БУ́ХАВІЦКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры барока. Пабудавана ў 1676 у в. Бухавічы (Кобрынскі р-н Брэсцкай вобл.) як касцёл дамініканцаў, з 1832 — Пакроўская царква. Першапачаткова прамавугольны ў плане выцягнуты па падоўжнай восі аб’ём, да якога з усх. боку далучалася прамавугольная апсіда, з зах. — вежа-званіца. Вуглы аб’ёмаў умацаваны контрфорсамі. Фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі, апяразаны карнізам простага профілю. У час рэканструкцыі (1889) надбудаваны 3-і ярус званіцы — драўляны васьмярык з шатровым верхам і цыбулепадобнай галоўкай над 2-схільным дахам і васьмігранны драўляны барабан з цыбулепадобным купалам. У інтэр’еры драўляны іканастас 2-й пал. 19 ст.

Бухавіцкая Пакроўская царква.

т. 3, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАЦЯНО́,

1) прылада для ручнога прадзення лёну, воўны, пянькі. У стараж. часы верацяном служыла драўляная крыху завостраная палачка, пазней — конусападобная даўж. 20—30 см з завостраным верхам і патоўшчаным нізам, на які для павелічэння вагі надзявалі прасліца.

2) Вярчальны стрыжань, на які надзяваюцца патрон, шпуля, катушка і інш.; асн. рабочы орган роўнічных, прадзільных, прадзільна-круцільных і круцільных машын. Прызначана для скручвання роўніцы, пражы, нітак і ўтварэння пакоўкі пэўнай формы і памераў. Бываюць кальцавыя, круцільныя, полыя і рагульчатыя.

Верацёны.
Верацяно для прадзення натуральных валокнаў: 1 — шпіндэль; 2 — ролікавы падшыпнік; 3 — утулка; 4 — падпятнік.

т. 4, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЯ́ЧКА,

гліняная пасудзіна, якая са стараж. часоў выкарыстоўвалася ў ювелірнай справе для разліўкі расплаўленых каляровых металаў. Узнікла ад тыгля з ручкай. 3 развіццём ювелірнай справы ўдасканальвалася. Паводле формы падзяляюцца на лыжкападобныя з закрытым верхам і масіўнай утулкавай ручкай (11 ст.), выцягнутая закрытая пасудзіна авальнай формы з дзвюма круглымі адтулінамі і ручкай (11—12 ст.), моцнапаглыбленая лыжка з плаўным пераходам корпуса ў ручку (13—14 ст.). Ва ўсх.-слав. гарадах 11—14 ст. знойдзена больш за 150 Л. На Беларусі знойдзены ў Віцебску, Гродне, Лукомлі, Навагрудку і інш.

Л.​У.​Калядзінскі.

Льячкі. 12—13 ст. Гродна.

т. 9, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́НЕЦ,

пярэдняя частка праваслаўнага ці каталіцкага храма. На Беларусі вядомы з 11—12 ст. (Сафійскі сабор і Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку). Пашыраны ў архітэктуры культ. пабудоў 15—18 ст. як частка аб’ёму над хорамі (цэрквы ў в. Мураванка Шчучынскага, Сынковічы Зэльвенскага р-наў Гродзенскай вобл., касцёлы ў в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл., Ішкалдзь Баранавіцкага р-на) або самастойны аб’ём, злучаны прамавугольным ці арачным праёмам з асноўным (цэрквы ў в. Яглевічы Івацэвіцкага, Здзітава Жабінкаўскага р-наў Брэсцкай вобл.). У кампазіцыі бабінец часам вылучаюць асобным верхам ці вежай-званіцай (цэрквы ў в. Вяжное Пружанскага, Рубель Столінскага р-наў Брэсцкай вобл.).

Бабінец.

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЬКІ́ (Regulus),

род птушак атр. вераб’інападобных. 5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі 2 віды: жоўтагаловы каралёк і чырвонагаловы К. (R. ignicapillus) — рэдкі залётны від. Жывуць пераважна ў яловых лясах.

Самыя маленькія пеўчыя птушкі, даўж. да 11 см, маса да 7 г. Ў К. чырвонагаловага афарбоўка спіны шаравата-зялёная, брушка светла-шэрае; праз вока ідзе чорная палоска; бровы белыя, шапачка аранжава-чырвоная. Гняздо К. шарападобнае, з адкрытым верхам, на выш. 4—12 м ад зямлі. Нясуць 6—10 яец двойчы за год. Кормяцца насякомымі і лічынкамі.

Да арт. Каралькі. Каралёк чырвонагаловы. 1 — самец; 2 — самка.

т. 8, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПЦІ,

плецены абутак з лыка або вяровак у слав., балцкіх і некаторых інш. народаў. Да пач. 20 ст. асн. від абутку бел. сялян. Паводле спосабу пляцення былі прамыя і косыя. Беларусы рабілі Л. пераважна з падэшваю прамога пляцення, якую для трываласці падпляталі лазою, лыкам, вяровачкамі або падшывалі скураю. Найпрасцейшыя з іх (Віцебшчына і Магілёўшчына) — «шчарбакі» ці «шчарбачні». Найб. пашыраныя на Беларусі былі коверзні. На Палессі і ў некат. раёнах цэнтр. Беларусі насілі Л. з адкрытым верхам наска — «зрачыя». Л. косага пляцення — «пахлапні», «пахрасні» бытавалі ва ўсх. раёнах Беларусі як святочны абутак. На Беларусі выраблялі таксама скураныя і вяровачныя Л.

В.​М.​Бялявіна.

Лапці: 1 — «шчарбакі»; 2 — «зрачыя»; 3 — «пахлапні»; 4 — «коверзні».

т. 9, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖА́Н-ГАРАДО́ЦКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 19 ст. Пабудавана ў 1818 у в. Кажан-Гарадок Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. У архітэктуры выявіліся рысы мясц. школы дойлідства барочнага кірунку. 5-зрубная крыжова-цэнтрычная кампазіцыя. У канцы 19 — пач. 20 ст. да яе прыбудавана 3-ярусная шатровая званіца (васьмярык на 2 чацверыках) з тамбурам. Да цэнтр. васьмерыка з 2-ярусным верхам (васьмярык на чацверыку) далучаны прамавугольныя ў плане аб’ёмы (бабінец, апсіда з рызніцай і 2 бакавыя прыбудовы) з чацверыковымі 1-яруснымі вярхамі. У інтэр’еры дамінуе цэнтр. трохсветлавы аб’ём, у які арачнымі праёмамі раскрываюцца двухсветлавыя памяшканні. Царква багата аздоблена паліхромнай драўлянай скульптурай і разьбой у стылі ампір (пач. 19 ст., майстар І.​Астапчык). 2-ярусны пазалочаны іканастас, гал. алтар завершаны скульптурай Іаана Хрысціцеля, бакавыя алтары ў прыбудовах аформлены ракайлямі, пальметамі, фрызамі з раслінных гірляндаў, карнізамі з іонікамі і сухарыкамі, капітэлямі накшталт тасканскіх.

Ю.​А.​Якімовіч.

Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква.

т. 7, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛУ́ГА,

горад у Расіі, цэнтр Калужскай вобл., на левым беразе р. Ака. Вядома з 1371. 347 тыс. ж. (1997). Чыг. станцыя. Прадпрыемствы машынабуд., прыладабуд., хім., дрэваапр., лёгкай і харч. прам-сці; вытв-сць буд.матэрыялаў. Пед. ін-т. Драм. тэатр. Музеі: краязнаўчы, маст., гісторыі касманаўтыкі імя К.​Э.​Цыялкоўскага.

Сярод арх. помнікаў каменны дом Корабавых (1697), цэрквы Пакрова на Рове (1687), Георгія за Верхам (1700—01), Спаса Праабражэння (1709—17) і інш. Паводле рэгулярных планаў 1778 і 1785 узведзены будынкі ў стылі класіцызму: Прысутныя месцы (1780—85, арх. П.​Нікіцін), Троіцкі сабор (1786—1819, арх. І.​Ясныгін), гасціны двор (1785—88, дабудоўваўся ў 1811—21), дамы Залатаровых—Калагрывавай (1805—08), Мяшковых (пач. 19 ст.), Дваранскага сходу (1848—50, арх. П.​Гусеў). Непаўторнасць гораду надаюць драўляныя 1-павярховыя 3-аконныя дамы з карнізамі вял. вынасу і разнымі ліштвамі ў стылі ампір. У К. створаны ансамбль Тэатральнай пл. (1958), узведзены будынак Музея гісторыі касманаўтыкі імя К.​Э.​Цыялкоўскага (1967, арх. Р.​Бархін і інш.).

Літ.:

Фехнер М.В. Калуга. М., 1971.

Калуга.

т. 7, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)