сац., эканам., гігіенічных і інш. умоў навакольнага асяроддзя. Пад уплывам неспрыяльных фактараў Ф.р. зніжаецца. Гл. таксама Акселерацыя, Антрапаметрыя.

т. 16, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯПСІ́Я (ад бія... + грэч. opsis разгляданне),

дыягнастычная аперацыя выразання пробнага кавалачка хваравіта змененай тканкі жывога арганізма з далейшым мікраскапічным даследаваннем для вызначэння характару паталагічнага працэсу (запаленне, пухліна і інш.). Біяпсія ў час хірург. аперацыі (тэрміновая) дае магчымасць удакладніць клінічны дыягназ і вызначыць межы пашкоджання. Разнавіднасць біяпсіі — біяпункцыя, пры дапамозе якой ацэньваюць характар змянення ўзятых для даследавання клетак, вадкіх тканак (напр., спіннамазгавой вадкасці).

т. 3, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁПЕЛЕНГА́ЦЫЯ,

вызначэнне напрамку на крыніцу радыёвыпрамянення; від пеленгацыі. Ажыццяўляецца з дапамогай радыёпеленгатараў. выкарыстанне 2 радыёпеленгатараў, размешчаных на адлегласці адзін ад аднаго, дазваляе вызначыць каардынаты пеленгаванага аб’екта, а Р. 2 ці больш крыніц радыёвыпрамянення — каардынаты аб’екта, з якога вядзецца Р. Пры Р. вымяраюцца вуглы паміж напрамкам на пеленгаваны аб’ект і асн. плоскасцямі, прынятымі за пачатак адліку. У караблеваджэнні абмяжоўваюцца вымярэннем пеленга (радыёпеленгаванне).

т. 13, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕСІ́ЙНАЯ АРЫЕНТА́ЦЫЯ,

аказанне дапамогі асобе ў выбары прафесіі; вызначэнне асобай віду працоўнай дзейнасці. Дае магчымасць асобе усвядоміць свае схільнасці і здольнасці да пэўнага віду дзейнасці, вызначыць каналы і сродкі набыцця ведаў, уменняў і навыкаў для авалодання прафесіяй. Складаецца з 3 этапаў: падрыхтоўчага (прафес. асвета, аналіз схільнасцей і здольнасцей), асноўнага (фарміраванне інтарэсаў да канкрэтнага віду прафес. адукацыі і дзейнасці), завяршальнага (вызначэнне ступені адпаведнасці асобы патрабаванням прафесіі).

т. 13, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ СУ́МА,

велічыня, адваротная нарміравальнаму множніку кананічнага Гібса размеркавання ў квантавай статыстычнай фізіцы. С.с. Ƶ = Σ exp (-Ei/kT), дзе Ei — энергія сістэмы ў i-тым квантавым стане, k — Больцмана пастаянная, T — абс. т-ра. Складанне праводзіцца па ўсіх дапушчальных (у т. л. з аднолькавай энергіяй) станах. С.с. дазваляе вызначыць патэнцыялы тэрмадынамічныя сістэмы ў залежнасці ад т-ры, аб’ёму, колькасці часціц і характару іх узаемадзеяння.

т. 15, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭНЦЫЯ́ЛЫ ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНЫЯ,

функцыя аб’ёму (V), ціску (p), тэмпературы (T), энтрапіі (S), колькасці часціц у сістэме (N) і інш. макраскапічных параметраў, што характарызуюць стан тэрмадынамічнай сістэмы. Да П.т. адносяць унутраную энергію (U), энтальпію (H), энергію Гельмгольца (F; свабодная энергія, ізахорна-ізатэрмічны патэнцыял), энергію Гібса (G; ізабарна-ізатэрмічны патэнцыял) і інш.

Кожнаму П.т. адпавядае набор параметраў стану. Выбар П.т. для апісання сістэмы абумоўлены наборам незалежных параметраў, што вызначаюць стан сістэмы. Дыферэнцаваннем П.т. як функцыі незалежных параметраў можна вызначыць усе астатнія параметры, што характарызуюць сістэму. У найпрасцейшых выпадках П.т. з’яўляюцца функцыямі 2 незалежных параметраў: U = U(S, V), H = H(S, p) F = F(T, V), G = G(T, p). У больш агульным выглядзе П.т. залежыць ад колькасці часціц (у сістэмах з пераменнай колькасцю часціц уводзіцца хімічны патэнцыял), а таксама ад набору абагульненых каардынат (напр., калі сістэма знаходзіцца ў эл. ці магн. полі). П.т. звязаны паміж сабой суадносінамі: F = U − TS, H = U + pV, G = F + pV. П.т. карыстаюцца пераважна для апісання раўнавагі тэрмадынамічнай. Веданне якога-н. П.т. як функцыі поўнага набору параметраў дазваляе вызначыць усе тэрмадынамічныя характарыстыкі сістэмы і атрымаць ураўненне стану. Гл. таксама Тэрмадынаміка.

Л.​А.​Рот.

т. 12, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)