ЗУ́ЕВА (Настасся Платонаўна) (17.12.1896, с. Спаскае Тульскай вобл., Расія — 23.3.1986),
руская актрыса. Нар. арт. СССР (1957). Скончыла школу драм. мастацтва (1915). З 1916 у трупе МХАТа. Створаныя ёй вобразы вылучаюцца своеасаблівай індывідуальнасцю, яркай характарнасцю: Матрона («Уваскрэсенне» паводле Л.Талстога), Каробачка («Мёртвыя душы» М.Гогаля), Міс Уордл («Піквікскі клуб» паводле Ч.Дзікенса), Фяклуша, Уліта («Навальніца», «Лес» А.Астроўскага), Анфіса («Тры сястры» А.Чэхава) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952.
т. 7, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЛЬТЭРМАН ((Altermann) Тэадор Юр’евіч) (24.11.1885, в. Равіла, Эстонія — 31.3.1915),
эстонскі акцёр. Творчую дзейнасць пачаў у 1902. Адзін з арганізатараў і акцёр (з 1906) т-ра «Эстонія». Стварыў яркія вобразы Лео Саалепа і Пійбілехта («Няўлоўны цуд» і «Дамавік» Э.Вільдэ), Барона («Скупы рыцар» А.Пушкіна), Атэла, Гамлета (аднайм. п’есы У.Шэкспіра). Ігра Альтэрмана вылучалася майстэрствам пераўвасаблення, унутранага маналога. Як рэжысёр паставіў «Няўлоўны цуд», «Маскарад» М.Лермантава, «Без віны вінаватыя» А.Астроўскага і інш.
т. 1, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЛГА́КАВА (Мая Рыгораўна) (19.5.1932, г. Краматорск, Украіна — 7.10.1994),
руская кінаактрыса. Нар. арт. Расіі (1977). Скончыла Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1955). Здымалася ў фільмах: «Аповесць палымяных гадоў», «Крылы», «У агні броду няма», «Цыган», «Развітанне», «Балада пра доблеснага рыцара Айвенга», «Юнацтва Пятра», «У пачатку слаўных спраў», «Васіль і Васіліса» і інш. Выконвала камедыйныя і характарныя ролі. Стварала вобразы, поўныя драматызму, тэмпераменту і сілы.
т. 3, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРВІ́ЛЬ [Bourvil; сапр. Рэмбур (Raimbourg) Андрэ; 27.7.1917, в. Бурвіль, Нармандыя, Францыя — 22.9.1970],
французскі акцёр. У 1938 дэбютаваў у мюзік-холе і на радыё. З 1945 у кіно. Напачатку выступаў у амплуа камічнага прастака, пазней ствараў псіхалагічна глыбокія вобразы, выконваў таксама камічныя і драм. ролі. Сярод фільмаў: «Усё золата свету», «Разява», «Вялікая прагулка», «Праз Парыж», «Адвержаныя», «Чырвоны круг».
Літ.:
Клод К. Бурвиль: Пер. с фр. М., 1973.
т. 3, с. 347
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАШЫ́ДЗЕ (Васіль) (Васо) Аляксеевіч (4.12.1854, г. Душэты — 9.10.1926),
грузінскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. Рэспублікі (1922). З 1879 у Тыфліскай драм. трупе. Адзін з заснавальнікаў рэаліст. груз. акцёрскай школы. Стварыў яркія характарныя і камед. вобразы ў нац. і класічным рэпертуары: Карапет («Скупы» Г.Эрыставі), Акоп («Ханума» А.Цагарэлі), Хлестакоў, Гараднічы («Рэвізор» М.Гогаля), Шмага («Без віны вінаватыя» А.Астроўскага) і інш. Заснавальнік і рэдактар першага ў Грузіі тэатр. час. «Тэатры» (з 1885).
т. 1, с. 16
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЦВІНЁНАК (Аляксандр Уладзіміравіч) (н. 3.5.1957, г. Браслаў Віцебскай вобл.),
бел. скульптар. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1983). У 1983—86 вучыўся ў творчых акад. майстэрнях у З.Азгура. Асн. творы: «Легенда» (1987), рэльеф «Беларускія майстры 17 ст.» (1990), «Ф.Дастаеўскі» (1991), «Ефрасіння Полацкая» (1992), «Архангел Міхаіл» (1993), «Паўшы ангел» (1995). Распрацоўвае гіст. вобразы бел. асветнікаў: Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага і інш. Іл. гл. ў арт. Драўляная скульптура.
т. 2, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗО́НЕНТАЛЬ ((Sonnenthal) Адольф фон) (21.12.1834, Будапешт — 4.4.1909),
аўстрыйскі акцёр венскага «Бургтэатра» Г.Лаўбе. З 1856 вядучы акцёр. Мастацтва З. вызначалася высокім майстэрствам сцэн. слова, тонкасцю, элегантнасцю, імкненнем ствараць гарманічна выразныя вобразы. Выконваў вядучыя ролі ў бюргерскай драме, свецкіх камедыях, п’есах Ф.Шылера («Змова Фіеска ў Генуі», «Дон Карлас»), У.Шэкспіра — Гамлет, Атэла (аднайменныя п’есы), Г.Лесінга — Натан Мудры (аднайменная п’еса), І.Тургенева — Ракіцін («Месяц у вёсцы»), Г.Гаўптмана — Геншэль («Вазніца Геншэль») і інш.
т. 7, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСМАЛО́ЎСКАЯ (Зоя Васілеўна) (н. 1.3.1923 г. Орша),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1952). З 1954 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Створаныя ёю вобразы вылучаюцца вострым адчуваннем характарнай адметнасці і эмац. стану, арганічным жыццём у вобразе. Сярод роляў: Зорына («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Ульяна («Трывога» А.Петрашкевіча), Валянціна («Зоркі на ранішнім небе» А.Галіна), Понсія («Дом Бернарды Альбы» Ф.Гарсія Лоркі), Селія («Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі).
т. 2, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШАВА́НАЯ МО́ВА,
верш, асаблівы тып эмацыянальна афарбаванай, згушчанай мовы, у якой гранічна адчувальны кожны кампанент, а найбольш значныя гукі і сугуччы, словы, паўзы, вобразы не толькі акцэнтуюцца, але і ставяцца ў цэнтр увагі. У адрозненне ад прозы вершаваная мова характарызуецца пастаянствам аднароднай інтанацыйнай сістэмы, сіметрыяй і перыядычнасцю члянення сінтаксічных адрэзкаў, пэўным чынам арганізаванай рытмамелодыкай. Адсюль наяўнасць рыфмаў, строф, устаноўка на муз. гучанне. Вылучаюцца белы верш, вольны верш, свабодны верш, дольнік.
т. 4, с. 113
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫ́ЛЬСКАЯ ((Brylska) Барбара) (н. 5.6.1941, Варшава),
польская кінаактрыса. Скончыла Вышэйшую школу тэатра, кіно і тэлебачання ў Лодзі. Вобразы, створаныя актрысай, вызначаюцца вытанчанасцю выразных сродкаў і псіхал. праўдзівасцю. Сярод фільмаў: «Фараон», «Пан Валадыеўскі», «Польскі альбом», «Анатомія кахання». Здымалася ў Германіі («След Сокала», «Белыя ваўкі», «Пігмаліён XII»), Чэхаславакіі («Канцэрт для тых, хто застаецца», «Ціхі амерыканец у Празе»), Расіі [«Вызваленне», «Гарады і гады», «Іронія лёсу, або З лёгкай парай» (тэлевізійны, Дзярж. прэмія СССР 1977)].
т. 3, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)