БЕЗРАЗМЕ́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,

вытворная фізічная велічыня, не залежная ад змены ў аднолькавую колькасць разоў велічыняў, выбраных за асноўныя. У сістэме велічыні, дзе за асн. выбраны даўжыня L, маса M і час T, размернасць некаторай безразмернай велічыні х роўная 1, г. зн. dim x = L°M°T° = 1 (усе паказчыкі размернасці такой велічыні роўныя нулю). Напрыклад, цэнтр. плоскі вугал, абмежаваны двума радыусамі акружнасці, не залежыць ад даўжыні радыуса і ў сістэме велічынь LMT будзе безразмернай велічынёй. Да безразмерных велічынь належаць усе адносныя велічыні: адносная шчыльнасць, адноснае падаўжэнне, адносныя дыэлектрычная і магн. пранікальнасці і інш. Безразмерная велічыня ў адной сістэме велічыняў можа быць размернай у іншай сістэме.

т. 2, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІ́ЧНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,

уласцівасць (асаблівасць, характарыстыка) фіз. аб’екта (фіз. сістэмы, працэсу, з’явы), у якасных адносінах агульная для многіх аб’ектаў, аднак колькасна індывідуальная (адрозная) для кожнага з іх. Напр., колькасць рэчыва, магутнасць, маса, тэмпература, электрычны зарад, энергія.

Кожная Ф.в. мае назву (тэрмін), літарнае абазначэнне (сімвал) і аперацыйнае вызначэнне (дэфініцыю), якое паказвае спосаб яе вымярэння або ўраўненне сувязі з інш. пераменнымі і пастаяннымі Ф.в. (гл. Сістэма фізічных велічынь, Фізічныя пастаянныя). Розныя памеры аднародных Ф.в. характарызуюцца значэннем Ф.в. — колькаснай ацэнкай гэтай Ф.в. некаторым лікам (лікавым значэннем) прынятых для яе адзінак (гл. Адзінкі фізічных велічынь). Для знаходжання лікавых значэнняў Ф.в. распрацаваны розныя метады вымярэнняў з улікам магчымых выпадковых і сістэматычных хібнасцей. Паняццем «Ф.в.» карыстаюцца ў метралогіі, фізіцы, хіміі, біялогіі, тэхніцы і інш. навуках, калі колькасныя суадносіны паміж уласцівасцямі даследаваных аб’ектаў вызначаюцца фіз. метадамі.

Літ.:

Стоцкий Л.Р. Физические величины и их единицы: Справ. М., 1984;

Чертов А.Г. Физические величины. М., 1990;

Физические величины: Справ. М., 1991.

А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,

адносная адзінка вымярэння бляску нябеснага свяціла (зоркі, планеты, Сонца ці інш.); мера асветленасці, створанай нябесным свяцілам на мяжы атмасферы Зямлі ў плоскасці, перпендыкулярнай да падаючага праменя. У залежнасці ад метаду назірання адрозніваюць З.в. баламетрычную (па поўнай энергіі, выпрамененай свяцілам), фатаграфічную, фотаэл., візуальную і інш.

Зоркі 1-й З.в. (абазначаюцца 1​m) ствараюць у 2,512 разоў большую асветленасць E, чым зоркі 2-й З.в., якія ў сваю чаргу ствараюць светлавыя патокі ў 2,512 разоў большыя, чым зоркі 3-й і г.д. Матэматычна гэта запісваецца lg(E1/E2)=0,4(m2-m1), дзе ўлічана, што lg2,512=0,4. Нуль-пункт шкалы З.в. ўмоўна выбраны па групе зорак у наваколлі Палярнай зоркі (Паўночны Палярны Рад), напр., Вега мае З.в. 0​m,14. Калі свяціла стварае асветленасць, большую за 0​m, яго З.в. лічыцца адмоўнай, напр., Марс (у процістаянні) мае З.в. -1​m,9, Сонца -26​m,8 З.в. залежыць ад адлегласці паміж назіральнікам і свяцілам, таму ўводзяць абс. З.в., пад якой разумеюць З.в. свяціла на стандартнай адлегласці 10 пс.

А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСАЛЮ́ТНАЯ ЗО́РНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,

гл. ў арт. Зорная велічыня.

т. 1, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ МАДЭ́ЛЬ,

матэматычная мадэль, дзе назіраная фіз. велічыня разглядаецца як выпадковая велічыня з імавернаснымі характарыстыкамі, якія падлягаюць вызначэнню ці ацэньванню. Гл. таксама Монтэ-Карла метад, Статыстычнае ацэньванне, Статыстычнае мадэліраванне, Статыстычнае рашэнне.

т. 15, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАЛЯ́Р (франц. scalaire ад лац. scalaris ступеньчаты), скалярная велічыня,

фізічная велічыня, кожнае значэнне якой (у адрозненне ад вектара) выражаецца толькі адным сапраўдным лікам. Напр., даўжыня, плошча, т-ра, час, шчыльнасць, работа. Значэнне С. можна адлюстраваць пунктам на лінейнай шкале (гл. Вось у матэматыцы).

т. 14, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́НКАЙ СТРУКТУ́РЫ ПАСТАЯ́ННАЯ,

безразмерная фіз. велічыня, што характарызуе эл.-магн. ўзаемадзеянне элементарных часціц; адна з фундаментальных фізічных пастаянных. Вызначаецца формулай: a = e​2/(ħc) ≈ 1/137, дзе e — зарад элементарны, ħ = h/(2π), h — Планка пастаянная, c — скорасць святла ў вакууме. Паводле найб. дакладных вымярэнняў α​−1 = 137,0359895(61). Вызначае тонкую структуру ўзроўняў энергіі атама (велічыня расшчаплення прапарцыянальная α​2), з чым звязана назва самой канстанты.

т. 15, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРААДМО́ЎНАСЦЬ,

велічыня, якая характарызуе здольнасць атама да палярызацыі кавалентных сувязей. Калі пры ўтварэнні двухатамнай малекулы A—B электроны зрушваюцца ў бок атама B, то ён лічыцца больш электраадмоўным, чым атам A. Для колькаснай ацэнкі выкарыстоўваюць шэраг метадаў (Полінга, Малікена і інш.), заснаваных на геаметрыі малекул, тэрмахім. даных, спектральных характарыстыках. Велічыня Э. выкарыстоўваецца ў фіз.-хім. даследаваннях для вызначэння параметраў кавалентных сувязей (палярнасці, частаты ваганняў, даўжыні) і інш.

т. 18, кн. 1, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФЕМЕРЫ́ДНЫ ЧАС,

раўнамерны час, што ўваходзіць як велічыня ва ўраўненні руху нябесных цел і ў адпаведнасці з якім складаюцца астр. эфемерыды. Уведзены ў 1950.

Сусветны час, заснаваны на перыядзе вярчэння Зямлі вакол сваёй восі, нераўнамерны (з-за векавых і флуктуацыйных змен гэтага вярчэння). Э.ч. заснаваны на перыядзе абарачэння Зямлі вакол Сонца. Каб перайсці да Э.ч., да сусветнага часу дадаюць папраўку, велічыня якой вызначаецца з назіранняў Месяца і планет і публікуецца штогод.

т. 18, кн. 1, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ МА́СА,

фізічная велічыня, якая характарызуе ўласцівасці цела як крыніцы прыцягнення; роўная інертнай масе. Гл. Маса.

т. 5, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)