мімавольнае выкідванне змесціва са стрававальнага тракту, пераважна са страўніка, праз рот. У фізіял. адносінах — ахоўная рэакцыя, якая ўзнікае пры раздражненні рэцэптараў кораня языка, глоткі, слізістай абалонкі страўніка, кішэчніка, брушыны, вестыбулярнага апарату. Можа быць абумоўлена нюхальнымі і смакавымі раздражненнямі, якія выклікаюць гадлівасць. Паталаг. формы І. звязаны з захворваннямі органаў стрававання, галаўнога мозга ці яго абалонак, як праяўленне істэрыі. Неўтаймаваная І. назіраецца пры цяжкіх інфекцыях, атручэннях, таксікозе цяжарнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАПАСА́ДАЧНАЯ МАШЫ́НА,
навясная на трактар машына для пасадкі сеянцаў і саджанцаў дрэвавых і хмызняковых парод. Мае пасадачныя апараты, сашнікі, каткі для ўшчыльнення глебы вакол саджанцаў і інш. прыстасаванні. Высаджвае 1—2 рады з шагам пасадкі да 1,5 м і на глыб. да 70 см. Прадукцыйнасць да 2,5 га/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАНКААДВО́Д,
прыстасаванне для аховы будынкаў, прамысл., трансп., с.-г. і інш. збудаванняў ад прамых удараў маланкі.
Складаецца з метал. стрыжня або троса, які ўзвышаецца над аб’ектам і злучаны з надзейным зазямленнем. Ахоўная зона М. з адным верт. стрыжнем мае форму конуса, радыус асновы якога роўны вышыні М. Правады зазямлення выбіраюцца так, каб не плавіліся токам маланкі пры адводзе зараду ў зямлю. М. часам няправільна наз. громаадводам. Метад аховы ад навальнічных разрадаў з дапамогай М. прапанаваў Б.Франклін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Полацкім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Дрыса, за 14 км на ПнЗ ад г. Полацк. Пл. 1 км², даўж. 1,6 км, найб.шыр. 1,1 км, найб.глыб. 19,6 м, даўж. берагавой лініі 6,2 км. Пл. вадазбору 1,8 км².
Катлавіна складанага тыпу, выцягнутая з ПдЗ на ПнУ. Схілы выш. да 25 м. Берагавая лінія ў зах. частцы ўтварае некалькі заліваў і паўастравоў. Берагі спадзістыя, пясчаныя. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей — заглеены пясок і глеі. Вада празрыстая. Бяссцёкавае. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 8—12 м. Расце ахоўная расліна — палушнік азёрны. Месца адпачынку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ЗМА КРЫВІ́,
вадкая частка крыві, якая застаецца пасля выдалення форменных элементаў. Мае ў сабе 90—93% вады і 7—10% сухога рэчыва. У П.к. ёсць бялкі (каля 200 відаў), тлушчы, вугляводы. мінер. солі, ферменты, вітаміны, гармоны і інш.Асн. функцыі П.к.: трафічная, рэгулятарная, ахоўная, гамеастатычная, ферментатыўная. Абумоўлівае згусальнасць крыві, удзельнічае ў газаабмене. Найб. значныя бялкі П.к. — альбуміны, глабуліны, фібрынаген (пры гемакаагуляцыі ператвараецца ў фібрын). П.к. без фібрыну наз. сывараткай. Змены ў саставе П.к. маюць дыягнастычнае значэнне для вызначэння захворвання (рэўматызм, цукровы дыябет). З П.к. гатуюць лек. прэпараты (напр., альбумін, фібрынаген, гама-глабулін). Гл. таксама Кровазаменныя вадкасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕРЫКА́НСКІ ФУТБО́Л,
спартыўная гульня. Узнік у канцы 19 ст. ў ЗША на аснове рэгбі і футбола. Гуляюць 2 каманды па 11 чал. (замены па ходу сустрэчы) на працягу 4 квартаў (па 15 хвілін чыстага часу). Гал. мэта — занесці рукамі мяч грушападобнай формы ў заліковую зону і апусціць на зямлю (тачдаўн) або нагой накіраваць мяч у вароты (філдгол). Дазволены сілавыя прыёмы, для гульцоў прадугледжана спец.ахоўная амуніцыя. Найб. развіты ў ЗША, дзе штогод праводзяцца чэмпіянаты сярод прафес. клубаў; культывуецца ў 20 еўрап. краінах. Чэмпіянаты свету з 1967. На Беларусі развіваецца з 1990; клуб «Мінскія зубры» тройчы перамагаў на чэмпіянатах СНД.
М.А.Дубіцкі.
Амерыканскі футбол. Фрагмент гульні з удзелам каманды «Мінскія зубры».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАНКААХО́ВА,
комплекс мерапрыемстваў і тэхн. сродкаў для засцярогі будынкаў, збудаванняў, электратэхн. установак ад пашкоджанняў пры прамых ударах маланкі.
Кампактныя аб’екты ахоўваюць стрыжнёвымі маланкаадводамі (разлічваюцца на ток да 200 кА, супраціўленне зазямлення да 10—20 Ом), працяглыя аб’екты — тросавымі маланкаадводамі. Стальныя тросы падвешваюць над аб’ектам (напр., над паветранай лініяй электраперадачы) і зазямляюць. Ахоўная зона тросавага маланкаадвода мае форму трохграннай прызмы, рабром якой служыць трос. Для аховы эл. абсталявання (трансфарматараў, эл. машын і інш.), злучанага з правадамі паветр.ЛЭП, ад навальнічных перанапружанняў выкарыстоўваюць разраднікі. М. жылых будынкаў з метал. дахам робіцца зазямленнем даху.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРУ́ТНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
таксічныя хімічныя злучэнні, прызначаныя для пашкоджання жывога арганізма; аснова хімічнай зброі. Пранікаючы ў арганізм праз дыхальныя шляхі, слізістыя абалонкі вачэй і насаглоткі, скуру і стрававальны тракт, парушаюць механізм дзеяння ферментных сістэм. Паводле характару дзеяння падзяляюцца на нервова-паралітычныя (зарын, заман, табун), агульнаатрутныя (сінільная кіслата, хлорцыян, арсін, фасфін), скуранарыўныя (іпрыт, азоцісты іпрыт, люізіт), удушальныя (хлор, фасген, дыфасген), слёзацечныя (лакрыматары) і раздражняльныя (адамсіт, хлорацэтафенон і інш.), псіхахімічныя (BZ — бізэт, B7 — бісем). Бываюць смяротныя і несмяротныя (часова выводзяць са строю); нястойкія, стойкія і ядавіта-дымныя. Выяўляюць і дэгазуюць атрутныя рэчывы спец. прыладамі і метадамі. Ахова ад атрутных рэчываў: процівагаз, рэспіратар, спец.ахоўная і звычайная прагумаваная вопратка, антыдотная тэрапія і спец. абсталяваныя сховішчы. Як хім. зброя атрутныя рэчывы забаронены Жэнеўскім пратаколам 1925.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́СТА-ГЕМАТЫ́ЧНЫ БАР’Е́Р,
комплекс структур і фізіял. механізмаў, якія рэгулююць абменныя працэсы паміж крывёй і тканкамі, забяспечваюць адноснае пастаянства саставу, фізіка-хім. уласцівасцей непасрэднага пажыўнага асяроддзя органа і клеткі. Тэрмін увёў сав. фізіёлаг Л.С.Штэрн у 1929. Структурная аснова гіста-гематычнага бар’ера — сценка капіляраў, элементаў злучальнай тканкі і інш.спец. тканкавых элементаў. Гіста-гематычны бар’ер органа вызначае яго функцыян. стан, здольнасць процістаяць шкодным уплывам, перашкаджае пераходу чужародных рэчываў з крыві ў тканкі (ахоўная функцыя), рэгулюе паступленне да клетак з крыві рэчываў, неабходных для жыццядзейнасці органаў і тканак, вывядзенне прадуктаў абмену. Функцыі гіста-гематычнага бар’ера мяняюцца ў залежнасці ад узросту, нерв. і гарманальных уплываў і інш.Гл. таксама Бар’ерная функцыя, Гемата-энцэфалічны бар’ер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІМФАТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць сасудаў пазваночных жывёл і чалавека, што збіраюць лімфу ад тканак і органаў і адводзяць яе ў вянозную сістэму. Складаецца з капіляраў, сасудаў, праток, вузлоў. З міжклетачных поласцей лімфа напампоўваецца сляпымі канцамі лімфатычных капіляраў, якія зліваюцца ў больш буйныя сасуды, пратокі і ўпадаюць у вены ў месцах найменшага крывянога ціску (вобласць ярэмных вен, хваставая, заднія полыя вены). Вытворнае вянознай сістэмы. Адрозніваюць паверхневую Л.с., утвораную пераважна сеткай падскурных капіляраў і сасудаў (ніжэйшыя пазваночныя), і глыбокую — грудныя пратокі з’яўляюцца вываднымі сасудамі (вышэйшыя пазваночныя). Асн. функцыі: дрэнажаванне з міжклетачных поласцей вадкасці, раствораных бялкоў і інш. буйных малекул, якія не здольны вярнуцца ў кроваток праз крывяносныя капіляры; ахоўная; фільтрацыйная.
А.С.Леанцюк.
Да арт.Лімфатычная сістэма. I. Сістэма лімфатычных сасудаў: 1 — тканкі; 2 — артэрыяльная сістэма; 3 — вянозная сістэма; 4 — лімфатычная сістэма; 5 — лёгкія. II. Размяшчэнне рэгіянарных лімфатычных вузлоў.