ВО́ЛКАЎ (Фёдар Рыгоравіч) (20.2.1729, г. Кастрама, Расія — 15.4.1763),
рускі акцёр і тэатр. дзеяч. У 1741—48 вучыўся ў Маскве. Арганізаваў у Яраслаўлі аматарскую трупу, з 1750 — публічны т-р. У 1752 Волкаў і некалькі акцёраў былі выкліканы імператрыцай Елізаветай Пятроўнай у С.-Пецярбург; выступаў на прыватнай і прыдворнай сцэнах. Пазней залічаны ў трупу першага пастаяннага рус. публічнага т-ра (арганізаваны ў 1756 у Пецярбургу), з 1761 — дырэктар гэтага т-ра. У творчасці адышоў ад эстэт. канонаў класіцызму, ад пашыранай у той час урачыстай дэкламацыі. Праславіўся як выканаўца гал. роляў у трагедыях А.Сумарокава: Аскольд («Семіра»), Амерыканец («Прыстанішча дабрачыннасці»), Марс («Новыя лаўры»), з вял. майстэрствам іграў і ў камедыях. Імя Волкава прысвоена Яраслаўскаму драм. т-ру (1911).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Барыс Іванавіч) (26.3.1900, Масква — 23.12.1970),
рускі тэатр. мастак. Нар. мастак СССР (1965). Скончыў Строганаўскае вучылішча (1918) і Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні (1923) у Маскве. Гал. мастак т-раў імя Массавета (1924—40), Муз. імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі (1941—49), Малога (1951—70) у Маскве. Для бел.т-ра імя Я.Купалы стварыў дэкарацыі да спектакляў «Браняпоезд 14—69» У.Іванава (1928), «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду (1957), «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (1961); для т-ра оперы і балета Беларусі — «Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага (1939), «Русалка» А.Даргамыжскага (1946), «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага (1948). Дзярж. прэмія СССР 1949, 1951, 1952.
Літ.:
Гремиславский И.Я., Сыркина Ф.Я. Б.И.Волков. М., 1958;
Барышаў Г. «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэда ў дэкарацыях Б.І.Волкава // Беларускае мастацтва. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСЕ́НКА (Антон Паўлавіч) (10.8.1737, г. Глухаў Сумскай вобл., Украіна — 4.12.1773),
расійскі жывапісец і рысавальшчык. Вучыўся ў Пецярбургу ў майстэрні І.Аргунова (1753—58) і АМ (1758—60). Пенсіянер АМ у Парыжы (1760—65), Рыме (1766—69). З 1770 праф. Пецярбургскай АМ, з 1772 — яе дырэктар. Пісаў карціны на біблейскія і міфалагічныя тэмы, працаваў у гіст. і партрэтным жанрах. У творчасці спалучаў патэтычнасць вобразаў і дынамічнасць кампазіцый позняга барока з традыцыямі класіцызму. Сярод твораў: «Дзівосны ўлоў рыбы» (1762), «Ахвярапрынашэнне Аўрама» (1765), «Каін» (1768), «Зеўс і Фетыда» (1769), «Уладзімір перад Рагнедай» (1770), «Развітанне Гектара з Андрамахай» (1773), партрэты П.Шувалава (1760), Ф.Волкава (1763) і інш. Яго малюнкам уласцівы дакладнасць форм і тонкая тэхніка. Склаў вучэбны дапаможнік «Тлумачэнне сціслай прапорцыі чалавека...» (1772).
Літ.:
Каганович А.Л. Антон Лосенко и русское искусство середины XVIII столетия. М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАЛА́ПС,
працэс хуткага сціскання масіўных астрафізічных аб’ектаў пад уздзеяннем уласных сіл прыцягнення. Становіцца магчымым, калі гравітацыйнае поле мацнейшае за сілы ўнутранага ціску; набывае катастрафічныя рысы на заключнай стадыі тэрмаядз. эвалюцыі. Канчатковы вынік гравітацыйнага калапсу (белы карлік, нейтронная зорка, чорная дзіра) залежыць ад пачатковай масы аб’екта, які калапсуе.
У 1930-я г. ўстаноўлена, што для аб’ектаў, якія вычарпалі сваё тэрмаядз. паліва, існуюць крытычныя значэнні масы (ліміт Чандрасекара для белых карлікаў, ліміт Опенгеймера—Волкава для нейтронных зорак), залежныя ад хім. саставу і фіз. стану рэчыва, пасля перавышэння якіх устойлівыя канфігурацыі немагчымыя: пачынаецца бязмежнае гравітацыйнае сцісканне цела. Гравітацыйны калапс можа спыніцца за кошт выбуховага выкіду часткі рэчыва (да значэння масы, ніжэйшага за крытычнае), што суправаджаецца ўспышкай звышновай зоркі. Несупынны рэлятывісцкі гравітацыйны калапс вядзе да ўтварэння чорнай дзіры.
Літ.:
На переднем крае астрофизики: Пер. с англ.М., 1979;
Шапиро С.Л., Тьюколски С.А. Черные дыры, белые карлики и нейтронные звезды: Пер. с англ. Ч. 1—2. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Анатоль Валянцінавіч) (25.11.1908, г. Пенза, Расія — 21.12.1985),
бел. графік. Сын В.В.Волкава. Вучыўся ў Віцебскім маст. тэхнікуме (1925—30). У 1944—45 супрацоўнічаў у сатыр. выданні «Раздавім фашысцкую гадзіну», у 1945—80 у час. «Вожык». Працаваў у галіне выяўл. сатыры (карыкатура, плакат), кніжнай і станковай графікі, жывапісу. У яго сатыр. малюнках і карыкатурах дасканалая кампазіцыя, індывідуалізацыя, гіпербалічнае шаржыраванне сатыр. тыпажу («Партызанскі воз», «Лайдак на сенакосе» і інш.). Аформіў і ілюстраваў кнігі «Дрыгва» (1940) і «Новая зямля» (1949) Я.Коласа, «Баранаў Васіль» А.Куляшова (1941), «Мушка-зелянушка» М.Багдановіча (1947, 1952), «Казка пра папа і работніка яго Балду» А.Пушкіна (1950), «Выбраныя творы» М.Гогаля (1952), «Аповесці» (1957) і «Міколка-паравоз» (1965) М.Лынькова, зборнікі бел.нар. казак у апрацоўцы А.Якімовіча «Каток — залаты лабок» (1955), «Бацькаў дар» (1957), «Людзей слухай, а свой розум май» (1980) і інш. Сярод станковых твораў: серыі акварэлей «Мінск і яго жыхары» (1958), «Юныя мінчане» (1968), «Дзеці 1920-х г.» (1969) і інш. Жывапісныя палотны: «Пчальнік» (1943), «Янка Купала на адпачынку» (1949), «Першага верасня» (1950), «Снежкі» (1957) і інш.
бел. акцёр, рэжысёр, педагог. Нар.арт. Беларусі (1967). Скончыў Маскоўскае гар.тэатр. вучылішча (1944), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы пры Ленінградскім тэатр, ін-це імя А.Астроўскага (1955). З 1944 акцёр, з 1951 і рэжысёр, у 1965—79 гал. рэжысёр Брэсцкага абл.драм.т-ра імя ЛКСМБ. У 1979—87 выкладаў у Бел.тэатр.-маст. ін-це. Акцёрскае мастацтва Волкава вызначалі вострая характарнасць у спалучэнні з тонкім псіхал. аналізам і лірызмам: Лапшын («У пошуках радасці» В.Розава), Труфальдзіна («Слуга двух гаспадароў» К.Гальдоні), Трыстан («Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі) і інш. Як рэжысёру Волкаву характэрна арганічнае адчуванне акцёра, адметнае прачытанне твора і наданне яму выразнай сцэн. формы: «Беспасажніца» А.Астроўскага (1957), «Выбачайце, калі ласка» (1958) і «Зацюканы апостал» (1972) А.Макаёнка, «Джэні Герхарт» паводле Т.Драйзера (1958), «Пігмаліён» Б.Шоу (1964), «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна (1966), «Людзі і камяні» (1968) і «Брэсцкі мір» (1969) К.Губарэвіча, «Апошняя інстанцыя» (1975) і «Нашчадак» (1976) М.Матукоўскага, «Месяц у вёсцы» паводле І.Тургенева (1975; т-р імя Ю.Астэрвы ў г. Люблін, Польшча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁСПОРТ,
комплексныя спаборніцтвы з выкарыстаннем прымальнай і перадавальнай радыёапаратуры ў спалучэнні з агульнафіз. практыкаваннямі; адзін з тэхнічных відаў спорту. У праграмы спаборніцтваў уваходзяць: скарасны прыём і перадача радыёграм, мнагабор’е радыстаў (прыём і перадача радыёграм, абмен радыёграмамі ў радыёсетцы з 3 радыёстанцый, спарт. арыентаванне на мясцовасці і спарт. радыёпеленгацыя, т. зв. «паляванне на лісоў»), радыёсувязь на кароткіх і ультракароткіх хвалях, радыёаматарскае канструяванне.
Міжнар. радыёаматарскі саюз створаны ў 1925. Чэмпіянаты свету праводзяцца з 1925 (на кароткіх хвалях), Еўропы — з 1956 (на ультракароткіх хвалях), штогод. «Паляванне на лісоў» узнікла ў 1940-я г. (ЗША), чэмпіянаты Еўропы праводзяцца з 1961, чэмпіянаты свету — з 1980. Еўрап. чэмпіянаты да 1964 праводзіліся штогод, пазней — 1 раз у 2 гады, з 1980 чаргуюцца з чэмпіянатамі свету. Мнагабор’е з’явілася ў канцы 1950-х г. (Польшча). Па скарасной радыётэлеграфіі чэмпіянаты свету праводзяцца з 1995, 1 раз у 2 гады. Найб. развіты Р. у Аргенціне, Беларусі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Польшчы, Расіі, Швецыі і інш.
На Беларусі Р. развіваецца з 1924, федэрацыя Р. створана ў 1959. Каманда Беларусі — абс. чэмпіён свету (1995), уладальнік Кубка свету (1997). На чэмпіянатах свету 1997 і 1999 бел. спартсмены ў асабістым заліку заваявалі па 35 медалёў з агульных 72. Сярод бел. спартсменаў — чэмпіёны свету А.Астроўскі (1997), Л.Барысенка (1995, 1997), А.Біндасаў (1995, 1996, 1997), Р.Волкава (1999), В.Гагарын (1995), Я.Гаўрылаў і Г.Карабушчанка (1991), У.Каралёў (1995); тройчы абс. чэмпіёнка свету І.Цяцерская (1992, 1995, 1999) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУ́ССКИЙ ФИЛОЛОГИ́ЧЕСКИЙ ВЕ́СТНИК»,
філалагічны і навукова-педагагічны часопіс. Выдаваўся ў 1879—1917 у Варшаве на рус. мове па 4 кніжкі ў год. Першыя рэдактары — праф. Варшаўскага ун-та М.А.Коласаў і А.І.Смірноў (з 1880), з 1905 гал. рэдактар Я.Ф.Карскі. Часопіс друкаваў матэрыялы і даследаванні па мове, нар. паэзіі і стараж. л-ры славян, пераважна рускай, крытычныя матэрыялы, нататкі, рэцэнзіі, бібліяграфію, хроніку. Асвятляў праблемы педагогікі, рабіў агляды падручнікаў.
У часопісе ўдзельнічалі вядучыя вучоныя: І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф.І.Буслаеў, Дз.К.Зяленін, Б.М.Ляпуноў, У.Ф.Мілер, І.Поліўка, А.І.Сабалеўскі, І.І.Сразнеўскі, П.Ф.Фартунатаў, А.А.Шахматаў і інш. Значную навук. каштоўнасць маюць працы А.А.Патабні «Агляд паэтычных матываў калядак і шчадровак» (1884—87), М.Халанскага «Велікарускія быліны Кіеўскага цыкла» (1884—85), М.Ф.Сумцова «Эцюды пра Пушкіна» (1893—97), Карскага «Беларускія песні с. Беразавец Навагрудскага пав. Мінскай губ.» (1884—85), «Беларускія песні в. Навасёлкі-Затрокскія Віленскай губ. Трокскага пав.» (1889), «Да гісторыі гукаў і форм беларускай мовы» (1890—93), «Да пытання аб межах беларускай гаворкі» (1905) і інш., А.В.Ветухова «Замовы, заклінанні, засцярогі і іншыя віды народнага лячэння, заснаваныя на веры ў моц слова» (1904—05), Р.М.Волкава «Народная драма «Цар Максімілян» (1912), нататкі У.Дабравольскага і інш. Друкаваліся паказальнікі апублікаваных у часопісе работ, складзеныя па дзесяцігоддзях (напр., 1879—88, 1888—98 і г.д.). Часопіс адыграў важную ролю ў развіцці бел.літ.-знаўства, мовазнаўства і фалькларыстыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «АКО́ПЫ» Засн. 5.9.1989 у Лагойскім р-не Мінскай вобл. з цэнтрам у в. Харужанцы. Адкрыты 29.8.1992. Агульная пл. 6,64 га. Складаецца з літ.-маст. (в. Харужанцы) і мемар. (б. хутар Акопы) частак. Хутар Акопы з 1909 арандавала маці Я.Купалы. Сюды штогод прыязджаў Я.Купала ў час вучобы ў Пецярбургу, з Вільні і Мінска. Пасля 1917 Акопы перайшлі ва ўласнасць маці, якая жыла тут да 1926, і сясцёр (да 1929) паэта. Ваколіцы хутара сталі для Я.Купалы месцам літ. сустрэч, дыскусій, спасціжэння культ.-гіст. традыцый. Тут паэт напісаў больш за 80 вершаў, паэмы «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я», «Гарыслава», камедыі «Паўлінка», «Прымакі», драму «Раскіданае гняздо», трагікамедыю «Тутэйшыя». У в. Харужанцы адноўлена тыпавая пабудова пач. 20 ст. (на месцы б. хутара Міхалішкі), у 5 залах якой размешчана літ.-маст. экспазіцыя (аўтары — мастакі Э.Агуновіч, А.Грачоў, У.Пратасеня). У ёй прадстаўлена больш за 230 экспанатаў, у т. л. работы мастакоў Агуновіча, В.Александровіча, М.Басалыгі, А.Волкава, А.Кашкурэвіча, М.Купавы, Г.Паплаўскага, У.Савіча, В.Шаранговіча, дакументы, фотаздымкі, кнігі і ўспаміны пра Я.Купалу, матэрыялы пра купалаўскія мясціны на Лагойшчыне і Міншчыне. Тут пастаўлены помнік «Малады Купала» (1992, скульптары А.Заспіцкі і Г.Мурамцаў), зроблена адкрытая эстрада для масавых мерапрыемстваў. На месцы б. хутара Акопы падмуркі пабудоў, валун, на якім у 1982 устаноўлены мемар. знак са словамі з верша Я.Купалы «З кутка жаданняў».
Літ.:
Содаль У. Акопы // Содаль У. Пуцявінамі сейбіта. Мн., 1982;
Лойка А. Акопы // Лойка А. Як агонь, як вада...: Раман-эсэ пра Янку Купалу. Мн., 1984;
Купалаўскія сцежкі Лагойшчыны. Мн., 1993;
Купалавым гасцінцам. Мн., 1996.
Ж.К.Дапкюнас.
Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы».Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы». Мемарыяльны валун.Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы». Помнік «Малады Купала».