БЁРДА,

адно з асноўных рабочых прыстасаванняў ткацкага станка. Мае выгляд грэбеня з вузкімі метал. пласцінкамі, замацаванымі ў драўляных або металічных планках. Служыць для раўнамернага размеркавання ніткі асновы, якая праходзіць паміж пласцінкамі па шырыні тканіны.

т. 3, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РМІЦА,

дэталь засцерагальнага ўзбраення сярэдневяковага воіна 12—17 ст. Мела выгляд кальчужнага палатна-прывескі, якое прымацоўвалася да шлема-шышака або місюркі (разнавіднасць шлема). Барміца прыкрывала патыліцу, шыю, вушы, плечы і лапаткі воіна ад удараў халоднай зброяй.

т. 2, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ФЫ (ад ням. Haff лагуна, возера),

назва лагун ў вусцевых участках рэк на паўд. узбярэжжы Балтыйскага м. Утвараюцца ў выніку дзейнасці прыбярэжных цячэнняў і прыбою. Маюць выгляд паўзамкнёнага лімана, які аддзелены ад мора астравамі або пясчанымі косамі.

т. 5, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДЫЁІДА (ад кардыя... + грэч. eidos выгляд),

плоская алгебраічная лінія, якая апісваецца пунктам М. акружнасці радыуса г, што коціцца па акружнасці з тым жа радыусам. К. з’яўляецца канхоідай акружнасці і прыватным выпадкам эпіцыклоіды. Гл. Гіпацыклоіда і эпіцыклоіда.

Кардыёіда.

т. 8, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНАЯ ФО́РМА,

аднародны мнагачлен 1-й ступені ад n пераменных x1, x2, ..., xn. Мае агульны выгляд a1x1 + a2x2 + ... + anxn , a1, a2, ..., an — пастаянныя. Гл. таксама Форма ў матэматыцы.

т. 9, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСПЕ́КТ (ад лац. aspectus погляд, выгляд),

1) пункт погляду, з якога разглядаюцца прадметы, паняцці, з’явы; разуменне чаго-н. у пэўнай плоскасці.

2) У экалогіі — знешні выгляд расліннага згуртавання (фітацэнозу) у залежнасці ад пары года і відавога складу раслін. Ствараецца з агульнага фону расліннасці. Адрозніваюць аспект сезонны (па сезонным стане расліннасці) і аспект прыватны (паводле віду пераважных раслін, якія цвітуць або пладаносяць). Аспект наз. звычайна па афарбоўцы раслін, якія пераважаюць (напр., блакітны Аспект незабудкі, залаціста-жоўты аспект адонісу, буры аспект лісця высахлай асакі). Звычайна аспекты фітацэнозаў пастаянныя на працягу шэрагу гадоў і парушаюцца толькі ў гады масавага цвіцення або плоданашэння асобных відаў. Змена аспектаў рэгіструецца метадам каляровай фатаграфіі з зямлі або з космасу.

т. 2, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЧЫ́ЛЬНІКІ,

прылада для арыфм. вылічэнняў (складання і аднімання). Маюць прамавугольную раму з папярочнымі пруткамі з рухомымі круглымі костачкамі. Выкарыстоўваюцца для простай лічыльнай работы і як наглядны дапаможнік.

Кожны пруток з 10 костачкамі адыгрывае ролю дзесятковага разраду ліку. Першакрыніцай Л. з’яўляецца т. зв. дашчанае лічэнне, якое ўзнікла ў Расіі ў 16 ст. З пераходам да арабскіх лічбаў у канцы 17 — пач. 18 ст. Л. набылі сучасны выгляд з захаваннем аднаго няпоўнага раду. Кітайскія Л. (суан-пан), якімі карыстаюцца таксама ў Індакітаі і Японіі, захавалі свой стараж. выгляд с падлікам адзінак у кожным разрадзе па 5, а затым пяцёркамі. Гл. таксама Абак.

Лічыльнікі: а — сучасныя; б — дашчанае лічэнне (паводле чарцяжа 17 ст.); в — суанпан (кітайскія лічыльнікі).

т. 9, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІГАНА́ЛЬНЫЯ ЎТВАРЭ́ННІ,

формы мікра- і мезарэльефу, якія ўзнікаюць пры маразабойным растрэскванні тонкадысперсных грунтоў у палярных і субпалярных абласцях. Маюць выгляд многавугольнікаў або прамавугольнікаў. Найб. П.ў. сустракаюцца ў тундравай зоне, дзе маразабойныя трэшчынныя палігоны дасягаюць некалькіх сотняў у папярочніку.

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКО́Т,

старадаўняя канструкцыя страхі сял. хат і гасп. пабудоў на Беларусі. Бярвёны тарцовай сцяны вышэй верхняга вянка зруба паступова ўкарочваліся, сцяна набывала выгляд ступеньчатага трохвугольніка. На выступы клалі падстрэшныя жэрдкі-латы, якія служылі асновай страхі.

Страха закотам: 1 — лемягі; 2 — латы.

т. 6, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНОГАКАРЭ́ННІК (Spirodela),

род кветкавых раслін сям. раскавых. 4 віды. Пашыраны ва ўмераных і трапічных паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 1 від — М. звычайны (S. polyrhiza). Трапляецца ў стаячай і павольнай вадзе азёр, сажалак, канаў.

М. звычайны (травяністая водная расліна) нагадвае маленькі ліст, які плавае на паверхні вады. Недаразвітае сцябло (лісцец) у выглядзе пласцінкі даўж. 3—10 мм і шыр. 1,2—8 мм круглаватай формы, знізу часта чырв. ці чырванавата-фіялетавае, мае з бакоў маленькія лускавінкі (недаразвітае лісце). Каля асновы лісцяца знаходзяцца 2 вузкія кішэнькі, у іх закладваюцца вегетац. пупышкі, часам развіваюцца суквецці, знізу пучкамі адыходзяць фіялетава-пурпуровыя ніткападобныя карэньчыкі (адсюль назва). Кветкі аднаполыя, без калякветніка. Плод — 1—6-насенны.

Многакарэннік звычайны. Калоніі раслін: 1 — выгляд знізу; 2 — выгляд зверху.

т. 10, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)