РУ́БА,
радовішча даламітаў у Віцебскім р-не, каля г.п. Руба, вёсак Вярхоўе, Гралева, Цякава, Койтава, Чырвоны Двор, на правым і левым берагах р. Зах. Дзвіна. Пластавы паклад звязаны з адкладамі франскага яруса (верхні дэвон). Складаецца з 5 участкаў: Руба і Вярхоўе (адпрацаваныя), Цякава-Койтава (закансервавана), Гралева (распрацоўваецца), Чырванадворскі (рэзервовы). Даламіты шэрыя, жаўтавата-шэрыя, скрытакрышт., моцныя, участкамі трэшчынаватыя, порыстыя, кавернозныя, акварцаваныя, з лінзамі і праслоямі даламітавага пяску і друзу, маюць у сабе аксіду кальцыю CaO 23,8—34,5%, аксіду магнію MgO 14,7—22,6%. Разведаныя запасы (на ўчастках Гралева і Чырванадворскі) 843,7 млн. т, перспектыўныя 389,3 млн. т, астатак разведаных запасаў 748,1 млн. т (2000). Выяўленая магутнасць карыснай тоўшчы 10,5—30,2 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 22—44 м. У рэчышчы р. Зах. Дзвіна даламіты выходзяць на дзённую паверхню. Даламіты прыдатныя на выраб даламітавай мукі (для вапнавання кіслых глеб), друзу, мінер. парашку для асфальтабетону, напаўняльніка для покрыўнага слоя руберойду і часткова для нізкагатунковага шкла. Радовішча распрацоўваецца акц. т-вам «Даламіт».
А.П.Шчураў.
т. 13, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЛІ́КТЫ (ад лац. relictum астатак),
віды і іншыя групы раслін і жывёл, што захаваліся ад флор і фаун мінулых геал. эпох. Р. адрозніваюць па геал. узросце (неагенавыя — метасеквоя, секвоя, хахуля, ледавіковыя — бакаплаў Паласа, карлікавая бяроза, мянтуз, рапушка еўрап., рэліктавая мізіда і інш.), па месцы паходжання (напр., міжземнаморскія, туранскія), экалагічных умовах (напр., гігра- і мезафільныя), па часе ранейшага панавання і пашырэння (напр., неагенавыя, мезазойскія, мелавыя) і інш. Для Р. характэрна ізаляванасць у філагенет. сістэме. Іх падзяляюць на кансерватыўныя (віды, якія амаль не змяніліся пры адносна нязменных умовах асяроддзя) і адаптыўныя, што змяніліся і прыстасаваліся да новых умоў. Таксама адрозніваюць сурэлікты (захоўваюць свой арэал), адаптаны (пашыраюць яго), дэграданты (скарачаюць арэал і колькасць відаў). Маюць у сабе багатую генет. і геагр. інфармацыю. Выкарыстоўваюцца пры даследаванні гісторыі ўзнікнення і фарміравання біягеацэнозаў, вывучэнні працэсаў відаўтварэння, выяўленні філагенет. сувязей. Найб. рэдкія Р. ўключаюць у Міжнар. і нац. Чырв. кнігі.
В.М.Прохараў, А.У.Суднік.
т. 14, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРО́ЛІЗ (ад гідра... + ...ліз),
рэакцыя абменнага ўзаемадзеяння паміж рэчывам і вадой.
Пры гідролізе солей, утвораных слабай асновай і моцнай к-той (напр., хларыд амонію NH4Cl) ці — моцнай асновай і слабай к-той (напр., ацэтат натрыю CH3COONa), водныя растворы маюць кіслую (NH4+Cl−+HOH=NH4OH+Cl−+H+) ці шчолачную (CH3COO−+Na++HOH=CH3COOH+Na++OH−) рэакцыю, што абумоўлена ўтварэннем слабых электралітаў. Гідроліз солей, утвораных моцнымі асновай і к-той, не ідзе. Гідролізам абумоўлена існаванне буферных раствораў, здольных падтрымліваць пастаянную кіслотнасць. Гідроліз мінералаў выклікае змяненні ў саставе зямной кары. Пры гідролізе арганічных злучэнняў пад уздзеяннем вады разрываюцца сувязі ў малекуле з утварэннем двух і больш злучэнняў. Гідроліз вугляродаў і бялкоў у жывым арганізме каталізуюць ферменты гідралазы. Гідроліз адыгрывае значную ролю ў працэсах засваення стравы і ўнутрыклетачнага абмену. З дапамогай гідролізу ў хім. прам-сці атрымліваюць спірты, карбонавыя к-ты з іх вытворных, мыла і гліцэрыны з тлушчаў. Гідроліз раслінных матэрыялаў — аснова гідролізных вытв-сцей. У працэсе тэрмакаталітычнага гідролізу з поліцукрыдаў (цэлюлоза і геміцэлюлозы), якія складаюць каля 70% расліннай біямасы, утвараюцца растваральныя ў вадзе монацукрыды і прадукты іх распаду, што пераходзяць у раствор — гідралізат. Гідралізат акрамя монацукрыдаў (2,5—3,5 %, пераважна пентозы і гексозы) мае фурфурол, оксіметафурфурол, воцатную і мурашыную к-ты, гумінавыя рэчывы і інш. Пасля гідролізу застаецца цвёрды астатак — гідролізны лігнін (30—35% ад масы сыравіны). Хім. і біяхім. перапрацоўкай (ферментацыяй) гідралізату атрымліваюць харч. глюкозу, тэхн. ксілозу, шмататамныя спірты (ксіліт, сарбіт), гліцэрыну, этыленгліколь, этылавы спірт, ацэтон, бялковыя кармавыя дрожджы, вітаміны і інш. З гідролізнага лігніну атрымліваюць адсарбенты, арганамінер. ўгнаенні, паліва і інш. прадукты тэхн. прызначэння. Гл. таксама Гідролізная прамысловасць.
Т.П.Цэдрык.
т. 5, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУХГА́ЛТАРСКІ ЎЛІК,
сістэма суцэльнага і безупыннага дакументальнага адлюстравання ў грашовай форме інфармацыі аб кругаабароце капіталу ў працэсе гасп. дзейнасці прадпрыемства, установы, арг-цыі і інш. юрыд. асоб; адзін з відаў гасп. ўліку, важная функцыя ў кіраванні вытворчасцю. Ажыццяўляецца ў адпаведнасці з заканадаўствам і нац. стандартамі рахункаводства ўсімі юрыд. асобамі незалежна ад іх арганізацыйна-прававога статуса і формаў уласнасці з моманту ўтварэння і да ліквідацыі. Фіз. асобы (прадпрымальнікі) вядуць улік і даюць фін. справаздачу ў адпаведнасці з патрабаваннямі падатковага заканадаўства. Бухгалтарскі ўлік выконвае 2 асн. функцыі — інфармацыйную (своечасовае, поўнае і аб’ектыўнае інфармаванне службы кіравання пра ход і вынікі гаспадарання) і кантрольную (кантроль за захаванасцю маёмасці прадпрыемства, рацыянальным і эфектыўным выкарыстаннем яго сродкаў, адпаведнасцю гасп. аперацый заканадаўству, статуту прадпрыемства і інш. прававым дакументам). Аб’екты бухгалтарскага ўліку: сродкі прадпрыемства (актывы), крыніцы фінансавання (пасівы), гасп. аперацыі і працэсы, у выніку якіх адбываецца рух (кругаабарот) капіталу. Для адлюстравання гэтага бухгалтарскі ўлік выкарыстоўвае натуральныя (колькасныя) і грашовыя вымяральнікі; з дапамогай апошніх дасягаецца абагульняльная характарыстыка разнародных аб’ектаў у грашовавартасным выражэнні. На кожную асобную гасп. аперацыю (ці іх аднародную групу) складаецца дакумент — носьбіт інфармацыі (афіцыйны бланк пэўнай формы). Каб забяспечыць аб’ектыўнасць і дакладнасць інфармацыі, дакументацыю дапаўняюць інвентарызацыяй. Дакументальна аформленыя гасп. аперацыі і вынікі інвентарызацый адлюстроўваюць на рахунках — спец. двухбаковых табліцах, дзе левая частка — дэбет, правая — крэдыт. Кожную гасп. аперацыю запісваюць у аднолькавай суме ў дэбет аднаго і крэдыт другога рахунка (спосаб двайнога запісу). Узаемасувязь паміж рахункамі наз. карэспандэнцыяй, для адлюстравання якой складаецца ўраўненне гасп. аперацыі, ці праводка, дзе ўказваецца сума, якая адносіцца ў дэбет і крэдыт. Рахункі бухгалтарскага ўліку бываюць актыўныя (улічваюць гасп. сродкі: па дэбеце — паступленне, ці павелічэнне, па крэдыце — іх выбыццё, ці памяншэнне; маюць толькі дэбетавае сальда), пасіўныя (улік крыніц фінансавання сродкаў: астатак і павелічэнне запісваюцца ў крэдыт, памяншэнне — у дэбет) і аперацыйныя (улічваюць асн. гасп. працэсы і фін. вынікі). Адрозніваюць таксама рахункі сінтэтычныя (агульны ўлік гасп. аб’ектаў па аднародных групах толькі ў грашовым выражэнні) і аналітычныя (дэталізуюць змест сінтэтычных рахункаў па асобных відах сродкаў і крыніц фінансавання ў вартасным і ў колькасным выражэнні). Адпаведна бываюць аналітычны ўлік і сінтэтычны ўлік, на аснове звестак якіх складаюцца бухгалтарскі баланс (гл. ў арт. Баланс у эканоміцы) і інш. формы справаздачнасці.
Існуюць розныя формы бухгалтарскага ўліку: журнальна-ордэрная, мемарыяльна-ордэрная, аўтаматызаваная, спрошчаная (гл. Рахункі бухгалтарскага ўліку). Выбар формы бухгалтарскага ўліку залежыць ад узроўню яго аўтаматызацыі і цэнтралізацыі, памераў прадпрыемства і інш. Адказнасць за арганізацыю бухгалтарскага ўліку, стварэнне ўмоў для правільнага яго вядзення, захоўвання бухгалтарскіх дакументаў, уліковых рэгістраў і справаздачнасці нясе кіраўнік прадпрыемства (установы). Узначальвае службу бухгалтарскага ўліку гал. бухгалтар ці асоба, якая яго замяняе. Метадалагічнае кіраванне сістэмай бухгалтарскага ўліку на Беларусі ажыццяўляе Мін-ва фінансаў (зацвярджае тыповы план рахункаў, нац. стандарты ўліку, справаздачнасці і інструкцыі па іх выкарыстанні). Асн. нарматыўны дакумент, які рэгулюе арганізацыю і метадалогію бухгалтарскага ўліку, — закон Рэспублікі Беларусь «Аб бухгалтарскім уліку і справаздачнасці» (1994).
Г.В.Савіцкая.
т. 3, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)