ГІЛЬЕ́Н, Гільен Батыста (Guillén Barista) Нікалас (10.7.1902, г. Камагуэй, Куба — 16.7.1989), кубінскі паэт і публіцыст. Вучыўся ў Гаванскім ун-це. Займаўся журналістыкай, удзельнічаў у міжнар. грамадскім жыцці. У 1952—59 у эміграцыі. Друкаваўся з 1918. У паэзіі пераважала сац.-палітычная тэматыка, пазней узмацніўся суб’ектыўна-лірычны пачатак. Аўтар зб-каў «Матывы сона» (1930), «Сонгара Касонга» (1931), «Вест-Індская кампанія» (1934), «Песні для салдатаў і соны для турыстаў» (1937), «Голуб акрыленага народа» (1958), «Што ёсць у мяне?», «Вершы пра каханне» (абодва 1964), «Вялікі Звярынец» (1967), «Зубчастае кола» (1972), «Сэрца, з якім жыву» (1975), «Па Карыбскім сінім моры імчыць папяровы караблік» (1978), паэм «Іспанія. Паэма пра чатыры самоты і адну надзею» (1937), «Элегія Хесусу Менендэсу» (1951) і інш., кн. публіцыстыкі «Беглая проза, 1929—1972» (т. 1—3, 1975—76). Адметныя рысы яго творчасці — нечаканасць метафар і меладычнасць, рытмічная разнастайнасць і гукапіс, спалучэнне элементаў крэольскай і негрыцянскай фалькл. традыцый. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі Р.​Барадулін, Х.​Жычка, К.​Шэрман і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Падарожжа да сябе самога. Мн., 1978;

Рус. пер. — Сонгоро Косонго: Избр. стихи. М., 1967;

Избранное. М., 1982;

Перелистывая страницы: Мемуары. М., 1985.

Літ.:

Плавскин З. Николас Гильен: Критико-биогр. очерк. М.; Л., 1965;

Аухвер А. Николас Гильен: Жизнь и творчество: Пер. с исп. М., 1989.

Е.​А.​Лявонава.

т. 5, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІВА́ЛЬДЗІ ((Vivaldi) Антоніо) (4.3.1678, г. Венецыя, Італія — 28.7.1741),

італьянскі кампазітар, скрыпач, дырыжор, педагог. Вучыўся ў бацькі, скрыпача Джавані Батыста Вівальдзі, і, магчыма, у Дж.​Легрэнцы. У 1703—25 педагог, пазней дырыжор аркестра і кіраўнік канцэртаў, а таксама дырэктар (з 1713) жаночай кансерваторыі «П’ета». Пісаў музыку для свецкіх і духоўных канцэртаў кансерваторыі, оперы для т-раў Венецыі (удзельнічаў у іх пастаноўцы). У творчасці Вівальдзі, паслядоўніка А.Карэлі, вышэйшага росквіту дасягнуў канчэрта гроса (устаноўлена 3-часткавая цыклічная форма, вылучана віртуозная партыя саліста). Стварыў жанр сольнага інстр. канцэрта, чым прадвызначыў дасягненні венскай класічнай школы. Садзейнічаў развіццю віртуознай скрыпічнай тэхнікі. Муз. стыль Вівальдзі адметны меладычным багаццем, дынамічнасцю і экспрэсіўнасцю гучання, празрыстасцю арк. пісьма, класічнай стройнасцю формы. Яго цыкл «Поры года» (1725) — адзін з ранніх узораў арк. праграмнай музыкі. Зрабіў уклад у развіццё інструментоўкі. Сярод твораў: оперы (больш за 40, у т. л. «Нерон, які стаў Цэзарам», 1715; «Алімпіяда», 1734), араторыі («Юдзіф», 1716, і інш.); свецкія кантаты, серэнады; «Stabat Mater» і інш. царк. творы; інстр. канцэрты (465), у т. л. канчэрта гроса (49), для аднаго інструмента з баса кантынуа (331, у т. л. 228 для скрыпкі) і інш.

Літ.:

Белецкий И. Антонио Вивальди, 1678—1741: Краткий очерк жизни и творчества. Л., 1975;

Ryom P. Verzeichnis der Werke A. Vivaldis. 2 Ausg. Leipzig, 1979;

Cande P. de. Vivaldi. Paris, 1967;

Opera and Vivaldi. Austin, 1984.

Партрэт А.Вівальдзі. Мастак невядомы. 18 ст.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБІ́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1959 Выклікана незадаволенасцю кубінцаў дыктатурай прэзідэнта ген. Ф.​Батыстыі-Сальдывара, які забараніў амаль усе паліт. партыі, у знешняй палітыцы арыентаваўся на ЗША, а таксама засіллем іншаземцаў (пераважна грамадзян ЗША, якім на Кубе належала большасць прадпрыемстваў і аб’ектаў турызму). Падрыхтавана дзейнасцю Ф.Хастра Рус і інш. З мэтай узняць нар. паўстанне і скінуць Батысту 26.7.1953 група радыкальна настроеных апазіцыянераў на чале з Кастра (165 чал.) арганізавала штурм вайск. казарм Манкада (г. Сант’яга-дэ-Куба), аднак пацярпела паражэнне; Кастра і яго паплечнікі былі зняволены. Пасля амністыі Кастра ў 1955 эмігрыраваў у Мексіку, дзе заснаваў «Рух 26 ліпеня» і разам з братам Раулем і аргенцінцам Э.Геварам дэ ла Сернам стварыў узбр. групу. 2.12.1956 гэтая група высадзілася з яхты «Гранма» на У Кубы і з боем прарвалася ў горы Сьера-Маэстра, дзе пачалося фарміраванне паўстанцкай арміі, 13.3.1957 узбр. атрад студэнтаў намагаўся захапіць прэзідэнцкі палац у Гаване. У кастр. 1958 створаны «Аб’яднаны нацыянальны рабочы фронт», у ліст. паўстанцкая армія спусцілася з гор і пачала рух на сталіцу. 1.1.1959 яна заняла гарады Санта-Клара і Сант’яга. Батыста пакінуў краіну. 2.1.1959 паўстанцы ўступілі ў сталіцу. Быў сфарміраваны часовы ўрад з функцыямі выканаўчай і заканад. улады (замест распушчанага парламента), прыпынена дзейнасць канстытуцыі 1940. 16.2.1959 створаны ўрад на чале з Кастра, які пачаў агр. рэформу, нацыяналізацыю замежнай маёмасці і інш. пераўтварэнні.

Літ.:

Зуйков Г.Н. Социально-экономические предпосылки Кубинской революции. М., 1980;

Гриневич Э.А. Куба: путь к победе революции. М., 1975;

Монтанер К.А. Накануне краха: Фидель Кастро и Кубинская революция: Пер. с исп. М., 1992.

т. 8, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)