АМАЛЬГА́МА (франц. amalgame ад грэч. malagma мяккая падкладка),
сплаў ртуці з інш. металам. У залежнасці ад суадносін ртуці і металу падзяляюцца на вадкія і цвёрдыя. Цвёрдыя пры награванні раскладаюцца на зыходныя кампаненты, вадкія застаюцца ўстойлівымі ў вял. інтэрвале тэмператур. Інертныя да агрэсіўных асяроддзяў, маюць добрыя цеплафіз. ўласцівасці. Утварэнне амальгамы адбываецца пры змочванні і дыфузіі ртуці ў метал. Кампаненты амальгамы ўтвараюць інтэрметал. злучэнні — меркурыды. Золата, серабро, волава лёгка сплаўляюцца з ртуццю, медзь — у здробненым стане ці пры награванні. Амальгамы — прамежкавыя рэчывы пры здабычы высакародных металаў з рудаў і канцэнтратаў; метад іх атрымання — амальгамацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЛКАНІ́ЧНЫЯ БО́МБЫ,
застылыя кавалкі лавы, выкінутыя пры выбуховых вывяржэннях вулканаў. У залежнасці ад тыпу лавы пры застыванні набываюць формы аладкападобную (вадкія лавы), вітую, верацёнападобную, грушападобную і інш. (малавязкія) і круглаватую ці шматгранную (вязкія лавы); папярочнік іх да 7 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫМАЎТВАРА́ЛЬНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
рэчывы, якія ў атмасферы даюць устойлівыя аэразолі, прызначаны для стварэння маскіруючых дымавых заслон. Да Д.р. адносяцца белы фосфар, цвёрдыя піратэхн. і вадкія сумесі, што пры гарэнні (т-ра 400—1000 °C) утвараюць дым ці туман рознымі метадамі.
Белы фосфар утварае дым пры ўзаемадзеянні з кіслародам паветра. Вадкія Д.р. — хлорсульфонавая кіслата, хларыды тытану TiCl4, волава SnCl4 і інш. ўтвараюць туман з кропель вадкасці, якая ўзаемадзейнічае з вільгаццю паветра; саставы на аснове нафтапрадуктаў (дызельнае паліва, мазут) даюць дым пры выпарэнні і наступнай кандэнсацыі пары. Піратэхн. сумесі маюць цвёрдыя Д.р., якія лёгка сублімуюць пры высокай т-ры (хларыд амонію, нафталін, антрацэн). Выкарыстоўваюць у вайск. справе (дымавыя шашкі, гранаты) і сельскай гаспадарцы (напр., для аховы раслін ад замаразкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯЎЛО́ЎНІКІ,
прылады для адбору пробаў паветра з мэтаю вызначэння ступені і характару бактэрыял. забруджвання. Адрозніваюць бактэрыяўлоўнікі, прынцып дзеяння якіх заснаваны на прапусканні паветра праз вадкія (вада, пажыўны булён) ці сухія (вата) паглынальнікі, накіраванні струменя паветра на цвёрдае пажыўнае асяроддзе, паглынанні бактэрый дробнымі кроплямі распыленай вадкасці. Забруджванне вызначаюць праз высяванне ўлоўленых бактэрый на пажыўнае асяроддзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМЕ́ТЫКІ,
вадкія, вязкацякучыя ці пастападобныя кампазіцыі на аснове палімераў ці алігамераў, здольныя забяспечваць непранікальнасць (герметычнасць) стыкаў, швоў, злучэнняў розных канструкцый за кошт высокай адгезіі да матэрыялаў.
Для ўшчыльнення нераздымных злучэнняў выкарыстоўваюць герметыкі на аснове полісульфідных, крэмнійарган., урэтанавых, фторзмяшчальных, вуглевадародных каўчукоў з канцавымі функцыянальнымі групамі, якія ўтвараюць герметычны слой на злучальным шве ў выніку ацвярджэння (вулканізацыі). У іх састаў уваходзяць таксама 1—3 кампаненты (напаўняльнікі, вулканізуючыя агенты і інш.), якія змешваюць перад выкарыстаннем. Для ўшчыльнення раздымных злучэнняў карыстаюцца герметыкі, якія не вулканізуюцца (невысыхальныя замазкі) — сумесі каўчукоў насычаных ці малой ненасычанасці (напр., поліізабутылен) з напаўняльнікамі і масламі. Вадкія герметыкі — растворы ці дысперсіі сінт. смол ў арган. растваральніках (напр., этаноле) ці вадзе (гл.Кампаўнды палімерныя). Выкарыстоўваюць у авія- і суднабудаванні, буд-ве, хім. і радыёэлектроннай прам-сці.
Літ.:
Аверко-Антонович Л.А., Кирпичников П.А., Смыслова Р.А. Полисульфидные олигомеры и герметики на их основе. Л., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАДКАМЕ́Р,
прылада для вымярэння колькасці і інтэнсіўнасці ападкаў. Уяўляе сабой дажджамернае вядро прыёмнай плошчай 200 см² з ахоўнай планкавай агароджай. Устанаўліваецца на выш. 2 м над зямлёй. Назіранні вядуцца 2 разы ў суткі і пасля ападкаў. Выкарыстоўваюцца таксама сумарны ападкамер — цыліндр, у якім вада пакрываецца плёнкай тэхн. масла, каб пазбегнуць выпарэння, і ападкамер з тэрмастатамі (цвёрдыя ападкі пераводзіць у вадкія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ МА́ГМЫ,
сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, у выніку якіх з магмы ўзнікаюць горныя пароды рознага хім. саставу або з колькаснымі суадносінамі адных і тых жа мінералаў. Асн. фактары Д.м.: змена тэрмадынамічных умоў, гравітацыя, асіміляцыя і інш. Адрозніваюць крышталізацыйную дыферэнцыяцыю (раздзяленне цвёрдых фаз у працэсе крышталізацыі) і ліквацыйную (раздзяленне расплаву на 2 вадкія фазы, якія не змешваюцца, аддзяленне лятучых і інш. форм).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІЯКА́ТЫ,
1) прадукты далучэння аміяку да соляў; комплексныя злучэнні. Аміяк у аміякатах звязаны каардынацыйна з іонам металу і ўваходзіць ва ўнутр. сферу комплексу, напр. [Pt(NH3)6]Cl4, [Cu(NH3)4]Cl2. Утвараюць большасць металаў. Устойлівасць аміякатаў у водных растворах вызначаецца канстантамі нястойкасці. Атрымліваюць дзеяннем аміяку на водныя растворы соляў. Многія аміякаты афарбаваныя і выкарыстоўваюцца ў аналіт. хіміі для раздзялення металаў.
2) Вадкіяазотныя ўгнаенні з колькасцю азоту да 45%.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯША́НЫЯ АПА́ДКІ,
вадкія і цвёрдыя ападкі, якія на працягу сутак выпадаюць адначасова або паслядоўна, пераходзяць з аднаго віду ў другі. Пры тэарэт. разліках М.а. лічаць толькі тыя, якія складаюцца з сумесі снежных камякоў (або ледзяных круп) з дажджавымі кроплямі. На Беларусі адзначаюцца з канца вер. да мая (11—13% ад агульнай сумы ападкаў за год). За год бывае 15—30 сутак з М.а., колькасць іх павялічваецца з Пд на Пн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДХО́ДЫ,
рэшткі сыравіны, не прыдатныя для вытв-сці пэўнай прадукцыі, таксама рэчывы (цвёрдыя, вадкія і газападобныя), што ўзнікаюць у ходзе тэхнал. працэсаў, і энергія, якія не падлягаюць утылізацыі ў пэўнай вытв-сці. Адрозніваюць адходы прамысл. (у т. л. радыеактыўныя), с.-г., быт. (камунальныя), энергет. (адыходзячае цяпло), харчовыя і інш. Адходы адной вытв-сці могуць быць сыравінай для інш. яе галін. Каб паменшыць тэхнагенны ўплыў адходаў на прыроду, ствараюцца малаадходныя і безадходныя тэхналогіі.