БЕ́ЛІ,

паталагічныя выдзяленні з палавых органаў жанчыны; сімптом парушэння сакраторнай функцыі палавых органаў пры хваробах палавой сферы (ганарэя, трыхаманоз, септычныя запаленчыя працэсы, пухліны і інш.), а таксама сімптом агульных захворванняў. У здаровай жанчыны выдзяленні могуць павялічвацца перад менструацыяй і пасля яе, пры цяжарнасці, юрлівасці, у гэтых выпадках яны светлыя, хутка знікаюць.

Адрозніваюць похвенныя, вестыбулярныя, шыйкавыя, матачныя і трубныя белі. Найчасцей бываюць похвенныя белі белаватага колеру пры агульных хваробах (туберкулёз, інфекц. хваробы, хваробы шчытападобнай залозы і інш.), а таксама ў жанчын пры згасанні функцыі яечнікаў і парушэнні глікагенаўтварэння ў слізістай абалонцы похвы. Усе похвенныя белі (жоўтага колеру) могуць узнікаць ад інфекцыі пры разрывах прамежнасці і зеўранні палавой шчыліны, пры апушчэнні сценак похвы, мочапалавых і кішачна-палавых свішчах як вынік няправільных і непатрэбных спрынцаванняў. Прычына вестыбулярных беляў — запаленне вульвы або вял. залоз перад уваходам у похву (барталінавыя залозы). Белі збіраюцца ў складках вульвы і выклікаюць раздражненне. Шыйкавыя белі белаватага або гемарагічнага колеру ўзнікаюць пры запаленнях і пашкоджаннях, паліпах і раку маткі; у норме яны празрыстыя, слізістыя, найчасцей у першую фазу менструальнага цыкла і перад авуляцыяй. Матачныя белі ў другую фазу (сакраторную) менструальнага цыкла толькі ўвільгатняюць паверхню эндаметрыя. Пры вострых запаленчых працэсах яны гнойныя, пры хранічных — вадзяністыя, пры ракавым пашкоджанні — колеру мясных памыяў. Трубныя белі ўтвараюцца пры запаленчых працэсах у трубах, праз матку і похву яны выдзяляюцца вонкі і праз ампулярны аддзел трубаў у брушную поласць. Бываюць серозныя, вадзяністыя або гнойныя. Лячэнне беляў залежыць ад прычыны хваробы.

І.​У.​Дуда.

т. 3, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕЦЬ,

традыцыйная сялянская гасп. пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення і інш. Шырока вядома ў нар. дойлідстве слав. і балт. народаў, у Скандынавіі. На Беларусі была пашырана ўсюды ў 19 — пач. 20 ст. У бел. нар. дойлідстве К. — у плане блізкі да квадрата аднакамерны зруб (каля 5 × 6 м) на камянях або дубовых штандарах, накрыты 2-схільнай (радзей вальмавай) страхой з драніцы, саломы, чароту. Тарцовыя сцены звычайна рубіліся закотам. Часам бярвёны 2 ніжніх вянкоў, выпушчаныя да 1 м вонкі, утваралі перад уваходам ганак. На Палессі да пач. 20 ст. існавалі парныя К., злучаныя павецямі. Падлога насцілалася з тонкіх бярвён або плашак (нярэдка абмазаных глінай), столь адсутнічала або была з бярвён у выглядзе скляпення. У некат. К. быў невысокі верхні паверх пад страхой, з галерэйкай на гал. фасадзе, пад падлогай рабілі мураваныя або рубленыя скляпы. К., што стаяла асобна, часта наз. свірнам. К. называлася таксама прыбудова да хаты, якая выкарыстоўвалася як летняе жыллё (звычайна для маладажонаў). З хатай злучалася сенцамі або мела самаст. ўваход звонку. У вял. сям’і, дзе было некалькі жанатых сыноў, для кожнай маладой пары будавалі асобную К. У ёй захоўвалі пасаг нявесты. Больш бедныя сяляне замянялі К. каморай-кладоўкай. Часам К. наз. неацяпляльную ч. хаты. К. захаваліся да нашага часу, але страцілі свае першапачатковыя функцыі. Выкарыстоўваліся таксама пры буд-ве абарончых збудаванняў (вежы, гародні). Храмы з прамавугольнымі зрубамі і 2-схільнымі дахамі (без вярхоў і шатроў) наз. клецевымі.

Ю.​А.​Якімовіч.

Клець у вёсцы Пузыры Мядзельскага раёна Мінскай вобл.

т. 8, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАСІ́ЧНЫ ТА́НЕЦ,

устойлівая сістэма выразных сродкаў харэаграфічнага мастацтва. У ёй распрацаваны пазіцыі ног, рук, корпуса, галавы, асн. позы, рухі (прысяданні, скачкі, вярчэнні) са строга вызначанымі правіламі выканання. Асн. прынцып К.т. — вываратнасць (свабодны разварот ног вонкі ад сцягна), якая садзейнічае найб. поўнаму раскрыццю магчымасцей чалавечага цела. Тэрмін «К.т.» узнік у Расіі ў 19 ст. і стаў агульнапрынятым для абазначэння пэўнага віду харэаграфіі ў адрозненне ад інш. відаў (народны танец, характарны танец, танец мадэрн).

К.т. склаўся гістарычна шляхам адбору найб. выразных, рэалістычна ўмоўных рухаў. Тэарэтычна сістэма К.т. распрацоўвалася з 16 ст. ў Італіі (Ф.​Кароза, Ч.​Негры і інш), Францыі (П.​Башан, Р.​Фёе, Ж.​Ж.​Навер і інш.), адкуль прыйшла асн. тэрміналогія, і ў Расіі. К.г. цесна звязаны з прафес. музыкай, якая дае вобразную і часавую аснову, вызначае змест, настрой, метрарытм танца. Муз. харэаграфічная рэформа П.​Чайкоўскага і М.​Петыпа адкрыла неабмежаваныя магчымасці для развіцця балетнага мастацтва. Рус. школа К.т. з яе нац. акрэсленасцю, высакароднасцю і драм. асэнсаванасцю пластычнай мовы зрабіла вял. ўплыў на развіццё сусв. харэаграфіі. На аснове яе традыцый фарміруюцца розныя нац. балетныя т-ры, у т. л. ў краінах Еўропы, Амерыкі, Азіі і Афрыкі.

На Беларусі К.т. пачаў развівацца з сярэдзіны 18 ст. ў буйных прыватнаўласніцкіх т-рах, пры якіх існавалі школы, дзе зах.-еўрап. харэографы Л.Дзюпрэ, Ф.Г.Ле Ду, Г.Петынеці, А.Пуціні, Ф.Марыні, бел. балетмайстар А.Лойка і інш. навучалі прыгонных (гл. Нясвіжская балетная школа, Слонімская балетная школа, Слуцкая балетная школа, Шклоўская балетная школа, Гродзенская музычна-тэатральная школа Тызенгаўза). Пазней бел. артысты паспяхова працавалі ў буйных прафес. балетных трупах Варшавы, Пецярбурга і інш. Авалоданне сродкамі К.т. ляжыць у аснове сучаснай харэаграфічнай адукацыі, якая пачалася ў 1928 у харэаграфічным класе Бел. муз. тэхнікума, працягвалася ў 1930-я г. ў Бел. студыі оперы і балета і балетнай школе пры Дзярж. т-ры оперы і балета БССР, з 1945 у Дзяржаўным харэаграфічным каледжы Рэспублікі Беларусь, выпускнікі якога складаюць аснову трупы Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь.

Літ.:

Ваганова А.Я. Основы классического танца. 4 изд. Л.;

М., 1963.

Ю.​М.​Чурко.

т. 8, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛАГРА́ДСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія жылі ў бас. Дняпра паміж сярэднім цячэннем Бярэзіны на Пн і р. Рось на Пд, Зах. Бугам на З і р. Іпуць на У (тэр. Пд Беларусі і Укр. Палесся). Назва ад гарадзішча Мілаград. Датуецца 7—3 ст. да н.э. Характэрны 2 тыпы паселішчаў: умацаваныя (гарадзішчы) і неўмацаваныя (селішчы). У Падняпроўі і Пасожжы ўмацаванні рабілі ў выглядзе валоў і равоў з боку поля, а ў Палессі валы і равы ўмацоўвалі пляцоўкі гарадзішчаў з усіх бакоў. Селішчы вядомы ва ўсім арэале культуры. Асн. тып жытлаў — зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя пабудовы прамавугольнай або круглаватай формы пл. 12—16 м² слупавой канструкцыі, з выступам каля адной са сцен; былі разлічаны на адну сям’ю. Агнішчы адкрытыя, у круглых і авальных ямах паміж апорным слупам і сцяной. Пахавальныя помнікі — курганныя і бескурганныя (грунтавыя) могільнікі. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на пясчанай падсыпцы або на гарызонце ў драўляных зрубах, а таксама ў неглыбокіх мацерыковых ямах. Пахавальны інвентар складалі адзін або некалькі гаршкоў, радзей — зброя ці ўпрыгожанні. Бескурганныя (грунтавыя) могільнікі размяшчаліся на ўзвышшах або прымыкалі да гарадзішчаў. У іх пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка. Пахавальны інвентар — кавалкі гліняных пасудзін і зубы свойскіх жывёл. Радзей трапляюцца прылады працы, зброя, упрыгожанні. Для носьбітаў М.к. характэрны гліняны посуд з прамым адагнутым вонкі венчыкам і яйца- або шарападобным тулавам, а таксама паўсферычныя гаршкі без пазначанага венчыка. Частка посуду аздоблена ўцісканнямі круглай палачкі, насечкамі, пазногцевымі або пальцавымі ўцісканнямі, «жамчужынамі». Гліняныя прасліцы і грузікі часам дакладна капіруюць форму посуду. Ёсць знаходкі гліняных фігурак жывёл. Рэчавы комплекс разнастайны: прылады працы з жалеза, наканечнікі дзідаў, стрэлы, каменныя сякеры, зерняцёркі, таўкачы, бронзавыя і жал. ўпрыгожанні, шкляныя і бурштынавыя пацеркі і інш.

Асн. формы гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля; паляванне і рыбалоўства мелі дапаможны характар. Былі развіты дамашнія рамёствы: здабыча і апрацоўка жалеза, ліццё бронзы, прадзенне, ткацтва, выраб ляпнога посуду. Этнічная прыналежнасць «мілаградцаў» застаецца спрэчнай. Частка вучоных лічаць іх славянамі, інш. адносяць іх да балтаў.

Літ.:

Кухаренко Ю.В. Памятники железного века на территории Полесья. М., 1961;

Третьяков П.Н. Финно-угры, балты и славяне на Днепре и Волге. М.; Л., 1966;

Мельниковская О.Н. Племена Южной Белоруссии в раннем железном веке. М., 1967;

Седов В.В. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. М., 1970.

т. 10, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)