А́ЗІМУТ (ад араб. ас-сумут шляхі) нябеснага свяціла або зямнога прадмета, вугал паміж плоскасцю мерыдыяна пункта назірання і верт. плоскасцю, якая праходзіць праз гэты пункт і свяціла ці прадмет. Адлічваецца ад напрамку на Пн па гадзіннікавай стрэлцы (0°—360°). Адрозніваюць азімут астранамічны (сапраўдны), утвораны плоскасцю астранамічнага мерыдыяна, што праходзіць праз лінію адвеса ў пункце назірання; геадэзічны — плоскасцю, якая праходзіць праз нармаль да зямнога эліпсоіда; магнітны — плоскасцю магнітнага мерыдыяна. Азімут — адна з каардынат сістэмы гарызантальных каардынат у астраноміі; вымяраецца вугламерным інструментам (тэадалітам і інш.). Магнітны азімут, адрозніваецца ад сапраўднага на велічыню схілення магнітнай стрэлкі.

Да арт. Азімут. А — азімут сапраўдны; Д — магнітнае схіленне; Ам — азімут магнітны.

т. 1, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́СЕЎ (Мацвей Мацвеевіч) (26.11.1826, г. Вятка, Расія — 22.4.1866),

рускі астраном, адзін з пачынальнікаў астрафіз. даследаванняў. Скончыў Казанскі ун-т (1847). З 1850 у Пулкаўскай астр. абсерваторыі, з 1852 пам. дырэктара Віленскай астр. абсерваторыі. Адзін з першых наладзіў сістэм. фатаграфаванне паверхняў Сонца і Месяца з мэтай даследавання астрафіз. з’яў. Выдаваў першы ў Расіі часопіс па дакладным прыродазнаўстве «Вестник математических наук», пераклаў на рус. мову 3-і («астранамічны») том «Космасу» А.​Гумбальта.

Літ.:

Перель Ю.Г. М.​М.​Гусев // Астроном. журн. 1952. Т. 29, вып. 4;

Беспамятных Н.Д., Пирогова Э.К. М.​М.​Гусев // Историко-астрономические исследования. М., 1983. Вып. 16.

А.​І.​Болсун.

М.М.Гусеў.

т. 5, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т імя М.В.Ламаносава, першы ун-т Расіі, адзін з цэнтраў расійскай і сусв. навукі. Засн. 25.1.1755 па ініцыятыве М.​В.​Ламаносава пры садзеянні І.​І.​Шувалава (першы куратар ун-та). Меў 3 ф-ты, 10 кафедраў і 2 гімназіі. У 1940 прысвоена імя М.​В.​Ламаносава. У розныя часы ва ун-це вучыліся Дз.​І.​Фанвізін, А.​С.​Грыбаедаў, М.​Ю.​Лермантаў, Ф.​І.​Цютчаў, М.​І.​Пірагоў, С.​П.​Боткін, К.​Дз.​Ушынскі, А.​М.​Астроўскі, А.​П.​Чэхаў, Л.​В.​Собінаў, А.​Белы, Я.​Б.​Вахтангаў, У.​І.​Пічэта і інш. У 1996/97 навуч. г. 25 тыс. студэнтаў; у складзе ун-та ф-ты механіка-матэм., вылічальнай матэматыкі і кібернетыкі, фіз., хім., біял., глебазнаўства, геал., геагр., гіст., філал., філас., эканам., юрыд., журналістыкі, псіхалогіі, сацыялагічны, замежных моў, фундаментальнай медыцыны; Ін-т краін Азіі і Афрыкі, Ін-т павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў ВНУ. Мае больш за 200 кафедраў і 430 н.-д. лабараторый, НДІ (механікі, ядз. фізікі, астранамічны, антрапалогіі), вылічальны цэнтр, навуч. цэнтры, 4 абсерваторыі, 3 музеі, бат. сад, б-ка (з 1756; больш за 7 млн. экз. выданняў). Выд-ва ун-та (з 1927) выпускае навуч.-метадычную, навуч. і навук. л-ру, час. «Вестник Моск. ун-та» (з 1946; з 1977—17 серый). Іл. гл. ў арт. Масква.

т. 10, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РЫ ГО́ДА,

перыяды года (вясна, лета, восень, зіма), змена і паслядоўнасць якіх абумоўлены рухам Зямлі вакол Сонца і нахілам яе восі да плоскасці арбіты (пад вуглом 66°33). Нахіл восі і пастаянства яе напрамку ў прасторы прыводзяць да таго, што ў адзін перыяд года Сонца асвятляе больш Паўн. паўшар’е, у другі — Паўд. паўшар’е і адбываецца змена П.г. Астранамічны пачатак П.г. ў Паўн. паўшар’і супадае з момантамі праходжання Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (20 або 21 сак.), пункт летняга сонцастаяння (21 або 22 чэрв.), пункт асенняга раўнадзенства (23 вер.) і пункт зімовага сонцастаяння (21 або 22 снеж.). З-за эліптычнасці зямной арбіты і нераўнамернасці руху Зямлі вакол Сонца П.г. маюць неаднолькавую працягласць. У Паўн. паўшар’і астр. працягласць вясны 92,8 сут.; лета 93,6; восені 89,8; зімы 89 сут. П.г. ў прыродзе могуць не супадаць з каляндарнымі, што залежыць ад перамяшчэння паветр. мас атмасферы. Таму побач з астр. вылучаюцца феналагічныя сезоны, якія не маюць цвёрдых каляндарных межаў і вызначаюцца ўмовамі надвор’я, рознымі феналагічнымі з’явамі. На Беларусі (56—51° паўн. ш.) вясна пачынаецца ў канцы сак. і цягнецца да сярэдзіны мая, лета канчаецца ў сярэдзіне вер., зіма пачынаецца ў сярэдзіне лістапада.

Да арт. Поры года. Рух зямлі па арбіце і асветленасць яе паверхні сонечнымі прамянямі ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫМЯРА́ЛЬНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

сродкі вымярэння, якія даюць магчымасць непасрэдна адлічваць (рэгістраваць) значэнне велічыні, што вымяраецца.

Паводле прызначэння падзяляюцца на электравымяральныя прылады, цеплатэхнічныя прылады, метэаралагічныя прылады, гідралагічныя прылады, актынаметрычныя (актынометры, піргеліёметры, альбедометры, балансамеры), астранамічныя інструменты і прылады, геадэзічныя прылады і інструменты, акустычныя (фазометры, шумамеры, акустычныя інтэрферометры і інш.), метралагічныя (эталонныя) прылады для градуіроўкі і праверкі рабочых вымяральных прылад (напр., квантавы гадзіннік, гл. таксама Метралогія), прылады для вымярэння часу (гадзіннік, гадзіннік астранамічны), вуглавых і лінейных скарасцей і паскарэнняў (акселерометры, тахометры, спідометры), радыётэхн. вымяральныя прылады (асцылограф, частатамер і інш.), спец. прылады (авіяцыйныя, карабельныя і інш., напр., вышынямер, гіракомпас). Пашыраны і камбінаваныя вымяральныя прылады, якія вымяраюць некалькі велічынь (ампервальтомметр і інш.). Паводле формы атрымання інфармацыі вымяральныя прылады бываюць аналагавыя (значэнне велічыні паказваецца на шкале) і лічбавыя (на спец. індыкатары), з візуальным адлічваннем і самапісныя (барографы, тэрмографы, індыкатары ціску, лічбавыя друкавальныя хранографы). Пашыраны інтэгральныя вымяральныя прылады, якія даюць сумарнае значэнне велічыні за пэўны час (напр., лічыльнікі электрычныя, расхадамеры). Адрозніваюць таксама вымяральныя прылады аўтаматычныя і ручнога кіравання. Найб. пашыраны вымяральныя прылады прамога дзеяння (прамога пераўтварэння) і прылады параўнання, у якіх велічыня, што вымяраецца, параўноўваецца з адпаведнай мерай (вагі, патэнцыёметры).

У.​М.​Сацута.

Вымяральныя прылады: 1 — прамога дзеяння (спружынныя вагі); 2 — параўнання (рычажныя вагі).
Да арт. Вымяральныя прылады. Вымяральны мікраскоп: 1 — асвятляльнік; 2 — акулярная галоўка; 3 — візірны мікраскоп; 4 — паваротны стол; 5, 6 — вінты перамяшчэння паваротнага стала.

т. 4, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯНДА́Р (лац. calendarium літар. пазыковая кніжка; у Стараж. Рыме даўжнік плаціў працэнты ў першы дзень кожнага месяца, г. зн. у календы) астранамічны, сістэма злічэння вял. прамежкаў часу, заснаваная на перыядычнасці бачных рухаў нябесных цел. Адрозніваюць К.: сонечны (у аснове гадавы рух Сонца па экліптыцы), месяцавы (на аснове руху Месяца вакол Зямлі), месяцава-сонечны.

Пры пабудове К. узнікае праблема спалучэння сонечнага (трапічнага) года, роўнага 365,2422 сярэдніх сонечных сут, і сінадычных месяцаў, працягласцю 29,5306 сут кожны. Адным з першых сонечных К. быў стараж.-егіпецкі (4 ст. да н.э.): працягласць года ў ім была роўная 365 сут (12 месяцаў па 30 сут, апошнія 5 сут не нумараваліся і былі святочнымі). Сучаснае летазлічэнне развілося з стараж.-рым. сонечнага К., уведзенага ў 46 да н.э. Юліем Цэзарам і названага юліянскім К. (ці старым стылем). Тры гады запар у гэтым К. мелі па 365, а 4-ы, высакосны — 366 сут; сярэдняя працягласць года 365,25 сут, што на 11 мін 14 с больш за трапічны год. З-за гэтай недакладнасці кожныя 128 гадоў юліянскі К. адставаў на 1 сут. Гэту памылку на 10 сут выправілі ў 1582 пры папе рымскім Грыгорыю XIII увядзеннем новага К., які назвалі грыгарыянскім (ці новым стылем). У ім выкарыстоўваецца больш дакладнае значэнне сапраўднага трапічнага года. На практыцы год, нумар якога канчаецца на 2 нулі і не дзеліцца без астачы на 400, не лічыцца высакосным. Невялікая недакладнасць паміж грыгарыянскім і трапічным гадамі дае розніцу ў 1 дзень за 3300 гадоў. Каталіцкія краіны перайшлі на грыгарыянскі К. у 16 ст., Скандынавія і Вялікабрытанія — у 18 ст., правасл. краіны Грэцыя, Балгарыя, Румынія, Сербія — у пач. 20 ст., Расія — 31.1.1918 (наступны дзень ужо быў 14 лютага). У месяцавым К. працягласць месяца (сінадычнага, роўнага 29,5306 сут) звязваецца са зменаю фаз Месяца. Прыклад такога К. — мусульманскі К., якім карыстаюцца некаторыя народы Азіі і Афрыкі. У гэтым К. год падзяляецца на 12 месяцаў па 30 і 29 сут папераменна; працягласць года (354 сут) меншая за сонечны, таму пачатак года ўвесь час зрушваецца. У камбінаваным месяцава-сонечным К. змена фаз Месяца ўзгадняецца з гадавым рухам Сонца. Прыклад такога К. — сучасны яўрэйскі К.: 19 сонечных гадоў складаюць 235 сінадычных месяцаў (па 29—30 дзён), 1 раз у некалькі гадоў уводзіцца 13-ы месяц. Пачатак года прыпадае на розныя дні, але заўсёды ўвосень. Кожны месяц пачынаецца з маладзіка, дзень — з заходам Сонца.

Літ.:

Климишин И.А. Календарь и хронология. 3 изд. М., 1990.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯНДА́Р,

выданне ў выглядзе табліцы або кніжкі, у якім змешчаны пералік месяцаў года, дзён тыдня, святы, астранамічныя, гіст., статыстычныя і інш. звесткі. Пашыраны К. перакідныя, адрыўныя, настольныя, насценныя, ілюстраваныя агульнай тэматыкі або спецыяльныя (жаночыя, юбілейныя і Г.Д.).

Найб. стараж. К., што захаваўся, — рымскі К. 354 н.э. У Кіеўскай Русі пасля прыняцця хрысціянства рукапісныя каляндарныя звесткі (святцы для вызначэння пераходных свят, Вялікадня) складалі духоўныя асобы. Першыя ўказанні, што рабіць або не рабіць у пэўныя дні змешчаны ў «Ізборніку Святаслава» 1075. Пазней такія звесткі збіраліся ў «отреченных книгах», грамоўніках і інш. У 1493 у Парыжы выйшаў першы нар. К. У Польшчы з 15 ст. складаліся астранамічныя К., у 16 ст. з’явіліся К. з прадказаннямі. У Расіі сістэматычны выпуск К. пачаўся пры Пятру I (першы рус. друкаваны К. выдаў у Амстэрдаме ў 1702 беларус І.Ф.Капіевіч).

Вытокі бел. друкаванага К. ў «Пасхаліі» — заключнай частцы «Малой падарожнай кніжкі» Ф.​Скарыны (каля 1522). Гэта першы ўсх.-слав. друкаваны царк.-астранамічны К. на 1523—43. Пасля Брэсцкай уніі 1596 К. ў ВКЛ выдаваліся на польск. мове. У Любчанскай друкарні ў 1650-я г. выходзіў «Каляндар штогодніх свят і рухаў нябесных цел» С.​Фурмана (не выяўлены). У архіве Радзівілаў збярогся рахунак Слуцкай друкарні за 1673—79, у якім значацца «календары ў чацвёрку фармату — 1000 экзэмпляраў, календары меншыя — 200 экзэмпляраў» (не выяўлены). У канцы 17—1-й пал. 18 ст. на Беларусі пашыраліся К., што друкаваліся ў Кракаве. Яны змяшчалі звесткі і пра Беларусь. З 1713 у Супрасльскай друкарні выдаваўся «Каляндар польскі і рускі», у якім змяшчаліся і матэрыялы пра ВКЛ. Надворны тэолаг кн. Радзівіла Я.​Пашакоўскі першы пачаў выдаваць паліт. К. са звесткамі па ўсеагульнай і царк. гісторыі, гісторыі і культуры ВКЛ: «Каляндар палітычны і гістарычны» на 1737—39, «Каляндар езуіцкі большы Літоўскай правінцыі», «Каляндар езуіцкі меншы Літоўскай правінцыі», «Францысканскі каляндар» (усе на 1740). З 1730-х г. на Беларусі пашыраліся К., выдадзеныя ў Варшаве на ўзор віленскіх езуіцкіх. З 1760 выходзіў «Каляндар віленскі» са спісамі ўлад, гіст. і геагр. звесткамі пра Карону і ВКЛ. На Беларусі распаўсюджваліся «Каляндар палітычны для Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага» (1774—94), «Каляндарык, цікавы для Каралеўства Польскага і Вялікага княства Літоўскага» (на 1776), «Новы эканамічны каляндар для гаспадароў у Кароне і Вялікім княстве Літоўскім» (на 1776), «Каляндар краёвы і замежны для Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага» (на 1793).

У канцы 18—пач. 19 ст. ў Гродне і Вільні Т.​Дубіткоўскі выдаваў на польск. мове «Каляндар гаспадарчы» (1776—1800) і «Каляндар гродзенскі» (1801—07). У Магілёве на польск. мове выходзілі «Каляндар беларускіх намесніцтваў на 1783», «Каляндар беларускі» (на 1784—95). У канцы 18 ст. ў Вільні на польск. мове выходзіла 5 К. Указам ад 10.12.1800 яны забаронены, але праз год іх дазволілі друкаваць. З 1840 у Вільні выдаваўся К. на рус. мове «Гаспадарчы месяцаслоў». Пасля паўстання 1863—64 па просьбе асобага к-та забаронены ўвоз на тэр. Рас. імперыі К. з Польшчы. 3.10.1864 выйшла 1-я кн. «Заходнярускага месяцаслова» (выдаваўся да 1917, у 1868—76 пад назвай «Літоўска-рускі месяцаслоў»). З 1883 выходзіў «Віленскі каляндар».

У 1889—90 у Маскве пад рэд. М.​В.​Доўнар-Запольскага выдаваўся «Каляндар Паўночна-Заходняга краю» з мэтаю пашырэння ведаў пра Беларусь. «Паўночна-заходні каляндар» на 1892 і 1893 (пад рэд. А.​І.​Слупскага; Мінск) змясціў нар. К., спіс чыгунак, параходстваў на рэках Беларусі, артыкулы па гісторыі Мінска і Магілёва, вершы Я.​Лучыны. У 1895—1918 у многіх гарадах Беларусі друкаваліся выданні з каляндарнымі звесткамі. У 1907—20 на польск. мове выходзіў «Мінскі каляндар». У Вільні на польск. мове У.​Дважачак выдаў кішэнны К. «Над Свіслаччу» (на 1913 і 1914) з інфармацыяй пра Мінск. У 1920 у Мінску на польск. і рус. мовах выйшаў «Каляндар-даведнік «Увесь Мінск». У Маладзечне выдадзены «Маладзечанскі каляндар на 1928 год».

У 1910—13 газ. «Наша ніва», а з 1914 Бел. выдавецкае т-ва ў Вільні выдавалі «Беларускі каляндар» (на бел. мове, кірыліцай і лацінкай), які публікаваў бел. фальклор, творы бел. пісьменнікаў, розныя парады. Пры садзеянні газ. «Гоман» выйшаў К. на 1917 і 1918. Бел. К. «Сваяк» на 1919 (выдавец В.​Ластоўскі, Вільня) змясціў артыкул пра развіццё дзяржаўнасці і асветы ва ўсх. Беларусі. Бел. К. «Крыніца» на 1920 (Вільня, скл.

А.​Станкевіч) і на 1921 змясціў артыкулы пра бел. мову, неабходнасць стварэння бел. школ. Бел. выд-ва ў Вільні выпусціла «Беларускі каляндар» на 1921 і на 1922 (скл. П.​Станкевіч) з інфармацыяй пра розныя партыі Зах. Беларусі, выд-вы, газеты, з парадамі па стварэнні бел. школ, матэрыяламі пра Т-ва бел. школы. «Беларускі каляндар» на 1923 змяшчаў біягр. звесткі пра бел. паслоў у польскі сейм і сенат; на 1924 — пра гісторыю Беларусі ад часоў Полацкага княства, К. на 1925 — законы польск. ўрада аб правах нац. меншасцей, іх мовах; на 1927 — пра арганізацыю гурткоў ТБШ, Бел. сял.-работніцкай грамады, рэпрэсіі польскіх улад да яе гурткоў; на 1928 — пра мэты і задачы ТБШ, бел. гімназіі ў Зах. Беларусі і інш. У 1925—39 у Вільні выдаваўся бел. адрыўны К. У 1928 паралельна выдадзены бел. адрыўны, нар. і «Каляндарык «Хрысціянскай думкі» на 1929. На 1931 выйшлі кішэнны каляндарык «Шляху моладзі», адрыўныя К. т-ва «Культура» і бел. выд-ва, гасп. «Рольнік» і гумарыстычны. «Беларускі сялянскі каляндар» на 1937—39, задуманы як «Сялянская энцыклапедыя», змясціў багаты гіст. матэрыял. Бел. К. выдаваліся ў Латвіі.

У Мінску першы К. на бел. мове «Заранка» выйшаў у 1919 (правасл і каталіцкі). Першы бел. насценны К. у Мінску выйшаў у 1926. Выходзілі і адрыўныя К. «Беларускі сялянскі настольны каляндар» на 1928—30 (скл. А.​Матусевіч, выд. газ. «Беларуская вёска») змяшчаў багаты гіст., юрыд., літ. матэрыял. У Вял. Айч. вайну пад кантролем герм. улад у 1942—44 у Мінску выходзіў «Беларускі народны каляндар». У 1943—44 у Беластоку выдаваўся К. «Гаспадар». У 1947 выйшаў арыгінальны штомесячны адрыўны К. школьніка «Дванаццаць месяцаў» (скл. В.​Няміра). З 1971 выходзяць настольныя перакідныя К. на бел. мове. З 1990 выд-ва «Беларусь» выдае адрыўны К. «Родны край». Выдаюцца плакаты-К. З 1995 выходзіць «Беларускі праваслаўны каляндар» на бел. мове. З 1996 у Мінску выходзіць «Каляндар татар-мусульман Беларусі».

З 1957 Бел. грамадска-культ. т-ва ў Польшчы (Беласток) выдае «Беларускі каляндар». Выдаваліся бел. К. і на эміграцыі (у Аргенціне, Францыі, ЗША, Канадзе і інш.).

Літ.:

Мальдзіс А. Першыя календары Беларусі // ЛіМ. 1970. 7 жн.;

Яго ж. Календары, выдадзеныя ў Беларусі ў XVIII ст. // Книговедение в Белоруссии. Мн, 1977;

Миловидов А.И. Русский календарь в Северо-Западном крае, его историческое значение. Вильна, 1908.

І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЛЯ́ (ад агульнаслав. зем — падлога, ніз),

трэцяя ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Астранамічны знак ♁ або . Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце, блізкай да кругавой (з эксцэнтрысітэтам 0,017) з сярэдняй скорасцю каля 30 км/с. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 149,6 млн. км (1 астр. адзінка), перыяд абарачэння 365,24 сярэдніх сонечных cутак (трапічны год). На сярэдняй адлегласці 384,4 тыс. км ад З. вакол яе абарачаецца прыродны спадарожнік Месяц, а з канца 1950-х г. запушчана шмат штучных спадарожнікаў. З. абарачаецца вакол сваёй восі, якая мае нахіл да плоскасці экліптыкі, роўны 66°3322, за 23 гадз 56 мін (зорныя суткі). Перыяд абарачэння адносна Сонца (сонечныя суткі) 24 гадз. З абарачэннем вакол Сонца і нахілам зямной восі звязана змена на З. пораў года, а з вярчэннем яе вакол восі — змена дня і ночы. Мае форму, блізкую да трохвосевага эліпсоіднага сфероіда (геоіда), сярэдні радыус якога 6371 км, экватарыяльны — 6378,2 км, палярны — 6356,8 км; даўж. акружнасці экватара 40 075,7 км. Пл. паверхні З. 510,2 млн. км² (у т. л. суша 149,1 млн. км², або 29,2%, мораў і акіянаў 361,1 млн. км², або 70,8%), аб’ём 1083∙10​12 км³, маса 5976∙10​21 кг, сярэдняя шчыльн. 5518 кг/м³. Беларусь займае 0,139% тэр. сушы (207,6 тыс. км²). Мае гравітацыйнае, магн. і эл. палі. У саставе З. пераважаюць жалеза (34,6%), кісларод (29,5%), крэмній (15,2%) і магній (12,7%). Паводле сучасных касмаганічных уяўленняў, З. ўтварылася каля 4,7 млрд. гадоў назад з рассеянага ў пратасонечнай сістэме газа-пылавога рэчыва. Геал. яе гісторыя падзяляецца на 2 няроўныя этапы: дакембрый (каля 3 млрд. гадоў) і фанеразой (каля 570 млн. гадоў). У выніку дыферэнцыяцыі рэчыва З. пад уздзеяннем яе гравітацыйнага поля, ва ўмовах разагравання нетраў узніклі і развіліся розныя паводле хім. саставу, агрэгатнага стану і фіз. асаблівасцей абалонкі — геасферы З. У цэнтры яе знаходзіцца ядро Зямлі з радыусам 3,5 тыс. км. Т-ра яго прыкладна 5000—6000 °C, ціск дасягае 3,6∙10​11 Па, шчыльн. каля 12500 кг/м³ Большую ч. аб’ёму (83%) і масы (67%) «цвёрдай» З. складае мантыя Зямлі. Над мантыяй знаходзіцца зямная кара. Паводле складу і інш. асаблівасцей адрозніваюць мацерыковую кару (магутнасцю ад 35—45 км пад раўнінамі да 75 км у горных абласцях) і акіянічную (магутнасцю 5—10 км). У зямной кары вылучаюць рухомыя вобласці — геасінкліналі і адносна спакойныя — платформы. Верхняя ч. мантыі і зямная кара ўтвараюць літасферу — цвёрдую верхнюю абалонку З. таўшчынёй ад 50 да 200 км. Асабліва важную ролю ва ўтварэнні асадкавага покрыва З. адыгрывае кара выветрывання — слой таўшчынёй звычайна да некалькіх дзесяткаў метраў, размешчаны ў зоне кантакту літасферы з паверхняй З., дзе актыўна працякаюць працэсы фіз., хім. і біял. выветрывання. Большую ч. паверхні З. пакрываюць воды акіянаў і мораў. У акіянах і морах больш за 96% вады гідрасферы, астатняя яе частка размеркавана паміж паверхневымі і падземнымі водамі сушы, ільдамі (пераважна ў высокіх шыротах) і снягамі; нязначная колькасць вільгаці знаходзіцца ў паветры і жывых арганізмах. Агульная колькасць вады на З. ацэньваецца ў 1,4—1,5 млрд. км³. Сусв. акіян падзяляецца на Ціхі, Атлантычны, Індыйскі і Паўночны Ледавіты акіяны; у Паўд. паўшар’і зрэдку вылучаюць Паўд. акіян. Сярэдняя глыб. акіянаў 3711 м, найбольшая — 11 022 м (у Марыянскім глыбакаводным жолабе Ціхага ак.). У Паўн. паўшар’і вада пакрывае 61%, у Паўд. — 81% паверхні. Працэсы перамешвання і марскія цячэнні звязваюць воды акіянаў у адзінае цэлае, таму іх салёнасць мяняецца мала — сярэдняя 35 г/л. Вял. роля акіянаў у кругавароце рэчываў на З. і ў фарміраванні клімату яе асобных раёнаў.

Над акіянамі ўзвышаюцца асобныя масівы сушы, якія ўздымаюцца ў сярэднім на выш. 875 м над узр. м. і ўтвараюць 6 мацерыкоў (Еўразія, Афрыка, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Антарктыда і Аўстралія), а таксама шматлікія астравы. Большая ч. сушы знаходзіцца ў Паўн. паўшар’і, а пры падзеле на Зах. і Усх. паўшар’і — ва Усходнім. У рэльефе пераважаюць раўніны і нізкагор’і выш. да 1000 м, якія складаюць каля ​2/3 паверхні. Сярэднія і высокія горы займаюць каля ​1/3 паверхні сушы (самая высокая адзнака — 8848 м, г. Джамалунгма ў Гімалаях). Асобныя невял. ўнутр. раёны сушы ляжаць ніжэй узр. м. (самая нізкая яе адзнака -400 м у Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Мёртвага м.). Рэльеф сушы і марскога дна ў асобных рэгіёнах надзвычай разнастайны, што абумоўлена складанымі ўзаемасувязямі эндагенных (пераважна тэктанічных) і экзагенных (эразійных, эолавых, карставых і інш.) рэльефаўтваральных працэсаў. З. акружае паветр. атмасфера, якая складаецца ў асноўным з сумесі азоту (78,08%) і кіслароду (20,95%); у нязначнай колькасці ёсць інертныя газы, вадзяная пара і інш. Агульная маса паветра 5,1510​15 т, з вышынёй яго ціск і шчыльнасць памяншаюцца. Атмасфера мае слаістую будову (вылучаюць трапасферу, стратасферу, мезасферу, іонасферу, тэрмасферу, экзасферу, якія паслядоўна зменьваюцца ад паверхні З. і адрозніваюцца адна ад адной тэмпературай, шэрагам фіз. і хім. уласцівасцей). Атмасфера затрымлівае значную частку сонечнай энергіі і амаль непразрыстая для цеплавога выпрамянення З.; у выніку наяўнасці ў ёй вуглякіслага газу і вадзяной пары стварае парніковы эфект. Яна таксама ахоўвае паверхню З. ад разбуральнага ўздзеяння большасці метэарытаў. На выш. 20—25 км знаходзіцца азонавы слой (азонасфера), які затрымлівае б. ч. вельмі шкоднага для жывых істот караткахвалевага касм. выпрамянення. Паміж атмасферай і зямной паверхняй адбываецца абмен цяплом і вільгаццю, што выклікае пастаянны кругаварот вады з утварэннем воблакаў (пакрываюць пастаянна не менш ​1/2 паверхні З.) і выпадзеннем ападкаў. Паветра знаходзіцца ў бесперапынным руху; яго цыркуляцыя, абумоўленая пераважна нераўнамерным награваннем паверхні З. ў розных шыротах, моцна ўплывае на надвор’е і клімат розных абласцей. Рэзкая верхняя мяжа атмасферы адсутнічае, шчыльнасць яе газаў на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў ад паверхні паступова набліжаецца да шчыльнасці міжпланетнай прасторы. Самая вонкавая і працяглая абалонка — магнітасфера Зямлі, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем З.; у ёй на выш. 3—4 тыс. км і 22 тыс. км над экватарам знаходзяцца ўнутр. і вонкавы радыяцыйныя паясы З. Асн. крыніцай энергіі, што паступае на паверхню З., з’яўляецца электрамагн. выпрамяненне Сонца, якое праходзіць праз атмасферу. Агульная колькасць сонечнай энергіі і цяпла ў выніку рознага нахілу зямной паверхні да сонечных промняў заканамерна памяншаецца ад тропікаў да полюсаў, што з’яўляецца гал. прычынай кліматычнай і геагр. занальнасці. На зямным шары вылучаюць экватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя, трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы, а таксама субарктычны і арктычны (у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я), субантарктычны і антарктычны (у высокіх шыротах Паўд. паўшар’я), якія адрозніваюцца паміж сабой тэмпературнымі ўмовамі і інш. асаблівасцямі клімату і ландшафтаў. Сярэдняя т-ра прыземнага слоя паветра на планеце 14 °C, у пустынях Паўн. Афрыкі і Каліфорніі адзначаліся максімальныя т-ры 57—58 °C, самыя нізкія т-ры на паверхні З. назіраліся над ледавікамі цэнтр. раёнаў Антарктыды (каля -90 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў на зямным шары каля 1000 мм, найб. іх выпадае ў гарах Усх. Індыі і Гавайскіх а-воў (да 12 000 мм за год), найменш — у некат. субтрапічных і трапічных пустынях (некалькі міліметраў, месцамі — не кожны год), а таксама ў ледзяных пустынях высокіх шырот Арктыкі і Антарктыкі (амаль выключна ў цвёрдым выглядзе). Колькасць ападкаў і іх сезонная зменлівасць у розных рэгіёнах З. вызначаюцца ў асноўным умовамі цыркуляцыі атмасферы і мясц. араграфічнымі асаблівасцямі. Клімат З. значна мяняўся ў розныя геал. эпохі. Найважнейшая асаблівасць З., што адрознівае яе ад інш. планет Сонечнай сістэмы, — існаванне жыцця, якое ўзнікла каля 3—3,5 млрд. гадоў назад (ёй садзейнічала наяўнасць на З. фіз. і хім. умоў, неабходных для сінтэзу складаных арган. малекул).

Вобласць актыўнага жыцця ўтварае асобную абалонку З. — біясферу, склад, будова і энергет. працэсы ў якой ў значных рысах абумоўлены дзейнасцю жывых арганізмаў, што ўтвараюць у сукупнасці жывое рэчыва; у біясферы адбываецца біял. кругаварот рэчыва на З. Працяглая гісторыя развіцця біясферы і значныя прасторавыя адрозненні прыродных умоў садзейнічалі вял. разнастайнасці жыццёвых форм. На З. існуе каля 2 млн. відаў жывёл і раслін (па колькасці відаў пераважаюць жывёлы, па аб’ёме біямасы — расліны). Найб. колькасць жывёл і раслін жыве ў цёплых і вільготных раёнах сушы — у вільготных тропіках, найменшая — у сухіх і гарачых трапічных пустынях і ў ледзяных пустынях Арктыкі і Антарктыкі. Біямаса сушы (6,5∙10​12 т) у сотні разоў перавышае біямасу акіянаў. Найб. дыферэнцыраваныя склад і будову ў межах З. мае геаграфічная абалонка, што аб’ядноўвае цесна ўзаемадзейныя ніжнія слаі атмасферы, верхнія тоўшчы літасферы, амаль усю гідрасферу і ўсю біясферу, паміж якімі адбываецца бесперапынны абмен рэчывам і энергіяй. Яе магутнасць не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, але ў яе межах назіраецца вял. дыферэнцыяцыя прыродных ландшафтаў, што асабліва ўзмацняецца ў гарах, дзе на фоне шыротнай занальнасці адзначаюцца праяўленні вышыннай пояснасці. Каля 30% паверхні сушы ўкрываюць лясы, каля 20% — саванны і рэдкалессі, каля 20% — пустыні і паўпустыні, больш як 10% — ледавікі, каля 10% — астатнія матуральныя ландшафты, больш за 10% пад ворнымі землямі і урбанізаванымі тэрыторыямі. Са з’яўленнем чалавека (не менш як 3 млн. гадоў назад) жыццё на З. дасягнула разумнай формы. У ходзе грамадскага развіцця геагр. абалонка дае чалавеку прыродныя рэсурсы і ўмовы існавання, зазнае ўсё большае антрапагеннае ўздзеянне на ўсе кампаненты і на ландшафты ў цэлым; гэтым яна адрозніваецца ад інш. абалонак З. Працэсы ўзаемадзеяння чалавека і навакольнага асяроддзя, іх экалагічныя, сац., эканам., паліт. вынікі набываюць планетарны характар. Ад вырашэння праблем, якія ўзніклі ў ходзе гэтага ўзаемадзеяння, залежыць будучае З. і чалавецтва. З. вывучаюць геадэзія (даследуе фігуру і памеры З.), астраномія (рух З. як нябеснага цела), геафізіка (стан рэчыва З. і фіз. працэсы ва ўсіх геасферах), геахімія (размеркаванне хім. элементаў З. і працэсы іх міграцыі), геалогія (гісторыю развіцця З., склад, будову зямной кары і больш глыбокіх сфер), фізічная геаграфія і біялогія (прыродныя працэсы і з’явы, што адбываюцца ў геагр. абалонцы і біясферы). З. з’яўляецца канчатковым аб’ектам даследавання ўсіх навук, якія вывучаюць законы ўзаемадзеяння прыроды і грамадства. На З. знаходзіцца 191 дзяржава і шэраг несамастойных тэрыторый (1997).

Літ.:

Мильков Ф.Н. Общее землеведение. М., 1990.

В.​П.​Якушка.

Да арт. Зямля. Выгляд Зямлі з космасу. Бачны Афрыка, частка Антарктыды, Аравійскі паўвостраў.
Да арт. Зямля. Касмічны здымак паўднёва-заходняй часткі Гімалаяў.
Да арт. Зямля. Частка рэльефнай карты дна Ціхага акіяна.

т. 7, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)