АЛЕЙЖАДЫ́НЬЮ (Aleijadinho, літар. маленькі калека; сапр. Лісбоа Антоніу Франсіску, Lisbôa; 29.8.1730 або 1738, г. Віла-Рыка, Бразілія — 18.11.1814),

бразільскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік позняга барока. Знявечаны праказай, працаваў, прымацоўваючы інструменты да пальчатак. Пабудаваў цэрквы Сан-Франсіску ў Ору-Прэту і ў Сан-Жуан-дэл-Рэй. Стварыў скульптуры 12 біблейскіх прарокаў і серыю драўляных паліхромных груп «Страсці Хрыстовы» ў царкве Бон-Жэзус-ды-Матазіньюс у Кангоньясе.

т. 1, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНЕЦЫЯ́НСКІ ПАЛА́Ц ДО́ЖАЎ,

помнік італьян. архітэктуры 14—15 ст. у Венецыі. Разам з саборам, б-кай і інш. будынкамі ўтварае гал. арх. ансамбль горада. Былая рэзідэнцыя дожаў Венецыянскай рэспублікі; з канца 18 ст. — музей. Выкананы ў стылі венецыянскай готыкі (зах. корпус — 1424—42, арх. Дж. і Б.​Бон), часткова перабудаваны ў канцы 15—16 ст. ў стылі рэнесансу. У зале Вялікай Рады і інш. залах — пано і карціны П.​Веранезе, Я.​Тынтарэта, Дж.​Б.​Цьепала і інш.

Венецыянскі Палац дожаў.

т. 4, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПО́Ў Аляксандр Нічыпаравіч (каля 1840, б. Віцебская губ. — 18.8.1881),

расійскі хімік-арганік. Вучань А.М.Бутлерава. Скончыў Казанскі ун-т (1865), працаваў у ім лабарантам. З 1869 праф. Варшаўскага ун-та. У 1872 працаваў у г. Бон (Германія) у лабараторыі Ф.А.Кекуле. Эксперыментальна даказаў, што 4 адзінкі валентнасці вугляроднага атама тоесны. Вывучаючы акісленне арган. злучэнняў хромавай сумессю, П. прапанаваў метады вызначэння хім. будовы кетонаў, кіслот, спіртоў і вуглевадародаў («правілы П.»).

Літ.:

Быков Г.В. Очерк жизни и деятельности А.Н. Попова // Тр. Ин-та истории естествознания и техники. 1956. Т. 12.

т. 12, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́МБЕРГ Лізавета Сцяпанаўна (28.1.1909, с. Вайскорава Тосненскага р-на Ленінградскай вобл. — 1988),

карэльская актрыса. Нар. арт. СССР (1959). З 1932 у Фінскім драм. т-ры ў Ленінградзе, з 1940 у Фінскім драм. т-ры ў Петразаводску. Мастацтва Т. вызначалася ўнутр. сілай і шырокім дыяпазонам. Сярод роляў: Малання («Ці прымеш мяне, зямля карэльская?» А.​Тыманена), Мая («На сплаўной рацэ» Т.​Пакала), фру Бон («Людзі з Дангора» М.​Андэрсена-Нексё), Гурмыжская («Лес» А.​Астроўскага), Ранеўская («Вішнёвы сад» А.​Чэхава), Васа Жалязнова, Малання і Варвара («Васа Жалязнова», «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Эльза («Вецер з поўдня» паводле А.​Грына) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950. Дзярж. прэмія Расіі 1972.

т. 15, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВАСПО́РТ,

спорт сярод інвалідаў. Заняткі І. садзейнічаюць рэабілітацыі інвалідаў і іх інтэграцыі ў грамадстве. На Беларусі 3 рэсп. федэрацыі І.: інвалідаў апорна-рухальнага апарату, па зроку, па слыху, якія ўваходзяць у Параалімпійскі Камітэт Рэспублікі Беларусь, створаны ў 1996. У ліст. 1997 прыняты ў Міжнар. Параалімпійскі Камітэт (штаб-кватэра ў г. Бон, Германія). У федэрацыях культывуюцца 18 відаў спорту, па іх праводзяцца рэсп. чэмпіянаты. У відах І. ўстаноўлены нарматывы, па якіх інвалідам прысвойваюцца спарт. разрады і званні, у т. л. майстра спорту Рэспублікі Беларусь міжнар. класа. Бел. спартсмены-інваліды ўдзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах. На X Параалімпійскіх гульнях у г. Атланта, ЗША (1996) яны заваявалі 13 медалёў (3 залатыя, 3 сярэбраныя, 7 бронзавых).

В.​Л.​Працкайла.

т. 7, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКСІ́МАВА Ларыса Паўлаўна (н. 29.5.1939, г. Віцебск),

бел. піяністка. Засл. арт. Беларусі (1982). Скончыла Бел. кансерваторыю (1964, клас Р.Шаршэўскага). З 1964 канцэртмайстар Нац. тэлерадыёкампаніі Беларусі Выступае з вядучымі інструменталістамі і вакалістамі рэспублікі, інстр. калектывамі, у т. л. з ансамблем «Кантабіле», асаблівую ўвагу аддае прапагандзе бел. музыкі. Зрабіла шмат запісаў для тэлебачання і радыё. Аўтар і вядучая цыклаў канцэртаў «Рамантычная песня 19 ст.» ў зале камернай музыкі Бел. філармоніі (1990—94), праграмы «У пошуках гармоніі» на Бел. тэлебачанні (з 1997). У 1989—93 працавала ў артыстычным бюро Р.​Рааба ў Венскай дзярж. оперы.

Муз. кіраўнік праграмы «Вянок няздзейсненых мар» на фестывалі. прысвечаным 170-годдзю з дня смерці Л.​Бетховена (1997, Бон).

т. 9, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНЖ (Monge) Гаспар (10.5.1746, г. Бон, Францыя — 28.7.1818),

французскі матэматык, інжынер і грамадскі дзеяч, стваральнік нарысоўнай геаметрыі, адзін з заснавальнікаў Вышэйшай нармальнай і Політэхн. школ у Парыжы (1794). Чл. Парыжскай АН (1780). Навук. працы па геаметрыі, матэм. аналізе, хіміі, оптыцы, метэаралогіі і практычнай механіцы. Стварыў агульны метад перадачы відарысаў прасторавых фігур на плоскасці. У час Франц. рэвалюцыі ўдзельнічаў у камісіі па ўсталяванні сістэмы мер і вагі, займаў розныя пасады ва ўрадзе, загадваў парахавымі і гарматнымі з-дамі. У перыяд Рэстаўрацыі пазбаўлены ўсіх правоў, выгнаны з Політэхн. школы і АН.

Літ.:

Боголюбов А.Н. Гаспар Монж, 1746—1818. М., 1976;

Демьянов В.П. Геометрия и Марсельеза. 2 изд. М., 1986.

Г.​Монж.

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНЫ РЭЙН-ВЕСТФА́ЛІЯ (Nordrhein-Westfalen),

зямля (адм. адзінка) на З Германіі. Пл. 34 тыс. км². Нас. каля 18 млн. чал. (2000). Адм. ц. — г. Дзюсельдорф, найбуйнейшыя гарады: Кёльн, Дортмунд, Бохум, Эсэн, Гельзенкірхен, Дуйсбург, Мюльгайм, Вуперталь, Бон утвараюць Рэйнска-Рурскую агламерацыю з насельніцтвам больш за 12 млн. чал. Знаходзіцца ў межах Паўн.-Германскай нізіны (на Пн і З) і Рэйнскіх Сланцавых гор (на Пд і У). Клімат умераны. Сярэдняя т-ра ліп. 17 °C, студз. каля 1 °C, ападкаў 600—700 мм за год. З карысных выкапняў найб. значэнне маюць каменны (Рурскі і Ахенскі басейны) і буры (Ніжнярэйнскі бас.) вуглі. Канцэнтруе каля 30% валавога нац. прадукту і прадукцыі апрацоўчай прам-сці Германіі. Здабыча каменнага (каля 70 млн. т штогод) і бурага (каля 100 млн. т) вугалю. На электрастанцыях вырабляецца каля 40% электраэнергіі краіны. Буйныя цэнтры нафтаперапрацоўкі (Кёльн, Гельзенкірхен) перапрацоўваюць імпартную нафту, якая паступае па нафтаправодах з партоў Паўн. мора. У Руры і яго наваколлі сканцэнтравана чорная і каляровая металургія. Развіты цяжкае машынабудаванне (абсталяванне для горназдабыўной прам-сці, доменнае і пракатнае, вагоны, станкі, рачныя судны, аўтамабілі), энергамашынабудаванне і электроніка, хім. (вытв-сць пластмас, сінт. валокнаў, каўчуку, асн. хімія), тэкст. (баваўняная, шаўковая), харч. (асабліва піваварная) прам-сць. Буйнейшая ў краіне вытв-сць цэменту і шкла. Сельская гаспадарка мае дапаможнае значэнне. Развіты агародніцтва, малочная жывёлагадоўля. Густая сетка чыгунак, аўтастрад, водных шляхоў (Рэйн, суднаходныя прытокі і каналы), нафта-, газа- і прадуктаправодаў. Міжнар. аэрапорт Кёльн—Бон.

Зямля ўтворана брыг. акупац. ўладамі 23.8.1946 з б. прускай прав. Вестфалія і паўн. часткі Рэйнскай правінцыі. Канчаткова аформілася тэрытарыяльна (далучаны раён Ліпе-Дэтмальд) 21.1.1947. З 1949 у складзе ФРГ. 11.7.1950 набыла сілу канстытуцыя зямлі. У 1978—98 урад зямлі ўзначальваў сацыял-дэмакрат І.​Рау (з 1999 прэзідэнт ФРГ).

т. 12, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУР (Moore) Генры (30.7.1898, г. Каслфард, Вялікабрытанія — 31.8.1986),

англійскі скульптар. Вучыўся ў маст. каледжы ў Лідсе (1919—21), скончыў Каралеўскі каледж мастацтва ў Лондане (1925), у якім выкладаў да 1933. Пазней выкладаў у маст. школах Чэлсі і Слейда. Чл.-заснавальнік маст. групоўкі «Першае падраздзяленне» (1933). Зазнаў уплыў стараж. мекс. пластыкі. З пач. 1920-х г. распрацоўваў нешматлікія сталыя кампазіцыі («Маш і дзіця», «Сямейная група», «Фігура ляжыць» і інш.), у якіх ствараў і жыццёва канкрэтныя, і абстрактныя, дэфармаваныя, фантастычна-мудрагелістыя вобразы. Творы вызначаюцца пластычнай абагульненасцю і манументальнасцю форм, напружанасцю ўнутр. структуры кампазіцыі, рытмічнай выразнасцю сілуэта. Майстар манум.-дэкар. скульптуры: скульпт. групы «Тры фігуры стаяць» у Батэрсі-парку ў Лондане (1947—48), «Кароль і каралева» на плато каля Дамфрыса (1952—53), «Фігура ляжыць» каля будынка ЮНЕСКА у Парыжы (1957—58), «Дзве вялікія формы» ў садзе Бундэсканцылярыі ў Боне (1979) і інш. Аўтар серыі малюнкаў, прысвечаных ваен. будням Лондана (1-я пал. 1940-х г.).

Літ.:

Валериус С. Прогрессивная скульптура XX в. М., 1973.

С.​І.​Пракоп’ева.

Г.Мур. Дзве вялікія формы. Бон. Сад Бундэсканцылярыі. 1979.

т. 11, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́ХВЕРК (ням. Fachwerk ад Fach панэль, секцыя + Werk збудаванне),

тып каркаснай канструкцыі пераважна малапавярховых жылых і грамадскіх будынкаў, нясучымі элементамі якой з’яўляюцца стойкі, рыгелі, раскосы. Каркас сцяны фахверкавай пабудовы засн. на трывалай сувязі гарыз. і верт. драўляных брусоў, злучаных раскосамі з брусоў, металу, жалезабетону; прамежкі паміж канстр. элементамі запаўняюцца каменнем, цэглай, глінай, саманам і інш., што робіць буд-ва больш танным, надзейным, надае будынкам выразнае арх. аблічча. Пашыраны ў 14—17 ст. у краінах Еўропы. Комплексы фахверкавых дамоў, ратуш, гасп. пабудоў найб. захаваліся ў невял. гарадах Германіі. Канстр. ідэя Ф. ў мадыфікаваным выглядзе выкарыстоўваецца і ў сучасным жылым і прамысл. буд-ве. На Беларусі Ф. вядомы з 16 ст. пад назвай «прускі мур». У кліматычных умовах Беларусі сцяна з Ф. не забяспечвала неабходных цеплатэхн. характарыстык, таму найб. пашырэнне Ф. меў у верхніх, адкрытых для агляду, ч. будынкаў: вежа для гадзінніка на школе ў г. Паставы (18 ст.), шчыты жылых дамоў у в. Гарадзец Шаркаўшчынскага р-на, свірна ў в. Опса Браслаўскага р-на (19—20 ст.) і інш.

Літ.:

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Фахверк. Фахверкавы жылы дом у Айрвайлеры каля г. Бон (Германія).

т. 16, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)