УАЗ,

сям’я аўтамабіляў Ульянаўскага аўтамабільнага завода. Аўтамабілі маюць бензінавы рухавік магутнасцю 66 кВт. Грузавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1942, рухавік размешчаны пад кабінай, маюць грузападымальнасць да 0,8 т. Поўнапрывадныя грузапасажырскія аўтамабілі выпускаюцца з 1956, умяшчаюць да 600 кг грузаў і да 7 пасажыраў, найб. скорасць 115 км/гадз. Аўтобусы (асабліва малога класа; да 10 пасажыраў) выпускаюцца з 1967.

Сям’я аўтамабіляў УАЗ: 1 — джып мадэлі 3151; 2 — грузавік з бартавой платформай 3303; 3 — грузапасажырскі фургон 2206.

т. 16, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ХО́НДА»,

сям’я матацыклаў і легкавых аўтамабіляў кампаніі «Хонда мотар» і яе філіялаў. Матацыклы рознага прызначэння выпускаюцца з 1948, маюць рухавікі магутнасцю 3—90 кВт, найб. скорасць да 235 км/гадз. Пярэднепрывадныя легкавыя аўтамабілі розных класаў выпускаюцца з 1960, маюць 2-, 4- ці 5-месны (мікрааўтобусы — 6-месныя) кузаў, пераважна хэтчбэк, купэ ці седан, бензінавы рухавік магутнасцю 60—201 кВт, размешчаны пераважна спераду, найб. скорасць да 270 км/гадз.

Пярэднепрывадны аўтамабіль «Хонда» мадэлі «Леджэнд Коўп».

т. 17, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЦ (Benz) Карл Фрыдрых (25.1171844, г. Карлсруэ, Германія — 4.4.1929),

нямецкі інжынер-вынаходнік. Вынайшаў стацыянарны двухтактавы газавы рухавік (1878), заснаваў Рэйнскі з-д газавых рухавікоў (1883, г. Мангейм). У 1885, незалежна да Г.Даймлера, стварыў гарыз. аднацыліндравы чатырохтактавы бензінавы рухавік э эл. запальваннем і на яго аснове першы ў свеце аўтамабіль (1886). Паклаў пачатак серыйнай аўтамаб. вытв-сці (аўтамабіль «Вела», 1894). У 1926 заснаванае Бенцам прадпрыемства аб’ядналася з кампаніяй па вытв-сці рухавікоў Даймлера (гл. «Даймлер-Бенц»).

Л.​М.​Шахлевіч.

К.Ф.Бенц.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ТА́ТРА»

(Tatra),

сям’я аўтамабіляў аднайм. чэшскага прадпрыемства. Легкавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1897. Маюць размешчаны ззаду бензінавы рухавік магутнасцю да 148 кВт (найб. скорасць да 230 км/гадз). Поўнапрывадныя грузавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1900. Маюць трубчастую раму, незалежную падвеску колаў, разлічаны на эксплуатацыю ва ўмовах бездарожжа. Дызельны рухавік з турбанаддувам магутнасцю да 252 кВт, поўная маса аўтамабіля да 36 т (аўтапоезда да 44 т).

Сям’я аўтамабіляў «Татра»: 1 — легкавы аўтамабіль мадэль 613; 2 — грузавік 200 V 51.19 225.

т. 15, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ЙМЛЕР (Daimler) Готліб Вільгельм (17.3.1834, г. Шорндорф, Германія — 6.3.1900),

нямецкі інжынер-вынаходнік, стваральнік аўтамабіля (незалежна ад К.Бенца). У 1872—81 тэхн. дырэктар з-да газавых рухавікоў. У 1883 стварыў (з В.​Майбахам) быстраходны (800 аб/мін) лёгкі аднацыліндравы 4-тактавы бензінавы рухавік. Устанавіў бензінавыя рухавікі на веласіпедзе (1885), лодцы (1886), 4-колавым аўтамабілі (1887). У 1890 заснаваў кампанію па вытв-сці рухавікоў (выпусціла першы аўтамабіль «Мерседэс», 1901), якая ў 1926 аб’ядналася з кампаніяй Бенца ў карпарацыю «Даймлер-Бенц».

Л.​М.​Шахлевіч.

Г.Даймлер.

т. 6, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ФІА́Т»,

сям’я аўтамабіляў аднайм. італьян. кампаніі. Легкавыя аўтамабілі выпускаюцца з 1899, грузавыя — з 1903. Пярэднепрывадныя легкавыя аўтамабілі маюць кузаў хэтчбэк, кабрыялет, седан ці універсал з 2 або 4 дзвярамі, умяшчаюць 4 ці 5 чалавек (мікрааўтобусы — да 8), бензінавы або дызельны рухавік магутнасцю ад 29 да 140 кВт, найб. скорасць да 211 км/гадз. Грузавыя аўтамабілі малога і сярэдняга класаў (поўная маса да 3,5 т) пераважна з кузавам фургон маюць рухавікі магутнасцю ад 42 да 85,5 кВт.

Да арт. «ФІАТ»: 1 — развазны фургон мадэлі «Дуката»; 2 — легкавы аўтамабіль «Брава».

т. 16, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАМАБІ́ЛЬ (ад электра... + лац. mobilis рухомы),

аўтамабіль, у якім для прыводу хадавых колаў выкарыстоўваецца электрычны рухавік, што сілкуецца ад змешчанай на гэтым жа аўтамабілі крыніцы току. У якасці крыніцы сілкавання выкарыстоўваюць электрычныя акумулятары і суперкандэнсатары (не патрабуюць доўгага часу зарадкі), паліўныя элементы або бензінавы ці дызельны рухавік для прыводу электрарухавіка (т.зв. гібрыдная схема). Першы Э. пабудаваў англ. вынаходнік Р.​Дэвідсан (1837). Вызначаюцца бясшумнасцю, бяздымнасцю, прастатой кіравання і высокімі дынамічнымі якасцямі, але маюць малы запас ходу, вял. масу, абмежаваную скорасць руху (да 90 км/гадз). Серыйна выпускаюцца ў ЗША, Вялікабрытаніі, Расіі і інш. Перспектыўныя для гар. транспарту.

Электрамабіль: 1 — акумулятар; 2 — цягавы электрарухавік.

т. 18, кн. 1, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЯ́ЛЬНІК,

інструмент для пайкі металаў і расплаўлення прыпою. Медная рабочая частка П. награваецца ад знешняй крыніцы цяпла (ад паяльнай лямпы і інш.). Форма, памеры і маса П. вызначаюцца тыпам паянага шва, канфігурацыяй і масай вырабу. Бываюць без пастаяннага падагрэву, з падагрэвам полымем ці з электрападагрэвам (найб. пашыраны). Спец. від П. — ультрагукавы, у якім ваганні нагрэтага стрыжня разбураюць аксідную плёнку на паверхні паянага вырабу пад слоем прыпою. Асн. перавага — магчымасць бясфлюсавай пайкі. Выкарыстоўваюцца для пайкі і луджэння вырабаў са сталі, медзі і медных сплаваў, алюмінію (пераважна ультрагукавыя П.) мяккімі алавяна-свінцовымі прыпоямі.

Паяльнікі: 1 — газавы з падагрэвам адкрытым полымем; 2 — бензінавы з рэзервуарам для гаручага ў рукаятцы; 3 — электрычныя (звычайны і з фарсіраваным падагрэвам — паяльны пісталет).

т. 12, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)