ДВАРЖЭ́ЦКІ (Уладзіслаў Вацлававіч) (26.4.1939, г. Омск, Расія — 28.5.1978),

расійскі акцёр. Скончыў тэатр. студыю пры Омскім дзіцячым т-ры (1955), дзе і працаваў. З 1971 здымаўся ў кіно. Яго мастацтва вызначалася ўменнем па-філасофску асэнсоўваць характары герояў: «Бег», «Салярыс», «Вяртання няма», «Зямля Саннікава», «Да апошняй хвіліны» і інш. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1975.

т. 6, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛАБО́ЎСКІ (Міхаіл Мікалаевіч) (н. 8.5.1946, в. Скіпоравічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. спартсмен (лёгкая атлетыка, бег). Майстар спорту міжнар. класа (1970). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1969). Чэмпіён Еўропы ў закрытым памяшканні ў эстафеце 3 × 1000 м (1969). Неаднаразовы чэмпіён СССР у бегу на 1500 м, 5000 м і ў кросе на дыстанцыі 8 км. Пераможца і прызёр міжнар. спаборніцтваў.

т. 6, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СТРА (грэч. palaistra ад palaiō змагаюся),

прыватная гімнастычная школа ў Стараж. Грэцыі. Звычайна ў П. займаліся хлопчыкі ва ўзросце 12—16 гадоў (на в. Самос была П. для дарослых мужчын). Праграма навучання ў П. ўключала бег, барацьбу, скачкі, кіданне кап’я і дыска (т.зв. сістэма пяцібор’я), гімнаст. практыкаванні, плаванне. П. мелі адкрытыя пляцоўкі, гімнаст. залы, басейны. Часам П. існавалі пры гімнасіях.

т. 11, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НІЯ-Э́НКЕ ((Kania-Enke) Карын) (н. 20.6.1961, г. Дрэздэн, Германія),

нямецкая спартсменка (скарасны бег на каньках). Чэмпіёнка XIII і XIV Зімовых Алімп. гульняў (1980, г. Лейк-Плэсід, ЗША; 1984, г. Сараева, Югаславія) у класічным шматбор’і і на асобных дыстанцыях, чэмпіёнка свету (1980—84, 1986—88), сярэбраны і бронз. прызёр чэмпіянатаў свету ў класічным шматбор’і, спрынце і на асобных дыстанцыях, уладальніца Кубка свету (1986), шматразовая пераможца і прызёр міжнар. спаборніцтваў.

т. 7, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСТА́НЦЫЯ (ад лац. distantia адлегласць),

1) адлегласць, прамежак паміж чым-небудзь («захоўваць Д.», «бег на кароткія Д.»).

2) У ваеннай справе — адлегласць па глыбіні паміж вайскоўцамі, гарматамі, машынамі, падраздзяленнямі, караблямі ў страі, баявым парадку.

3) На чыгунцы — адм.-тэхн. адзінка розных галін чыг. гаспадаркі. Адрозніваюць Д.: пуці, сігналізацыі і сувязі, грамадзянскіх збудаванняў і інш. Д. ажыццяўляюць нагляд за станам тэхн. сродкаў і праводзяць адпаведныя іх прызначэнню работы (рамонт чыг. пуцей, пагрузка грузаў і інш.).

т. 6, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДЫНА́МА»,

стадыён у Мінску. Адкрыты ў 1934, рэканструяваны ў 1939. Асн. збудаванні ў час Вял. Айч. вайны разбураны. Новы стадыён пабудаваны ў 1947—54 (арх. М.​Колі, М.​Паруснікаў і інш.). Рэканструяваны ў 1978—80 (арх. С.​Баткоўскі, М.​Гаўхфельд, Л.​Гельфанд, Ю.​Спясіўцаў) да Алімпійскіх гульняў 1980 для папярэдніх спаборніцтваў па футболе. На трыбунах больш за 50 тыс. месцаў. Каля аднаго з уваходаў на тэр. стадыёна размешчана дэкар. скульптура «Бег» (1980, скульптар В.​Занковіч).

Стадыён «Дынама» ў Мінску.

т. 6, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЭ́ЦА (Валянцін Іванавіч) (н. 5.3.1938, пас. Выпалзава Цвярской вобл., Расія),

бел. мастак. Скончыў Харкаўскі маст. ін-т (1966) і да 1978 выкладаў у ім. З 1985 жыве і працуе на Беларусі. Асн. творы: жывапісныя «Зямля» (1966), «Летам» (1968), «Раніца» (1969), «Памяці Вавілава» (1988), «Бег» і «Мелодыя» (1989), «Стыхія» (1990), «Украінскі трыптых» (1991), «Місія» (1992); манум. размалёўкі «Сям’я» (1971), «Вызваленне» (1973), «Юнацтва» (1975), «Золата» (1976); графічныя «Рамантыкі» (1969), серыя «Гістарычныя асобы Беларусі» (1993—96, разам з Л.​Варэца) і інш.

В.Варэца. Мелодыя. 1989.

т. 4, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́САЎ (Уладзімір Паўлавіч) (28.7.1923, г.п. Уразава Белгарадскай вобл., Расія — 17.9.1987),

рускі кінарэжысёр, акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Усесаюзны Дзярж. ін-т кінематаграфіі (1952). Паставіў фільмы «Бітва ў дарозе», «Цішыня», «Шчыт і меч» (выканаў ролю разведчыка Бруна), «Факты мінулага дня» (Дзярж. прэмія Расіі 1982), «Дні Турбіных» (выканаў ролю Мышлаеўскага; тэлевізійны) і інш. З 1955 як характарны і камедыйны акцёр здымаўся ў кіно: «Я крочу па Маскве», «Злачынства і пакаранне», «Бег» і інш. У некаторых сваіх фільмах быў аўтарам ці сааўтарам сцэнарыяў.

т. 2, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЭРО́БІКА,

праграма фіз. аздараўлення на аснове фіз. практыкаванняў пераважна цыклічнага характару (хадзьба, бег, плаванне і інш.). Распрацавана ў 1960-я г. амер. урачом К.​Куперам. Выкананне гэтых практыкаванняў на працягу пэўнага часу спрыяе разгортванню і павелічэнню дыхальных (аэробных) магчымасцяў арганізма. Уздзеянне аэробікі на арганізм рэгулюецца працягласцю і інтэнсіўнасцю практыкаванняў. Існуюць спец. тэсты, табліцы нагрузак з улікам полу чалавека і яго ўзросту, падрыхтаванасці і гэтак далей Часам аэробіку атаясамліваюць з рытмічнай гімнастыкай.

Літ.:

Купер К. Аэробика для хорошего самочувствия: Пер. с англ. 2 изд. М., 1989.

т. 2, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛУ́ЗСКІ (Міхаіл Андрэевіч) (н. 21.11.1918, Кіеў),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Школу кінаакцёра пры кінастудыі «Масфільм» (1940). У 1940—46 у Цэнтр. т-ры Сав. Арміі, з 1946 у Тэатры-студыі кінаакцёра. З 1939 здымаецца ў кіно. Вострахарактарны акцёр, майстар эпізоду. Стварыў псіхалагічна глыбокія, унутранаканфліктныя характары ў фільмах: «У агні броду няма», «На вайне як на вайне», «Місія ў Кабуле», «Бег», «Прыйшоў салдат з фронту» (Дзярж. прэмія Расіі 1973), «Маналог», «Полымя» (Сярэбраны медаль імя А.​Даўжэнкі, 1975), «Апошняя ахвяра», «Спыніўся поезд», «Без сонца», «Паміраць не страшна» і інш.

т. 5, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)