мікатрофныя расліны, расліны, якія ўтвараюць мікарызу і атрымліваюць пажыўныя рэчывы з глебы з дапамогай гіфаў грыбоў, звязаных з каранямі. Да М. адносіцца большасць відаў раслін — усе голанасенныя, большасць аднадольных (75%) і двухдольных (80—90%), за выключэннем некат. аднагадовых, асакі, дзеразы, хвашчоў і водных раслін. Адрозніваюць 3 групы М.: расліны, якія не развіваюцца з насення без спалучэння з грыбам-сімбіёнтам (архідныя); расліны, якія могуць расці без мікарызы, але лепш развіваюцца пры спалучэнні з грыбам (многія дрэвы, кусты); расліны, што часта маюць мікарызу, але ў спрыяльных умовах жыўлення добра развіваюцца і без спалучэння з грыбам (напр., бяроза, ліпа, многія кусты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТРО́ФЫ [ад бія... + ...троф(ы)],
арганізмы, якія жывяцца іншымі жывымі арганізмамі. Усе біятрофы (жывёлы, грыбы, большасць бактэрый, а таксама бесхларафільныя наземныя расліны і водарасці) з’яўляюцца гетэратрофамі (у т. л.фітафагі і заафагі, уключаючы паразітаў). Гл. таксама Сапратрофы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАГЕ́ННЫЯ МІНЕРА́ЛЫ,
мінералы, якія ўзнікаюць пры глыбінных (эндагенных) працэсах мінералаўтварэння. На паверхні Зямлі пад уздзеяннем працэсаў выветрывання большасць гіпагенных мінералаў разбураецца і пераходзіць у гіпергенныя мінералы. На Беларусі гіпагенныя мінералы вядомы ў магматычных горных пародах крышт. фундамента.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАЗЕ́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі бронзы (2-я пал. 12—10 ст. да нашай эры) на тэр. стэпавай зоны Паўн. Прычарнамор’я (Украіна). Назва ад паселішча на беразе Белазерскага лімана каля г. Каменка-Дняпроўская (Запарожская вобл.). Насельніцтва жыло на неўмацаваных паселішчах у наземных глінабітных жытлах з каменнымі падмуркамі і паўзямлянках. Аснова гаспадаркі — жывёлагадоўля і земляробства. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў грунтавых (большасць) і курганных могільніках. Характэрны грубыя кухонныя гаршкі з наляпнымі валікамі і глянцаваны сталовы посуд, арнаментаваны канелюрамі, зубчатым штампам. Магчыма, носьбітамі Белазерскай культуры былі іранцы. Большасць даследчыкаў разглядае Белазерскую культуру як этап позназрубавай культуры, некаторыя — як позні этап сабацінаўскай культуры або як асобную культуру, блізкую да помнікаў тыпу фракійскага гальштата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́ЛЫ (Selachorpha),
надатрад пласцінашчэлепных рыб. Аб’ядноўвае 8 атр., каля 250 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, большасць у трапічных морах, некаторыя ў рэках (Ганг, Амазонка). Найб. старажытныя з рыб, вядомы з сярэдзіны дэвону.
Цела акулы верацёнападобнае, ад 20—30 см у некат. куніцавых (Triakidae) і катранавых (Squalidae) да 20 м (масай да 14 т) у гіганцкай (Cetorhinus maximus) і кітовай (Rhincodon typus). Луска плакоідная. Хваставы плаўнік магутны, гетэрацэркальны. Па баках галавы 5 (зрэдку 6—7) шчэлепных адтулін. Рот ніжні, зубы добра развітыя. Шкілет храстковы, плавальнага пузыра няма. Большасць драпежнікі (асобныя нападаюць на чалавека), некаторыя планктонафагі. Жыва-, яйцажыва- або яйцанараджальныя. Плоднасць ад 2 да 100 эмбрыёнаў. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАКА́ (Carex),
род кветкавых раслін сям.асаковых. Каля 1500 відаў (паводле інш. даных — да 2500). Пашырана на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Большасць відаў трапляецца ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмераным і халодным паясах. На Беларусі 68 відаў. Большасць з іх расце ў лясных (каля 18 відаў), балотных і прыбярэжна-водных (43 віды) фітацэнозах, некаторыя — дамінанты ў раслінных згуртаваннях: асака вострая (Carex acuta), вастраватая (Carex acutiformis), дрыжнікавая (Carex brizoides), валасістая (Carex pilosa), бутэлечная (Carex rostrata), пузыраватая (Carex vesicaria) і інш. Каля дарог трапляюцца асака касматая (Carex hirta), заечая (Carex leporina), суседняя (Carex contigua) і чорная (Carex nigra).
Шматгадовыя травяністыя адна-, радзей двухдомныя расліны з падоўжанымі ці ўкарочанымі карэнішчамі, утвараюць рыхлыя або шчыльныя дзернавіны і купіны. Сцябло суцэльнае, трохграннае, зрэдку амаль цыліндрычнае з вузламі каля асновы, часцей бязлістае. Лісце лінейнае з вострашурпатымі краямі, ніжняе лускападобнае, рознай афарбоўкі. Кветкі аднаполыя, дробныя, адзінкавыя ці ў коласападобных суквеццях. Плод — арэшкападобны, трохгранны або пукаты, у мяшочку рознай формы (важная сістэматычная прыкмета). Асака — асноўны торфаўтваральнік на нізінных і пераходных балотах. Большасць яе відаў кармавыя расліны, некаторыя — лек., дэкар., тэхнічныя. 11 відаў асакі занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІФІ́ТЫ [ад амфі... + ... фіт(ы)] водныя, прымацаваныя да грунту вадаёма расліны, большасць лістоў і кветак якіх размешчана пад вадой. Напр., рагоз, трыснёг, стрэлкаліст і інш. Многія амфіфіты — тыповыя прыбярэжна-водныя і земнаводныя расліны-«амфібіі», прыстасаваныя да росту і ў вадзе, і на сушы (гл.Амфібіёнты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕМЯНЕ́ННЕ,
працэс, які забяспечвае ў жывёл сустрэчу палавых клетак — яец і сперматазоідаў; папярэднічае апладненню. Поспех асемянення забяспечваецца адначасовым выспяваннем гамет абодвух палоў. Вонкавае асемяненне ўласціва большасці жывёл, якія жывуць або размнажаюцца ў вадзе (кольчатыя чэрві, двухстворкавыя малюскі, ігласкурыя, кішачнаполасцевыя, бясчэрапныя, кругларотыя, большасць рыб, бясхвостыя земнаводныя). Унутранае асемяненне ўласціва некаторым водным і пераважнай большасці наземных жывёл (плоскія і круглыя чэрві, многія членістаногія і малюскі, большасць пазваночных — акулападобныя, хімеравыя і некаторыя касцістыя рыбы, вышэйшыя пазваночныя). Прамежкавы тып асемянення — вонкава-ўнутранае, пры якім самец выдаляе сперму (у выглядзе кропелек семявай вадкасці ці сперматафораў) у знешняе асяроддзе, на субстрат, пасля чаго яе захоплівае самка; характэрны для многіх ніжэйшых членістаногіх, што жывуць у вадзе, і хвастатых земнаводных. Штучнае асемяненне шырока выкарыстоўваюць пры развядзенні рыб і с.-г. жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІЦЫ́ЗМ (франц. gallicisme ад лац. gallicus гальскі),
слова ці выраз, якія перайшлі ў бел. мову з французскай як запазычанні, у т. л. ў выглядзе словаўтваральных, семантычных або сінтаксічных ка́лек. Большасць галіцызмаў пранікла ў бел. мову праз рус. або польскую. Для старабел. перыяду характэрны франц. словы, якія замацаваліся ў выніку польскага лексічнага ўздзеяння. Яны адлюстраваліся ў пісьмовых помніках 2-й пал. 16—17 ст., калі польскі ўплыў на бел. мову быў найб. моцны (напр., «візіт», «канвой», «парфума», «пашпорт», «сервета»). Асабліва адчувальны франц. лексічны струмень у старабел. ваен. лексіцы: «бандолетъ», «дракгун», «карабин», «мушкет», «пистолет», «форт» і інш.Большасць старых галіцызмаў захавалася да нашага часу. У пач. 18 ст. лексемы франц. паходжання траплялі ў бел. мову праз пасрэдніцтва рускай («гринадер», «сержант»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁГАЧНЫЯ МАЛЮ́СКІ (Pulmonata),
падклас бруханогіх малюскаў. 2 надатр.: сядзячавокія (Basommatophora) і сцяблініставокія (Stylommatophora), каля 100 сям., больш за 35 тыс. відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн.г. назад), росквіт у кайназоі (каля 25 млн.г. назад). Пашыраны ўсюды; большасць жыве на сушы, частка — у прэснай вадзе, нямногія — у моры. На Беларусі больш за 50 відаў, з іх каля 30 відаў прэснаводныя. Найб. вядомыя слімакі, слізнякі.
У большасці Л.м. ракавіна 0,6—210 мм. Цела мае галаву, вантробны мяшок са скурнай складкай — мантыяй, нагу. Унутр. паверхня мантыйнай поласці функцыянуе як лёгкае. Раслінна- і дэтрытаедныя, ёсць драпежнікі. Гермафрадыты; большасць відаў утварае сперматафоры, некаторыя яйцажывародныя. Развіццё без стадыі лічынкі.