СІПАХІ́, спахі, спахіі,

спагі (тур. sipahi ад перс. сіпахі — воін, салдат),

у Асманскай імперыі: 1) агульная назва ваен. леннікаў, якія за службу ў арміі атрымлівалі ад султана зямельныя падараванні. У 15—16 ст. С. складалі асн. частку тур. арміі. Фармальна ін-т С. існаваў да адмены ваен.-леннай сістэмы (1834).

2) Воіны кав. атрадаў, што ўваходзілі ў 15—18 ст. у склад рэгулярнага тур. войска, якое знаходзілася на ўтрыманні ўрада.

т. 14, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІ́-БЕЙ АЛЬ-КАБІ́Р, Алі-бей (1728, Абхазія — 8.5.1773),

правіцель Егіпта з 1757. Дзіцем прададзены ў рабства. У Егіпце з 1747, воін-раб (мамлюк) правіцеля краіны Ібрахіма Кетходы, у 1748 атрымаў свабоду, стаў беем. У час руска-турэцкай вайны 1768—74 узняў паўстанне супраць Турцыі. У 1770 абвясціў незалежнасць Егіпта і стаў яго султанам. У 1771 заваяваў амаль усю Сірыю. У 1773 разбіты мяцежнікамі, паранены і ўзяты ў палон. Памёр ад ран.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ЭКАНО́МІЯ, Берасцейскае староства,

феад. каралеўская гаспадарка ў ВКЛ у 16—18 ст. Створана ў 1598 з дзярж. маёнткаў, даходы якіх ішлі на ўтрыманне каралеўскага двара, у т. л. мястэчак Дзівін, Ламазы, Пяшчатка, Воін, Мілейчыцы. У 16—17 ст. была асобнай адм.-гасп. адзінкай, маёнткі яе здаваліся ў арэнду. У пач. 18 ст. аб’яднана з Кобрынскай эканоміяй. У 1783 у Берасцейскай эканоміі 45 ключоў, 8 гарадоў, 223 вёскі, 5745 валок зямлі (1 валока — 21,36 га), нас. 47 тыс. чал., уключала таксама Белавежскую пушчу. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1795) землі Берасцейскай эканоміі ўрад падараваў ці прадаў прыватным асобам.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛІЗНІ́ЦА ВЯЛІ́КАЯ,

курган 2-й пал. 4 ст. за 8 км на Пд ад г. Фанагорыя на Таманскім п-ве (Расія). Выш. 15 м, перыметр 340 м. Радавы некропаль заможнай сям’і з племя сіндаў, у якой некаторыя жанчыны былі жрыцамі. Выяўлены 3 каменныя скляпы, 2 магілы з каменных плітаў з трупапалажэннем і некалькі пахаванняў з трупаспаленнем. У адным са скляпоў кіпарысавых саркафагаў, арнаментаваных слановай косцю, пахаваны воін у залатым вянку, з каштоўнымі рэчамі і зброяй, у другім — жрыца ў адзенні, аздобленым шматлікімі залатымі ўпрыгожаннямі; трэці склеп спустошаны. Знойдзены таксама размаляваныя вазы, тэракотавыя і касцяныя фігуркі.

А.​В.​Іоў.

т. 3, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КМЕТ, кмець,

тэрмін, якім у сярэдневякоўі ў слав. народаў абазначаліся розныя катэгорыі насельніцтва. Першапачаткова К. называлі свабодных членаў абшчыны, племя. У Кіеўскай Русі К. — воін, віцязь, дружыннік; у ВКЛ — свабодны селянін, які меў зямельны надзел і плаціў дзяржаве падаткі. У 2-й пал. 16—1-й пал, 17 ст. К. трапілі ў асабістую залежнасць ад феадалаў і ператварыліся ў чэлядзь; у Польшчы — залежны селянін, які меў поўны надзел зямлі; у Балгарыі і Сербіі — сельскі стараста; у Босніі і Чэхіі — асоба, якая займала пэўную пасаду, а таксама некаторыя катэгорыі сялян; у Харватыі — залежны селянін, васал.

т. 8, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ШЧА,

старажытная кідальная зброя. Ручная П. — рэмень з пашыранай сярэдняй часткай або кароткая палка з расколінай ці пятлёй, куды клалі шарападобны камень або металічны снарад, у т. л. гранату. Пасля раскручвання П. і выпускання аднаго канца снарад ляцеў да 150 м. П. выкарыстоўвалася ў арміях Стараж. свету (у Егіпце, Грэцыі, Рыме і інш.); разнавіднасць П. захавалася ў плямён Аўстраліі, Афрыкі, Акіяніі да пач. 20 ст. П. выкарыстоўвалася і ў кідальных машынах — парабалістах.

Прашчы: 1 — скураная з Эрытрэі. Канец 19 ст.; 2 — плеценая з двухколернага шнура. Манголія; 3 — плеценая з Гавайскіх астравоў. 18 ст.; 4 — старажытны воін-прашчнік.

т. 13, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ШНА (санскр., літар. цёмны, чорны),

у індуізме і індуісцкай міфалогіі бажаство, восьмае ўвасабленне (аватара) бога Вішну. У эпічных легендах К. — мудры і мужны воін, часам вераломны да ворагаў, пазней, у сярэднія вякі, — боскі пастух-асілак (увасабленне сіл прыроды і кахання). Культ К. адыгрывае значную ролю ў індуізме. Легенды пра каханне К. да пастушак і яго подзвігі (забойства дэманаў і цара-тырана Кансу, узніманне над галавой гары, каб выратаваць ад дажджу людзей і іх статкі і інш.) здаўна выкарыстоўваюцца інд. л-рай і мастацтвам. На выявах К. — мужчына з цёмным (часцей цёмна-сінім або цёмна-ліловым) колерам скуры, ад якога і паходзіць яго імя.

т. 8, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРАФО́НСКІ БЕГ,

бег па шашы на найдаўжэйшую дыстанцыю (42 км 195 м); від лёгкай атлетыкі. Назва ад мястэчка Марафон, адкуль, паводле падання, пасля Марафонскай бітвы (490 да н.э.) грэч. воін-ганец пасланы ў Афіны з весткай аб перамозе над персамі. Не спыняючыся ў дарозе, ён прыбег у горад і, усклікнуўшы «Мы перамаглі», упаў мёртвым. М.б. уключаны ў праграму Алімп. гульняў з 1895 (Афіны; першы алімп. чэмпіён — грэч. спартсмен С.​Луіс). Па М.б. праводзяцца міжнар. спаборніцтвы (Афіны; г. Бостан, ЗША, з 1895; г. Віндзар, Вялікабрытанія; Парыж, з 1976; г. Энсхедэ, Нідэрланды і інш.). Рэкорды (з-за рознага профілю трас) не фіксуюцца.

т. 10, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЧЭ́ЦІЧ (Яўген Віктаравіч) (28.12.1908, г. Днепрапятроўск, Украіна — 12.4.1974),

рускі скульптар. Нар. мастак СССР (1959). Акад. АМ СССР (1953). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1931—33). Адзін з афіц. лідэраў сав. мастацтва 1940—70-х г. Аўтар гіпертрафіравана-манум., ашаламляльных па сваіх маштабах і татальнай магутнасці твораў (помнік-ансамбль на Мамаевым кургане ў Валгаградзе, 1963—67, Ленінская прэмія 1970), алегарычных вобразаў (статуя воіна-вызваліцеля ў помніку-ансамблі воінам Сав. Арміі ў Трэптаў-парку ў Берліне, 1946—49; «Перакуем мячы на аралы!» каля будынка ААН у Нью-Йорку, 1957), партрэтаў сав. военачальнікаў (І.​Д.​Чарняхоўскі, 1945).

А.​К.​Лявонава.

Я.Вучэціч. Воін-вызваліцель. Фрагмент помніка ў Трэптаў-парку ў Берліне. 1946—49.

т. 4, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІПА́І (на мове хіндзі, урду і перс. сіпахі — воін, салдат),

з сярэдзіны 18 ст. да 1947 наёмныя салдаты ў Індыі, якіх вербавалі з мясц. жыхароў у каланіяльныя (партуг., франц., англ.) арміі. Першыя фарміраванні С. створаны ў 1740-х г. ген.-губернатарам франц. уладанняў ў Індыі для барацьбы з англічанамі і захопу інш. тэр. Найб. шырока С. выкарыстоўвалі англ. каланізатары, у т. л. для ваен.-паліцэйскай службы. Пасля задушэння Індыйскага народнага паўстання 1857—59, у якім С. актыўна ўдзельнічалі, англічане рэарганізавалі фарміраванні С. (паменшылі іх колькасць, не прызывалі мясц. жыхароў у інж. і артыл. часці). С. ўдзельнічалі ў 1-й і 2-й сусв. войнах. С. як калан. наёмныя войскі перасталі існаваць пасля ўтварэння ў 1947 дзяржаў Індыя і Пакістан.

т. 14, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)