ГАЗААЧЫ́СТКА,

ачыстка прамысл. і прыродных газаў ад цвёрдых, вадкіх і газападобных прымесей. Робіцца мех., эл. і фіз.-хім. спосабамі.

Цвёрдыя і вадкія прымесі выдаляюць асаджэннем (у пылавых камерах, цыклонах), прамываннем вадой (у скруберах), фільтраваннем (праз порыстыя матэрыялы — фільтры з тканін, паперы і інш.), іанізацыяй (асаджэннем цвёрдых часцінак у эл. полі высокага напружання); газападобныя — абсорбцыяй (прамыўкай растваральнікамі ў апаратах тыпу скрубера), адсорбцыяй (з дапамогай порыстых матэрыялаў, напр., актываванага вугалю), хемасорбцыяй (паглынаннем вадкасцю або цвёрдым целам з утварэннем хім. злучэнняў), ахаладжэннем і сцісканнем (прымесі ператвараюцца ў вадкасць), акустычным спосабам, заснаваным на здольнасці цвёрдых часцінак каагуляваць пад дзеяннем гукавых ваганняў. На промыслах выкарыстоўваюць устаноўкі комплекснай падрыхтоўкі газу да транспартавання. Гл. таксама Ачыстка паветра.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕСКАСТРУМЕ́ННАЯ АПРАЦО́ЎКА,

апрацоўка паверхняў адлівак, метал. загатовак, дэталей і інш. вырабаў перад афарбоўкай, а таксама ачыстка фасадаў будынкаў, збудаванняў струменем сціснутага паветра з завіслымі ў ім часцінкамі пяску. Робіцца спец. пескаструменнымі апаратамі. У ліцейнай вытв-сці заменена шротамётнай або шротаструменнай ачысткай.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛГА́АН, Белгаўм,

горад на Пд Індыі, у штаце Карнатака. 326 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Гандлёва-трансп. ц. у буйным баваўнаводчым раёне Дэкана. Баваўняныя, харч. (ачыстка рысу, алейная і інш.), хім., дрэваапр. прадпрыемствы. Выплаўка алюмінію. Саматужная вытв-сць адзення, скураных вырабаў, запалак.

т. 3, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАФІНАВА́ННЕ (ад франц. raffiner ачышчаць),

канчатковая ачыстка тэхн. прадуктаў ад пабочных прымесей у металургічнай, хім. і інш. галінах прам-сці. Ачыстку харч. прадуктаў (напр., алеяў, цукру) наз. рафінацыяй.

У металургіі пашырана Р. металаў — ачыстка першасных, ці чарнавых металаў (маюць 96—99% асн. металу), ад прымесей для павышэння якасці сталей, металаў і сплаваў, а таксама атрымання каштоўных металаў (золата, серабра і інш.), якія ёсць у чарнавых металах. Асн. метады Р.: піраметалургічныя (гл. Піраметалургія), электралітычныя і хім., заснаваныя на адрозненні ўласцівасцей (т-р плаўлення, шчыльнасці і інш.) элементаў, што раздзяляюць. Піраметалургічнае Р., якое ажыццяўляюць у расплавах, мае шэраг разнавіднасцей (напр., зонная плаўка). Электралітычнае Р. — электроліз водных раствораў ці расплаваў солей. выкарыстоўваюць для атрымання каляровых металаў (медзь, нікель і інш.) высокай чысціні. Хім. Р. засн. на рознай растваральнасці металаў і прымесей у растворах кіслот і шчолачаў (напр., афінаж — Р. высакародных металаў). Для атрымання чыстых металаў звычайна выкарыстоўваюць паслядоўна некалькі метадаў.

т. 13, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ АРХІТЭКТУ́РНА-БУДАЎНІ́ЧЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1921 у Мінску як буд. тэхнікум. З 1966 сучасная назва. Спецыяльнасці (1999/2000 навуч. г.): прамысл. і грамадз. буд-ва; архітэктура; водаадвядзенне, водазабеспячэнне, ачыстка прыроднай сцёкавай вады; санітарна-тэхн. абсталяванне будынкаў; эканоміка і кіраванне прадпрыемствам; камерцыйная дзейнасць; бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 10, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПЕЛІ́РАВАННЕ (ад франц. coupelle раздзяляльная печ, літар. кубачак), купеляцыя,

ачыстка высакародных металаў ад свінцу і інш. прымесей акісляльнай плаўкай у капелях (кубачках з вогнетрывалых матэрыялаў) або полымных печах. Заснавана на ўласцівасці свінцу і інш. звычайных металаў (у адрозненне ад высакародных) акісляцца кіслародам паветра. Выкарыстоўваецца ў прабірным аналізе (для ўстанаўлення пробы), металургіі (для вылучэння высакародных металаў, якія знаходзяцца ў сплаве са свінцом).

т. 9, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДЖУ́Л, Банжул (Banjul),

горад, сталіца Гамбіі. Адм. ц. акругі Банджул. Засн. ў 1816. Да 1973 называўся Батэрст. 150 тыс. ж. (1990). Порт на в-ве Сент-Мэры ў вусці р. Гамбія. Ачыстка, апрацоўка і вываз арахісу, вытв-сць арахісавага алею. Рачное і марское рыбалоўства. Перапрацоўка гародніны і рыбы. Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапр., мэблевай, паліграф. прам-сці; аўтарамонт. Суднаверф. Музей. Нац. б-ка. На Пд ад Банджула — міжнар. аэрапорт.

т. 2, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКІ́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,

машына, у якой робіцца заліўка какіля вадкім металам, цвярдзенне адліўкі і яе выбіванне, ачыстка і афарбоўка раскрытага какіля, устаноўка ліцейных стрыжняў (у т. л. разавых пясчаных). Бываюць адна- і шматпазіцыйныя (карусельныя, канвеерныя). На аднапазіцыйных універсальных К.м., мяняючы какілі, атрымліваюць адліўкі рознай канфігурацыі і масы. У шматпазіцыйных К.м. на вярчальным стале або транспартавальным прыстасаванні (канвееры) перамяшчаюцца аднапазіцыйныя машыны або какілі.

Аднапазіцыйная універсальная какільная машына.

т. 7, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЗІНСЕ́КЦЫЯ (ад дэз... + лац. insectum насякомае),

комплекс ветэрынарна-сан. мерапрыемстваў па знішчэнні або зніжэнні колькасці шкодных членістаногіх (насякомых, кляшчоў і інш.). Метады Д.: мех. (сеткі, ліпкія стужкі, пасты, ачыстка ферм і тэрыторый), фіз. (уздзеянне высокіх і нізкіх тэмператур, гама-выпрамянення), хім. (інсектыцыды), біял. (выкарыстанне прыродных ворагаў членістаногіх — птушак, рыб, бактэрый, вірусаў, грыбоў). Выкарыстоўваюць супраць пераносчыкаў узбуджальнікаў інфекц. і інвазійных хвароб жывёл, чалавека і раслін, а таксама свірнавых шкоднікаў.

т. 6, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРАЛІТЫ́ЧНАЕ АСАДЖЭ́ННЕ, электраасаджэнне,

выдзяленне металу на катодзе гальванічнай ванны ў выглядзе шчыльнага ці парашкападобнага асадку. Адбываецца пры прапусканні эл. току праз раствор ці расплаў, у якім ёсць іоны дадзенага металу, пры ўстанаўленні на катодзе пэўнага значэння патэнцыялу, дастатковага для электраўзнаўлення іонаў да метал. стану (гл. Электроліз). На Э.а. заснаваны вылучэнне, ачыстка і раздзяленне металаў у прам-сці і аналіт. хіміі, атрыманне гальванічных пакрыццяў, метал. парашкоў, копій, матрыц і інш. (гл. таксама Гальванатэхніка).

т. 18, кн. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)