геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1988). Размешчаны за 1 км на ПнУ ад в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл., на паўн. адхоне выемкі аўтадарогі Мінск—Ашмяны. Даўж. 6,5 м, шыр. 5 м, выш. 2,2 м, у абводзе 22 м, аб’ём бачнай часткі 37,9 м³, маса каля 100 т. Утварыўся ў выніку цэментацыі пясчаных, пясчана-жвірова-галечных адкладаў і дробных валуноў пры падняцці падземных вод і напорным уздзеянні ледавіка каля 150 тыс.г. назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́САВЫ КАМЯНІ́,
манументальныя помнікі эпіграфікі 12 ст. на тэр. Беларусі. 7 вял.валуноў з высечанымі на іх 6-канцовымі крыжамі і надпісамі «Господи помози...». Захаваліся 3: у Маскве ў музеі-запаведніку «Каломенскае», каля Полацкага Сафійскага сабора, у г.п. Друя; астатнія разбураны. Да прыняцця хрысціянства (10 ст.) Барысавы камяні былі язычніцкімі фетышамі. Крыжы на валунах высечаны паводле загаду полацкага кн.Рагвалода Усяславіча (пасля хрышчэння Барыс) у 1-й трэці 12 ст. ў сувязі з ажыўленнем язычніцкіх вераванняў і з мэтай увекавечыць імя князя (гл. таксама Рагвалодаў камень).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬНЯ,
возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Яльнянка, за 16 км на ПдУ ад г. Міёры, у межах гідралагічнага заказніка Ельня, сярод вярховага балота Мох. Пл. 5,4 км², даўж. 4,9 км, найб.шыр. 1,5 км, найб.глыб. 3,5 м, даўж. берагавой лініі каля 15 км. Пл. вадазбору 14,4 км². Схілы катлавіны невыразныя. Берагі на З і Пнвыш. да 1,5 м, на У і ПнУ пясчана-жвіровыя, шмат валуноў. Дно плоскае, сапрапелістае, каля зах. берага тарфяністае, каля ўсх. — пясчана-жвіровае. Уздоўж берагоў рэдкі трыснёг і чарот. Сцёк у воз. Чорнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНІ́,
урочышча на паўд.-зах. беразе воз. Янова каля в. Бікульнічы Полацкага р-на Віцебскай вобл., адметнае наяўнасцю ўпарадкавана размешчаных валуноў.
Асобныя валуны размешчаны так, што ўтвараюць П-падобную фігуру (квадрат памерам 15 × 15 м), арыентаваную адкрытым бокам на ПнЗ, дзе знаходзіцца ўзгорак «Валатоўка». Лічыцца, што К. — старажытная абсерваторыя, якая дазваляла вызначаць пачатак святкавання Купалля — дзень летняга сонцастаяння. Калі Сонца, за якім назіралі праз адкрыты бок К., пры захадзе датыкалася да вяршыні Валатоўкі, наступала самая кароткая (купальская) ноч года.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ПРАЧЫ́СЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік стараж.-рус. дойлідства 12 ст. Пабудавана майстрамі Гродзенскай школы дойлідства. Пашкоджана пажарам у 1654. Рэшткі яе выяўлены археолагамі ў 1980 на тэр.Гродзенскага манастыра базыльянак.
6-слуповы 3-нефавы храм меў 3 прамавугольныя ў плане апсіды са зрэзанымі вугламі. Сцены (таўшчыня 1—1,1 м) складзены з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі. У верхнія часткі сцен і скляпенні былі ўмураваны керамічныя збаны (галаснікі). Фасады былі аздоблены лапаткамі, маёлікавымі пліткамі квадратнай і трапецападобнай формы, устаўкамі з абчасаных паліраваных валуноў. Падлога, выкладзеная маёлікавай пліткай жоўтага, зялёнага і карычневага колеру разнастайнай формы, сваім малюнкам нагадвае падлогу Гродзенскай Ніжняй царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКІ́НСКАЯ ГРАДА́,
геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1997). На паўд.-зах. беразе воз. Мядзел, ва ўрочышчы Лука, на ПнУ ад в. Скары Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Града даўж. 2,2 км, шыр. 50—100 м, выш. да 10 м, стромкасць схілаў да 10—12°, у зах.ч. да 30—60°. Выцягнута з ПнЗ на ПдУ, месцамі апускаецца пад ваду воз. Мядзел, утварае ланцуг выспаў (даўж. ад 200 м да 375 м). Града (оз) складаецца з пяску, жвіру, марэннага супеску і валуноў. Утварылася каля 15—20 тыс.г. назад у выніку назапашвання матэрыялу ў шчылінах ледавіка. Л.г. — эталонная форма рэльефу водналедавіковага паходжання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,
самабытная арх. школа, якая склалася ў 12 ст. ў Гродне. Пабудовы Гродзенскай школы дойлідства вызначаліся арыгінальнымі сродкамі выразнасці — выкарыстаннем у роўнаслаёвай муроўцы з плоскай цэглы (плінфы) дэкар. прыроднага каменю (абчасаных, паліраваных валуноў), геам. кампазіцый з каляровых паліваных кафляў, наборнай маёлікавай падлогі з плітак разнастайных формаў. Для аб’ёмна-прасторавых кампазіцый характэрна адносна невял. таўшчыня апорных канструкцый, круглая і гранёная форма ўнутр. слупоў. Каб палепшыць акустыку, у верхнія часткі сцен умуроўваліся керамічныя збаны (галаснікі). Узоры Гродзенскай школы дойлідства — Гродзенская Ніжняя царква, Гродзенская Барысаглебская царква, Гродзенская Прачысценская царква, Гродзенскі княжацкі церам, царква ў Ваўкавыску (сярэдзіна 12 ст.; у 1956 выяўлены рэшткі падмурка на замчышчы).
Да арт.Гродзенская школа дойлідства. Муроўка Барысаглебскай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІХЕНАІНДЫКА́ЦЫЯ (ад грэч. leichēn лішай, лішайнік + лац. indico указваю, вызначаю),
метад ацэнкі забруджанасці навакольнага асяроддзя з выкарыстаннем лішайнікаў як найб. адчувальных індыкатарных раслін. Адрозніваюць колькасную (з дапамогай матэм. індэксаў), якасную (параўнанне пашырэння відаў з паказчыкамі забруджанасці) і ўскосную (па стане жыццядзейнасці) індыкацыю. Па паказчыках Л. выяўляецца: стан прыродных і культурных ландшафтаў, узрост і захаванасць першаснага лесу, кіслотнасць глеб, сан.-гігіенічны стан паветра населеных пунктаў і прамысл. цэнтраў, узрост валуноў і стараж. збудаванняў, геал. ўмовы мясцовасці і інш. На Беларусі Л. выкарыстоўваецца пры даследаванні забруджанасці атмасферы двухвокісам серы, экалагічнай экспертызе населеных пунктаў, ланд шафтна-экалагічных даследаваннях раслінных комплексаў.
Літ.:
Горбач Н.В. Об индикационной роли лишайников в лесных сообществах // Геоботанические исследования. Мн., 1966;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ТЫ (літ.Друкшай, Drũkšiai),
возера на мяжы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. і Літвы, у бас.р. Дрысвята, за 22 км на З ад г. Браслаў. Пл. 44,5 км², даўж. 13 км, найб.шыр. 5,8 км, найб.глыб. 31 м, даўж. берагавой лініі больш за 60 км. Пл. вадазбору 604 км². Схілы катлавіны — узгоркі і грады выш. да 15 м, месцамі спадзістыя, забалочаныя, усх. і паўд.-ўсх. разараныя, астатнія аблесеныя. Звілістая берагавая лінія ўтварае мноства заліваў, асабліва ў паўд. частцы. На берагах шмат валуноў. Рэльеф дна ўзгорысты; да глыб. 5 м пясчаныя грунты, цэнтр.ч. выслана глеямі, 8 астравоў, найб. з іх Замак (пл. 0,26 км²). Зарастае каля 10% пл. возера. Упадаюць рэкі Апівардка, Рычанка, выцягае р. Прорва. На беразе возера Дрысвяцкі парк. Выкарыстоўваецца як вадаём — ахаладжальнік Ігналінскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ГЕАЛАГІ́ЧНЫХ НАВУ́КНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1971 у Мінску на базе Лабараторыі геахім. праблем АНБССР (з 1963) і Плешчаніцкай геафіз. станцыі АНБССР (з 1960) як Інстытут геахіміі і геафізікі. З 1992 Ін-т геалогіі, геахіміі і геафізікі, з 1993 сучасная назва. У складзе ін-та (1997) 13 лабараторый, 2 геафіз. абсерваторыі, доследна-метадычная сейсмалагічная партыя, аддзел кніжна-часопісных выданняў і аператыўнай паліграфіі, эксперым. база па вывучэнні ледавіковых валуноў. Аспірантура (з 1971).
Асн. навук. кірунак — вывучэнне літасферы ў межах Беларусі і сумежных рэгіёнаў. Даследуе тэктоніку стараж. платформ, літалогію, петралогію, стратыграфію і геахімію платформавага чахла і крышт. фундамента, геалогію і палеанталогію антрапагену, геафізіку глыбінных зон, геахімію радыеактыўных і стабільных ізатопаў, праблемы геамарфалогіі, гідрагеалогіі, геаэкалогіі. Робіць прагнозную ацэнку тэрыторыі на карысныя выкапні. У ін-це працавалі акадэмікі АН Беларусі Г.В.Багамолаў, Г.І.Гарэцкі, К.І.Лукашоў, працуюць Р.Г.Гарэцкі, А.С.Махнач, А.В.Мацвееў.