ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане ландшафтных комплексаў з высокаўзроставымі хваёвымі лясамі, рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 3242 га. Шыракахвалістыя водналедніковыя ўрочышчы з камавымі і марэннымі ўзгоркамі, лагчыны, даліны, вярховыя і пераходныя балоты. Лясы з карэнных дрэвастояў: хвойнікі (56%), ельнікі (35%), бярэзнікі з дамешкамі асіны (9%). У флоры 428 відаў сасудзістых раслін, у т. л. 16 рэдкіх і знікаючых: гарлянка пірамідальная, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, пылкагалоўнік чырвоны, лілея кучаравая, кураслеп лясны, шпажнік чарапіцавы і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Шмат гасп.-карысных відаў, у т. л. ажына, парэчкі, суніцы і інш. З прадстаўнікоў фауны дзяцел зялёны і саракуш шэры занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЖНЕДУНА́ЙСКАЯ РАЎНІ́НА, Румынская нізіна. На Пд Румыніі і Пн Балгарыі. Цягнецца ўздоўж р. Дунай ад Жалезных Варот да Чорнага м.Даўж. 560 км, шыр. 40—120 км. Размешчана на месцы тэктанічнага прагіну, складзена з лёсаў і алювію. Паверхня ўзгорыстая, расчлянёная рачнымі далінамі, лагчынамі, ярамі, шмат азёр і балот. Клімат умераны, кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -1 да -3 °C, ліп. 22—23 °C. Ападкаў 400—600 мм за год. Лета засушлівае, зімовае снегавое покрыва няўстойлівае. У р. Дунай, што перасякае Н.р., упадаюць злева шматлікія рэкі, у т. л. Жыў, Олт, Арджэш, Яламіца, Сірэт. Тэрыторыі разараны (пасевы збожжавых, цукр. буракоў; сады, вінаграднікі). На водападзелах месцамі рэдкастойныя дубовыя лясы. Па поймах лясы з вярбы, вольхі, асіны чаргуюцца з вільготнымі лугамі і трыснягова-асаковымі балотамі. На Н.р. сталіца Румыніі Бухарэст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯША́НЫХ ЛЯСО́Ў ЗО́НЫ,
прыродныя зоны ўмераных паясоў у Паўн. і Паўд. паўшар’ях з перавагай ландшафтаў мяшаных лясоў. Часам разглядаюцца як асобныя падзоны адзінай лясной зоны. Найб. пашыраны ў Еўропе, Паўд. і Паўн. Амерыцы, трапляюцца ў Новай Зеландыі, Тасманіі, на Усх.-Еўрап. раўніне (краіне Балтыі, на большай ч. Беларусі, Нечарназем’е) і на ПдЗах.-Сібірскай раўніны. Лясы пераважна хвойна-шыракалістыя на дзярнова-падзолістых глебах, у больш кантынентальных раёнах — хвойна-драбналістыя і драбналістыя (з бярозы і асіны). Значныя прасторы разараны (збожжавыя, кармавыя культуры, бульба і інш.). У Паўн. паўшар’і клімат з халоднай снежнай зімой (сярэднія т-ры студз. ад -5 да -14 °C), цёплым летам (сярэдняя т-раліп. да 20 °C). Колькасць ападкаў (400—1000 мм) крыху перавышае выпаральнасць. У Паўд. паўшар’і пры параўнальна цёплым леце зіма больш мяккая, снежнае покрыва ўтвараецца не ўсюды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙЕЛАЎСТО́НСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК (Yellowstone National Park). На ПнЗ ЗША у штатах Ваёмінг, часткова Мантана і Айдаха. Першы ў свеце нац. парк. Засн. ў 1782 1872. Пл. 898,3 тыс.га. Ландшафты Скалістых гор, каньёны, вадаспады (выш. да 94 м) на р. Йелаўстан, больш за 3 тыс. гарачых крыніц і гейзераў, у т. л. гейзер Экселсіёр (выш. вывяржэння да 90 м), найб. ў Паўн. Амерыцы высакагорнае воз. Йелаўстан (на выш. 2359 м, пл. 360 км²). 90% тэр. пад хваёвымі лясамі (хвоя, елкі блакітная і Энгельмана, піхты горная і дугласава) з дамешкамі вольхі, бярозы, асіны. Акамянелыя дрэвы на ўчастках, якія раней былі пахаваны пад вулканічным попелам і лавай. У фауне чарнахвосты алень, мядзведзі (барыбал, грызлі), бізон, лось, горны баран і інш.; каля 200 відаў птушак, у т. л. гняздоўі белагаловага арла (нац. сімвал ЗША). Біясферны рэзерват. Турызм. Уключаны ЮНЕСКА у спіс аб’ектаў сусв.культ. і прыроднай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАНЕ́Ц,
біялагічны заказнік на Беларусі, у Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл.Засн. ў 1996. Пл. 10 460 га. Створаны з мэтай захавання эталонных участкаў балотна-лугавых і лясных угоддзяў, стабілізацыі гідралагічнага рэжыму Дняпроўска-Бугскага балотна-карбанатна-саланчаковага комплексу. Расліннасць з бярозавага драбналесся з невял. лугамі; трыснягова-асакова-гіпнавае балота з бярозай пушыстай, вярбой попельнай і размарыналістай. На пагорках дрэвастоі з дуба, асіны, вольхі чорнай, граба, клёна, ліпы, ясеня, а таксама кустовыя віды: арэшнік, брызгліна бародаўчатая, жасцёр слабільны, каліна, крушына ломкая, свідзіна і інш. Фауна прадстаўлена млекакормячымі: андатра, бабёр, барсук, воўк, выдра, заяц-русак, дзік, казуля. ліс, лось, норка амер. сабака янотападобны, арнітафауна — відамі адкрытых прастораў, ляснымі, каляводнымі, балотнымі, сінантропнымі: крыжанкі, кулікі, луні лугавыя і камышовыя, пастушковыя, цецерукі, чыркі; з паўзуноў — чарапаха балотная; у энтамакомплексе 40 відаў матылёў. Занесеныя ў Чырв. кнігу: расліны — венерын чаравічак, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны, жывёлы — аўсянка садовая, варакушка, журавель шэры, кулон вялікі, пустальга звычайная, сава балотная, саракуш шэры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́НЗІ (Mackenzie),
нізіна на ПнЗ Канады, у бас.р. Макензі, ад воз. Атабаска да Паўн. Ледавітага ак. Мяжуе на З з гарамі Макензі і Рычардсан (сістэма Кардыльер), на У з Лаўрэнційскім пласкагор’ем. Выш. 150—200 м. Пашыраны шырокія забалочаныя рачныя даліны і ледавікова-азёрныя раўніны, падзеленыя ступеньчатымі плато да 500 м. Месцамі над нізінай узвышаюцца адасобленыя горы (г. Франклін, 1400 м). Складзена пераважна з вапнякоў. Радовішча нафты. У чацвярцічны перыяд тэрыторыя пакрывалася ледавікамі. Пасля іх адступання значная ч. тэрыторыі была затоплена акіянам, потым занята азёрамі (рэлікты — азёры Вял. Мядзведжае, Вял. Нявольніцкае, Атабаска і інш.). Клімат умераны, кантынентальны. Пашыраны шматгадовамёрзлыя горныя пароды. На рэках доўгі ледастаў (5—7 месяцаў). Глебы пераважна балотныя, месцамі тундрава-глеевыя і падзолістыя. Вільготнатраўныя лугі і заліўныя лясы з чорнай елкі і мохавыя балоты. На водападзельных участках — хмызняковыя тундры і рэдкастойныя лясы з белай елкі, каменнай хвоі і асіны. Шчыльнасць насельніцтва вельмі малая. Карэннае насельніцтва — эскімосы і індзейцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎБЁЖНАЕ РАМЯСТВО́,
вытворчасць посуду і інш. вырабаў з дрэва спосабам даўбення ці апрацоўкі яго натуральных (дуплістых) формаў; адно з найб.стараж. рамёстваў. На Беларусі Д.р. практычна не вылучалася ў спецыялізаваны саматужны занятак і мела характар хатняй вытв-сці; карыты, кадаўбы, жлукты выраблялі ў вял. колькасці сяляне, якія не валодалі спец. навыкамі дрэваапрацоўкі. Выдзеўбаны посуд звычайна рабілі з мяккаслаёвых і падатлівых парод драўніны (ліпы, вольхі, асіны), чаўны і ступы — з дубу, хвоі. Карысталіся долатам, пешняй, разцом, скоблямі, сякерай, цыркулем, цяслой, чакухай (кожны інструмент выкарыстоўваўся на пэўнай тэхнал. стадыі і меў варыяцыйныя асаблівасці). Функцыянальнае прызначэнне розных відаў выдзеўбаных вырабаў накладвала адбітак на вонкавы выгляд, эстэтыку, якасць іх апрацоўкі. Асабліва старанна, па-мастацку выраблялі карцы, фаскі, кублы, апалушкі, сальніцы, бойкі. Тым жа спосабам рабілі некат. віды старасвецкай мэблі, шафы для адзення, драўляныя трубы для дымаходаў у сялянскім жыллі, водаадводаў і інш., калодных вулляў і інш. Выраб чаўноў нярэдка вылучаўся ў асобны промысел. У наш час выраб даўбёжнага посуду эпізадычна трапляецца ў прыватных гаспадарках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБА́ЦКІЯ ЛО́ДКІ,
малыя вёславыя судны, прызначаныя для лоўлі рыбы. Вядомы з неаліту многім народам свету. На Беларусі самы стараж. тып Р.л. — выдзеўбаны са ствала дубу, асіны або ліпы човен. Каб паменшыць хісткасць чаўноў, да бартоў некат. з іх прыбівалі драўляныя брусы; такія чаўны наз.камягамі. У 19 ст. рыбакі выкарыстоўвалі дашчаныя лодкі. Дошкі днішча і бартоў змацоўваліся паміж сабой какорамі зробленымі з натуральна выгнутых тонкіх ствалоў дрэў. На Гомельшчыне былі пашыраны вузкія лодкі, у якіх нос прыўзнімаўся над вадой. Шырэйшыя і карацейшыя Р.л. выраблялі на Магілёўшчыне. На З Беларусі дашчаныя лодкі мелі 2 насы («чайкі»), на Нёмане насы загіналі ўверх. На Палессі вял. невадныя лодкі, як і звычайныя, былі доўгія і вузкія, у Паазер’і — карацейшыя, з шырокім развалам. Для падцягвання невада ў некат. лодках рабілі спец. прыстасаванні — калаўроцікі. На Магілёўшчыне і ўсх. Гомельшчыне рыбакі-сетачнікі ўкладвалі свае снасці на сцябло (драўляны жолаб), канцы якога апіраліся на барты. Дняпроўскія рыбакі выкарыстоўвалі лодкі з пакорай — паўкруглай лубяной страхой у насавой частцы. Пад ім захоўвалі прадукты, сухое адзенне; тут рыбак хаваўся ад дажджу і адпачываў. На Шчары і Нёмане такія накрыўкі рабілі з дошак. Каб зберагчы рыбу жывой, у адным з адсекаў чоўна або лодкі пракручвалі ў бартах дзіркі для цыркуляцыі вады. Для перавозу жывой рыбы прызначаліся спец. лодкі — шкудкі. Сучасныя рыбакі-аматары побач з традыц. дашчанымі выкарыстоўваюць лодкі, зробленыя з метал. сплаваў і гумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБО́ВЫЯ ЛЯСЫ́, дубровы,
дубнякі (Quercus),
група фармацый карэнных шыракалістых лясоў, аснову дрэвастою якіх складаюць віды з роду дуб. Пашыраны ў Еўропе, Усх. Азіі, на Д.Усходзе, у Паўн. і Паўд. Амерыцы, пераважна ў горных і перадгорных раёнах. У Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропе Д.л. створаны пераважна дубам звычайным, або летнім (Q. robur), і скальным, або зімовым (Q. petraea), у Паўд. Еўропе і Міжземнамор’і — каменным (Q. ilex) і коркавым (Q. suber), на Каўказе — грузінскім (Q. iberica), ва Усх. Азіі і на Д.Усходзе — зубчастым (Q. dentata) і мангольскім (Q. mongolica), у Паўн. Амерыцы — чырвоным (Q. rubra), паўночным (Q. borealis) і балотным (Q. palustris). На Беларусі дрэвастоі Д.л. складаюцца ў асноўным з дубу звычайнага — чыстыя і з дамешкам ясеню, клёну, грабу, ліпы, ільмы, хвоі, елкі, бярозы, асіны, вольхі чорнай, часта з выразным 2-м ярусам. Яны займаюць 4% агульнай плошчы лясоў. Найб. пашыраны ў паўд., зах. і цэнтр. раёнах. Пашырэнне Д.л. і іх фітацэнатычная структура маюць выразныя занальныя асаблівасці. Вылучаюць 3 геабат. падзоны ў напрамку з Пн на Пд: яловых, ялова-грабавых і грабавых дуброў. Пераважаюць кандамінантныя фітацэнозы: у цэнтр.ч. — ялова-дубова-грабавыя, на Пд — дубова-грабавыя, хваёва-дубова-грабавыя, ясянёва-дубова-грабавыя, ліпава-клянова-дубова-грабавыя. Найб. пашыраныя тыпы Д.л.: кіслічныя, чарнічныя, арляковыя, сніткавыя, поймавыя, вострыцавыя, папарацевыя, крапіўныя. Сярэдні ўзрост 40 гадоў. Д.л. маюць важнае прыродаахоўнае, сан.-гігіенічнае і эстэт. значэнне, даюць высакаякасную драўніну для розных галін прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБЁР (Castor fiber),
млекакормячая жывёла атр. грызуноў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы, дзе жыве другі від — бабёр канадскі. На Беларусі трапляецца амаль усюды. Ахоўваецца. Трымаецца старыцаў, рэк з павольным цячэннем, азёраў з багатай прыбярэжнай расліннасцю.
Даўж. цела каля 100 см, хваста да 34 см, маса да 30 кг. Тулава тоўстае, масіўнае, ногі кароткія, пяціпальцыя, заднія з плавальнымі перапонкамі. Хвост пляскаты (шыр. да 15 см), укрыты буйнымі рагавымі шчыткамі. Поўсць густая, шаўкавістая, з доўгімі восцевымі валасамі і густым пухам. Жыве сем’ямі. Добра плавае і нырае. Рые норы, будуе хаткі, запруды. Корміцца карэнішчамі травяністых раслін, карой і маладымі галінкамі лазы, асіны і інш. Нараджае 1—5 бабранят. Каштоўны: выкарыстоўваецца футра і бабровы струмень.
У мінулым важны аб’ект палявання, абмену і гандлю на Беларусі. Косці бабра выяўлены пры раскопках гарадзішчаў 6—12 ст. на тэр. рэспублікі і сумежных раёнаў Смаленшчыны. Вядомы граматы 14—16 ст., выдадзеныя манастырам і прыватным асобам на ўгоддзі з бабровымі гонамі (месцы адлову бабра) каля Полацка, Маладзечна, в. Трасцянец (Мінскі р-н), Слуцка і інш. За карыстанне гонамі насельніцтва плаціла падаткі. Статут ВКЛ 1588 забараніў лавіць баброў у чужых уладаннях, трывожыць у месцах пасялення, весці ворыва, высечку кустоў, сенакос паблізу бабровых гнёздаў. Наглядам за бабровымі гонамі і іх аховай займалася спец. катэгорыя сялян-слуг (гл.Баброўнікі). У 18 ст. бабёр — звычайны звер толькі на Бярэзіне, Прыпяці, Піне, Ясельдзе, Свіслачы. На пач. 20 ст. бабёр амаль знік, невял. паселішчы засталіся толькі ў маладаступных для чалавека мясцінах на Бярэзіне, Сажы і Нёмане. Для аднаўлення і павелічэння запасаў у 1925 створаны Бярэзінскі запаведнік.