МАГІСТРА́ЛЬ (ад лац. magistralis галоўны),

1) асноўная, галоўная лінія, напрамак у сістэме якой-небудзь сеткі (трансп., энергет., воднай, тэлефоннай, каналізацыйнай і інш.). Да М. адносяць найважнейшыя чыгункі (напр., Байкала-Амурская магістраль), аўтамагістралі, нафта- і газаправоды, ЛЭП і інш. Высокія тэхн. параметры, асаблівасці інж. ўладкавання і інфраструктуры М. забяспечваюць значныя аб’ёмы трансп. работ, высокія скорасці руху, мінім. затрымкі.

2) Шырокая і прамая гар. вуліца, звычайна з інтэнсіўным рухам транспарту.

т. 9, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТАНЫ́НА ((Castagnino) Хуан Карлас) (18.11.1908, г. Мар-дэль-Плата, Аргенціна — 21.4.1972),

аргенцінскі мастак; прадстаўнік аргенцінскага «новага рэалізму». Вучыўся ў Вышэйшай нац. маст. школе ў Буэнас-Айрэсе (1929—34). У 1938—40 працаваў у Італіі, Францыі, Іспаніі. Майстар манум. жывапісу, станковай карціны і графікі. Сярод твораў: «Жанчына з Пармы» (1944), «Чалавек з ракі» (1948), «Селянін» (1951); размалёўкі «Чалавек — Космас — Надзея» (1959) у «Парыжскай галерэі», «Вуліца прачынаецца» (1961) у галерэі «Абеліск» у Буэнас-Айрэсе і інш.

т. 8, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУСТЭ́ЛЬНІКАЎ (Сямён Сільвестравіч) (10.2.1921, в. Свісцёлкі Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 5.2.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). У Чырв. Арміі з 1940. У Вял. Айч. вайну з 1941 на фронце, удзельнік баёў пад Ленінградам. Пасля цяжкага ранення з 1944 у пагранвойсках Закарпацця (Украіна). 5.2.1945 яфрэйтар П. перарэзаў шлях 25 парушальнікам мяжы і адзін вёў з імі бой да апошняга патрона. Падарваў гранатай сябе і 2 бандытаў. Яго імем названа вуліца ў Оршы.

С.С.Пустэльнікаў.

т. 13, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРО́ВА (Марыя Аляксандраўна) (сапр. Броніна; 1897, в. Локшы, Віцебская вобласць — 28.4.1920),

адзін з кіраўнікоў камуніст. падполля ў Бабруйску і Бабруйскім пав. ў гады грамадз. вайны і ваен. замежнай інтэрвенцыі. Чл. Бабруйскага падп. к-та КП(б)ЛіБ. Стварыла Ясеньскі раённы падп. к-т, які аб’ядноўваў 15 парт. ячэек у вёсках Бабруйскага пав. 25.4.1920 арыштавана польскімі акупантамі ў час павятовай падп. парт. канферэнцыі, што адбывалася на яе кватэры. Пасля катаванняў расстраляла разам з П.П.Фёдаравым. Яе імем названа вуліца ў Бабруйску.

т. 2, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТАПО́ВІЧ (Аркадзь Антонавіч) (30.9.1896, Мінск — 21.9.1941),

бел. графік. Вучыўся ў Рысавальнай школе Т-ва заахвочвання мастацтваў у Петраградзе (1914—16) у І.​Білібіна, А.​Зберлінга, П.​Навумава. У 1921—22 наведваў рысавальныя класы ў Харкаве. З 1929 у Мінску. Працаваў як станкавіст у жанры лірычнага пейзажа ў тэхніках акварэлі і тушы: «Зімовы надвячорак» і «Дворык» (1921), «Сакавік» (1923). Аўтар цыкла лінарытаў: «Зіма», «Вясковая вуліца», «Млын», «Царква» (усе 1920-я г). Афармляў кнігі і часопісы.

Н.​М.​Усава.

А.Астаповіч. Зіма. Лінагравюра. 1920-я гады.

т. 2, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІДЗЕ́НКА (Аляксандр Аляксандравіч) (13.4.1899, г. Адэса, Украіна — 1.5.1934),

расійскі кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929). У 1925—29 узначальваў «Вытворчы калектыў студэнтаў-кампазітараў Маскоўскай кансерваторыі». Аўтар хар. твораў на рэв. тэмы «На дзесятай вярсце», «Вуліца хвалюецца». Найб. папулярныя яго песні на словы М.​Асеева («Конніца Будзённага», «Першая конная», «Вінтовачка»), Дз.​Беднага («Нас пабіць, пабіць хацелі»), А.​Жарава, М.​Святлова і інш. Аўтар опер «1919 год» (1931) і «1905 год» (1935, разам з Б.​Шэхцерам), зборніка для фп. песень народаў Паўн. Каўказа.

т. 5, с. 563

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНФІ́РАВА (Вольга Аляксандраўна) (2.5.1917, г. Самара, Расія — 13.12.1944),

удзельніца баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыла Батайскую ваен. авіяшколу (1942). На фронце з мая 1942. Камандзір эскадрыллі 46-га Таманскага начнога лёгкабамбардзіровачнага жаночага авіяпалка. Капітан С. ў час Беларускай аперацыі 1944 бамбіла тэхніку праціўніка каля Магілёва, Гродна, на пераправе цераз р. Пціч. На яе рахунку 630 баявых вылетаў. Пры вяртанні з баявога задання яе самалёт падбіты, загінула на мінным полі. У Гродне яе імем названа вуліца.

т. 14, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДЭ́М, Бардэм Муньёс (Bardem Munos) Хуан Антоніо (н. 2.7.1922, Мадрыд), іспанскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Займаўся ў Ін-це вывучэння і практыкі кінематаграфіі ў Мадрыдзе. Па сваіх сцэнарыях паставіў фільмы «Смерць веласіпедыста» (1954), «Галоўная вуліца» (1956), «Помста» (1957), якія рэзка адрозніваліся ад масавай камерц. і прафаш. кінапрадукцыі краіны. У 1960-я г. адышоў ад асн. праблематыкі сваёй творчасці. Змяненне паліт. сітуацыі ў краіне (пасля смерці ген. Франка) садзейнічала адраджэнню ў яго творчасці тагачасных праблем: фільмы «Мост» («Канец тыдня», 1977), «Сем дзён у студзені» (1978) і інш.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАДЖАЯ́Н (Акоп Карапетавіч) (13.12.1883, г. Ахалцыхе, Грузія — 24.4.1959),

армянскі графік і жывапісец. Нар. мастак Арменіі (1935). Вучыўся ў Мюнхене ў студыі А.Ажбе (1903—05) і АМ (1905—07). К.-графік зазнаў уплывы сярэдневяковай арм. мініяцюры, аб’яднання «Свет мастацтва», У.Фаворскага. Творам уласцівы багатая фантазія, пачуццё стылю (акварэль «Давід Сасунскі», 1922; іл. да «Анталогіі паэзіі Арменіі», 1936; «Армянскіх народных казак», 1955, і інш.). Жывапісныя творы: «Вуліца ў Тэбрызе» (1922), «Расстрэл камуністаў у Татэве» (1930), «Нараджэнне Давіда Сасунскага» (1947), «У сяле Гарні» (1957) і інш.

А.​Каджаян. Расстрэл камуністаў у Тацтэве. 1930.

т. 7, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗІЦЫ́ЙНЫЯ ЗМЯНЕ́ННІ ГУ́КАЎ,

фанетычныя змяненні гукаў, якія залежаць ад месца гука адносна пачатку ці канца слова або націску ў слове. Супрацьстаяць камбінаторным змяненням гукаў. Вызначаюць наступныя П.з.г.: узнікненне пратэз (прыстаўных гукаў) на пачатку слова («леў — ільва», «вуліца»), аглушэнне звонкіх зычных на канцы слова («род» [рот]), рэдукцыю ненаціскных галосных («малако» [мълʌко]). У бел. мове пашырана ўзнікненне пратэтычных гукаў, змена звонкіх зычных на канцы слова, колькасная рэдукцыя ненаціскных галосных. Пазіцыйныя змяненні зычных з’яўляюцца асновай амафонаў.

Літ.:

Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)