Ю́РТА (цюрк.),

у некаторых качавых народаў Цэнтр. і Сярэдняй Азіі, Сібіры пераноснае жыллё, пераважна круглае ў плане з конусападобным дахам, крытае шкурамі ці лямцам. Унутры знаходзіўся ачаг, каля ўваходу — месца для гасцей. На жан. палавіне захоўваўся посуд, на мужчынскай — вупраж. З пераходам народаў да аселасці стала выкарыстоўвацца на адгоннай пашы ці як часовае летняе жыллё.

т. 18, кн. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНА́ТЫ,

у старажытнарымскай міфалогіі багі-захавальнікі і апекуны хатняга ачага, пазней — усяго рым. народа. Разам з ларамі (з якімі іх часам атаясамлівалі) П. былі сімваламі роднага дому. Кожная сям’я мела звычайна двух П., іх выявы змяшчалі каля ачага. Месцам знаходжання агульнадзярж. П. лічыўся храм Весты ў Рыме, дзе вярх. жрэц прыносіў ім ахвяры. У пераносным сэнсе П. — хатні ачаг, родны дом (адсюль выраз «вярнуцца да сваіх пенатаў»).

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́ШЧ, фістула,

паталагічны канал (адтуліна), які злучае ачаг захворвання (гнайнік, пухліну) з паверхняй або з якой-н. поласцю цела. Высланы эпітэліяльнай або грануляцыйнай тканкай.

Адрозніваюць вонкавы С. (адкрываецца на паверхні цела) і ўнутраны (злучае полыя органы). Бывае прыроджаны — ад заган унутрывантробнага развіцця (напр., пупковы), часцей у выніку разбурэння тканак і органаў пры траўме, паталаг. працэсах (набыты). З лек. ці эксперым. мэтамі робяць штучныя С., напр., для назірання за функцыянаваннем органаў.

т. 14, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧУМ,

у некаторых паўночных народаў лёгкае пераноснае жыллё конусападобнай формы з жэрдак, абцягнутых шкурамі, карой, лямцам і інш. Унутры знаходзіўся ачаг, месцы для спання, уваход завешваўся шкурамі або грубай тканінай. Дыяметр Ч. па падлозе 3—8 м, па падлогу слалі бяросту, цыноўкі з лазовых дубчыкаў ці сухой травы, зверху — аленевыя шкуры. З пераходам качавых народаў да аселасці выйшаў з ужытку або выкарыстоўваецца як часовае жыллё.

Жанчыны каля чума.

т. 17, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАФЕ́З (сапр. Гаглойты Фёдар Захаравіч; 11.9.1913, Баку — 12.8.1983),

асецінскі пісьменнік. Скончыў пед. ін-т (Цхінвалі, 1950). Першы зб. вершаў «Акорды фандыра» (1940). У творах услаўляў жыццё, духоўную прыгажосць асецінскага народа (зб-кі вершаў «Мір», 1952; «Родны ачаг», 1959; «Жыццялюб», 1974; кн. апавяданняў «Лямпачка Дзаджэ», 1961; раман «Добры дзень, людзі!», 1966, і інш.). Вядомы як перакладчык і літ. крытык. На асецінскую мову пераклаў асобныя творы Я.​Купалы. Літ. прэмія імя Косты Хетагурава 1981.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛБА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1912,

усеагульнае паўстанне хрысц. і мусульм. насельніцтва Албаніі супраць асманскага панавання. Пачалося ў сак. на Пн і ПнЗ (гал. яго ачаг знаходзіўся ў горным раёне каля г. Шкодэр), у ліп. Ахапіла Пд і цэнтр Албаніі. Аднак алб. феадалы, якія з мая ўзначалілі кіраўніцтва паўстаннем, адмовіліся ад ідэі поўнай незалежнасці Албаніі і заключылі пагадненне з тур. урадам, які абяцаў задаволіць некаторыя нац. патрабаванні албанцаў. У жн. кіраўнікі дамагліся спынення Албанскага паўстання 1912.

т. 1, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАСТАМІКО́ЗЫ (ад бласта... + мікозы),

група хранічных, некантагіёзных мікозаў, якія пашкоджваюць скуру, лёгкія і інш. ўнутр. органы чалавека і некаторых жывёл (сабак, радзей коней). Распаўсюджаны ў ЗША, Канадзе, адзінкавыя выпадкі зарэгістраваны ў інш. краінах. Адрозніваюць: паўночна-амерыканскі (хвароба Гілкрыста), еўрапейскі (крыптакакоз), паўднёваамерыканскі (паракакцыдыяідоз), келоідны (хвароба Лабо) бластамікоз. Узбуджальнік бластамікозу — дражджавыя і дрожджападобныя паразітычныя грыбкі (Blatomyces dermatitidis і інш.), якія размнажаюцца пачкаваннем. Заражэнне адбываецца пры ўдыханні спораў грыбка з пылам. Першасны ачаг Лакалізуецца ў лёгкіх, потым пашкоджваецца скура. Пры лакалізаваных пашкоджаннях прагноз спрыяльны, пры пашкоджаннях унутр. органаў — высокая смяротнасць.

т. 3, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФО́КУС (ад лац. focus ачаг, агонь) у оптыцы, пункт, у якім пасля праходжання паралельным пучком прамянёў аптычнай сістэмы перасякаюцца прамяні пучка (ці іх прадаўжэнні, калі сістэма ператварае паралельны пучок у разыходны). У 1-м выпадку Ф. — сапраўдны, у 2-м — уяўны. Калі прамяні праходзяць паралельна аптычнай восі сістэмы, Ф. знаходзіцца на гэтай восі і наз. галоўным. У ідэальнай аптычнай сістэме ўсе Ф. размешчаны на плоскасці, перпендыкулярнай восі сістэмы, — факальнай плоскасці. У рэальнай сістэме Ф. знаходзяцца на факальнай паверхні, форма якой залежыць, у прыватнасці. ад аберацый аптычнай сістэмы.

т. 16, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖА́Р,

некантралюемы працэс гарэння, які прыводзіць да знішчэння матэрыяльных каштоўнасцей і небяспечны для жыцця людзей. Гарэнне пры П. характарызуецца самаадвольным распаўсюджваннем, невысокай ступенню згарання матэрыялаў, утварэннем дыму.

Узнікае пры неасцярожным абыходжанні з агнём, самаўзгаранні рэчываў (матэрыялаў), няспраўнасці ў эл. сетках і прыладах, невыкананні правіл эксплуатацыі вытв. абсталявання, ад маланкі і па інш. прычынах; на адкрытай прасторы (напр., лясныя пажары, тарфяныя пажары) і ў збудаваннях (унутраныя П.). Прастору, ахопленую П., умоўна падзяляюць на зоны: гарэння (ачаг П.), цеплавога ўздзеяння і задымлення. У ачагу П. адбываецца тленне і (ці) назіраецца полымя, вылучаюцца цяпло і дым. Асн. характарыстыка знішчальнага дзеяння П. — т-ра; макс. т-ры, характэрныя для адкрытых П. (ад 1000 °C для цвёрдых матэрыялаў да 1450 °C для гаручых газаў). Зона гарэння абкружана зонай цеплавога ўздзеяння, дзе ўстанаўліваецца т-ра вышэй за 60 °C, якая выклікае разбурэнне матэрыялаў, канструкцый і тоіць небяспеку для людзей. Прадукты няпоўнага згарання (дым) утвараюць зону задымлення, звычайна яны таксічныя (асабліва прадукты гарэння палімераў). Для спынення П. выкарыстоўваюць розныя вогнетушыльныя сродкі (вада, пена, парашковыя саставы, нейтральныя газы, хім. інгібітары гарэння і інш.), якія падаюць у ачаг П. пры дапамозе пажарнай тэхнікі, вогнетушыцелямі і інш. Мерапрыемствы па пажарнай прафілактыцы і тушэнні П. ажыццяўляе пажарная ахова.

Літ.:

Абдурагимов И.М., Говоров В.Ю., Макаров В.Е. Физико-химические основы развития и тушения пожаров. М., 1980;

Драйздейл Д. Введение в динамику пожаров: Пер. с англ. М., 1990.

М.​В.​Гарахавік, С.​А.​Лосік, А.​В.​Урублеўскі.

т. 11, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КІЯ ГЕ́ЙЗЕРЫ (Great Geysers),

геатэрмальнае радовішча ў ЗША, штат Каліфорнія, на Пн ад г. Сан-Францыска, у Даліне Вялікіх Гейзераў, найб. ў свеце. Пл. 55 км². Крыніцай цяпла радовішча лічаць магматычны ачаг (або сістэму ачагоў) плейстацэнавага ўзросту на глыб. 5—8 км. Разведка радовішча з 1921. Прагнозныя запасы пары ў разведанай частцы могуць забяспечыць работу электрастанцый магутнасцю больш за 1000 МВт. Глыб. свідравін у асн. 1500—1800 м, паравая фаза існуе да глыб. 2000—3000 м. Т-ра пары 200—260 °C. У 1960 пабудавана першая гідратэрмальная цеплаэлектрастанцыя (ГеаЦЭС) магутнасцю 12,5 МВт. Агульная магутнасць электрастанцый на радовішчы больш за 900 МВт (1981).

т. 4, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)