БАБРУ́ЙСКІ РАЁН,

у Беларусі, на ПнЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 4.8.1927. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 29,2 тыс. чал. (1995), гарадскога 7%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал./км². Цэнтр — г. Бабруйск; р.п. Глуша, 225 сельскіх нас. пунктаў. 12 сельсаветаў: Бортнікаўскі, Брожскі, Варатынскі, Вішнёўскі, Восаўскі, Гарбацэвіцкі, Гарохаўскі, Кавалёўскі, Слабодкаўскі, Сычкаўскі, Хімоўскі, Цялушскі.

Размешчана б.ч. раёна ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Пераважаюць выш. 150—170 м, самы высокі пункт 183,5 м (каля р.п. Глуша). Карысныя выкапні: торф, гліна, буд. і сілікатныя пяскі; ёсць мінер. крыніцы. Сярэдняя т-ра студз. -6,7 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 586 мм за год. Вегетацыйны перыяд 193 дні. Рэкі: Бярэзіна, Ала, Бабруйка, Беліца, Брожа, Ваўчанка, Вір і інш., воз. Вяхава. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя глебы. Лясы займаюць 38%, пераважна хваёвыя і бярозавыя, трапляюцца асіна, дуб, граб і інш. Агульная пл. балотаў 19,2 тыс. га (часткова асушаныя), з іх 17,8 тыс. га нізінныя (балотныя масівы Рэдкі Рог, Ваўчанскае балота, Юрзаўка).

На 1.1.1996 у раёне пад с.-г. Ўгоддзямі 72,2 тыс. га. 9 саўгасаў і 13 калгасаў. Асн. галіны: малочна-мясная жывёлагадоўля, ільнаводства, бульбаводства. Птушкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя культуры, кармавыя, агародніну. Прадпрыемствы па вытв-сці буд. матэрыялаў, дрэваапр., шкляной і харч. прам-сці. На тэр. раёна Бабруйскі доследны лясгас, часткова — Бабруйская паляўнічая гаспадарка. Праходзяць чыгункі Мінск—Бабруйск—Гомель, Бабруйскг.п. Акцябрскі, аўтадарогі Мінск—Бабруйск—Гомель, Слуцк—Бабруйск—Рагачоў, Магілёў—Бабруйск—Мазыр. Суднаходства па р. Бярэзіна, рачны порт — Бабруйск. У раёне 18 сярэдніх, 4 базавыя, 7 пач. школ, 21 дашкольная ўстанова, 34 клубы, 38 б-к, 6 бальніц, 24 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: драўляная царква (пач. 20 ст.) у в. Туркоўская Слабада, мураваная царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Цялуша, паштовая станцыя сярэдзіны 19 ст. ў в. Барок. Мемарыяльны комплекс у гонар воінаў 1-га Бел. фронту і партызанаў у в. Сычкава. Вылаецца газ. «Трыбуна працы».

С.І.Сідор.

т. 2, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІЯ КАФЛЯ́НЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.

Дзейнічалі ў г. Бабруйск Магілёўскай вобласці (2 мануфактуры). У 1900 выраблена кафлі на 65,6 тыс. руб. Працавалі 62 і 94 рабочыя.

т. 2, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ХАЎКА,

вёска ў Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Бабруйск, 135 км ад Магілёва. 516 ж., 184 двары (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, амбулаторыя, аддз. сувязі.

т. 5, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1944—54. Утворана 20.9.1944 з раёнаў Магілёўскай, Мінскай і Палескай абл. Цэнтр — г. Бабруйск. Пл. 19,7 тыс. км², нас. 654,9 тыс. чал. (1953). Уключала 14 раёнаў (Акцябрскі, Асіповіцкі, Бабруйскі, Глускі, Грэскі, Капыльскі, Кіраўскі, Клічаўскі, Любанскі, Парыцкі, Слуцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Чырвонаслабодскі), 4 гарады (Асіповічы, Бабруйск, Слуцк, Старыя Дарогі), 8 гар. пасёлкаў (Глуск, Капыль, Клічаў, Любань, Старобін, Парычы, Урэчча, Чырвоная Слабада), 4 рабочыя пасёлкі (Глуша, Градзянка, Ялізава, Ясень). Абл. газ. «Савецкая Радзіма». 8.1.1954 Бабруйская вобласць скасавана: Акцябрскі і Парыцкі р-ны перададзены ў Гомельскую, Асіповіцкі, Бабруйскі, Кіраўскі і Клічаўскі р-ны — у Магілёўскую, астатнія — у Мінскую вобл.

т. 2, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ ДРО́ЖДЖА-ВІНАКУ́РНАЯ І АЛЕ́ЙНАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала на Беларусі ў 1870—1910 у г. Бабруйск. Вырабляла спірт, прасаваныя дрожджы, ільняны і канапляны алей, макуху. У 1908 мела 2 паравыя машыны. У 1910 працаваў 51 рабочы, выраблена прадукцыі на 120 тыс. руб.

т. 2, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ ФУ́ТРАВАЯ ФА́БРЫКА.

Засн. ў 1960 у г. Бабруйск, у 1963—75 рэканструявана і расшырана. Дзейнічаюць цэхі швейных вырабаў, галаўных убораў, вырабаў з пушніны. Асн. прадукцыя (1995): вырабы з футра (пласціны, галаўныя ўборы, каўняры) і верхняе адзенне (паліто, паўпаліто, курткі).

т. 2, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ЛЕСАТЭХНІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1930 у г. Бабруйск. Спецыяльнасці (1995/96 навуч. г.): мэблевая вытворчасць, машыны і абсталяванне прадпрыемстваў дрэваапр. прам-сці, тэхналогія дрэваапрацоўкі, эканоміка дрэваапр. вытв-сці. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 2, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІЯ ЦАГЕ́ЛЬНЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.

Дзейнічалі ў 1833—1914 у межах сучаснага г. Бабруйск Магілёўскай вобласці (4 цагельні). Выраблялі цэглу ад 745 да 7000 тыс. штук за год на 11—92 тыс. руб. У розныя гады працавалі ад 33 да 156 рабочых.

т. 2, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г. Бабруйск. Пл. 14,5 тыс. км², нас. 499,8 тыс. чал. (1924). У 1924—27 уключала 12 раёнаў (Асіповіцкі, Бабруйскі 1-ы і 2-і, Буда-Кашалёўскі, Гарадзецкі, Глускі, Жлобінскі, Клічаўскі, Парыцкі, Рагачоўскі, Свіслацкі, Стрэшынскі), 3 гарады (Бабруйск, Жлобін, Рагачоў), 4 мястэчкі (Асіповічы, Глуск, Парычы, Стрэшын), 145 сельсаветаў. На працягу 1927 у складзе Бабруйскай акругі са скасаванай Слуцкай акругі перададзены Любанскі, Слуцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Чырвонаслабодскі р-ны; Бабруйскія 1-ы і 2-і р-ны аб’яднаны ў адзіны Бабруйскі р-н, Гарадзецкі і Стрэшынскі скасаваны, Буда-Кашалёўскі р-н перададзены ў склад Гомельскай акругі. Акр. газ. «Камуніст». 26.7.1930 Бабруйская акруга скасавана.

т. 2, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЕ ВУЧЫ́ЛІШЧА АЛІМПІ́ЙСКАГА РЭЗЕ́РВУ,

сярэдняя спец. навуч. ўстанова ў г. Бабруйск для падрыхтоўкі трэнераў па розных відах спорту. Створана ў 1989 у Бабруйску на базе школы-інтэрната спартыўнага профілю. Прымае асоб, пачынаючы з 7-га класа агульнаадук. школы. Тэрмін навучання да 7 гадоў. Навучанне дзённае.

т. 2, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)