БО́РАВЕЦ,

горнакліматычны курорт у Балгарыі. На ПдЗ ад Сафіі на паўн. схілах гор Рыла. Адзін са старэйшых і папулярных у Балгарыі, развіваецца з 19 ст. (у мінулым месца адпачынку вяльможаў, летняя рэзідэнцыя царскай сям’і). Сярэднягорны клімат з мяккай зімой і ўмерана цёплым летам спрыяльны пры лячэнні неспецыфічных хвароб органаў дыхання, функцыян. расстройстваў нерв. сістэмы. Каля 200 відаў, атэлі, кемпінг, дамы адпачынку.

т. 3, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́С I

(?—2.5.907),

князь Балгарыі [852—889]. Увёў у Балгарыі хрысціянства (864—865), стварыў балг. архіепіскапства (870), дамогся незалежнасці балг. царквы ад Візантыі (880). Пашырыў сваю дзяржаву за кошт макед. і стараж.-сербскіх земляў. У 889 адрокся ад прастола на карысць сына Уладзіміра-Расатэ і пайшоў у манастыр (хрысц. імя Міхаіл). У 893 скінуў Уладзіміра, які хацеў вярнуць язычніцтва, і зрабіў балг. князем сына Сімяона. Пасля смерці кананізаваны.

т. 2, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́РНЕНСКІ ЗАЛІ́Ў,

заліў Чорнага м., каля берагоў Балгарыі. Даўж. 3 км, шыр. каля ўваходу 7 км, глыб. 10—18 м. У суровыя зімы замярзае. Порт — Варна.

т. 4, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЦЕЎ,

самая высокая вяршыня гор Стара-Планіна, у Балгарыі. Выш. да 2376 м. Складзены з гранітаў. Вяршыня плоская, укрытая лугамі. Названа ў гонар балг. паэта-рэвалюцыянера Х.Боцева.

т. 3, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛКА́НСКІ Ненка Дзімітраў

(20.8.1907, г. Казанлык, Балгарыя — 19.9.1977),

балгарскі жывапісец. Нар. мастак Балгарыі (1966). Скончыў АМ у Сафіі (1930), вучыўся ў Парыжы і Мюнхене (1939—40). Выкладаў у АМ у Сафіі (з 1948, з 1950 прафесар). Адзін з першых прадстаўнікоў пралетарскага мастацтва ў Балгарыі 1930-х г.; член «Таварыства новых мастакоў». Асн. творы: «Рабочая сям’я» (1936), «Партызанская сувязная» (1945), «Хатняя гаспадыня» (1957), «Аўтапартрэт» (1967) і інш.

Літ.:

Божков А. Н.Балкански. София, 1977.

Я.Ф.Шунейка.

т. 2, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАБРУ́ДЖА

(рум. Dobrogea),

гістарычная вобласць на Пд Еўропы, паміж ніжнім цячэннем Дуная і ўзбярэжжам Чорнага м., пераважна ў межах плато Дабруджа. Паўн. (большая) частка Дабруджы ўваходзіць у склад Румыніі, паўд. частка — у склад Балгарыі.

Стараж. Дабруджа была заселена фракійскімі плямёнамі. У 5 ст. да н.э. захоплена скіфамі, у 1 ст. н. э. — рымлянамі, з 3 ст. пацярпела ад нашэсцяў готаў, гунаў і інш. У пач. 6 ст. ў Дабруджы з’явіліся славяне. З 7 ст. ў складзе Першага (у 11—12 ст. належала Візантыі), з канца 12 ст. — Другога Балгарскага царстваў. У 14 ст. на тэр. Дабруджы ўтварыліся самаст. феад. дзяржавы. У 15 ст. захоплена Асманскай імперыяй. Пасля рус.-тур. вайны 1877—78 Паўд. Дабруджа ў складзе Балгарыі, Паўночная — Румыніі. Паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1913 Паўд. Дабруджа перададзена Румыніі, паводле балг.-рум. дагавора 1940 вернута Балгарыі.

т. 5, с. 559

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГА́РЫЯ

(грэч. angareia),

1) у Рымскай імперыі, Візантыі, дзяржавах сярэдневяковай Еўропы (імперыі Каралінгаў, Балгарыі, Польшчы і інш.) дзярж. ямская павіннасць — пастаўка ўючнай жывёлы для дзярж. перавозак. У 13—14 ст. у Візантыі і Балгарыі ангарыя ўключала і інш. павіннасці (работа на буд-ве дарог, мастоў, крэпасцяў).

2) У Візантыі, феад. Італіі і некаторых інш. краінах Еўропы паншчына і інш. павіннасці на карысць землеўладальніка.

3) У міжнар. праве захоп дзяржавай, якая ваюе, у сваіх портах гандл. суднаў нейтральных краін для выкарыстання ў ваен. мэтах (перавозкі войскаў, узбраення і інш.).

т. 1, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛГА́РЫ,

нацыя, асн. насельніцтва Балгарыі (8,7 млн. чал.). Жывуць таксама ў паўд. раёнах Украіны, Малдовы, Расіі і інш. краінах (161 тыс. чал., 1979). Агульная колькасць 9,29 млн. чал. (1987). Гавораць на балгарскай мове. Вернікі пераважна праваслаўныя.

т. 2, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ГРАФ (сапр. Дзімітраў) Захарый

(1810, г. Самакаў, Балгарыя — 14.6.1853),

жывапісец эпохі Балг. адраджэння. Адзін з заснавальнікаў свецкага рэаліст. мастацтва Балгарыі. Вучыўся ў свайго брата — Дзімітра З. Ствараў абразы і царк. насценныя размалёўкі (у Бачкаўскім, 1840—41, Рыльскім, 1844, Траянскім, 1847—48, і інш. манастырах) з плоскаснымі выявамі, прасякнутымі маляўнічым, паэтычным фалькл. пачаткам; часта ўводзіў у іх пейзажныя і жанравыя элементы, партрэты сучаснікаў. Стварыў першыя ў Балгарыі станковыя партрэты (Н.Рыльскага, аўтапартрэт, каля 1838).

Літ.:

Львова Е.П. Изобразительное искусство Болгарии эпохи национального Возрождения. М., 1975.

З.Зограф. Страшны суд. Фрагмент размалёўкі царквы св. Міколы. 1840. Бачкаўскі манастыр. Балгарыя.

т. 7, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРАСНЁЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1923 у Балгарыі, узброенае паўстанне левых сіл супраць ваен. дыктатуры 23—29.9.1923. Стыхійныя антыдыктатарскія ўзбр. выступленні камуністаў і «земляробаў» (членаў партыі Балг. земляробскі нар. саюз; БЗНС) пасля звяржэння ваеннымі левага ўрада А.Стамбалійскага (пераварот 9.6.1923) пацярпелі няўдачу. ЦК Балг. камуніст. партыі 6.8.1923 прыняў рашэнне аб падрыхтоўцы ўзбр. паўстання. Пазней заключана пагадненне аб адзінстве дзеянняў з БЗНС, створаны Галоўны ваен.-рэв. к-т на чале з Г.Дзімітровым, В.Каларавым і Г.Генавым, план якога прадугледжваў адначасовае паўстанне ў розных акругах і хуткае пашырэнне па ўсёй Балгарыі. Выступленне паскорылі распачатыя ўладамі рэпрэсіі (арышт каля 2 тыс. камуністаў, увядзенне ў краіне ваен. становішча). Найб. паспяхова дзейнічалі паўстанцы (каля 43 тыс. чал.) у паўн.-зах. ч. Балгарыі (занялі 8 гарадоў і 440 сёл). Паўстанне задушана ўрадавымі войскамі з выкарыстаннем артылерыі і кулямётаў; каля 20 тыс. паўстанцаў забіты і пакалечаны.

Літ.:

Георгиев Г. Сентябрь 1923 г.: Ист. очерк: Пер. с болг. М., 1973;

Краткая история Болгарии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987. С 339—342.

У.Я.Калаткоў.

т. 4, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)