ІДЗАНА́КІ І ІДЗАНА́МІ,

у японскай міфалогіі і рэлігіі сінта вышэйшыя багі (муж і жонка), апошнія з 5 пакаленняў багоў, якія з’яўляліся на свет парамі; першыя багі, якія мелі антрапаморфнае аблічча і маглі нараджаць іншых багоў. І. і І. стварылі сярэдні слуп Зямлі і Японскія а-вы, нарадзілі многіх багоў і багінь, у т. л. багіню Сонца Аматэрасу, бога ночы і Месяца Цукуёмі, бога ветру і вады Сусанаа.

І. і І. стварылі сярэдні слуп Зямлі і Японскія а-вы, нарадзілі многіх багоў і багінь, у т. л. багіню Сонца Аматэрасу, бога ночы і Месяца Цукуёмі, бога ветру і вады Сусанаа.

т. 7, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУК (Cook) Джэймс (27.10.1728, Мартан, каля г. Мідлсбра, Вялікабрытанія — 14.2.1779),

англійскі мараплавец.

Узначаліў 3 кругасветныя плаванні. У час першай экспедыцыі (1768—71) на караблі «Індэвар» прыбыў на в-аў Таіці, нанёс на карту а-вы Таварыства, даследаваў Новую Зеландыю і праліў паміж Паўночным і Паўднёвым яе а-вамі, адкрыў Вял. Бар’ерны рыф і ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі, якое пад назвай Новы Паўд. Уэльс абвясціў брыт. уладаннем. У час другога плавання (1772—75) на караблі «Рэзальюшэн» у пошуках Паўд. мацерыка дасягнуў шыр. 71°10′, адкрыў і даследаваў а-вы Новая Каледонія, Паўд. Сандвічавы, Паўд. Георгія і інш. У час трэцяй экспедыцыі (1776—79) на караблях «Рэзальюшэн» і «Дыскаверы» даследаваў берагі Канады, Аляскі і Камчаткі, адкрыў Гавайскія а-вы, дзе быў забіты ў сутычцы з мясц. насельніцтвам. Яго імем названа больш за 20 геагр. аб’ектаў, у т. л. гара на в-ве Паўднёвым у Новай Зеландыі (гл. Кука гара), праліў паміж Паўночным і Паўднёвым а-вамі Новай Зеландыі (гл. Кука праліў), 2 групы астравоў у Ціхім ак. (гл. Кука астравы), заліў каля берагоў Аляскі (гл. Кука заліў) і інш.

Дж.Кук.

т. 8, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГЕНВІ́ЛЬ (Bougainville) Луі Антуан дэ (11.11.1729, Парыж — 31.8.1811),

французскі мараплавец. У 1763—65 даследаваў Фалклендскія а-вы. У 1766—69 на караблях «Будзёз» і «Этуаль» узначаліў 1-ю франц. кругасветную экспедыцыю, у час якой адкрыў (1768) у Ціхім ак. некалькі астравоў у архіпелагах Туамоту і Луізіяда. Паўторна адкрыў Саламонавы а-вы, да якіх даплыў у 1568 іспанец А.​Менданья дэ Нейра (з таго часу іх не ўдавалася выявіць). Сваё плаванне апісаў у кнізе «Кругасветнае падарожжа» на фрэгаце «Будзёз» і транспарце «Этуаль» у 1766—69 гадах» (1771). Яго імем названы в-аў Бугенвіль у групе Саламонавых а-воў і расліна бугенвілея.

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКРАНЕ́ЗІЯ,

адна з асноўных астраўных груп у Акіяніі (каля 1500 дробных астравоў), у зах. ч. Ціхага ак., гал. ч. на Пн ад экватара. Уключае Марыянскія астравы, Каралінскія астравы, Маршалавы астравы, Гілберта астравы, а-вы Ошэн, Банаба, Науру і інш. Пл. 2,6 тыс. км². Нас. каля 500 тыс. ж. (1998). Карэннае нас. — мікранезійцы. Жывуць таксама амерыканцы, англічане, філіпінцы, кітайцы. Большая ч. а-воў — атолы, астатнія вулканічнага паходжання; самы буйны в-аў Гуам. На Марыянскіх а-вах ёсць дзеючыя вулканы. Клімат экватарыяльны і субэкватарыяльны. Сярэднія месячныя т-ры ад 26 °C да 28 °C. Ападкі ад 2000 да 6000 мм выпадаюць раўнамерна на працягу ўсяго года. Частыя трапічныя цыклоны (раён Каралінскіх а-воў). Прыроднае покрыва на вулканічных астравах складаюць вечназялёныя трапічныя лясы, радзей — саванны. Расліннасць на каралавых астравах бедная. Буйныя млекакормячыя жывёлы на М. адсутнічаюць. Найбольш пашыраны пацукі, лятучыя мышы, розныя віды яшчарак, птушкі. Трапічнае земляробства; рыбалоўства. Плантацыі цукр. трыснягу, рысу. Радовішчы баксітаў, фасфарытаў (Каралінскія а-вы), здабыча фасфатаў (на в-ве Науру). На а-вах М. размешчаны дзяржавы: Маршалавы Астравы, Мікранезія (Федэратыўныя Штаты Мікранезіі), Науру, Палау, Паўночныя Марыянскія Астравы, асн. частка дзяржавы Кірыбаці (а-вы Гілберта), уладанне ЗША Гуам.

т. 10, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДАГАГІ́ЧНЫЯ ТАВАРЫ́СТВЫ,

грамадскія арг-цыі асветнага, навук., дабрачыннага, місіянерскага характару. Узніклі ў Расіі ў канцы 18 — пач. 19 ст. Мелі на мэце пашырэнне пісьменнасці і асветы, удзел у распрацоўцы актуальных праблем тэорыі і практыкі, навучання і выхавання, садзейнічанне розным відам пазашкольнай, жаночай і прафесійнай адукацыі. На Беларусі П.т. ўзніклі ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Віцебску (1897), Мінску (1901), Магілёве (1901), Брэсце і Гродне (1907). Магілёўскае П.т. мела філіялы ў Быхаве, Гомелі, Горках, Калінкавічах, Мсціславе, Оршы, Рагачове, Чавусах і Чэрыкаве (1909—10). Т-вы займаліся распаўсюджваннем метадаў і прыёмаў навучання і выхавання, перадавых пед. ідэй, абменам вопытам выкладчыцкай працы, папулярызацыяй падручнікаў і дапаможнікаў, павышэннем кваліфікацыі настаўнікаў. У пач. 20 ст. некат. т-вы выдавалі часопісы: «Педагогическое дело», «Белорусский учитель» і «Белорусский учительский вестник». У 1972 створана рэсп. П.т. У канцы 1980 — пач. 1990-х г. узніклі новыя т-вы, якія займаюцца пытаннямі беларускамоўнага навучання і выхавання, рознымі аспектамі пед. дзейнасці: Таварыства беларускай мовы імя Ф.​Скарыны (з 1989), Гарадскі бацькоўскі к-т беларускамоўных школ і класаў Мінска (з 1988), Бел. асацыяцыя дырэктараў школ (з 1989), Асацыяцыя бел. настаўнікаў (з 1991), Т-ва бел. школы (з 1996) і інш.

А.​Ю.​Лозка, М.​Р.​Марчанка.

т. 12, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНКІ́ЎСКІ ПЕ́ВЕНЬ (Gallus gallus),

птушка сямейства фазанавых. Пашыраны ў Індыі і Паўд.-Усх. Азіі. У прыручаным стане завезены на Яву, Філіпінскія а-вы, Новую Гвінею і а-вы Палінезіі, дзе месцамі здзічэў. Жыве ў лясных і кустовых джунглях у гарах і на раўнінах.

Даўж. цела да 66 см, маса самцоў 0,9—1,25 кг, самак 0,5—0,75 кг. Афарбоўка самца чырвона-залацістая на спінным баку і чарнавата-бурая на брушным, самкі бураватыя. У самца высокі мясісты грэбень на галаве, голыя шчокі і 1 або 2 вушныя лопасці, або «завушніцы». Гняздо на зямлі ў паглыбленнях. Корміцца насеннем, зернем, часткамі раслін і насякомымі. Ад банкіўскага пеўня паходзяць шматлікія пароды свойскіх курэй.

Банкіўскі певень.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЕКТЫ́ЎНАЕ САДО́ЎНІЦТВА,

від калектыўнага землекарыстання, пры якім грамадзяне аб’ядноўваюцца ў садоўніцкія т-вы (кааператывы). Садзейнічае ўвядзенню ў гасп. карыстанне зямельных няўдобіц, з’яўляецца сродкам больш рацыянальнага выкарыстання зямельных рэсурсаў. Асн. задача — стварэнне садоў і агародаў для задавальнення патрэб членаў т-ва і іх сем’яў у садавіне і агародніне, а таксама для адпачынку, прац. выхавання дзяцей і інш. На Беларусі садоўніцкія т-вы дзейнічаюць у адпаведнасці з тыпавым статутам. Зямельны ўчастак пад К.с. даецца ў бестэрміновае карыстанне арг-цыі, пры якой створана т-ва, або непасрэдна т-ву. Усе работы ў калектыўным садзе выконваюць члены т-ва і іх сем’і, за выключэннем тых, што павінны рабіць спецыялісты. У 1998 на Беларусі больш за 672 тыс. т-ваў.

т. 7, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́.

У Карыбскім м., усх. і паўд. часткі архіпелага Антыльскія астравы ў Вест-Індыі. Уключаюць: Віргінскія а-вы, Наветраныя і Падветраныя а-вы, в-аў Барбадас. Агульная пл. каля 14 тыс. км². Нас. каля 3,4 млн. чал. (1990). Для астравоў знешняга ланцуга (частка Віргінскіх а-воў, Антыгуа, Барбуда і інш.), якія абмывае Атлантычны ак., характэрны нізкія вапняковыя плато. Астравы ўнутр. ланцуга, якія акаймоўваюць з У Карыбскае м., складзены пераважна з вулканічных парод (вулканічныя конусы ўздымаюцца да выш. 1467 м; дзеючы вулкан Суфрыер на в-ве Гвадэлупа). Частка астравоў мацерыковага паходжання. Горныя трапічныя лясы, другасныя саванны; на паўд. астравах — ксерафітныя лясы і хмызнякі. Адкрыты Х.Калумбам у канцы 15 ст.

т. 10, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАПЕ́ЧНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,

тэрыторыі, якія пасля заканчэння 2-й сусв. вайны ўключаны ў Міжнар. сістэму апекі ААН, прадугледжаную Статутам ААН. Гэта пераважна былыя падмандатныя тэрыторыі Лігі Нацый або калоніі, найперш Германіі і яе саюзнікаў: у Афрыцы — Камерун, Руанда, Бурундзі, Самалі, Танзанія, Паўд.-Зах. Афрыка; а-вы у Ціхім Акіяне — Зах. Самоа, Науру, Новая Гвінея, Марыянскія, Маршалавы і Каралінскія; з насельніцтвам каля 20 млн. чалавек. Кіраванне імі, са згоды ААН і пад кантролем яе Савета па апецы, атрымалі б. каланіяльныя дзяржавы — Вялікабрытанія, Бельгія, Францыя, а таксама Італія (над Самалі). Апрача таго, Савет Бяспекі ААН у 1947 перадаў Каралінскія, Марыянскія і Маршалавы а-вы ў якасці «стратэгічнага раёна» пад кіраванне ЗША. Да 1997 усе П.т. атрымалі незалежнасць.

т. 11, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІТЭ́АС (Pytheas), Піфей (4 ст. да н.э.),

старажытнагрэчаскі мараплавец, астраном, матэматык і географ. Нарадзіўся ў грэч. калоніі Масалія (цяпер г. Марсель, Францыя). Паміж 350 і 320 да н.э. праплыў з Масаліі праз Гібралтарскі праліў уздоўж. зах. і паўн. берагоў Еўропы. Адкрыў а-вы Зеландыя, Вялікабрытанія і Ірландыя, п-вы Брэтань і Скандынаўскі, моры Паўн. і Ірландскае, праліў Катэгат і Біскайскі заліў, апісаў прыроду і насельніцтва в-ва Вялікабрытанія, які назваў Брытаніяй. Вызначыў сувязь паміж рухам Месяца і прыліўна-адліўнымі з’явамі акіяна, вылічыў нахіл плоскасці экліптыкі да плоскасці нябеснага экватара.

Літ.:

Авадяева Е.Н., Зданович Л.И. 100 великих мореплавателей. М., 1999;

Верн Ж. Проклятое золото: Пер. с фр. Гродно, 1994.

М.​К.​Багадзяж.

т. 12, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)