ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ АВІЯ́ЦЫЯ,

галіна вытв-сці і абслугоўвання, прызначаная для перавозак людзей і грузаў, выкарыстання ў сан. і проціпажарнай службах, сельскай гаспадарцы, геолагаразведцы і інш. Першая трансп. авіялінія на Беларусі адкрыта ў 1932 па маршруце Мінск—Глуск—Парычы—Мазыр (курсіравалі 3 самалёты, вазілі пераважна пошту). Перавозка пасажыраў пачалася з 1938 па лініі Мінск—Масква (гл. Паветраны транспарт). Пасля 2 сусв. вайны прамыя паветр. лініі звязалі Мінск з абл. цэнтрамі і інш. гарадамі рэспублікі і СССР. Сучасная грамадзянская авіяцыя Рэспублікі Беларусь мае паветр. сувязь больш як з 50 краінамі, у т. л. з Англіяй, Германіяй, Кітаем, ЗША і інш. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» — Беларускае аб’яднанне грамадзянскай авіяцыі. На лініях эксплуатуюцца самалёты ТУ-134, ТУ-154 (розных мадыфікацый), АН-26, АН-24, ЯК-40 і інш., верталёты К-26, Мі-2 і інш. Рамантуюць лятальныя апараты Мінскі авіярамонтны завод, авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай. Спецыялістаў для грамадзянскай авіяцыі рыхтуе Мінскі авіяцыйны каледж, спец. навуч. ўстановы інш. краін СНД. Перавозкі грамадзянскай авіяцыі забяспечваюць міжнар. аэрапорты Мінск-1, Мінск-2, у Брэсце, Гомелі, Гродне, нац. і мясц. ў абл. цэнтрах, а таксама ў Мазыры, Пінску, Полацку, Салігорску і інш. Гл. таксама Аэрапорт, Авіяцыя.

т. 5, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТА́РЫО

(Ontario),

правінцыя на Пд Канады. Пл. 1068,6 тыс. км², нас. 10,085 млн. чал. (1991), каля 35% насельніцтва краіны. Адм. цэнтр — г. Таронта [635,4 тыс. чал., у агламерацыі Вял. Таронта 3,9 млн. чал. (1991)]; на тэр. Антарыо знаходзіцца сталіца Канады г. Атава. Буйныя гарады: Гамільтан, Уінсар, Кітчэнер з Ватэрлоо, Лондан. Найб. урбанізаваная правінцыя, гар. насельніцтва каля 82%. На б. ч. тэр. Лаўрэнційскае ўзвышша (выш. да 646 м), на Пн — нізіны Гудзонава заліва, на Пдч. Цэнтральных раўнін. Клімат умераны, т-ра студз. ад -4 да -14 °C, ліп. 15—23 °C, ападкаў 370—1000 мм за год. Рачная сетка густая, на Пд Вял. азёры, на Пн Гудзонаў заліў. Антарыо дае каля 50% прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны і каля 25% горназдабыўной. Асн. галіны прам-сці: чорная і каляровая металургія, аўтамабілебудаванне, нафтахім. і нафтаперапр., электратэхн., цэлюлозна-папяровая, харч. і харчасмакавая; расшыраецца прам-сць высокіх тэхналогій. Здабываюць нікель (1-е месца ў краіне), уран, жал. руды, цынк, медзь, золата, серабро і інш. Антарыо — вядучая правінцыя па вытв-сці электраэнергіі: каля 35% даюць АЭС, 34% — ГЭС, 30% — ЦЭС. Інтэнсіўная сельская гаспадарка з малочнай жывёлагадоўляй, свінагадоўляй і агародніцтвам, вырошчваюць сою, кукурузу, тытунь, садавіну і вінаград. На Пд Антарыо — самая густая ў краіне трансп. сетка, міжнар. аэрапорты.

З.М.Шуканава.

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШЫНГТО́Н

(Washington),

горад, сталіца Злучаных Штатаў Амерыкі. Размешчаны на Атлантычным узбярэжжы, паміж штатамі Мэрыленд і Віргінія, на ўсх. беразе р. Патомак, пры ўпадзенні ў яе р. Анакостыя. Вылучаны ў асобную федэральную акругу Калумбія (пл. 178 км²). Нас. ў межах акругі 585,2 тыс. ж., з прыгарадамі ў суседніх штатах 3,92 млн. ж. (1992). Буйны трансп. вузел: 5 магістральных чыгунак, аўтадарогі, 2 аэрапорты (Вашынгтонскі нац. і Міжнар. імя Дж.Ф.Далеса). Рачны порт. У Вашынгтоне знаходзіцца рэзідэнцыя прэзідэнта ЗША (Белы дом), кангрэс (Капітолій), вярх. суд, дзярж. дэпартамент, ваеннае мін-ва (Пентагон) і інш. дзярж. ўстановы. Асн. частка насельніцтва на дзярж. службе, у сферы паслуг, гандлі і фінансах. Буйны цэнтр паліграф. і харч. прам-сці. Машынабуд. (пераважна ў прыгарадах), у т. л. радыёэлектронная (вытв-сць ЭВМ, сродкаў сувязі), ракетна-касм., прыладабуд., ваенная прам-сць. Вытв-сць медыкаментаў. Дзярж. друкарні. Манетны двор.

Засн. ў 1791. Названы ў гонар 1-га прэзідэнта ЗША Дж.Вашынгтона. З 1800 сталіца ЗША (перанесена з Філадэльфіі). У 1802 атрымаў гар. правы. У англа-амер. вайну 1812—14 часова акупіраваны і спалены англічанамі (1814). У Вашынгтоне адбылася Вашынгтонская канферэнцыя 1921—22, тут размешчаны кіраўнічыя органы Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў.

План забудовы горада складзены ў 1790—93 франц. інж. П.Ш.Ланфанам пры ўдзеле асветніка і дзярж. дзеяча ЗША Т.Джэферсана: прамавугольная сетка вуліц дапаўняецца дыяганальнымі праспектамі (авеню), у т. л. прамянямі, якія сыходзяцца да будынка кангрэса — Капітолія (1793—1865, арх. У.Торнтан і інш.; статуя Свабоды — скульпт. Т.Кроўфард). Да паркавай магістралі Мол, якая вядзе ад Капітолія да р. Патомак, прылягае парк, дзе размешчаны Белы дом (1792—1829, арх. Дж.Хобан, Б.Латраб). У архітэктуры ўрадавых і адм. будынкаў пераважаюць формы класіцызму. Вашынгтон — адна з самых зялёных сталіц свету. У 1960—70-я г. пабудаваны новыя жылыя раёны, урадавыя і дзелавыя будынкі, сярод якіх Падатковы суд ЗША (1967, арх. В.Ландзі), Нац. Культ. цэнтр імя Дж.Кенэдзі (1971, арх. Э.Д.Стоўн). Каля Вашынгтона (Шантыйі, штат Віргінія) — міжнар. аэрапорт імя Далеса (1958—62, арх. Эка Саарынен) і горад-спадарожнік Рэстан (1963—65).

У Вашынгтоне асн. навук. арг-цыі ЗША: Нац. АН, Бат. сад, навук. т-вы (Амер. хім., Нац. геагр.), Нац. архіў, Амер. асацыяцыя садзеяння развіццю навукі, навук. ін-ты Карнегі і Брукінгса, Смітсанаўскі ін-т. У прыгарадзе Вашынгтона даследчы цэнтр мін-ва сельскай гаспадаркі, 5 ун-таў (у т. л. Говардскі і Дж.Вашынгтона), Вышэйшая с.-г. школа, Ваен. акадэмія і інш. У Вашынгтоне знаходзіцца Бібліятэка кангрэса ЗША, Нац. музей ЗША, Нац. галерэя выяўл. мастацтваў, маст. галерэі Коркаран, Фрыр, Філіпс. Нац. калекцыя прыгожых мастацтваў, Нац. партрэтная галерэя, музей паветраплавання і касманаўтыкі і інш. Нац. Культ. цэнтр імя Дж.Кенэдзі. Арлінгтанскія нац. могілкі (магілы Невядомага салдата, прэзідэнта Дж.Кенэдзі, сенатара Р.Кенэдзі).

І.В.Загарэц (гаспадарка).

т. 4, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРГІ́НСКІЯ АСТРАВЫ́

(Virgin Islands),

уладанне ЗША у Вест-Індыі, на Малых Антыльскіх а-вах. Пл. 355 км².

Нас. 104 тыс. чал. (1993). Адм. ц.г. Шарлота-Амалія (12,3 тыс. ж., 1990) на в-ве Сент-Томас. Афіц. мова англійская. Дзейнічае Перагледжаны арганічны закон Віргінскіх астравоў, прыняты кангрэсам ЗША у 1954. Агульны нагляд за астравамі ажыццяўляе мін-ва ўнутр. спраў ЗША. Выканаўчая ўлада належыць губернатару (выбіраецца на 4 гады). Паводле рэкамендацый заканад. сходу ён прызначае кіраўнікоў 12 выканаўчых дэпартаментаў і 2 адм. памочнікаў, яны прадстаўляюць яго на а-вах Сент-Джон і Санта-Крус. Аднапалатны заканад. сход складаецца з 15 сенатараў, якія выбіраюцца на 2 гады. Законы, прынятыя ім, зацвярджаюцца губернатарам. З 1973 астравы маюць 1 дэпутата (без права голасу) у палаце прадстаўнікоў кангрэса ЗША.

Уладанне ўключае больш за 50 астравоў і рыфаў, найб. з іх Санта-Крус (218 км²), Сент-Томас (83 км²), Сент-Джон (52 км²). Астравы гарыстыя (г. Краўн, 474 м), складзены з вапнякоў і вулканічных крышт. парод. Т-ра паветра 21—29 °C (зімой), 24—31 °C (летам). Ападкаў 1200 мм за год, летам і восенню частыя ўраганы. Захаваліся ўчасткі трапічных лясоў, асабліва на в-ве Сент-Джон, ​2/3 тэр. якога займае аднайменны нац. парк. Мясцовае насельніцтва — негры і мулаты (больш за 80%), жывуць таксама пуэртарыканцы, выхадцы з ЗША і інш. Найб. населены а-вы Санта-Крус (50,1 тыс. чал.) і Сент-Томас (48,2 тыс. чал.). Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты. Асн. галіна гаспадаркі — абслугоўванне замежных турыстаў. Штогод астравы наведвае каля 1,5 млн. турыстаў, пераважна з ЗША. У прам-сці гал. ролю адыгрываюць прадпрыемствы на в-ве Санта-Крус: нафтаперапрацоўчы (адзін з найб. у свеце, магутнасць 36,4 млн. т за год) і алюмініевы з-ды. Выпрацоўка электраэнергіі каля 1 млрд. кВтгадз штогод. Ёсць прадпрыемствы па зборцы гадзіннікаў з імпартаваных дэталей, па вытв-сці шарсцяных, фармацэўтычных і духмяных вырабаў, рому. Вырошчваюць цукр. трыснёг, садавіну, агародніну, на в-ве Санта-Крус — сорга. Спецыфічная галіна — выраб алею з лаўровага лісця (в-аў Сент-Джон). Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, авечкі, свінні) і рыбалоўства (каля 1 тыс. т штогод). Транспарт аўтамаб. і марскі. 2 міжнар. аэрапорты. Грашовая адзінка — долар ЗША.

Гісторыя. Адкрыты Х.Калумбам у 1493. Першыя паселішчы засн. ў 1625 на в-ве Санта-Крус англ. і франц. каланістамі. У розны час гэтым востравам валодалі англічане, французы, іспанцы і Мальтыйскі ордэн. У 1733 куплены Даніяй, афіцыйна абвешчаны яе калоніяй у 1754. У 1672 і 1683 датчане каланізавалі таксама а-вы Сент-Томас і Сент-Джон. У час дацкага панавання в-аў Сент-Томас ператвораны ў цэнтр гандлю, у т. л. рабамі, в-аў Сент-Джон заняты плантацыямі цукр. трыснягу, на якіх выкарыстоўвалася праца рабоў. За час існавання рабства (да сярэдзіны 19 ст.) на астравы завезена 28 тыс. неграў-рабоў. Данія валодала Віргінскімі астравамі да 1917 (за выключэннем перыяду напалеонаўскіх войнаў 1799—1815), потым прадала іх ЗША за 25 млн. долараў.

Дзейнічаюць аддзяленні Дэмакратычнай і Рэспубліканскай партый ЗША, а таксама Рух незалежных грамадзян, Прагрэс. рэсп. партыя і Аб’яднаная нар. партыя, якая выступае за незалежнасць Віргінскіх астравоў.

т. 4, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЯ́ЦЫЯ

(франц. aviation ад лац. avis птушка),

тэорыя і практыка палётаў у каляземнай паветр. прасторы на апаратах, цяжэйшых за паветра; арганізацыя (служба), якая выкарыстоўвае для палётаў такія апараты. Адрозніваюць грамадзянскую авіяцыю (трансп., сан., спарт., спец. прызначэння і інш.) і ваенную (ваенна-паветраныя сілы, марская авіяцыя, ППА). Для забеспячэння руху па авіялініях грамадз. авіяцыя мае: парк самалётаў і верталётаў, аэрадромы і аэрапорты; службы кіравання палётамі. Асн. абсталяванне лятальных апаратаў: авіяцыйныя рухавікі і паветраныя вінты; электрамех., гідраўл. і пнеўматычныя прыстасаванні для забеспячэння ўзлёту, пасадкі, кіравання; авіяц. прыборы і сістэмы (паветранай скорасці ўказальнік, вышынямер, авіягарызонт, аўтапілот, авіякомпас, гіраскапічныя прыстасаванні і інш.); сродкі навігацыі паветранай, электронікі, выліч. тэхнікі і г.д. Самалётаваджэнне забяспечваюць таксама наземныя сродкі: радыёстанцыі, радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі, святломех. кодавыя і сігнальныя агні. Авіяцыя развіваецца дзякуючы навук. даследаванням у галінах аэрадынамікі, газавай дынамікі, балістыкі, тэорыі рухавікоў і інш.

Развіццё авіяцыі пачалося з паветраплавання. Франц. марак Ле Бры ў 1857—67 ажыццявіў палёты на пабудаваным ім планёры, ням. інжынер О.Ліліенталь у 1891—96 пабудаваў і выпрабаваў некалькі планёраў. Рус. вынаходнік А.Ф.Мажайскі ў 1881 атрымаў першы патэнт на самалёт, абсталяваны парасілавой устаноўкай. Упершыню ў 1890 адарваўся ад зямлі самалёт з паравым рухавіком франц. інжынера К.Адэра. У 1903 падняліся ў паветра на самалёце з рухавіком унутр. згарання амер. вынаходнікі браты У. і О.Райт. З 1906 будаваў самалёты франц. інжынер Л.Блерыё, які ўпершыню (1909) пераляцеў Ла-Манш. У 1909—14 у Расіі распрацаваны самалёты канструкцыі Я.М.Гакеля, Дз.П.Грыгаровіча і інш. Палёт на біплане ўласнай канструкцыі ў 1910 ажыццявіў А.С.Кудашаў (Кіеў). Прыярытэт у канструяванні верталёта (1909) належыць І.І.Сікорскаму, па яго праекце ў 1913 пабудаваны самалёт-біплан «Рускі віцязь» з 4 рухавікамі па 100 к.с. (удасканаленай канструкцыяй гэтага самалёта быў «Ілья Мурамец»). Тэорыю верталёта ў 1910—12 распрацаваў рус. інжынер Б.М.Юр’еў. Вялікі ўплыў на развіццё авіяцыі зрабілі працы М.Я.Жукоўскага і С.А.Чаплыгіна. Папулярызацыі і развіццю авіяцыі садзейнічалі палёты рус. лётчыкаў М.Яфімава, М.Папова, Р.Аляхновіча, Б.Расінскага, С.Утачкіна, А.Васільева, Л.Андрэадзі, Л.Маціевіча і інш. У 1910 Папоў дасягнуў рэкорднага ўзлёту на вышыню 600 м, Аляхновіч у 1911 зрабіў 100-кіламетровы пералёт з рэкорднай скорасцю 92 км/гадз. Далейшае развіццё авіяцыя атрымала ў гады 1-й сусв. вайны: скорасць самалётаў вырасла да 220 км/гадз, вышыня палётаў — да 7 тыс. м. Рус. лётчык П.М.Несцераў распрацаваў асновы тэхнікі пілатажу і здзейсніў палёт (1913) па пятлі ў верт. плоскасці (гл. Несцерава пятля). У 1916 першым увёў самалёт у штопар, каб прадэманстраваць спосаб выхаду з яго, рус. лётчык К.Арцаулаў. У час вайны выкарыстоўваліся цяжкія самалёты-бамбардзіроўшчыкі тыпу «Ілья Мурамец», якія мелі экіпаж да 8 чал., падымалі да 500 кг бомбаў, былі ўзброены 3—7 кулямётамі (камандзірам такога бамбардзіроўшчыка быў А.М.Касценчык з Гродна). Развіццю авіяцыі садзейнічалі працы У.П.Вятчынкіна, А.А.Мікуліна, Б.С.Сцечкіна ў галіне тэорыі рухавікоў. У 1922 разгарнулі дзейнасць авіяц. канструктарскія бюро Грыгаровіча, М.М.Палікарпава, А.М.Тупалева, А.Дз.Швяцова і інш., на самалётах якіх былі атрыманы рэкордныя вынікі. Экіпаж лётчыка М.М.Громава на самалёце «Пралетарый» канструкцыі Тупалева ў 1926 ажыццявіў пералёт па Еўропе. На самалёце «Краіна Саветаў» (таго ж канструктара) экіпаж лётчыка С.А.Шастакова ў 1929 пераляцеў з Масквы ў Нью-Йорк праз Сібір і Камчатку. У 1937 экіпажы В.П.Чкалава і Громава зрабілі беспасадачныя пералёты ад Масквы да Амерыкі праз Паўн. полюс. З 1932 канструктары працавалі над развіццём знішчальнай авіяцыі і стварылі першыя скарасныя знішчальнікі-манапланы, якія дасягалі скорасці 450 км/гадз і вышыні палёту 10 км.

У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыграў самалёт-штурмавік Іл-2 канструкцыі С.У.Ільюшына. Знішчальнікі Як-3, Як-9 канструкцыі А.С.Якаўлева сталі асн. самалётамі знішчальнай авіяцыі. Знішчальнікі МіГ-3 (А.І.Мікаяна і М.І.Гурэвіча), Ла-5, Ла-7, Ла-9 (С.А.Лавачкіна), бамбардзіроўшчыкі Ту-2 (Тупалева), Пе-2, Пе-8 (У.М.Петлякова) не саступалі нямецкім (напр., Ме-109 М), а па асн. паказчыках пераўзыходзілі іх. Пад канец вайны скорасць знішчальнікаў дасягала 700 км/гадз, далёкасць палёту 3 тыс. км, вышыня палёту 13,5 км; скорасць бамбардзіроўшчыкаў — 600 км/гадз, бомбавая нагрузка 5—6 т, вышыня палёту 10,5 км.

Вял. дасягненне авіяцыі — выкарыстанне рэактыўных рухавікоў. Скорасць гуку была дасягнула на самалёце МіГ-17 з такім рухавіком (1948), звышгукавая скорасць на самалёце МіГ-19. Далейшае развіццё авіяцыі было звязана з распрацоўкай магутных і лёгкіх газатурбінных рухавікоў. Створаны самалёты верт. ўзлёту і пасадкі, са зменнай у палёце геаметрыяй крыла. П.В.Сухім распрацаваны рэактыўныя самалёты Су-9, Су-15 і інш. звышгукавыя знішчальнікі са стрэлападобным і трохвугольным крылом. У 1965 пабудаваны трансп. самалёт Ан-22 («Антэй») з найб. у свеце грузападымальнасцю (канструкцыя А.К.Антонава), у 1977 — самалёт кароткага ўзлёту і пасадкі Ан-72. Да канца 1970-х г. скорасць самалётаў дасягнула 3500 км/гадз, найб. вышыня да 30 км, далёкасць палёту больш за 10 тыс. км. Шырокае развіццё атрымалі верталёты. У 1968 пабудаваны верталёт В-12 (канструкцыі М.Л.Міля) рэкорднай грузападымальнасці (12 т). Створаны верталёты разнастайнага прызначэння канструкцыі М.І.Камава. Скорасць верталётаў дасягнула 355 км/гадз, грузападымальнасць 40 т, далёкасць палёту 3400 км, найб. вышыня 12,5 км. У 1980—90-я г. высокімі лётна-тэхн. паказчыкамі вылучаюцца самалёты МіГ-29, МіГ-31, Су-25, Су-27, Ту-160, Ту-154М, аэробус Іл-86, Ан-124 «Руслан», Як-42, Як-96, Ту-204; верталёты Мі-26, Мі-10К (верталёт-кран), Ка-32, вінтакрыл Ка-22, аэрасані Ка-30 і інш. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі ў пасляваен. перыяд на ўзбраенні былі самалёты розных тыпаў і прызначэння, напр. знішчальнікі F-4 «Фантом» і F-104 «Старфайтэр» (ЗША), «Міраж» F.1C і «Міраж-2000» (Францыя), «Тарнада» GR.1 (Вялікабрытанія), знішчальнік-перахопнік F-15 «Ігл», стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі B-52 і B-1B, ваенна-транспартны C-5B «Гелаксі» (грузападымальнасць да 118 т), ваенна-камандны пункт E-4B і самалёт радыёэлектроннай барацьбы EF—111A, сістэмы далёкага радыёлакацыйнага выяўлення АВАКС (на базе «Боінга-707», усе ЗША); эксплуатуюцца пасаж. самалёты: амер. «Боінгі» розных тыпаў, франка-герм. шырокафюзеляжны A-320 (на 331 месца), англа-франц. звышгукавы «Канкорд» і інш. У 1944 створана Міжнар. арг-цыя грамадз. авіяцыі (ІКАО), якая распрацоўвае рэкамендацыі і стандарты па правах палётаў, эксплуатацыі самалётаў, забеспячэння бяспекі палётаў і інш. Значны ўплыў зрабіла авіяцыя на касманаўтыку.

На Беларусі авіялініі звязваюць паміж сабой многія гарады, а таксама рэспубліку з замежнымі краінамі (гл. ў арт. Паветраны транспарт). Статус міжнар. атрымалі абл. аэрапорты Брэста, Гомеля, Гродна, а Мінск-2 пацвердзіў II катэгорыю ІКАО. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» (эксплуатуюцца самалёты: на магістральных трасах Ту-154Б, Ту-154М, Ту-134А, Ан-26, на мясцовых Ан-24, Як-40, Ан-2; верталёты Ка-26, Мі-2 і інш.), Мінскі авіярамонтны з-д (рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42), авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай, Мінскі дзярж. авіяц. каледж (рыхтуе спецыялістаў для грамадз. і ваен. авіяцыі). Сан. авіяцыя забяспечана сан. самалётамі і верталётамі. Авіяцыя спец. прызначэння абслугоўвае сувязь, геал. экспедыцыі, сельскую гаспадарку, пажарную ахову і інш. Гл. таксама Авіяцыйная прамысловасць, Авіяцыйны спорт.

Літ.:

Пономарёв А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;

Яковлев А.С. Советские самолёты. 4 изд. М., 1982;

Андреев И. Боевые самолёты. М., 1981.

Да арт. Авіяцыя. Самалёты: 1 — А.Ф.Мажайскага; 2 — братоў Райт; 3 — «Ілья Мурамец».
Да арт. Авіяцыя. Самалёты перыяду 2-й сусветнай вайны: 4 — Іл-2; 5 — Як-3; 6 — МіГ-З; 7 — Ла-7; 8 — Пе-8; 9 — Ме-109 (Германія).
Да арт. Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 10 — МіГ-19; 11 — самалёт вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-38; 12 — самалёт са зменнай геаметрыяй крыла МіГ-23; 13 — Ту-154; 14 — Іл-76; 15 — верталёт Мі-10К.
Да арт. Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 16 — Як-42; 17 — верталёт Ка-26; 18 — F-15 «Ігл» (ЗША); 19 — A-320 (Францыя —Германія).

т. 1, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ САХА́РА,

тэрыторыя на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Марока і Алжырам, на У і Пд з Маўрытаніяй; на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 4 правінцыі. Пл. 252,1 тыс. км2. Нас. 260 тыс. чал. (1993). Адм.ц. — г. Эль-Аюн. Афіц. мова — арабская.

Прырода. Паверхня пераважна раўнінная, на У ўздымаецца да выш. 300—350 м. На ПнУ перадгор’і Атласкіх гор (500—700 м). Карысныя выкапні: фасфарыты (каля 10 млрд. т, прыкладна чвэрць сусв. запасаў), жал., медныя. ртутныя, уранавыя руды, калійная і кухонная солі. Клімат трапічны, пустынны. Сярэднямесячныя т-ры ад 17—20 °C да 25—30 °C. Ападкаў 50—200 мм, выпадаюць у кастр.-ліст. і сак.-маі. Пастаянных рэк няма. Вял. тэрыторыі займаюць пясчаныя і камяністыя прасторы без расліннасці, месцамі — разрэджаныя ксерафітныя хмызнякі і травы.

Насельніцтва. Жывуць паўкачавыя і качавыя плямёны араба-берберскага паходжання, агульная назва — маўры. Усе вызнаюць іслам суніцкага толку. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 1 чал. на 1 км2. У асобныя перыяды многія групы насельніцтва качуюць па тэр. суседніх краін. У сувязі з ваен. дзеяннямі некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў З.С. знаходзяцца ў бежанскіх лагерах на тэр.

Алжыра. У г. Эль-Аюн з прыгарадамі 139 тыс. ж. (1990).

Гісторыя. З 11 ст. падпарадкавана Альмаравідам. У 15 ст. каля ўзбярэжжа З.С. з’явіліся партугальцы, якіх на мяжы 15 і 16 ст. выцеснілі іспанцы. У выніку пагадненняў з Францыяй (1900, 1903, 1912) пра падзел Сахары — ісп. калонія пад назвай Ісп. Зах. Афрыка. Складалася з 2 частак: Рыо-дэ-Ора і Сегіет-эль-Хамра. Пасля атрымання незалежнасці Марока (1956) і Маўрытанія (1960) заявілі прэтэнзіі на тэр. З.С. У 1958 Іспанія надала сваёй калоніі фармальны статус заморскай правінцыі пад назвай Ісп. Сахара. У 1963 адкрыта багатае радовішча фасфарытаў (эксплуатуецца з 1973). У выніку ўзмацнення вызв. руху, які падтрымлівалі краіны Магрыба (у 1973 створаны Фронт Палісарыо), Іспанія аб’явіла ў 1975 пра спыненне сваёй прысутнасці ў З.С. Да 1976 гэта тэрыторыя была падпарадкавана сумеснай іспана-маракана-маўрьпанскай адміністрацыі. Калі іспанцы канчаткова пакінулі З.С. (1976), пачаўся яе падзел паміж Марока і Маўрытаніяй. Адначасова Палісарыо абвясціў аб стварэнні Сахарскай Араб. Дэмакр. Рэспублікі (САДР) і сфарміраваў урад у эміграцыі (Алжыр). З’езд Фронту Палісарыо (1976) прыняў канстытуцыю (перапрацавана ў 1982), паводле якой вышэйшы дзярж. орган — Рада кіраўніцтва рэвалюцыі, кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якім з’яўляецца старшыня Рады; заканадаўчая ўлада належыць Сахарскай нац. радзе. Прэзідэнтам і старшынёй Рады абраны М.Абд аль-Азіз. У 1979, пасля афіц. адмовы Маўрытаніі ад прэтэнзій на частку З.С., уся яе тэрыторыя была анексіравана Марока. Міжнар. спробы ўрэгуляваць канфлікт паміж Марока і Палісарыо (незалежнасць З.С. або далучэнне яе да Марока) прывялі да прыняцця ў 1988 абодвума бакамі прапановы ААН вырашыць канфлікт шляхам рэферэндуму. У 1991 заключана пагадненне пра спыненне агню, вядзецца падрыхтоўка да рэферэндуму, тэрмін якога ўвесь час адсоўваецца. САДР — чл. Арг-цыі афр. адзінства (з 1984), яе прызналі каля 70 дзяржаў.

Гаспадарка. Эканоміка адсталая. Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае каля 300 дол. ЗША у год. У пач. 1980-х г. вялася здабыча фасфарытаў і жал. руды, арганізаваная ісп., амер. і герм. капіталам. Але з пач. ваен. дзеянняў яна спынена. Здабыча кухоннай солі. Насельніцтва займаецца паўкачавой і качавой гадоўляй вярблюдаў (каля 60—80 тыс. галоў), коз і авечак (каля 110—120 тыс. галоў). Пад пашай каля 11% тэрыторыі, часткова выкарыстоўваюцца пашавыя ўгоддзі ў суседніх краінах. Для земляробства прыдатныя 400—600 га у аазісах, вырошчваюць фінікавую пальму, ячмень, проса, агародніну. Лоўля рыбы, лангустаў, здабыча водарасцей і губак. Невял. рыбакансервавыя, харч., металаапр., швейныя прадпрыемствы. Саматужная рамесніцкая вытв-сць, пераважна выраб скур і ткацтва. 2 аэрапорты. Даўж. грунтавых аўтадарог 6,2 тыс. км, у т.л. 500 км з палепшаным пакрыццём. Пабудаваны унікальны транспарцёр даўж. больш за 100 км, які падаваў да пач. ваен. дзеянняў фасфарыты з радовішча Бу-Краа да новага порта Эль-Аюн. З.С. экспартуе невял. колькасць рыбных кансерваў, кухоннай солі, скур і воўны, імпартуе ўсе неабходныя харч. і прамысл. тавары. Гандаль пераважна з Марока і Іспаніяй. Выкарыстоўваюцца мараканскія грошы.

І.Я.Афнагель (прырода, гаспадарка), Н.К.Мазоўка (гісторыя).

т. 7, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРЛІ́Н

(Berlin),

горад, сталіца Германіі, яе гасп., навуковы і культ. цэнтр. Знаходзіцца на У краіны ў Брандэнбургскім Паазер’і на р. Гафель і яго прытоку р. Шпрэе. У адм. адносінах утварае асобную зямлю. Пл. 889,1 км², 3475 тыс. ж. (1994). 92% насельніцтва — немцы, жывуць таксама туркі, палякі, італьянцы, грэкі, выхадцы з б. Югаславіі. Падзяляецца на 23 акругі. 3 міжнар. аэрапорты: Тэмпельгоф, Тэгель (найбольшы), Шонефельд. Гал. вузел камунікацый на У краіны. З Берліна пачынаюцца 6 аўтастрад, 12 чыгунак, у т. л. міжнар. на Пд, З і У. Рачны порт на Гафелі, злучаны каналамі з асн. рачнымі сістэмамі і марскімі партамі краіны. Прамысловасць: эл.-тэхн. і электронная (з-ды фірмаў «Сіменс», «АЭГ», «Тэлефункен», «Осрам»), машынабуд. (вытв-сць трансп. сродкаў, энергет. абсталявання, вырабаў дакладнага машынабудавання), металургічная, паліграф., хім., фармацэўтычная, швейная, тытунёвая, касметычная, фотахім., гумавая. Шмат банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў. Метрапалітэн. Месца правядзення міжнар. кангрэсаў, з’ездаў, канферэнцый, выставак, кірмашоў. Турыстычны цэнтр.

Утварыўся каля 1230 з двух паселішчаў (Берлін і Кёльн). Гар. правы атрымаў у 13 ст. З 1359 член Ганзейскага саюза. З 1486 сталіца Брандэнбурга, з 1709 — Прусіі. Ун-т з 1810. Адзін з цэнтраў рабочага руху ў Германіі ў 1848—49. З 1871 сталіца Германіі. З канца 19 ст. буйны прамысл. цэнтр. Месца правядзення Берлінскага кангрэса 1878, Берлінскай канферэнцыі 1884—85 і інш. У 1-ю сусв. вайну адзін з цэнтраў антываен. рабочага руху. 9.11.1918 у Берліне абвешчана Германская рэспубліка. У 1920 да Берліна далучаны суседнія землі. Месца заключэння агрэсіўнага саюза Германіі з Італіяй і Японіяй (гл. Берлінскі пакт 1940). На заключным этапе 2-й сусв. вайны моцна разбураны. 2.5.1945 сав. войскі штурмам узялі Берлін (гл. Берлінская аперацыя 1945). 8.5.1945 у Берліне падпісаны акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі, 5.6.1945 — дэкларацыя аб вярх. уладзе ў Германіі ўрадаў саюзных дзяржаў: СССР, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі. Войскі кожнай з іх занялі адну з 4 акупац. зон. У 1948 зах. дзяржавы ў сваіх зонах акупацыі правялі выбары ў гар. парламент Берліна, у сав. сектары быў утвораны асобны магістрат. 7.10.1949 тут абвешчана Германская Дэмакратычная Рэспубліка (ГДР) і Берлін (усх. частка) стаў яе сталіцай. З зах. сектараў утварылася асобная паліт. адзінка Заходні Берлін. Паміж Берлінам і Зах. Берлінам была ўстаноўлена граніца (напачатку адкрытая), у 1961 горад падзяліла Берлінская сцяна (дэманціравана ў 1989). Пасля аб’яднання ФРГ і ГДР у адзіную дзяржаву Берлін з чэрв. 1991 — сталіца Германіі.

Горад захаваў асобныя рысы сярэдневяковай радыяльна-кальцавой планіроўкі з нешматлікімі гатычнымі пабудовамі (цэрквы Марыенкірхе, каля 1260 — сярэдзіна 14 ст.; Клостэркірхе, каля 1290—1300). У 18—19 ст. Берлін забудоўваўся паводле рэгулярнай «шахматнай» сістэмы: распланаваны правільныя паводле контуру плошчы, шырокія вуліцы (Унтэр-дэн-Ліндэн), парадныя ансамблі і будынкі ў стылі барока (Цэйхгауз, цяпер Музей ням. гісторыі, 1695—1706, арх. І.А.Нерынг, А.Шлютэр, Ж. дэ Бот) і класіцызму (Оперны т-р, 1741—43, арх. Г.В.Кнобельсдорф; палац прынца Генрыха, 1748—53, арх. І.Боўман, з 1810 ун-т; Брандэнбургскія вароты, 1788—91, арх. К.Г.Лангханс; Драм. т-р, 1819—21; Стары музей 1824—28, усе арх. К.Ф.Шынкель); створаны цэнтр з урадавымі будынкамі (ратуша, 1861—69, рэйхстаг, 1884—94, арх. П.Валат і інш.), забудаваны гандл., жылыя арыстакратычныя раёны. У 1900 — пач. 1930-х г. пабудавана шмат арх. комплексаў і аб’ектаў у духу функцыяналізму (арх. П.Берэнс, Э.Мендэльзон, Г.Пёльцыг, В.Гропіус, Б.Таўт). Пасля 1945 горад рэканструяваны. Забудаваны жылыя кварталы, узведзены адм. будынкі, цэрквы, атэлі. Сярод найб. значных пабудоў: прамысл. выстаўка «Інтэрбаў» (1957, арх. Ле Карбюзье, А.Аалта, О.Німеер і інш.), т-р Шылера (1949—50, арх. Г.Фёлькер, Р.Гросэ), Амер. мемар. б-ка (1952—54, арх. Г.Іобст, В.Кроер, Г.Віле, Ф.Борнеман), зала Кантрэсгале (1957, арх. Х.Стабінс), філарманічная зала (1964, арх. Г.Шароўн), Нац. галерэя (1968, арх. Л.Міс ван дэр Роэ), «Палац рэспублікі» (1976, арх. Г.Графундэр) і інш., жылыя масівы Берлін-Ліхтэнберг, Берлін-Марцан (1980-я г.), грамадска-гандл. комплекс «Еўропа-Цэнтр» і інш. Адноўлены будынкі рэйхстага і палаца Бельвю. У Трэптаў-парку помнік воінам Сав. Арміі (1946—49, скульпт. Я.Вучэціч, арх. Я.Белапольскі), у парку Тыргартэн — помнік героям штурму Берліна ў 1945 (скульпт. Л.Кербель, У.Цыгаль).

Берлін — найбуйнейшы навук. і культ.-асв. цэнтр Германіі. АН і н.-д. ін-ты, 3 ун-ты (Берлінскі універсітэт імя Гумбальта, Свабодны, Тэхнічны), вышэйшыя школы (прыгожых мастацтваў, музычныя, эканамічныя, кінематаграфіі і тэлебачання). 2 абсерваторыі, 2 планетарыі. 70 тэатраў (у т. л. 3 оперныя), сімф. і камерныя аркестры, філармонія. 75 музеяў, у т. л. Дзярж. берлінскія музеі, Пергамон-музей, Музей ням. гісторыі, галерэя 20 ст. Штогадовыя міжнар. муз.-тэатр. фестывалі (з 1951).

т. 3, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТА́Н, Каралеўства Бутан (на мове бхотыя — Друк-Юл),

дзяржава ў Паўд. Азіі, у цяжкадаступнай ч. Усх. Гімалаяў. Мяжуе на Пн з Кітаем, на З, Пд і У з Індыяй. Падзяляецца на 18 дыстрыктаў. Пл. 47 тыс. км². Нас. 1532 тыс. чал. (1993). Афіц. сталіца — т.Тхімпху, традыц.г. Пунакха (зімовая рэзідэнцыя караля). Афіц. мова — бхотыя (дзонг-хэ, блізкая да тыбецкай). Нац. свята — Дзень нацыі (17 снеж.).

Дзяржаўны лад. Бутана — канстытуцыйная манархія. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — кароль. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатная Нац. асамблея са 150 чл. (100 чл. выбіраюцца вясковымі старастамі, 10 — манастырамі, 40 чл. прызначаюцца каралём), тэрмін паўнамоцтваў 3 гады. Выканаўчую ўладу ажыццяўляе савет міністраў.

Прырода. Бутана — горная краіна. Вылучаюцца З прыродныя паясы: Гал. Гімалайскі хр. на Пн (г. Кула-Каніры, 7554 м), міжгорныя ўпадзіны і даліны цэнтр. ч. краіны, невысокія горы і перадгор’і на Пд. Клімат мусонны, у далінах трапічны і субтрапічны, у гарах больш халодны. У далінах сярэднія т-ры паветра ў студз. -4,5 °C, у ліп. 17 °C. Ападкаў ад 5000 мм на Пд да 1000—1500 мм у катлавінах і далінах і да 500 мм на найб. высокіх гарах. Рэкі бас. Брахмапутры цякуць у глыбокіх далінах, маюць вял. запасы гідраэнергіі. Лясы займаюць 64% тэр. краіны, багатыя каштоўнай драўнінай. У ніжнім поясе вечназялёныя, вышэй лістападныя і хвойныя лясы. Вышэй за 3500—4000 м — высакагорныя лугі, асыпкі і скалы, на найб. высокіх гарах — вечныя снягі і ледавікі. Запаведнікі Джыгмі-Дорджы, Газа, Манас і інш.

Насельніцтва. Большая ч. насельніцтва — бхотыя і блізкія да іх невял. горныя народы тыбецкага паходжання. На Пд жывуць гурунгі і асамцы. Большасць вернікаў будысты-ламаісты, ёсць індуісты (каля 25%) і прыхільнікі стараж. традыц. культаў. Шчыльнасць насельніцтва 34 чал. на 1 км², б. ч. яго сканцэнтравана ў катлавінах і далінах сярэдняй ч. краіны. Гарады невялікія, у іх жыве каля 10% насельніцтва.

Гісторыя. Стараж. гісторыя Бутана малавядомая. Прыкладна з 8—9 ст. з Тыбета на тэр. сучаснага Бутана перасяляліся плямёны бхотыя, якія выцеснілі б.ч. аселага інд. насельніцтва. У пач. 17 ст. тыбецкія манахі ўстанавілі тут тэакратычную каралеўскую ўладу, дзярж. рэлігіяй стаў ламаізм. У 19 ст. ў краіне адбылося некалькі грамадз. войнаў, выкліканых нязгодай намеснікаў правінцый з цэнтр. уладай. З 1865 бутанскай знешняй палітыкай кіраваў урад брыт. Індыі, які ў 1907 ператварыў Бутан у спадчынную манархію (першым у 1907—26 правіў кароль Угай-ен-Бангчук, заснавальнік сучаснай кіруючай дынастыі). Да 1947 Бутан — брыт. пратэктарат. Паводле дагавора з Індыяй (8.8.1949) Бутан абавязаўся ў сваіх знешніх зносінах кіравацца курсам і пазіцыяй інд. ўрада. Пасля анексіі Тыбета Кітаем (1950) бутанска-інд. сувязі, у т. л. эканамічныя, узмацніліся. З кастр. 1969 — канстытуцыйная манархія (не мае пісанай канстытуцыі). З 12.2.1971 суверэнная дзяржава.

З 1972 дзяржавай і ўрадам кіруе кароль Джыгме Сінгай Бангчук (каранаваны ў 1974). У 1980 Бутан заключыў дагавор аб граніцы з Кітайскай Нар. Рэспублікай. У Бутане няма паліт. партый, на тэр. Індыі дзейнічае партыя Бутанскі нац. кангрэс. Бутан — член ААН (з 1971), Руху недалучэння (з 1973), Асацыяцыі рэгіянальнага супрацоўніцтва краін Паўд. Азіі (з 1985), належыць да самых бедных і адсталых краін, што развіваюцца.

Гаспадарка. Бутан — аграрная краіна з перавагай натуральнай гаспадаркі і феад. адносін. У сельскай гаспадарцы занята 95% самадз. насельніцтва, пераважае земляробства. Плошча апрацаваных зямель складае 3% тэр. краіны. На асобных участках па далінах рэк і схілах гор, на тэрасавых і часткова арашальных палях вырошчваюць рыс, пшаніцу, кукурузу, бульбу, горны ячмень, проса, грэчку, клешчавіну, бавоўну, чай. Агародніцтва і пладаводства (апельсіны, манга, яблыкі). Збор (1993, тыс. т): рысу 43, кукурузы 40, бульбы 34, цытрусавых 58. Горна-пашавая жывёлагадоўля (1993, тыс. галоў): буйн. раг. жывёлы і якаў 429, авечак 54, коз 41. Гадуюць свіней і коней. Прам-сць (1993, тыс. т): здабыча каменнага вугалю 56, даламіту 206, вапняку 190, графіту, свінцова-цынкавых і медных рудаў, вальфраму, гіпсу, вытв-сць цэменту 170, віна, кансерваў і сокаў з садавіны, запалак, фанеры, драўнінна-стружкавых пліт. Развіваецца вытв-сць электраэнергіі. Некалькі ГЭС. Захоўваецца традыц. саматужнае рамяство. Аўтамаб. дарогі (даўж. каля 2 тыс. км) злучаюць Тхімпху з асн. раёнамі краіны і з Індыяй. Аэрапорты ў Паро і Тхімпху. Экспарт: цэмент, драўніна, фанера, даламіт, электраэнергія, агародніна, сокі, арэхі, спецыі, каменны вугаль, сыры каўчук і інш. Імпарт (перавышае экспарт у 2 разы): прамысл. і харч. тавары (машыны, абсталяванне, рыс, цукар), бензін, газа і інш. Асн. гандл. партнёр — Індыя (каля 90% знешнегандл. абароту). Адна з асн. крыніц паступлення замежнай валюты — даходы ад замежнага турызму і альпінізму, а таксама ад продажу паштовых марак. Пастаянную эканам. дапамогу Бутану аказвае Індыя. Грашовая адзінка — нгултрум.

З.М.Шуканава (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 3, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́Н, Султанат Аман,

дзяржава на Б. Усходзе, займае паўд.-ўсх. ч. Аравійскага п-ва. Тэр. дзяржавы выцягнутая з ПдЗ на ПнУ на 940 км. Абмываецца водамі Аравійскага м. Мяжуе з Йеменам, Саудаўскай Аравіяй і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі; граніцы на З праходзяць па пустыні і выразна не акрэслены. Абсалютная манархія. У адм. адносінах падзяляецца на 6 раёнаў і 59 губернатарстваў. Пл. 212,4 тыс. км. Нас. 1,9 млн. чал. (1994). Афіц. мова арабская, дзярж. рэлігія іслам. Сталіца — г. Маскат. Нац. свята — Дзень нараджэння султана Кабуса (18 ліст.).

Прырода. Тэр. Амана займае ўскраіну плато Аравійскага п-ва з гарамі Хаджар (найвыш. пункт краіны г. Шам, 3353 м) на ПнУ. На ПдЗ плато Дафар з гарамі Кара. Уздоўж Аманскага заліва вузкая (40—50 км) прыбярэжная нізіна Эль-Батына. У цэнтры — усх. ўскраіна пустыні Руб-эль-Халі. Карысныя выкапні: нафта (запасы 575 млн. т), прыродны газ (283 млрд. м³), медная (20 млн. т) і хромавая (2 млн. т) руды; ёсць каменны вугаль, вапняк, мармур, падземныя воды, невял. запасы свінцу, золата, серабра. Клімат трапічны, гарачы і сухі. Сярэдняя т-ра паветра ў студз. каля 21 °C, у ліп. 32 °C. Ападкаў на раўнінах каля 125 мм, у гарах да 500 мм за год, выпадаюць пераважна летам. Пастаянных рэк няма, ёсць вадзі. Пераважае пустынная і паўпустынная расліннасць, у гарах участкі саваннаў, лістападных трапічных лясоў. У аазісах фінікавыя і какосавыя пальмы, аліўкавыя дрэвы. Сярод жывёл — газелі, ліс, шакал, зайцы, тушканчыкі, яшчаркі, змеі.

Насельніцтва. Больш як 90% арабы, жывуць таксама персы, індусы, выхадцы з Усх. Афрыкі. Большая палавіна насельніцтва аселая, сканцэнтравана ў Эль-Батына і вакол Маската, ва ўнутр. раёнах і на ПдЗ — качавое і паўкачавое. Шчыльнасць 8,9 чал. на 1 км². Пераважае сельскае насельніцтва (каля 89%). Найб. гарады: Маскат, Эль-Матрах, Эс-Сахар, Назва, Салала.

Гісторыя. Ёсць звесткі, што ў 4—3-м тыс. да н.э. насельніцтва на тэр. Амана мела флот і займалася пасрэдніцтвам у гандлі паміж краінамі бас. рэк Ніл, Тыгр, Еўфрат і Інд. У 7—11 ст. тэр. Амана некалькі разоў уключалася ў склад Арабскага халіфата. У сярэдзіне 8 ст. аманскія плямёны аб’ядналіся вакол імама, якому належала духоўная і свецкая ўлада. Незалежны імамат Амана з перапынкамі існаваў да канца 18 ст. У пач. 16 ст. прыбярэжнай ч. Амана завалодалі партугальцы, у 1730-я г. заваявалі персы. З 2-й пал. 18 ст. Аман — аб’ект барацьбы паміж Англіяй, Францыяй і вахабітамі. На пач. 19 ст. кантроль над паўд.-ўсх. ч. Аравійскага п-ва ўстанавіла Англія. Тэр. Амана была падзелена на імамат Амана, султанат Маскат і т.зв. Пірацкі бераг (з 1853 Аман Дагаворны). У 1891 над Маскатам устаноўлены брыт. пратэктарат. Імамат Амана заставаўся незалежны. Яго кіраўнікі выступалі за ліквідацыю залежнасці Маската ад Англіі і ўз’яднанне краіны, што прывяло да ўзбр. канфліктаў паміж абодвума бакамі. Паводле Сібскага дагавора 1920 англ. ўлады і султан Маската прызналі імамат Амана незалежнай дзяржавай. У 1955, парушыўшы дагавор, англа-маскацкія войскі ўвайшлі на тэр. Амана і да 1959 акупіравалі большую яго частку; правіцелем Амана стаў султан Маската Саід бен Тэймур. У выніку дзярж. перавароту з ліп. 1970 на чале Амана стаў султан Кабус бен Саід. Са жн. 1970 краіна мае назву Султанат Аман. У вер. 1971 Аман прыняты ў Лігу арабскіх краін, у кастр. — у ААН. Супрацоўнічае з ЗША, падтрымлівае цесныя сувязі з Вялікабрытаніяй. Аман быў пасрэднікам ва ўрэгуляванні ірана-іракскай вайны 1980—88, з’яўляецца прыхільнікам стварэння бяз’ядзерных зон у розных ч. свету. Выступае за захаванне на сучасным этапе замежных войскаў у Персідскім заліве. Мае пагадненне з ЗША аб ваен. супрацоўніцтве.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — здабыча (38 млн. т., 1993) і экспарт (праз порт Міна-эль-Фахль каля Маската) нафты; дае каля 70% валавога ўнутр. прадукту (у 1992 ацэньваўся ў 10,4 млрд. амер. дол., штогадовы прырост да 13%) і больш за 90% паступленняў цвёрдай валюты. Гадавая магутнасць нафтаперапр. з-даў 3 млн. т. Разведку і здабычу нафты ажыццяўляюць змешаныя кампаніі (60% капіталаў ва ўрада Амана, 40% у зах.-еўрап. фірмаў). Прыродны газ (гадавая здабыча 2,8 млрд. м³) выкарыстоўваецца ў энергетыцы, працуюць з-ды па звадкаванні газу. Ёсць дзярж. прадпрыемствы: медзеплавільны з-д у г. Эс-Сахар, нафтаперапрацоўчы ў Маскаце, цэментны ў Русаі. Развіты рыбалоўства, буд. прам-сць, саматужныя промыслы (апрацоўка скур, прадзенне, ткацтва, вытв-сць ювелірных вырабаў, халоднай зброі, прадметаў хатняга ўжытку, перапрацоўка фінікаў). Сельская гаспадарка дае 3% валавога ўнутр. прадукту (у ёй занята 42% насельніцтва, разам з рыбалоўствам). Для земляробства прыдатныя 0,2% плошчы краіны, 4,7% пад пашай. Найб. асвоены Эль-Батына, прыбярэжная раўніна Дафара і вадзі ўнутр. раёнаў. Земляробства аазіснае, са штучным арашэннем. Гал. культура — фінікавая пальма (50% апрацаваных зямель). Вырошчваюць проса, кукурузу, ячмень, пшаніцу, траву альфу (ідзе на выраб паперы і тканін), гародніну, тытунь, лімоны, апельсіны, манга, бананы, вінаград, какосавыя арэхі. Увозіцца збожжа. Жывёлагадоўля экстэнсіўная. Бедуіны-качэўнікі гадуюць авечак, козаў, вярблюдаў. Асн. транспарт — марскі і аўтамабільны, сувязь з унутр. раёнамі — па караванных шляхах. Асн. парты Міна-Кабус, Райсут, Маскат, Эль-Матрах. Аўтамагістралі злучаюць Аман з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі. Даўж. аўтадарог каля 23 тыс. км, нафтаправодаў 800 км, газаправодаў 350 км. Міжнар. аэрапорты ў Эс-Сіб (прыгарад Маската) і Салале. Экспарт (4,9 млрд. амер. дол., 1991) — пераважна нафта, імпарт (3 млрд. амер. дол., 1991) — машыны і трансп. сродкі, змазачныя матэрыялы, прадукты харчавання. Буйнейшыя гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, ААЭ, Паўд. Карэя, Сінгапур. Грашовая адзінка — аманскі рыял.

М.С.Вайтовіч (прырода, гаспадарка), У.С.Кошалеў (гісторыя).

Герб і сцяг Амана.
Да арт. Аман. Вароты г. Маскат.

т. 1, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРКІНА́-ФАСО́

(Bourkina Faso),

дзяржава ў Зах. Афрыцы. Мяжуе на З і Пн з Малі, на У з Нігерам і Бенінам, на Пд з Кот-д’Івуарам, Ганай, Тога. Падзяляецца на 30 правінцый. Пл. 274,2 тыс. км². Нас. 10 млн. чал. (1994). Сталіца — г. Уагадугу. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень рэвалюцыі (4 жн.).

Дзяржаўны лад. Буркіна-Фасо — дэмакр. рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1991 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным галасаваннем тэрмінам на 7 гадоў. Заканадаўчую ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент (Асамблея нар. дэпутатаў), выканаўчую — урад на чале з прэм’ер-міністрам, прызначаным прэзідэнтам.

Прырода. Большая ч. паверхні — невысокае хвалістае плато Мосі (выш. 200—500 м), над якім уздымаюцца асобныя горы выш. да 750 м. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, тытана-магнетытавыя, свінцовыя, нікелевыя руды, фасфарыты, баксіты, графіт, золата, алмазы. Клімат субэкватарыяльны, з рэзка выражаным сухім сезонам (з снеж. да сак.; дажджлівы сезон у жн.). Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 24—26 °C да 30—35 °C. Ападкаў 500—1000 мм за год, на Пн 120—200 мм. Частыя моцныя засухі. Рэк мала, найб. значныя Чорная Вольта і Белая Вольта. На Пд пераважае тыповая і высакатраўная саванна, месцамі — участкі рэдкастойных саванных лясоў, хмызнякі; на Пн — паўпустыня. Пад лясамі каля 9% тэр. На мяжы з Бенінам і Нігерам міждзяржаўны нац. парк Дубль-В, ёсць рэзерваты.

Насельніцтва. Асн. ч. належыць да моўнай групы гур (цэнтр. бантоіднай), найб. народ мосі складае каля палавіны насельніцтва. Блізкія да яго народы лобі, мбуін, га, боба, грусі, гурма, сенуфа. Жывуць таксама народы групы мандэ (буса, сану, соніке, дыула), атлантычнай сям’і (фульбе). Паўн. раёны насяляюць сангаі і туарэгі. Еўрапейцаў (пераважна французаў) каля 5 тыс. Пераважаюць мясц. традыц. вераванні; мусульман (у асноўным на Пн) 25%, хрысціян-католікаў (на Пд і ў гарадах) 10%. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 36,5 чал. на 1 км². Шчыльна населены цэнтр. і паўд. раёны. На Пн рассяленне мае ачаговы характар (каля 3—4 чал. на 1 км²). У гарадах 15% насельніцтва. Найб. гарады Уагадугу, Боба-Дыўласа, Кудугу.

Гісторыя. Са старажытнасці ПнЗ і З сучаснай Буркіна-Фасо насялялі народы боба, сенуфа, гурунсі, лобі, дагары, марка і сама. На рубяжы 1—2-га тыс. н.э. ў бас. Вольты складалася этн. супольнасць мосі. У 11 ст. з’явіліся першыя племянныя дзяржавы мосі, у пач. 12 ст. — дзяржава роднаснага мосі народа гурма. Да 15 ст. царствы мосі (Уагадугу, Ятэнга) найб. магутныя ў Зах. Афрыцы. Дзяржавы мосі і інш. буркінійскіх народнасцей праіснавалі да канца 19 ст. У 1896—1904 тэр. Буркіна-Фасо заваявалі і далучылі (1904) да калоніі Верхні Сенегал—Нігер французы. У 1919 краіна пад назвай Верхняя Вольта атрымала статус калоніі ў складзе ген.-губернатарства Франц. Зах. Афрыка (ФЗА), у 1932 яе тэр. падзелена паміж суседнімі калоніямі Бераг Слановай Косці, Франц. Судан і Нігер. У 1947 калонія адноўлена ў старых межах як «заморская тэрыторыя» ў складзе Франц. саюза. У 1956 нададзена ўнутр. аўтаномія.

У кастр. 1958 абвешчана аўт. Рэспубліка Вольта (з 1959 наз. Верхняя Вольта). З 5.8.1960 — незалежная дзяржава. Пасля звяржэння ў 1966 аўтарытарнага ўрада першага прэзідэнта незалежнай краіны М.Ямеаго на чале ўлады змяніліся некалькі ваен. рэжымаў (перавароты 1980, 1982, 1983, 1987). Ваен. пераварот 1983 пад кіраўніцтвам капітана Т.Санкары (забіты ў 1987) вядомы як «Жнівеньская рэвалюцыя» — спроба рэв. метадамі спыніць карупцыю, пераадолець адсталасць краіны і інш. З 1984 краіна наз. Буркіна-Фасо («Зямля сумленных людзей»). Пераемнік Санкары капітан Б.Кампаарэ пасля выбараў 1991 зацверджаны прэзідэнтам дзяржавы. У 1992 адбыліся першыя ў Буркіна-Фасо свабодныя парламенцкія выбары. Дзейнічаюць Арг-цыя за нар. дэмакратыю — Рух працы, Рух прагрэс. дэмакратаў, Рух за сацыяліст. дэмакратыю, Афр. дэмакр. аб’яднанне, Альянс за дэмакратыю і федэрацыю, Буркінійскі рух за правы чалавека і народаў і інш. Буркіна-Фасо член ААН (з 1960), Арг-цыі афр. адзінства і інш. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.

Гаспадарка. Аснова эканомікі — прымітыўная сельская гаспадарка, дзе занята каля 85% самадз. насельніцтва. Ворныя землі складаюць каля 13% тэр. (пераважна на Пд і ў цэнтры). Важнейшыя с.-г. культуры — проса і сорга (штогадовы збор каля 1 млн. т), вырошчваюць кукурузу, рыс, ямс, маніёк, арахіс, бавоўну, цукр. трыснёг, алейныя культуры, сізаль. Жывёлагадоўля экстэнсіўная, адгонна-пашавая, мяснога кірунку, моцна церпіць ад засух і хвароб. Пагалоўе (1990, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак 4,9, козаў 6,4, свіней 0,5, птушкі 16,7. У прам-сці занята каля 1% самадз. насельніцтва, ​2/3 кошту яе прыпадае на харч. і лёгкую. Ёсць асобныя дробныя і сярэднія прадпрыемствы для перапрацоўкі с.-г. прадукцыі: вытв-сць арахісавага алею, рысаачышчальныя з-ды, бойні, цукр. ф-ка, бавоўнаачышчальныя з-ды, прадпрыемствы для апрацоўкі валакна сізалю, лесапільні, мылаварныя, цагельныя з-ды, абутковая ф-ка, з-д шпалаў. Асн. прамысл. цэнтры — Уагадугу і Боба-Дыўласа. У г. Кудугу тэкст. камбінат. Арганізавана вытв-сць веласіпедаў, цыгарэт, абутку, прасцейшага с.-г. абсталявання (плугі, лемяшы і інш.). Здабываюць марганец, золата (каля 2,5—3т штогод), ртуць, мармур. Рамёствы і саматужныя промыслы забяспечваюць асн. патрэбы насельніцтва ў таварах нар. спажывання. Развіты пераважна аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог каля 20 тыс. км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём каля 1,5 тыс. км. Адзіная чыгунка Уагадугу — Абіджан (Кот-д’Івуар), агульная даўж. 1175 км, на тэр. Буркіна-Фасо 517 км. Ва Уагадугу і Боба-Дыўласа — аэрапорты. Экспарт: бавоўна (63%), жывёла, арахіс, марганец, вырабы рамеснікаў. Імпарт (машыны і абсталяванне, хімікаты, харч. прадукты) перавышае экспарт у 2 разы. Асн. гандл. партнёры Францыя і Кот-д’Івуар. Адной з крыніц даходаў краіны з’яўляюцца грашовыя пераводы грамадзян Буркіна-Фасо (каля 1—2 млн. чал.), якія працуюць за мяжой (пераважна на плантацыях у Кот-д’Івуар і Гане). Краіна штогод атрымлівае дапамогу ад Францыі і міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — афр. франк (франк КФА).

Літ.:

Авдюнина Л.А. Буркина-Фасо: Справ. М., 1992.

П.І.Рогач (прырода, гаспадарка), У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 3, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)