1) галаўны ўбор з каштоўнымі ўпрыгожаннямі, які з’яўляецца знакам улады манарха; адбітак, малюнак падобнага прадмета на гербах, ордэнах і інш. Урачыстая цырымонія ўскладання К. на манарха, які ўступае на прастол, наз.каранацыя.
2) Светлы арэол вакол Сонца, бачны ў час сонечнага зацьмення. Утвараецца гарачай (1—2 млн.К) разрэджанай высокаіанізаванай плазмай. Выяўляецца на адлегласцях да некалькіх дзесяткаў радыусаў Сонца і паступова рассейваецца ў міжпланетнай прасторы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЧНАСЦЬ,
непасрэднае, пачуццёвае ўспрыманне чалавекам з’яў прыроды і грамадства. У філасофіі называецца ўяўнасцю. Па сутнасці мае аб’ектыўную аснову, але звычайна не адпавядае ёй, бо адлюстроўвае тое, што ляжыць на паверхні, што бачна вонкава і часта залежыць ад рэальных умоў назірання, будовы органа ўспрымання (напрыклад, уяўны злом прадмета, часткова апушчанага ў ваду; бачны рух Сонца вакол Зямлі і інш.). Задача пазнання — звядзенне бачнасці да аб’ектыўнай сутнасці і вытлумачэнне яе ў знешніх формах, з’явах (гл.Сутнасць і з’ява).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНАМІ́ЧНАЯ НАВІГА́ЦЫЯ, астранавігацыя,
кіраванне рухам лятальных апаратаў на падставе аптычных вымярэнняў, візуальных назіранняў; разнавіднасць касмічнай навігацыі і паветранай навігацыі. Метады астранамічнай навігацыі: вугламерны (вымяраюцца вуглавыя адлегласці паміж навігацыйнымі арыенцірамі, напрыклад паміж зоркай і краем планеты, паміж двума краямі планеты); зацьменняў (фіксуюцца моманты ўсходу і захаду зорак або Сонца за бачны гарызонт планеты); візіравання планетных арыенціраў (вымяраюцца моманты часу праходжання над якім-небудзь арыенцірам) і інш.Тэхн. аснову астранамічнай навігацыі складаюць секстанты, датчыкі зорак і Сонца, бартавыя вылічальныя машыны і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТРАСКАПІ́Я (ад лац. intra унутры + ...скапія),
візуальнае назіранне аб’ектаў, з’яў і працэсаў у аптычна непразрыстых целах і асяроддзях або ва ўмовах дрэннай бачнасці. Ажыццяўляецца пераўтварэннем нябачнага вокам відарыса аб’екта (з’явы, працэсу), атрыманага ў інфрачырвоных, рэнтгенаўскіх, ультрагукавых і інш. прамянях (адбітых аб’ектам або вылучаных ім), у бачны відарыс на экране спец. прылады (інтраскопа). Метады і сродкі І., якія выкарыстоўваюцца для неразбуральнага кантролюпрамысл. вырабаў і матэрыялаў, падобныя да метадаў і сродкаў дэфектаскапіі, а тэрмін «інтраскоп» — абагульненая назва групы прылад гукабачання, радыёбачання, цеплабачання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПА́РХ (Hipparchos; каля 180—190 да н.э., г. Нікея, цяпер г. Ізнік, Турцыя — 125 да н.э.),
старажытнагрэчаскі астраном, адзін з заснавальнікаў астраноміі. У выніку сістэматычных астр. назіранняў склаў каталог становішчаў 850 зорак і падзяліў іх паводле ступеней яркасці на 6 велічынь. Адкрыў з’яву прэцэсіі; даследаваў бачны рух Сонца і Месяца і склаў табліцы гэтага руху; вызначыў адлегласць ад Зямлі да Месяца; вылічыў працягласць трапічнага года; распрацаваў тэорыю зацьменняў; увёў геагр. каардынаты — шырату і даўгату. Звесткі аб працах Гіпарха прыведзены ў творы К.Пталамея «Альмагест».
Літ.:
Ван-дер-Варден Б.Л. Пробуждающаяся наука: Пер. с англ. [Т. 2]. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАРА́Д ПЛАНЕ́Т»,
уяўнае збліжэнне планет па прамяні зроку. Бачны з Зямлі, калі здаецца, што большасць планет знаходзяцца блізка адна да адной (напр., у адным задыякальным сузор’і); на самай справе планеты аддалены адна ад адной на вял. адлегласці. Адбываецца прыблізна 1 раз у некалькі гадоў. Не аказвае адчувальнага гравітацыйнага ўздзеяння на Зямлю з прычыны малой агульнай масы планет у параўнанні з масай Сонца. Апошні «П.п.» адбыўся 6.4—17.5.2000, калі Марс, Юпітэр, Меркурый, Сатурн, Сонца і Венера знаходзіліся блізка па прамяні зроку (з прычыны блізкага вуглавога размяшчэння планет ад Сонца, гэта з’ява практычна не назіралася).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРА́Ж (франц. mirage),
аптычныя з’явы ў атмасферы (часцей ва ўмовах пустыні), калі разам з аддаленымі прадметамі (або ўчасткам неба) бачны іх уяўныя адлюстраванні, перамешчаныя адносна саміх прадметаў. Бывае ніжні М., верхні (рэдка) і бакавы (вельмі рэдка). Ніжні М. (вобраз ніжэй за аб’ект) назіраецца ў гарачыя дні ў пустынях і стэпах, над асфальтавымі дарогамі. Верхні М. (вобраз вышэй за аб’ект) бывае звычайна ў палярных рэгіёнах або над паверхняй мора. Бакавы М. (вобраз побач з аб’ектам) можна назіраць, калі глядзець на пэўны прадмет уздоўж нагрэтай сцяны. Агульная прычына М. — скрыўленне светлавых прамянёў, што ідуць ад прадмета ў неаднолькава нагрэтых слаях атмасферы, якія маюць розную шчыльнасць. Складаныя з’явы М. з рэзкім скрыўленнем выгляду прадмета наз.Фата-Маргана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМЕ́ТР (ад грэч. optos бачны + ...метр),
оптыка-механічная прылада для найб. дакладных вымярэнняў лінейных памераў дэталяў. З дапамогай аптыметра вызначаюць памер у межах шкалы (абс. метады вымярэння) ці параўноўваюць лінейны памер з канцавой мерай даўжыні або з эталонам (адносны метад). Пераўтваральны элемент аптыметра — рычажна-аптычнае прыстасаванне: рычажная перадача — рухомае люстэрка і пераўтваральнік — аўтакаліматар. Бываюць верт. і гарызантальныя; з акулярам або з праекцыйным экранам. Цана дзялення да 0,2 мкм, межы вымярэнняў да 500 мм. Аптыметр забяспечваецца зменнымі прыстасаваннямі для вымярэнняў сярэдняга дыяметра разьбы, даўжыняў канцавых мер, спец. галоўкай для вымярэнняў адтулін дыяметрам ад 1 да 13,5 мм, праекц. насадкай для акулярных трубак і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫЛАВЫ́Я ТУМА́ННАСЦІ,
воблакі міжзорнага рэчыва, якія ўтрымліваюць вял. колькасць касм. пылу (да 104 часцінак/см³; гл.Туманнасці галактычныя). Назіраюцца як цёмныя вобласці, скрозь якія не бачны размешчаныя за імі зоркі, радзей як светлыя адбівальныя туманнасці, калі блізка знаходзіцца яркая зорка і яе святло адбіваецца часцінкамі пылу (папярочнік асветленай вобласці не большы за 1 пс). Многа цёмных П.т. знаходзіцца ў вобласці Млечнага Шляху (яны ўтвараюць доўгую паласу). Найб. вядомыя з іх «Конская Галава» і «Вугальны Мяшок» (памеры апошняй 8 пс, адлегласць 150 пс). Вял. колькасць адбівальных П.т. знаходзіцца ў спіральных рукавах Галактыкі; разам з газавымі туманнасцямі яны ўтвараюць газава-пылавыя комплексы памерам у дзесяткі і сотні парсек. Невял. ўтварэнні з канцэнтрацыяй пылу ў дзесяткі і сотні разоў большай, чым у П.т., наз. глобуламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПАРТ (англ. import ад лац. importo прывожу),
прывоз у краіну замежных тавараў, тэхналогій, паслуг (платнае карыстанне паслугамі замежных фірм), капіталаў (у форме крэдытаў ці займаў), каштоўных папер і інш. матэрыяльных каштоўнасцей для рэалізацыі (выкарыстання) на ўнутр. рынку, а таксама транзіту ў трэція краіны; расходы фіз. і юрыд. асоб, урада дадзенай краіны на набыццё тавараў і паслуг, зробленых у інш. краінах. Процілеглае значэнне — вываз тавараў, экспарт. Адрозніваюць І. бачны (увоз матэрыяльных каштоўнасцей); І. ускосны (І. камплектуючых вырабаў для машын, паўфабрыкатаў, абсталявання); І. нябачны (затраты на перавозку грузаў, пасажыраў, турызм, грашовыя пераводы і інш.). Структура І. вызначаецца асаблівасцямі прыродных умоў краіны, развіццём яе эканомікі і яе роляй у міжнар. раздзяленні працы. І. рэгулюецца нац. заканадаўствам, паліт.-прававымі абмежаваннямі, мытным тарыфам, сістэмай ліцэнзавання і інш. нетарыфнымі мерамі знешнеэканам. рэгулявання. Гл. таксама Знешнеэканамічныя сувязі, Знешні гандаль.