АРАМА́ЗД,

у армянскай міфалогіі вярхоўнае бажаство, тварэц неба і зямлі, бог урадлівасці. Яго эпітэт — «ары» (мужны). Гал. свяцілішча Арамазд было ў культавым цэнтры стараж. Арменіі Ані (сучасны Камах на тэр. Турцыі).

т. 1, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛУ,

у заходнесеміцкай міфалогіі вярх. бажаство, бацька багоў і людзей, творца сусвету і ўсяго існага, які дае людзям патомства. У Старым запавеце выступае пад імем Элахіма як адзіны бог, стваральнік сусвету, жывёл і людзей.

т. 7, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТУ́МН, Вартумн,

у рымскай міфалогіі бог розных перамен (у порах года, цячэнні рэк, настроях людзей і інш.). Паводле адной версіі, першапачаткова сабінскі бог, паводле другой — бог г.Вальсінія, гал. бажаство этрускаў. У Рыме Вертумну быў прысвечаны храм.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХУРАМА́ЗДА, Ахура Мазда, Аўрамазда, Армазд,

у іранскай міфалогіі вярхоўнае бажаство зораастрыйскага і ахеменідскага пантэонаў; літаральна — «бог прамудры». З развіццём дуалістычных уяўленняў пра барацьбу спрадвечных пачаткаў дабра і зла Ахурамазда, у адрозненне ад бога Анхра-Майнью, асацыіраваўся з добрым пачаткам.

т. 2, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЛЬВА́НІ,

у хацкай і хецкай міфалогіі бажаство падземнага свету. Лічылася мужчынскім бажаством, у больш позняй хецкай міфалогіі — жаночым і асацыіравалася з акадскай багіняй Алатум. Каб пазбегнуць заўчаснай смерці, вернікі наладжвалі святы ў гонар Л. і прыносілі ёй ахвяры.

т. 9, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́НДРА,

у старажытнаіндыйскай міфалогіі і ведычнай рэлігіі найб. шанаванае бажаство, пераможца багоў і іх цар, грамавержац і ўсталявальнік сусвету; пазней ахоўнік (лакапала) Усходу. Найперш увасабляў воінскую функцыю, але быў звязаны і з урадлівасцю, лічыўся добрым апекуном людзей, асабліва арыйцаў.

т. 7, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРУНА́,

у ведыйскай і індуісцкай міфалогіі бажаство світання. Уяўлялася ў выглядзе Сонца на Усходзе. Паводле эпасу «Махабхарата» яго маці Вініта разбівае ў нецярплівасці знесенае ёю яйка у якім знаходзіўся напаўразвіты Аруна. Ён праклінае маці за сваю выродлівасць і прадракае ёй рабства.

т. 1, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭС,

у егіпецкай міфалогіі бажаство, якое ахоўвае чалавека ад бедаў, апякун сям’і. Уяўлялася ў вобразе чалавека-карліка, крываногага, з шырокім выродлівым барадатым тварам (лічылі, што выродлівасць адпужвае злых духаў), з нажом ці муз. інструментам у руках, на галаве тыяра з пёраў ці лістоў.

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУША́РА,

у старажытнаарабскай міфалогіі вярхоўнае бажаство ў пантэоне Набатэйскай дзяржавы, апякун краіны і бог царскай дынастыі. Паводле міфа, народжаны дзевай-каменем; ідалам Д. служыў чорны камень, якому прыносілі ахвяру. Д. лічылі таксама богам-грамавержцам і атаясамлівалі з Зеўсам, Дыянісам, часам з Арэсам.

т. 6, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛА́Х (ад араб. ілах бажаство),

адзіны бог у ісламе. Паводле мусульманскага веравучэння Алах — творца ўсяго існага: неба, зямлі і чалавека, усемагутны валадар свету, гаспадар суднага дня; чалавек павінен яму пакарацца. Алаху прыпісваюць найлепшыя якасці, якія выказаны ў 99 эпітэтах (міласцівы, міласэрны, вялікі, мудры і інш.).

т. 1, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)