ГО́МЕЛЬСКАГА ФІЛІЯ́ЛА РУ́СКА-АЗІЯ́ЦКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры неакласіцызму. Пабудаваны ў 1910—12 (арх. О.​Мунц). Мураваны 2-павярховы Г-падобны ў плане будынак. Вуглавая частка скругленая, вылучаная цыліндрычнай вежай з купалам. Фасады падзелены карнізнай цягай на 2 ярусы, ніжні ярус апрацаваны рустам. На плоскасці сцен — тонкія ліштвы, маскароны, гірлянды. На вежы, па баках круглага дахавага акна, алегарычныя выявы 2 жаночых фігур у ант. адзенні.

В.​М.​Чарнатаў.

Гомельскага філіяла Руска-Азіяцкага банка будынак.

т. 5, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРО́ДЗЕНСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры пач. 20 ст. Пабудаваны ў 1913 у Гродне паводле праекта арх. Б.​Астравумава. Мае рысы стылю мадэрн. 2-павярховы Г-падобны ў плане мураваны будынак накрыты высокім 2-схільным чарапічным дахам з купалам у месцы злучэння аб’ёмаў. У дэкар. вырашэнні фасадаў выкарыстана спалучэнне адкрытага муру з жоўтай цэглы і белых ляпных дэталей. Будынак аздабляюць каваныя агароджы балконаў, унутранай лесвіцы, навес над уваходам.

В.​М.​Чарнатаў.

т. 5, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАГА ПАЗЯМЕ́ЛЬНА-СЯЛЯ́НСКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры пач. 20 ст. ў Магілёве. Узведзены ў 1903—14 ст. паводле праекта арх. А.​В.​Друкера (захаваліся эскізныя варыянты пабудовы). Мае рысы стыляў мадэрн, псеўдарус. і позняга класіцызму. 2-павярховы (з невысокім цокальным паверхам) Т-падобны асіметрычнай кампазіцыі ў плане будынак. Гал. фасад расчлянёны 2 рызалітамі. Адзін з іх мае шатровае завяршэнне, аздоблены шчытом у выглядзе какошніка з ляпной разеткай у цэнтры, 2-і вырашаны ў выглядзе 2-яруснай вежы (васьмярык на чацверыку), завершанай нізкім шатровым дахам. У дэкар. афармленні выкарыстаны рустыка цокаля, прафіляваныя архівольты какошнікаў, несапраўдныя машыкулі, дэкар. ўстаўкі ў выглядзе разетак у прамавугольных рамках, паўкалонкі з ляпнымі кампазітнымі капітэлямі, паяскі, расл. арнамент у аздабленні акон-трыфорыумаў, разныя драўляныя дзверы і інш. У будынку знаходзіцца Магілёўскі абласны мастацкі музей імя П.​В.​Масленікава і галерэя П.​В.​Масленікава.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 9, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНІ КАМІТЭ́Т ПРЫ МІ́НСКІМ АДДЗЯЛЕ́ННІ ПАЎНО́ЧНАГА БА́НКА,

манапалістычнае аб’яднанне запалкавых фабрыкантаў паўн.-зах. губерняў і Польшчы у 1905—13. Аб’ядноўваў 11 буйнейшых ф-к рэгіёна, у т. л. 6 з бел. губерняў: «Прагрэс-Вулкан» (Пінск), «Вікторыя» і «Бярэзіна» (Барысаў), «Дзвіна» (Дзвінск), «Маланка» (Мазыр), «Дружына» (Койданава). У 1907 Зах. к-т аб’яднаўся з арг-цыяй аналагічнага профілю ў Маскве — Усх. к-там і ўтварыў агульнарас. сіндыкат «Рускае таварыства запалкавага гандлю», які на працягу некалькіх гадоў дамінаваў на рынку еўрап. часткі Рас. імперыі.

В.​М.​Сяховіч.

т. 7, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭСПАНДЭ́НЦКІ РАХУ́НАК,

рахунак, на якім адлюстроўваюцца разлікі, праведзеныя банкам па даручэнні і за кошт інш. банка на аснове карэспандэнцкага дагавора. Мае 2 віды: «ностра» (рахунак банка ў банку-карэспандэнце) і «лора» (рахунак банка-карэспандэнта ў банку).

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ РАЗВІЦЦЯ́ (МАР; International Development Association),

філіял Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця. Створана ў 1960 для прадастаўлення крэдытаў і пазык на льготных умовах краінам, якія сталі на шлях развіцця. МАР мае свой статут, але фактычна кіруецца банкам. Структура МАР: савет кіраўнікоў, выканаўчы дырэктарат, прэзідэнт. Склад савета кіраўнікоў і выканаўчага дырэктарата той жа, што і ў банка. Адм. дзейнасць ажыццяўляе па сумяшчальніцтве персаналам банка. Месцазнаходжанне — Вашынгтон.

т. 10, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́НКАЎСКІ ВЕ́СНІК»,

інфармацыйнае выданне Нац. банка Рэспублікі Беларусь. Выходзіць з крас. 1992 у Мінску на бел. і рус. мовах. Публікуе законы, пастановы, указы і інш. дакументы Прэзідэнта, Вярх. Савета і Кабінета Міністраў Беларусі, нарматыўныя акты Нац. банка па пытаннях фінансава-банкаўскай дзейнасці, агляды, кансультацыі спецыялістаў і інш.

т. 2, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́СТРА (ад італьян. nostro conto наш рахунак),

рахунак, які банк мае ў свайго банка-карэспандэнта, дзе ўлічваюцца ўсе яго расходы і паступленні. Для банка, які мае рахунак, носіць актыўны характар, таму што адлюстроўвае размяшчэнне сродкаў у форме банкаўскага дэпазіту; для інш. банкаў — пасіўны характар і адлюстроўвае прыцягнутыя рэсурсы і па даручэнні банкаў-карэспандэнтаў (лора рахунак).

т. 11, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРЭДЫТЫ́Ў,

разліковы ці грашовы дакумент у выглядзе даручэння аднаго банка другому зрабіць аплату за адгружаны тавар, выкананыя работы (паслугі) ці выдаць прад’яўніку акрэдытыва пэўную суму грошай пры выкананні пэўных умоў.

Бываюць акрэдытывы: грашовы — імянны дакумент, што выдаецца банкам асобе, якая ўнесла пэўную суму і жадае атрымаць яе цалкам ці часткамі ў інш. горадзе на працягу агаворанага часу; таварны — форма безнаяўных разлікаў, пры якой разліковыя дакументы аплачваюцца плацельшчыкам на месцы знаходжання пастаўшчыка за кошт сродкаў, спецыяльна забраніраваных у банку аплачваемым бокам, ці аплата гэтых дакументаў гарантавана банкам; адзыўны — можа быць ануляваны банкам, што яго адкрыў; безадзыўны — з’яўляецца цвёрдым абавязацельствам банка-эмітэнта; пацверджаны — гарантаваны банкам, які яго адкрыў; непацверджаны — без гарантый банка; рэвальверны — па меры выкарыстання аўтаматычна папаўняецца ў межах устаноўленай агульнай сумы ліміту і тэрміну дзеяння; пераводны — цалкам ці часткова можа быць выкарыстаны інш. асобамі.

Г.​І.​Краўцова.

т. 1, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВУА́РЫ (ад франц. avoir маёмасць, набытак),

1) актывы (грашовыя сродкі, вэксалі, чэкі, пераводы, акрэдытывы), за кошт якіх робяцца плацяжы і пагашаюцца абавязацельствы іх уладальнікаў; у вузкім сэнсе — ліквідная частка актываў (грашовыя сродкі банка на бягучых рахунках, дэпазітах, каштоўныя паперы, якія лёгка рэалізуюцца).

2) Сродкі банка ў замежнай валюце, золаце, якія знаходзяцца на яго рахунках у замежных банках. Сукупнасць такіх сродкаў, што належаць якой-н. краіне, называюць яе замежнымі авуарамі.

3) Уклады прыватных асоб і арг-цый у банках.

т. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)