ЗАБАЛО́ЦКАЯ (Людміла Васілеўна) (н. 27.12.1949, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),
бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1974). Працавала ў выд-ве «БелСЭ» (1974—84), на Бел. тэлебачанні, нам.гал. рэдактара час. «Пралеска» (1991—95), у выд-ве «Полымя», з 1996 у час. «Адукацыя і выхаванне». Друкуецца з 1967. Аўтар зб-каў вершаў «Сакавік» (1974), «Радаводны васілёк» (1981), «Святло палыну» (1989), «Струны памяці» (1991). Асн. тэма творчасці — жаночая доля, каханне і пошукі жыццёвай гармоніі. Паэтэса чулая да маст. слова, настойлівая ў пошуку сродкаў узбагачэння паэт. тэматыкі. Пераклала на бел. мову раман В.Скота «Айвенга» (1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА́ША ПРА́ЎДА»,
легальная газета рэв.-дэмакр. кірунку ў Зах. Беларусі. Выдавалася з 30.3 да 24.9.1927 у Вільні на бел. мове 2 разы на тыдзень. Пісала пра эканам. і паліт. становішча ў Польшчы, пра стан бел. школ, заняпад нац. культуры, вяла палеміку з выданнямі, якія зневажалі бел. народ, яго культуру і творцаў. Выкрывала каланізатарскую палітыку ўрада Ю.Пілсудскага ў адносінах да народаў нац. меншасцей. У газеце супрацоўнічалі А.Салагуб, М.Васілёк, Я.Маланка, Улад-Ініцкі і інш. Выйшла 50 нумароў, з іх 6 канфіскаваны. Забаронена польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЗО́Н (франц. gazon),
участак зямлі з травяным покрывам, роўна і нізка падстрыжаным. Вылучаюць газоны дэкаратыўныя (паркавыя, або садовыя, партэрныя, лугавыя, маўрытанскія), спартыўныя і спец. прызначэння (на аэрадромах, для замацавання адхонаў і інш.). Ствараюць газон высевам насення шматгадовых траў на выраўнаваную глебу. Для маўрытанскіх (стракатакветных) газонаў выкарыстоўваюць сумесь траў і прыгожа квітучых раслін (календула, васілёк, незабудка, іберыс, мак і інш.). Догляд газонаў: рамонт (падсяванне траў або дзернаванне), падстрыганне або касьба, паліўка, падкормка, барацьба з пустазеллем. На Беларусі для газонаў выкарыстоўваюць травы: райграс пашавы, аўсяніцу лугавую і чырвоную, метлюжок лугавы, мятліцу звычайную і белую, канюшыну чырвоную і белую.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЗА́ЦЫЯ БЕЛАРУ́СКА-АМЕРЫКА́НСКАЙ МО́ЛАДЗІ (ў ЗША) (АБАМ). Створана 30.12.1951 аб’яднаннем арг-цый бел. моладзі ў Кліўлендзе і Нью-Йорку. Да 1967 наз. Згуртаванне бел. моладзі ў Амерыцы. Мае аддзяленні ў Дэтройце, Кліўлендзе, Лос-Анджэлесе, Нью-Брансвіку, Саўт-Рыверы. З 1960 член Еўрап. ін-та (ін-та выхавання моладзі еўрап. бежанцаў). Пры арг-цыі існуе (з 1977) фонд падтрымкі студэнтаў імя Любачкі. АБАМ займаецца культ.-асв., грамадска-арганізац. і інфарм.-выдавецкай дзейнасцю. Выдавала часопісы «Віці» (1952—57, разам з Бел.-амер. студэнцкім аб’яднаннем),
«Беларуская моладзь» (1959—80, на бел. і англ. мовах), выйшаў «Беларускі песенны зборнік» М.Куліковіча (Кліўленд, 1960). Пры АБАМ у 1956—93 дзейнічаў танц. ансамбль «Васілёк».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНО́К САНЕ́ТАЎ,
вершаваны твор з 15 санетаў, адна з цвёрдых страфічных формаў. Кампазіцыйнай асновай вянка санетаў з’яўляецца апошні санет — магістрал. Звычайна ён пішацца раней за іншыя, бо яго радкі ў строгай паслядоўнасці замыкаюць папярэднія санеты: 1-ы санет пачынаецца 1-м і канчаецца 2-м радком магістрала, 2-і адпаведна 2-м і 3-м радком і г.д.; 14-ы санет пачынаецца апошнім і канчаецца 1-м радком магістрала. Вядомы з эпохі барока. Надзвычай складаная форма, якая вымагае дасканалага паэт. майстэрства. Першы бел. вянок санетаў напісаў А.Салавей («Вянок першы», 1958), да гэтай формы звярталіся Н.Гілевіч («Нарач»), Х.Жычка («Абеліск»), А.Сербантовіч («Васілёк», «Курганы»), Я.Сіпакоў («Жанчына») і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАПРО́СТУ»
(«Poprostu»),
двухтыднёвая літ.-грамадская газета прагрэс. польскай інтэлігенцыі студэнцкая лявіца «Фронт», што была пад уплывам КПЗБ. Выдавалася з 5.8.1935 да 20.3.1936 у Вільні на польск. мове. Выкрывала фашызм, выступала за стварэнне адзінага антыфаш. нар. фронту, у абарону палітвязняў, патрабавала амністыі для іх. Інфармавала пра дзейнасць нар. франтоў у Францыі, Іспаніі, забастоўкі на прадпрыемствах Ліды, Вільні, інш. гарадоў Зах. Беларусі. З №7 ад 5.11.1935 друкавала «Беларускую калонку» пад назвай «Беларусы пра сябе» (рэдактар М.Танк). У газеце друкаваліся польск. і бел. пісьменнікі і публіцысты Г.Дэмбінскі, С.Ендрыхоўскі, Е.Путрамант, В.Васілеўская, К.Петрусевіч, М.Танк, М.Васілёк і інш. Выйшла 16 нумароў, з іх 6 канфіскаваны. Закрыта польск. ўладамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАГАДО́ВЫЯ РАСЛІ́НЫ, адналетнікі,
травяністыя расліны, жыццёвы цыкл якіх (ад насення да насення) заканчваецца на працягу аднаго года (найб. кароткі ён у эфемераў, часцей ахоплівае ад 2 да 5 месяцаў). Вядома больш за 100 тыс. відаў, пашыраных на ўсім зямным шары, з іх на Беларусі каля 270 відаў.
Аднагадовыя расліны падзяляюцца на яравыя і азімыя формы. Насенне яравых прарастае вясной або летам і да восені (ва ўмераных шыротах) пасля плоданашэння расліны адміраюць (яравая пшаніца, лён, авёс, ячмень, кукуруза, каноплі, гарох, проса, грэчка, рыс і інш.). Азімыя прарастаюць восенню, зімуюць, на наступны год цвітуць, пладаносяць і адміраюць (азімыя пшаніца і жыта, віка, рапс, васілёк, стрэлкі і інш.). Аднагадовыя расліны (асабліва эфемераў) значна больш у пустыннай зоне і найменш у тундравай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІКАЎ (Анатоль Рыгоравіч) (30.10.1896, г. Скапін Разанскай вобл., Расія — 23.9.1984),
расійскі кампазітар, муз.-грамадскі дзеяч. Засл. дз. маст. Расіі (1947). Нар.арт. Расіі (1961). Нар.арт.СССР (1970). Герой Сац. Працы (1976). У 1921—27 вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі ў Р.Гліэра. У 1939—43 маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца ВЦСПС, у 1948—51 — Ансамбля песні Усесаюзнага радыё. Сабраў і адрэдагаваў каля 500 рус.нар. песень («Рускія народныя песні», т. 1—3; некат. ў яго запісе). Аўтар муз. камедый «Ляўша» (паст. 1957), «Калі ты са мной» (паст. 1961), «Каралева прыгажосці» (паст. 1964), «Асобае заданне» (паст. 1965), «Чорная бяроза» (паст. 1969), «Васіль Цёркін» (паст. 1971), паэмы «Нам патрэбен мір» для салістаў, хору, чытальніка і арк. (1954), кантат, хароў, музыкі да драм. спектакляў, шматлікіх песень («Смуглянка», «Дарогі», «Расія», «Вася-Васілёк», «Гімн дэмакратычнай моладзі свету» і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУСТАЗЕ́ЛЛЕ, пустазельныя расліны,
расліны, рост якіх на пэўных участках непажаданы. Пагаршае ўмовы росту і развіцця культ. раслін, зніжае іх ураджай, перашкаджае рабоце с.-г. машын, спрыяе пашырэнню шкоднікаў. Паводле месца росту П. падзяляецца на раллёвае (сегетальнае), смеццевае (рудэральнае) і П. прыродных угоддзяў.
Для П. характэрны высокая пладавітасць (напр., 1 расліна палыну звычайнага дае да 10,5 млн. насення), непатрабавальнасць да глебава-клімат. умоў. Многія пустазельныя расліны (васілёк сіні, куколь) па-за межамі аграбіяцэнозаў не трапляюцца. На палях, моцна засмечаных П. недабор зерня з 1 га дасягае 0,2—0,3 т, бульбы 2—5 т, агародніны 1,5—4 т, таксама ў прадукцыі памяншаецца колькасць бялкоў, цукру, крухмалу.
На Беларусі каля 300 відаў П., найб. пашыраныя з аднагадовага П. — лебяда белая, свінакроп палявы, брыца звычайная, пупок палявы, рэдзька дзікая, зоркаўка сярэдняя; са шматгадовага П. — пырнік паўзучы, шчаўе конскае, асот палявы, бярозка палявая, хвошч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУНЕ́Ц (Пятро) (Пётр Мікалаевіч; 4.5.1911, в. Азярычына Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 5.3.1997),
бел. пісьменнік. Скончыў Камуніст.ін-т журналістыкі ў Мінску (1940). Настаўнічаў, працаваў у газ. «Піянер Беларусі», час. «Бярозка», на Бел. радыё. Друкаваўся з 1932. Першы зб. апавяданняў «Юныя змагары» (1940). Большасць твораў пра дзяцей і для дзяцей. Склаў зб. успамінаў дзяцей пра вайну «Ніколі не забудзем» (1948). Выдаў брашуру пра Я.Маўра «Чалавек з крылатай фантазіяй» (1979). На бел. мову пераклаў паасобныя творы С.Міхалкова, Б.Емяльянава, Ж.Грывы, А.Талвіра, Дж.Радары, З.Эргле і інш.