ВУЧЭ́ЦІЧ (Яўген Віктаравіч) (28.12.1908, г. Днепрапятроўск, Украіна — 12.4.1974),
рускі скульптар. Нар. мастак СССР (1959). Акад.АМСССР (1953). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1931—33). Адзін з афіц. лідэраў сав. мастацтва 1940—70-х г. Аўтар гіпертрафіравана-манум., ашаламляльных па сваіх маштабах і татальнай магутнасці твораў (помнік-ансамбль на Мамаевым кургане ў Валгаградзе, 1963—67, Ленінская прэмія 1970), алегарычных вобразаў (статуя воіна-вызваліцеля ў помніку-ансамблі воінам Сав. Арміі ў Трэптаў-парку ў Берліне, 1946—49; «Перакуем мячы на аралы!» каля будынка ААН у Нью-Йорку, 1957), партрэтаў сав. военачальнікаў (І.Д.Чарняхоўскі, 1945).
А.К.Лявонава.
Я.Вучэціч. Воін-вызваліцель. Фрагмент помніка ў Трэптаў-парку ў Берліне. 1946—49.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́МПЕРЭР ((Klemperer) Ота) (14.5.1885, г. Вроцлаў, Польшча — 6.7.1973),
нямецкі дырыжор, кампазітар. Вучыўся ў кансерваторыі ў Франкфурце-на-Майне (з 1901) і Берліне. Вучань Г.Пфіцнера. З 1907 працаваў у оперных т-рах Еўропы. З 1933 у эміграцыі, да 1939 узначальваў сімф. аркестр у Лос-Анджэлесе (ЗША). У 1947—50 у Будапешцкай дзярж. оперы, у т-ры «Комішэ-опер» у Берліне. Жыў у Швейцарыі, Лондане. Дырыжор Лонданскага філарманічнага аркестра, т-ра «Ковент-Гардэн». Інтэрпрэтатар твораў В.А.Моцарта, Л.Бетховена, І.Брамса, А.Брукнера, Г.Малера, Р.Штрауса, прапагандаваў творы П.Хіндэміта, І.Стравінскага, С.Пракоф’ева. Аўтар оперы, месы, 6 сімфоній, камерна-інстр. твораў, рамансаў, літ. прац («Мае ўспаміны пра Г.Малера і іншыя аўтабіяграфічныя нарысы», 1960). Прэмія імя І.В.Гётэ 1932.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЬВІЦ ((Kollwitz) Кетэ) (8.7.1867, г. Кёнігсберг, цяпер Калінінград, Расія — 22.4.1945),
нямецкі графік і скульптар. Вучылася ў маст. школах у Берліне (1885—86) і Мюнхене (1888—89). У 1919—33 праф.АМ у Берліне. У ранні перыяд творчасці зазнала ўплыў М.Клінгера. У малюнках, афортах, літаграфіях адлюстроўвала трагізм сваёй эпохі, выказвала сац. пратэст, увасабляла гуманіст. ідэалы. Графічная манера вызначалася дынамікай кампазіцыі, кантрастамі тонаў і штрыха: цыклы «Паўстанне ткачоў» (1897—98), «Растаптаныя» (1900), «Вайна» (1920—24), «Голад» (1924)», «Маці» (1922—23), «Марыя і Лізавета» (1928), «Покліч смерці» (1934—35) і інш. Экспрэсіўная пластычнасць уласціва скульпт. творам К.: кампазіцыя «Маці і Бацька» (1932) на ваен. могілках каля г. Дыксмёйдэ (Бельгія), «Мацярынская вежа» (1937—38), рэльеф «Жальба» (1938), станковая скульптура «П’ета» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БІ́ЛЬД ЦА́ЙТУНГ»
(«Bild Zeitung», «Ілюстраваная газета»),
адна з самых буйных нямецкіх газет. Выдаецца з 1952 у Берліне штодзённа ў 18 рэгіянальных выпусках. Да 1971 называлася «Bild» («Ілюстрацыя»), Мае дадаткі: нядзельны (з 1956), для жанчын (з 1983), для аўтамабілістаў (з 1986) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РЭНС ((Behrens) Петэр) (14.4.1868, г. Гамбург, Германія — 27.2.1940),
нямецкі архітэктар і мастак-канструктар; адзін з заснавальнікаў новай ням. архітэктуры. Вучыўся ў Карлсруэ і Дзюсельдорфе (1886—89). Дырэктар Маст.-прамысл. школы ў Дзюсельдорфе (1903—07), праф. Венскай (1922—36) і Берлінскай (1936—40) АМ. Удзельнічаў у дзейнасці мюнхенскага Сецэсіёна і ням.Веркбунда. У ранніх арх. творах спалучаў прасторавыя рашэнні ў духу «мадэрн» з геам. дакладнасцю планіровачнай структуры і дэкору (крэматорый каля Хагена, 1907). З 1909 працаваў пераважна ў прамысл. архітэктуры; творы адлюстроўвалі неакласіцыстычныя тэндэнцыі: ф-кі ў Берліне (1909—12), Обергаўзене (1921—25), Хёхстэ (1925—26), ням. пасольства ў Пецярбургу (1911—12). У апошніх работах імкнуўся да функцыянальнай абумоўленасці ў планіроўцы (тытунёвая ф-ка ў г. Лінц, 1932—36). У яго майстэрні працавалі Ле Карбюзье, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ.
П.Берэнс. Турбінная фабрыка фірмы «АЭГ» у Берліне. 1909.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАДСТАЎНІ́ЦТВАў Берліне.
Створана ў канцы 1939 пры мін-ве ўнутраных спраў Германіі. Займалася выяўленнем асоб бел. нацыянальнасці ў Германіі і на захопленых ёй тэрыторыях. У розны час кіраўнікамі былі Ф.Акінчыц, А.Шкуцька і інш. У 1940 пры Беларускім прадстаўніцтве быў створаны Бел.к-т самапомачы з філіяламі ў Варшаве, Празе, Вене, Лодзі, Мюнхене і інш. гарадах. Беларускае прадстаўніцтва і Бел.к-т самапомачы супрацоўнічалі з герм. разведслужбамі і службай бяспекі (СД), вялі работу з ваеннапалоннымі беларусамі з Войска Польскага. Напярэдадні Вял.Айч. вайны дзейнасць Беларускага прадстаўніцтва і Бел.к-та самапомачы выкарыстоўвалася ў разведвальных і прапагандысцкіх мэтах, арганізацыі дыверсійных груп, падрыхтоўцы кадраў цывільнай адміністрацыі для Беларусі. У чэрв. 1941 у Берліне на радзе прадстаўнікоў Беларускага прадстаўніцтва і Бел.к-та самапомачы ўтвораны Беларускі нацыянальны цэнтр. Беларускае прадстаўніцтва выдавала газ. «Раніца».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮ́ЛАЎ ((Bülow) Ганс Гвіда фон) (8.1.1830, г. Дрэздэн, Германія — 12.2.1894),
нямецкі піяніст, дырыжор, кампазітар. Адзін з заснавальнікаў сучаснай дырыжорскай школы (першы дырыжыраваў на памяць). Вучыўся ў Ф.Ліста (фп.) і М.Гаўптмана (кампазіцыя). З 1850 дырыжор у т-рах Цюрыха і Санкт-Галена, у 1855—64 узначальваў канцэрты Т-ва сяброў музыкі і выкладаў у кансерваторыі Штэрна ў Берліне. З 1867 прыдворны капельмайстар і дырэктар Каралеўскай муз. школы ў Мюнхене, дзе дырыжыраваў прэм’ерамі опер «Трыстан і Ізольда» і «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» Р.Вагнера. У 1877—79 дырыжор прыдворнага т-ра ў Гановеры (паст. оперу «Жыццё за цара» М.Глінкі, 1878), у 1880—93 дырыжор аркестраў у Майнінгене, Гамбургу, Берліне. Гастраліраваў як піяніст і дырыжор у Еўропе і Амерыцы. Выступаў як муз. крытык. П.Чайкоўскі прысвяціў Бюлаву 1-ы канцэрт для фп. з аркестрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЛА́І (Nicolai) Карл Ога Эрэнфрыд [9.6.1810, г. Кёнігсберг (цяпер г. Калінінград, Расія) — 11.5.1849], нямецкі кампазітар, дырыжор. Чл. берлінскіх каралеўскай АМ (1849), пеўчай акадэміі. Вучыўся ў К.Ф.Цэльтэра (з 1827), у Каралеўскім ін-це музыкі (1828—30) у Берліне. У 1833—37 царк. арганіст у Рыме. У 1841—47 прыдворны капельмайстар у Вене. Адзін з заснавальнікаў Венскага філарманічнага аркестра. З 1848 дырыжор Каралеўскай оперы і кіраўнік кафедральнага хору ў Берліне. У яго творчасці відавочны ўплыў італьян. оперы-буфа і ням. зінгшпілю. Найб. вядомы твор — опера «Віндзорскія свавольніцы» паводле У.Шэкспіра (паст. 1849) — узор раннерамантычнай ням. камічнай оперы. З інш. твораў: оперы «Генрых II» («Разамунда Англійская». паст. 1839), «Храмоўнік», «Філіп і Эдуард» (абедзве паст. 1840); 2 месы, Рэквіем, кантаты; 2 сімфоніі (1831, 1835); 2 уверцюры; канцэрт для фп. з арк., інстр. ансамблі, п’есы для фп., хары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЯ РАБО́ЧАЯ ДАПАМО́ГА, Міжрабдап,
міжнародная арг-цыя рабочай салідарнасці ў 1921—35. Утворана ў вер. 1921 на Міжнар. канферэнцыі к-таў дапамогі насельніцтву галадаючых раёнаў Сав. Расіі, якая праходзіла ў Берліне. Аказвала вял. дапамогу сав. працоўным харчаваннем, медыкаментамі, машынамі, а з 1922 гал. чынам вытв.-тэхн. дапамогу (у т. л. садзейнічала перасяленню ў СССР груп замежных рабочых). Падтрымлівала класавую і нац.-вызв. барацьбу працоўных капіталіст. краін, дапамагала ахвярам стыхійных бедстваў, удзельнічала ў змаганні з фашызмам. Сярод заснавальнікаў і дзеячаў М.р.д. вядомыя паліт. дзеячы, вучоныя, пісьменнікі: К.Цэткін, А.Эйнштэйн, Р.Ралан, А.Барбюс, Б.Шоу і інш. У М.р.д. ўваходзілі нац. секцыі з індывід. і калект. членствам (у т. л.сав. прафсаюзы ў якасці калект. члена). Дзейнасць арг-цыі каардынаваў ЦК (да 1933 — у Берліне, потым у Парыжы), які выбіраўся на кангрэсах (1921, 1922, 1925, 1927, 1929, 1931). Спыніла існаванне ў 1935.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМА́НА-ПО́ЛЬСКІ ПАКТ 1934аб ненападзе.
Падпісаны ў форме дэкларацыі 26 студз. ў Берліне тэрмінам на 10 гадоў (набыў сілу 24 лют.) ва ўмовах збліжэння Польшчы з фаш. Германіяй. Абавязваў бакі да мірнага вырашэння спрэчных пытанняў паміж імі. Дэнансаваны герм. рэйхсканцлерам А.Гітлерам 28.4.1939 у час падрыхтоўкі нацыстамі 2-й сусв. вайны.