дыстыляцыя нафты, раздзяленне нафты на асобныя фракцыі з рознымі тэмпературнымі інтэрваламі выкіпання; пачатковы працэс нафтаперапрацоўкі. Засн. на тым, што пры награванні нафты ўтвараецца паравая фаза, састаў якой адрозніваецца ад саставу вадкасці (гл.Дыстыляцыя).
У прам-сці ажыццяўляюць на неперарыўна дзейных нафтаперагонных устаноўках. Асн. апараты ўстановак — рэктыфікацыйныя калоны (гл.Рэктыфікацыя), трубчастыя печы і цеплаабменныя апараты. Адрозніваюць атм. трубчастыя, ці АТ-устаноўкі, і атм.-вакуумныя трубчастыя, ці АВТ-устаноўкі. У АТ-устаноўках П.н. ажыццяўляюць пад ціскам 150—400 кПа; у АВТ-устаноўках — спачатку пры атм., а потым пры нізкім ціску (5—15 кПа). На АТ-устаноўках атрымліваюць светлыя фракцыі, што выкіпаюць да 350 °C (вуглевадародны газ, бензін, газа, газойль) і мазут, на АТВ-устаноўках — тыя ж фракцыі, а таксама вакуумны газойль, дыстылятнае масла (гл.Нафтавае масла) і гудрон.
Літ.:
Александров И.А. Перегонка и ректификация в нефтепереработке. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗАЗАХО́ПНЫЯ ПРЫСТАСАВА́ННІ,
механізмы і прыстасаванні да грузападымальных машын, прызначаныя захопліваць, перамяшчаць і разгружаць розныя грузы. Грузазахопныя прыстасаванні для штучных грузаў — чалачныя стропы, скобы, грузавыя траверсы, клешчавыя і эксцэнтрыкавыя захопы, крукі, клямары, гакі, сеткі; для насыпных — грэйферы, каўшы, кюбелі; для наліўных — бодні, спец. ёмістасці.
Бываюць аўтаматычныя (кіруюцца прыводам грузападымальнай машыны, напр. аўтастропы, грузавыя электрамагніты), паўаўтаматычныя (выпускаюць зашчэмлены груз пры апусканні яго на апорную паверхню, напр. абцуговыя захопы) і ручныя (замацоўваюцца і знімаюцца з грузаў уручную). Для падымання грузаў з плоскімі паверхнямі (лісты, буд. блокі, каробкі) выкарыстоўваюць вакуумныя грузазахопныя прыстасаванні, аснашчаныя захопамі, галоўкамі і гнуткімі прысосамі. Пашыраны спецыялізаваныя грузазахопныя прыстасаванні для пэўных грузаў — рулонаў і пакетаў ліставых матэрыялаў, кантэйнераў, бярвён і да т.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУГАВА́Я ПЕЧ,
прамысловая электрычная печ, у якой плавяць металы і інш. матэрыялы цяплом электрычнай дугі. Бываюць прамога дзеяння (дуга гарыць паміж электродамі і металам, што награваецца), ускоснага (непрамога) дзеяння (дуга гарыць паміж электродамі на пэўнай адлегласці ад матэрыялу) і з закрытай дугой (яна гарыць пад слоем цвёрдай шыхты, куды ўстаўлены электроды).
Найб. пашыраны Д.п. прамога дзеяння для выплаўкі сталі (ёмістасць да 400 т) і печы з закрытай дугой для выплаўкі каляровых сплаваў, ферасплаваў, электракарунду і інш. Ёсць таксама вакуумныя Д.п. з расходавальным электродам (яго робяць з металу, які пераплаўляецца) і з нерасходвальным (з вальфраму або графіту). Такія печы выкарыстоўваюцца для вакуумна-дугавога пераплаву металаў і сплаваў. Нагрэў і плаўленне металаў плазменнай дугой ажыццяўляецца ў плазменна-дугавых печах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА НАПА́ЛЬВАННЯ,
штучная крыніца святла з выпрамяняльнікам (целам напалу) з тугаплаўкіх металаў (звычайна вальфраму). Вынайдзена ў 1872 А.М.Ладыгіным, удасканалена Т.А.Эдысанам. На Беларусі вырабляюцца на Брэсцкім электралямпавым заводзе.
Л.н. малой магутнасці (15 і 25 Вт) — звычайна вакуумныя (з колбы выдалена паветра), астатнія для павышэння т-ры напалу запаўняюць інертным газам (газанапоўненыя лямпы), часам з дабаўкамі галагенаў (галагенныя). Л.н. з крыптонавым запаўняльнікам вырабляюць магутнасцю 40—100 Вт, з аргонавым — да 150 Вт і вышэй, галагенавыя — да 20 000 Вт. Цела напалу бывае плоскае, двух- і трохспіральнае, напальваецца эл. токам да высокіх (2500—3300 К) т-р; колба — празрыстая, маціраваная, апалавая, малочная, з люстраным або дыфузным адбівальным слоем. Бываюць для агульнага і спец. (напр., у кінаапаратах) асвятлення, аўтамабільныя, руднічныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКЛЮЧА́ЛЬНІКэлектрычны,
апарат для ўключэння і выключэння эл. прыстасаванняў і абсталявання: свяцільнікаў, рухавікоў, трансфарматараў, ліній электраперадачы і інш. Бываюць нізкага (да 1 кВ) і высокага (больш як 1 кВ) напружання. Складаюцца з кантактнай сістэмы (рухомых і нерухомых кантактаў), прывода (ручнога, спружыннага, электрамагнітнага, пнеўматычнага) і далучальных вывадаў.
Выключальнікі нізкага напружання падзяляюцца на бытавыя (з ручным, часам аўтам. кіраваннем) і прамысловыя (адна-, двух- і трохполюсныя; маюць ахову ад перагрузак, часам ад паніжэння напружання). Да прамысл. выключальнікаў адносяцца рубільнікі, кантактары, магнітныя пускальнікі, пакетныя выключальнікі і інш.Выключальнікі высокага напружання ў залежнасці ад спосабу гашэння дугі, што ўзнікае пры разрыве кантактаў, падзяляюцца на масляныя (дуга гасіцца ў мінер. масле), паветраныя (моцна сціснутым паветрам), вакуумныя (у высокім, да 1—0,1 мПа, вакууме), аўтагазавыя (газамі, што ўтвараюцца пад уздзеяннем дугі з газагенеравальных матэрыялаў — фібры, арган. шкла і інш.), электрамагнітныя (магнітным выдзіманнем у дугагасільным прыстасаванні), элегазавыя (у атмасферы гексафтарыду серы — элегазу). Асн. параметры выключальнікаў: намінальныя напружанне (да 750 кВ і вышэй) і ток (да 12 кА і вышэй), ток адключэння (да некалькіх соцень кілаампераў), час адключэння (да 0,3 с).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЧу тэхніцы,
збудаванне (устаноўка, агрэгат, прылада), у якім у выніку гарэння паліва (часам інш.хім. рэакцый) або пераўтварэння эл. энергіі вылучаецца цяпло. Паводле крыніц цяпла адрозніваюць полымныя печы і электрычныя печы, а таксама П. са спец. відамі нагрэву: плазменна-дугавыя печы, электронна-прамянёвыя печы, аптычныя, у т. л. геліяпечы, і інш.; паводле галіны выкарыстання — прамысловыя і бытавыя.
Прамысловыя П. прызначаны для: награвання матэрыялаў або вырабаў (награвальныя печы), надання матэрыялам новых мех. уласцівасцей (тэрмічныя печы), апрацоўкі мінер. сыравіны (абпальвальныя печы), пераводу матэрыялаў, што апрацоўваюцца, у вадкі стан (плавільныя печы, у т. л.ватэржакетныя печы), выплаўкі сталі і цвёрдых металаў (мартэнаўскія печы, двухваннавыя П.), расплаўлення чорных і каляровых металаў у ліцейнай вытв-сці (вагранкі, адбівальныя печы), раскладання і ўзгонкі матэрыялаў (коксавыя печы), сушкі матэрыялаў (сушыльныя печы), варкі шкла і інш. Паводле метадаў перасоўвання матэрыялаў, што апрацоўваюцца, канструкцыйных і інш. адзнак П. падзяляюцца на: вярчальныя печы, камерныя печы, канвеерныя печы; вакуумныя печы, высокачастотныя печы, дугавыя печы, індукцыйныя печы; вежавыя, карусельныя, каўпаковыя, кальцавыя, метадычныя, нізкатэмпературныя, прахадныя, працяжныя, тыгельныя, шахтавыя, штурхальныя, з шагаючым подам і інш.Бытавыя П. падзяляюцца на ацяпляльныя (гл.Печ, Пячное ацяпленне), хлебапякарныя, кандытарскія, вяндлярныя (гл.Вяндлярня, Вэнджанне) і інш. Набылі пашырэнне мікрахвалевыя печы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯГЕ́ННАЯ ТЭ́ХНІКА,
галіна тэхнікі, звязаная з атрыманнем, захоўваннем і выкарыстаннем крыягенных т-р (ніжэй за 120 К; гл.Нізкія тэмпературы). Да сродкаў К.т. адносяцца ўстаноўкі і апараты для звадкавання газаў (азоту, кіслароду, вадароду, гелію і інш.) і раздзялення ізатопаў і газавых сумесей нізкатэмпературнымі метадамі, крыягенныя вакуумныя помпы, ёмістасці для захоўвання і транспарціроўкі звадкаваных газаў (Дзьюара пасудзіны, крыястаты, крыярэфрыжэратары і інш.халадзільныя машыны).
Сродкі і метады К.т. выкарыстоўваюцца ў касм. і ракетнай тэхніцы (стварэнне глыбокага вакууму для касм. трэнажораў і аэрадынамічных труб, атрыманне крыягеннага паліва і акісляльнікаў для ракетных рухавікоў), энергетыцы (звышправодныя крыягенныя генератары, электрарухавікі, трансфарматары, кабелі, устройствы для атрымання звышмагутных магнітных палёў — звышправодныя магніты, саленоіды), электроніцы і вылічальнай тэхніцы (сродкі крыяэлектронікі, квантавыя ўзмацняльнікі і генератары, крыятроны на аснове звышправодных элементаў для апрацоўкі і запамінання інфармацыі, крыя-ЭВМ), медыцыне (сродкі крыятэрапіі. крыяхірургічныя інструменты, сродкі кансервацыі крыві, тканак і інш.), біялогіі (гл.Крыябіялогія), навуцы (прылады крыяскапіі, пузырковыя камеры, прыёмнікі інфрачырвонага выпрамянення), металургіі, сельскай гаспадарцы, харч. прам-сці і інш.
На Беларусі праблемамі К.т. займаюцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава» Нац.АН, БДУ і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ФІ́ЗІКА-ТЭХНІ́ЧНЫНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1931 у Мінску (існаваў да 1938). У 1945 у АНБССР створаны фізіка-тэхн. сектар, які ў 1947 рэарганізаваны ў Фізіка-тэхн. ін-т. З 1970 працавала Магілёўскае аддзяленне ін-та (з 1992 самаст.Інстытут тэхналогіі металаўНац.АН Беларусі). У складзе ін-та (1998): эксперым. аддзел з доследнай вытв-сцю, 21 навук. лабараторыя. Аспірантура з 1950 па 6 спецыяльнасцях.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: фізіка трываласці і пластычнасці; узаемадзеянне лазернага і плазменнага выпрамянення з рэчывам; лазерныя, электраэразійныя і пучковыя (вакуумныя, іонаплазменныя) тэхналогіі; кампазіцыйныя матэрыялы; малаадходныя тэхналогіі і абсталяванне для машынабудавання і электронікі; камп’ютэрная мультыплікацыя. Распрацаваны: метады фотапластычнасці і муаравых палос; навук. асновы цеплавой тэорыі ліцейных працэсаў, тэрмадынамікі абарачальных і неабарачальных працэсаў; тэорыя, агульная структура і класіфікацыя працэсаў формаўтварэння; тэорыі асобных тэхнал. працэсаў апрацоўкі металаў, асновы тэхнал. працэсаў сінтэзу высакаякасных дыэлектрыкаў рознай таўшчыні і метадаў іх кантролю. Устаноўлены шэраг заканамернасцей пластычнага формаўтварэння; даследаваны фазавыя і структурныя пераўтварэнні, фізіка-мех. ўласцівасці сталей і сплаваў, абгрунтаваны крытэрыі выбару рэжымаў правядзення базавых працэсаў інтэгральных тэхналогій; створаны шэраг новых, у т. л. кампазіцыйных, матэрыялаў. Распрацаваны і асвоены прам-сцю: аўтаматызаваныя комплексы папярочна-клінавой пракаткі; аўтаматызаваныя камп’ютэрныя лазерныя комплексы для тэрмічнай апрацоўкі, рэзкі і зваркі матэрыялаў; тэхналогіі і абсталяванне для імпульснай і магнітна-абразіўнай апрацоўкі, нанясення каразійнаўстойлівых, гарачатрывалых і дэкар. пакрыццяў, вырабу інструменту рознага прызначэння; бранявыя матэрыялы для асабістай засцярогі і аховы спецтэхнікі, бязнікелевыя высокатрывалыя чыгуны, літыя эўтэктычныя і валакністыя кампазіцыйныя, антыфрыкцыйныя алюміній-графітавыя матэрыялы. Дасягненні супрацоўнікаў ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй СССР, 10 Дзярж. прэміямі Беларусі і інш. У ін-це працавалі акад.АНБССР М.С.Акулаў, Г.А.Анісовіч, Ц.Л.Бурстын, К.В.Гораў, С.І.Губкін, А.І.Кайгарадаў, Я.Р.Канавалаў, В.П.Севярдэнка, А.Н.Сеўчанка, М.М.Сірата, Б.І.Сцяпанаў, В.М.Чачын, чл.-кар. М.М.Бадзяка, А.В.І.Вейнік, М.У.Румак; працуюць акад.Нац.АН Беларусі С.А.Астапчык (дырэктар з 1983), А.В.Сцепаненка, П.І.Яшчарыцын. чл.-кар. А.І.Гардзіенка, Л.І.Гурскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСТЫТУ́Т ЭЛЕКТРО́НІКІНацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Засн. ў 1973 на базе Лабараторыі электронікі АН Беларусі (існавала з 1961). У ін-це (1998) 10 лабараторый, аспірантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.
Асн. кірункі навук. даследаванняў: фіз. асновы оптаэлектронікі і аптычныя метады апрацоўкі інфармацыі; фіз. асновы мікраэлектронікі, у межах якіх распрацоўкі накіраваны на стварэнне элементнай базы для звышхуткадзейных і высокапрадукцыйных сістэм атрымання, захоўвання, перадачы і апрацоўкі інфармацыі; оптаэлектронных элементаў і прылад для аптычнай (у т. л. лазерна-галаграфічных сістэм) апрацоўкі інфармацыі, валаконна-аптычных ліній сувязі, вымяральнай тэхнікі і фотааўтаматыкі; оптыка-электронных, магн.-эл. і інш. пераўтваральнікаў для сістэм кантролю і вымярэння; вакуумных мікраэлектронных прылад для экстрэмальных умоў эксплуатацыі, прылад мікрамеханікі і мікрасенсорыкі; матэрыялаў для мікраэлектронікі і нанатэхналогій. Вынікі навук. даследаванняў: распрацаваны новыя матэрыялы для мікраэлектронікі; метады і сродкі прасторавай і прасторава-часавай мадуляцыі светлавых патокаў, якія забяспечваюць эфектыўнае пераўтварэнне двух- і аднамерных аптычных сігналаў; распрацаваны і створаны фотапрыёмнікі і фотапрыёмныя структуры для валаконна-аптычных ліній сувязі, сістэм аўтафакусіроўкі, рэгістрацыі звышслабых свячэнняў; высокаадчувальныя фотарэзістары і на іх аснове створаны оптаэлектронныя пераўтваральнікі для нанавальтметраў і мультыметраў; створаны спецыялізаваныя высокакагерэнтныя цвердацелыя лазеры для патрэб аптычнай лакацыі, галаграфіі і неразбуральнага кантролю вібратрываласных характарыстык вырабаў машынабудавання метадамі галаграфічнай інтэрфераметрыі, алюма-аксідная тэхналогія стварэння вакуумнай мікраэлектронікі, мікрамеханікі і нанаэлектронікі, вакуумныя інтэгральныя схемы для экстрэмальных умоў эксплуатацыі пры высокіх узроўнях т-р і радыяцыі; выпрацаваны прынцыпы пабудовы высокаадчувальных вымяральнікаў кампанентаў вектара індукцыі магн. поля Зямлі; створана апаратура арыентацыі галаўных частак метэаракет, вымярэння траекторый ствалоў свідравін у працэсе бурэння, спектрафотаметрычная апаратура, якая ўстанаўліваецца на ШСЗ для даследаванняў азонасферы Зямлі, шэраг высокапрадукцыйных сістэм аўтаматызаванага высокадакладнага вымярэння і кантролю памераў вырабаў электроннай тэхнікі, валаконнай оптыкі, а таксама субмікронных часцінак у тэхнал. асяроддзях; устаноўлены заканамернасці структурных і фазавых пераўтварэнняў у тонкіх паўправадніковых і метал. плёнках, сістэмах метал-паўправаднік пры імпульсным лазерным уздзеянні. Распрацоўкі ін-та адзначаны Дзярж. прэміяй СССР (1985), Дзярж. прэміямі Беларусі (1982, 1996), ЛКСМБ (1974). У Ін-це працаваў чл.-кар.АНСССР В.М.Аўдзееў; працуюць акад.Нац.АН Беларусі У.А.Піліповіч і чл.-кар. А.А.Кавалёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́МПА (франц. pompe),
машына (апарат, прылада) для напорнага перамяшчэння (нагнятання, усмоктвання) вадкасці або мех. сумесі вадкасці з цвёрдымі часцінкамі. Бываюць мех., цеплавыя і электрамагнітныя пампы. П. наз. таксама прыстасаванні для стварэння і падтрымання вакууму (вакуумныя помпы), для перамяшчэння матэрыялаў (бетонапомпы, растворапомпы, грунтавыя П. і інш.). Выкарыстоўваюцца ў нафтаперапрацоўчай і горнай прам-сці, сістэмах водазабеспячэння і каналізацыі, у гідратэхніцы, цеплаэнергетыцы, машынабудаванні і інш.
Найб. пашыраныя мех. П. падзяляюцца на дынамічныя (у іх вадкае асяроддзе перамяшчаецца пад сілавым уздзеяннем на яго ў камеры, якая пастаянна злучана з уваходам і выхадам П.) і аб’ёмныя (вадкасць перамяшчаецца ў выніку перыяд. змен аб’ёму камеры, што папераменна злучаецца з уваходам і выхадам П.). Дынамічныя П.: лопасцевыя (цэнтрабежныя і восевыя), віхравыя, чарпаковыя, П. трэння — шнэкавыя (у т. л. лабірынтныя), дыскавыя і струменныя помпы (у т. л.гідраэлеватары, інжэктары). Аб’ёмныя П.: ротарныя (у т. л. вінтавыя, шасцерневыя, пласціністыя. радыяльна-поршневыя, аксіяльна-поршневыя помпы), зваротна-паступальныя (поршневыя, плунжэрныя, дыяфрагмавыя) і інш. Звычайна П. разам з рухавіком і перадачай уваходзіць у склад помпавага агрэгата, якія разам з трубаправодамі, рэзервуарамі для вадкасці, засаўкамі і інш. арматурай, кантрольна-вымяральнымі прыладамі складае помпавую ўстаноўку. П. — асн. абсталяванне помпавых станцый рознага прызначэння. Для перамяшчэння газаў звычайна выкарыстоўваюць кампрэсары. Першую П. (поршневую) вынайшаў стараж.-грэч. механік Ктэсібій (каля 2—1 ст. да н.э.). Вярчальныя П. (ротарныя) апісаны франц.інж. А.Рамелі ў 1588, ротарныя колаваротныя (правобраз сучасных зубчастых) — І.Лейрэхонам у 1624. Цэнтрабежная П. прапанавана франц. вучоным Д.Папенам (1689), віхравая — ням.інж. С.Хіншам (1920). У Расіі цэнтрабежныя П. пачалі вырабляць з 1880, восевыя ў СССР — з 1932.
На Беларусі цэнтрабежныя П. для розных галін прам-сці і камунальнай гаспадаркі выпускае Бабруйскі машынабуд. з-д, аксіяльна-поршневыя — гомельскі з-д «Гідрапрывод».
У.М.Сацута.
Схемы помпаў: а — цэнтрабежнай (1 — рабочае кола, 2 — вадкасць); б — восевай (1 — лопасці рабочага кола, 2 — накіравальны апарат); в — шасцерневай (1 — рабочыя шасцерні, 2 — засцерагальны клапан, 3 — усмоктвальная адтуліна); г — пласціністай (1 — ротар, 2 — пласціна, або шыбер); д — радыяльна-поршневай (1 — ротар, 2 — поршань, 3—4 — поласці ўсмоктвання і нагнятання); е — поршневай (1 — рабочая камера, 2 — поршань, 3 — шток, 4 — шатун, 5 — крывашып, 6 — махавік, К — клапаны); ж — плунжэрнай (1—2 — усмоктвальны і нагнятальны клапаны, 3 — плунжэр); з — дыяфрагмавай (1 — дыяфрагма, 2—3 — нагнятальны і ўсмоктвальны клапаны).