сістэма прыёмаў вырошчвання с.-г. раслін, тэхналогія раслінаводства. Уключае апрацоўку глебы, унясенне ўгнаенняў, падрыхтоўку насення, сяўбу і пасадку, догляд пасеваў, барацьбу з пустазеллем, шкоднікамі і хваробамі с.-г. раслін, уборку ўраджаю і інш. мерапрыемствы (усе працэсы ўзаемаабумоўлены і складаюць агратэхн. комплекс).
Прыёмы агратэхнікі, звязаныя з выкарыстаннем сістэмы с.-г. машын і заснаваныя на дасягненнях аграбіял. навук, пачалі складацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. Задача сучаснай агратэхнікі — забеспячэнне высокіх ураджаяў пры мінім. затратах працы і сродкаў на адзінку высакаякаснай прадукцыі, захаванне ўрадлівасці глебы і ахова яе ад эрозіі (гл.Эрозія глебы). Выбар прыёмаў агратэхнікі абумоўліваецца спецыялізацыяй гаспадаркі, глебава-кліматычнымі ўмовамі, біял. асаблівасцямі культур і ажыццяўляецца ў сістэме севазваротаў.
На Беларусі, размешчанай у зоне дастатковага ўвільгатнення і бедных дзярнова-падзолістых глебаў, асн. мэта агратэхнікі — абагачэнне глебы пажыўнымі рэчывамі, паляпшэнне яе фіз.-хім. уласцівасцяў, рэгуляванне воднага рэжыму (гл.Акультурванне глебы, Вапнаванне глебы, Меліярацыя). З мэтай найлепшага выкарыстання ўгнаенняў створана аграхім. служба і на ўсе гаспадаркі складзены аграхім. картаграмы. Распрацоўку тэарэт. асноў і практычных метадаў агратэхнікі ўзначальваюць н.-д. ін-ты Мін-ва сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Панников В.Д., Минеев В.Г. Почва, климат, удобрение и урожай. 2 изд. М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУРТЭХНІ́ЧНЫЯ РАБО́ТЫ,
работы па наданні ворывапрыдатнага стану паверхні с.-г. угоддзяў. Уключаюць расчыстку зямель ад дрэвава-хмызняковай расліннасці, выдаленне пнёў, ачыстку тарфянікаў ад пахаванай драўніны, знішчэнне купін, выдаленне імховага пачасся, камянёў з паверхні і ворнага гарызонту, планіроўку паверхні, першасную апрацоўку глебы. Выконваюцца на асушальных тарфяна-балотных, забалочаных і залішне ўвільготненых мінер. глебах, а таксама на цалінных, абложных, зарослых хмызняком, засмечаных камянямі, драбнаконтурных землях.
Пры расчыстцы зямель звальваюць дрэвы бульдозерамі або дрэваваламі; зразаюць дрэвава-хмызняковую расліннасць кустарэзамі ці бульдозерамі; карчуюць дрэвы, пні і хмызняк карчавальнікамі. экскаватарамі, трактарамі з тросамі і інш.карчавальнымі машынамі; зграбаюць дрэвава-хмызняковую масу спец. граблямі, падборшчыкамі, валкавальнікамі, пагрузчыкамі ў валы і кучы і знішчаюць іх; фрэзеруюць дрэвава-хмызняковую расліннасць (дыяметрам да 12 см) машынамі глыбокага фрэзеравання з наступным заворваннем рэшткаў драўніны; заворваюць хмызняк балотнымі плугамі; апрацоўваюць расліннасць арбарыцыдамі і выдаляюць драўніну пасля дастатковага згнівання. Ачыстку тарфянікаў ад пахаванай драўніны робяць узорваннем на глыбіню да 50 см балотнымі плугамі або карчавальнікамі з наступным збіраннем і знішчэннем выдаленай драўніны; знішчэнне купін — фрэзераваннем, прыкочваннем гладкімі або нажавымі каткамі, зразаннем; выдаленне імховага пачасся — заворваннем або мех. разрыхленнем і зграбаннем у валы і кучы, а таксама абпальваннем; выдаленне камянёў — каменяўборачнымі машынамі або карчавальнікамі-пагрузчыкамі; планіроўку паверхні — планіроўшчыкамі, грэйдэрамі, бульдозерамі і інш.; першасную апрацоўку глебы (для разбурэння драўніны і стварэння ворнага гарызонту) — узворваннем, дыскаваннем, фрэзераваннем. Пасля К.р. вядуць работы па акультурванні глебы (вапнаванне, унясенне ўгнаенняў, паглыбленне ворнага слоя і г.д.).
П.М.Багаслаўчык.
Да арт.Культуртэхнічныя работы. Машыны для першаснай апрацоўкі глебы: а — навясны хмызнякова-балотны плуг для ўзорвання балот і сухадольных зямель (1 — чаранковы нож, 2 — корпус з адвалам і лемяшом, 3 — механізм рэгулёўкі); б — машына для глыбокага суцэльнага фрэзеравання зямель, якія зараслі хмызняком (1 — адвал, 2 — апорны каток, 3 — пліта для здрабнення драўніны, 4 — фрэза, 5 — ушчыльніковы каток). Некаторыя аперацыі па расчыстцы тэрыторыі і першаснай апрацоўцы глебы: 1—2 — валка дрэў; 3 — карчаванне хмызняку карчавальнікам; 4 — культурнае ўзорванне, 5 — раздзелка пласта (дыскаванне) цяжкай дыскавай бараной; 6 — апрацоўка цяжкай зубавай бараной з вычэсваннем каранёў і пнёў; 7 — фрэзераванне балотнай фрэзай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛІЯРА́ЦЫЯ (ад лац. melioratio паляпшэнне),
комплекс тэхн. і арганізацыйна-гасп. мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне зямельных, раслінных, водных і кліматычных рэсурсаў.
Гал. мэта М. — павышэнне ўрадлівасці глеб, фарміраванне высокапрадукцыйных аграбіяцэнозаў, стварэнне спрыяльных умоў для існавання карыснай флоры і фауны, уключэнне ў гасп. абарот вял. плошчаў непрыдатных зямель. Найб. пашырана с.-г.М., якая прадстаўлена гідратэхн., хім., агралесамеліярац., супрацьэразійнымі і культуртэхн. відамі. Гідратэхнічная М. (М. зямель з неспрыяльным водным рэжымам) — асушэнне або арашэнне глеб, тэрыторый. У залежнасці ад канкрэтных глебава-кліматычных умоў ствараюцца асушальныя, асушальна-ўвільгатняльныя, асушальна-арашальныя меліярац. сістэмы. Хімічная М. праводзіцца на с.-г. угоддзях з неспрыяльнымі аграхім. ўласцівасцямі глебы, яна ўключае вапнаванне глебы, унясенне мінер. угнаенняў і інш.хім. рэчываў. Агралесамеліярацыя выкарыстоўваецца для павышэння прадукцыйнасці лясоў. Супрацьэразійная М. накіравана на папярэджанне размыву і змыву глебы паверхневымі водамі, выдзімання яе ветрам, на ўмацаванне яроў і інш.Тэхнічная М. выкарыстоўваецца пры буд. работах для замацавання грунтоў. Большасць М. праводзіцца адначасова з культуртэхн. работамі, накіраванымі на паляпшэнне стану зямель. Пры выкананні меліярац. работ выкарыстоўваюцца меліярацыйныя машыны.
М. — адно з самых вял. антрапагенных уздзеянняў на прыродныя комплексы. Яна прыводзіць да пераўтварэння глеб, гідраграфіі, клімату, расліннасці, што выклікае глыбокія змены ў прыродным асяроддзі. Узніклі таксама новыя навукі, якія вывучаюць гэтыя з’явы: меліярацыйная гідрагеалогія, меліярацыйная геаграфія, меліярац. гідралогія, меліярац. глебазнаўства і інш. Выявіліся адмоўныя вынікі ўздзеяння М. на прыроду: перасушка глеб, выпрацоўка торфу, памяншэнне разнастайнасці жывёл і раслін, паніжэнне ўзроўню грунтавых вод (адпаведна і ў калодзежах), павялічваецца колькасць замаразкаў, сухавеяў і інш.
Тэр. Беларусі адносіцца да зоны лішкавага ўвільгатнення: 2,5 млн.га (больш за 12% тэрыторыі) займаюць балоты, з іх больш за 80% нізінныя. Гэта патрабуе гідратэхн. М., накіраванай на паляпшэнне водна-паветр. рэжыму тарфяна-балотных і пераўвільготненых мінер. глеб. Першыя асушальныя работы пачаліся ў 1856, калі на тэр. Горы-Горацкага земляробчага ін-та быў закладзены ганчарны дрэнаж. У 1873—98 М. на Палессі працавала Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот. У 1920—30-я г. праведзены работы па асушэнні Мар’інскіх балот у Любанскім р-не Мінскай вобл. Да 1941 асушана 240 тыс.га пераўвільготненых зямель, з іх 170 тыс.га асвоена. Тэмпы М. рэзка павялічыліся ў 1960-я г., асабліва на Беларускім Палессі. З 1970-х Г. павысілася доля закрытага дрэнажу, сістэм з двухбаковым рэгуляваннем воднага рэжыму (22,1%, 1996), арашэння. Асн. віды меліярац. работ суправаджаюцца меліярацыяй клімату.
На Беларусі асушана каля 4 млн.га, з іх каля 3 млн.гас.-г. угоддзяў: 40% ворыва, 28 сенажацяў, 27 пашы, 5% інш. (1999). Патрабуецца ўдасканаленне тэхн. стану меліярац. сістэм на пл. 892,5 тыс.га (30,6%) усіх асушаных с.-г. угоддзяў. Для захавання эталонных прыродных комплексаў ствараюцца запаведнікі, заказнікі і інш. ахоўныя тэрыторыі, дзе правядзенне М. абмяжоўваецца або забараняецца. Для памяншэння негатыўных экалагічных вынікаў у меліярац. праектах уведзены раздзел «Ахова прыроды», ажыццяўляецца экалагічная экспертыза праектаў. Для больш эфектыўнага вырашэння праблем меліярац. навукі створаны н.-д. ўстановы, галаўная — меліярацыі і лугаводства Беларускі НДІ.
В.С.Аношка.
Да арт.Меліярацыя. Шлюз-рэгулятар на меліярацыйным канале.